Белавежская пушча (прадмова да кнігі) [Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Уладзімір Караткевіч Белавежская пушча

Прадмова да кнігі

На самым захадзе маёй Беларусі ляжыць Белавежская пушча. Гэта адзін з апошніх астравоў таго першабытнага лесу, які пакрываў у старадаўнія часы ўсю Еўропу. Тут зусім не рэдкасць дрэвы ў паўтысячы год. Тут з незапамятных часоў вольна жыве зубр. Магутны, як сама зямля, і старажытны, яе яе запаветныя нетры.

Адвечная цішыня. І шолах дрэў. І тупат зубрыных статкаў. Таксама як і ў каменным веку.

І побач з гэтым сляды далікатнага любоўнага ўмяшання чалавека: стагі, каб падкарміць узімку звяроў, музей, хаткі егераў, сучасная гасцініца. Для праўнукаў сваіх беражэ чалавек кожную кветку, кожнае дрэва, жывёл і птушак.

І такуюць, такуюць раніцай глушцы. Да штучнага возера цягнуцца цяжкія сляды япрукоў. Трубіць у нясытай страсці алень. Дзікі вінаград абвівае буралом. І палюе на янотаў егер. І клічуць-клічуць белыя лебедзі, б'юць на рэках пудовыя шчупакі, шумяць сонечныя дубы і грабы. І чырванеюць падасінавікі. І дымок ад ранішняга вогнішча змешваецца з туманам.

Усё гэта — пушча. Усё гэта — неўміручая душа яе. Яна цудоўная, як душа нашага народа. Калі вы стаміліся, калі хочаце прыпасці вуснамі да вечна жывой крыніцы жыцця — прыйдзіце сюды, у найдзівоснейшы куток зямлі. Бо тут — фарпост чалавечнасці, літасці чалавека да прыроды, сястры нашай.