Байкі жыцьця [Васіль Быкаў] (fb2) читать постранично


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Васіль Быкаў Байкі жыцьця

1. Страх

Самай шаноўнай сьвятыняй у гэтай краіне з часоў векапомнай даўніны быў невялічкі, упрыгожаны маляўнічым росьпісам ды інкрустацыяй керамічны гаршчэчак, у якім захоўваўся Страх.

Страху таго з простых сьмяротных ня бачыў ніхто. Дзень і ноч яго ахоўвалі пяць чалавек сьвятароў і пяць ваяроў, і ўсе ведалі пра яго незвычайную страхавітую сілу. Менавіта з тае прычыны людзі тамтэйшага краю і зваліся страхавітамі. Некалі за керамічны гаршчэчак біліся ў двубоі галоўны сьвятар племя і ягоны супернік — ваяр. Ведама ж, перамог сьвятар, бо ён ужо валодаў Страхам, а ягоны супернік — толькі мячом. Але меч — слабы сродак перад магутным Страхам.

Імя галоўнага сьвятара, які ўзяў на сябе ўсю ўладу ў краіне, было Галабурдахам. Пасьля сваёй перамогі ён яшчэ больш, чым раней, усталяваў культ Страху. Зь ягонага загаду ў самым цэнтры сталічнага паселішча збудавалі мармуровы палац — для яго самога і для Страху. Была створана адмысловая сотня з ваяроў, сьвятароў і таемнікаў, якія дбалі пра бясьпеку Страху і Валадара заадно. Сярод улады і падуладных на той час запанавалі мір і згода, ніхто не адважваўся выступіць супраць Галабурдахама. Ніхто ня мог пра тое нават падумаць — такая вялікая была пераканаўчая сіла Страху. Калі здараліся якія непарадкі ў правінцыях, напрыклад, недабіралі падаткі, туды скіроўвалі ўзброеную каманду, вядома ж, у суправаджэньні магутнага Страху, і падаткаў зьбіралі нават больш, чым было патрэбна. Аднойчы ўзьнік памежны канфлікт з суседняй дзяржавай і пачаліся перамовы, якія трывалі чатырнаццаць тыдняў запар. І ўсё бяз выніку. Тады Валадар Галабурдахам скіраваў туды свайго сілавога міністра са Страхам у вазку. Перамовы хутка скончыліся з посьпехам для страхавітаў.

Правіцелі краіны на чале з мудрым Галабурдахамам вырашылі збудаваць для Страху яшчэ лепшы, надзвычайны архітэктурны ансамбаль побач з ранейшым, які цалкам заняў Валадар. У дзень пераносу Страху ў новую шыкоўную будыніну далі салют з 101 гарматы. Той дзень быў названы Днём Дзяржаўнага Страху — галоўным сьвятам дзяржавы.

Зь цягам часу сама сабою склалася адмысловая нацыянальная ідэалёгія, заснаваная на дактрыне Страху. Усе зьявы і ўчынкі ўспрымаліся і расцэньваліся цяпер паводле старажытных законаў Страху. У філязофіі запанаваў накірунак страхалёгіі, які неўзабаве саступіў месца страхафіліі. Ідэальным грамадзянінам стаў страхавіты грамадзянін, які ўсяго баяўся. Менавіта такі вобраз запанаваў у тэалягічнай літаратуры і мастацтве графіці. Рэлігія страхалюдзтва стала надзвычай папулярнай сярод вернікаў і займалася адкармленьнем іх у духу бязьмежнага, богададзенага Страху. Пабудавалі безьліч храмаў, малельняў і нават даволі добраўпарадкаваных на маляўнічай прыродзе летнішчаў-скітаў з саўнамі. Гэтыя апошнія былі вельмі папулярныя сярод вернікаў усіх саслоўяў ды асабліва — іерархаў. Казалі, з тае прычыны, што ў найбольшай меры адпавядалі патрабаваньням ідэі Страху.

Між тым, дзяржаўнае бытаваньне доўжылася; адзін за адным мільгалі гады ўладараньня дынастыі Галабурдахама. Прамільгнулі таксама дынастыі Парастурфуджына 1, 2 і 3. Парастурфуджын 4 перайменаваў сябе ў Страхалюда Першага, так было болей звыкла, а краіну — у Страхалюдыю. І слушна зрабіў, бо за шмат гадоў уладараньня пад эгідай страху людзі амаль страцілі ўсе ранейшыя антрапалягічныя рысы і набылі зусім новыя. Найперш у краіне даўно ўжо ніхто не сьмяяўся, нават перасталі ўсьміхацца; весялосьць успрымалася як блюзьнерства. Самым мілым выразам дзявочага твару стаў выраз спалоху. Старыя ж людзі за сваё доўгае жыцьцё выхавалі на тварах такі жахлівы выраз, які выклікаў дрыжыкі. Менавіта тое і патрабавалася. Самых лепшых у гэтым сэнсе ўзнагароджвалі і шанавалі. Узьнікла і пасьпяхова разьвівалася музычнае і пясьнярскае мастацтва ў стылі страх-мадэрн, — калі ад музыкі са сьпевамі ў слухачоў валасы на галаве станавіліся дыбарам. Гэта вельмі падабалася ўладам і вэтэранам-доўгажыхарам.

Навука таксама не стаяла на месцы, плённа разьвівалася пад узьдзеяньнем жыватворных страхавітых ідэяў. Пісаліся манаграфіі пра сакральную структуру Страху, ягоную мэтафізычную сутнасьць. Вучоныя ўпарта дасьледавалі таямнічы ўплыў славутага гаршчэчка на стан атмасфэры і стратасфэры, сувязь яго нябачных выпраменьваньняў з пэрыядычнасьцю плямаў на сонцы. Аграрыі вельмі дакладна ўстанавілі, як дабратворна ўзьдзейнічае Страх на вэгетацыю расьлінаў, асабліва такіх як кукуруза і бульба. Палітолягі вывелі залежнасьць палітыкі Валадара ад сакральнага ўплыву Страху. Было пераканаўча даказана, што ўсе пераможныя акцыі ва ўнутранай і зьнешняй палітыцы цесна ўвязваліся ім зь інфэрнальным выпраменьваньнем Страху. Аднак жа сакрэт палягаў у тым, што сэнс тае інфэрнальнасьці быў даступны толькі Валадару, у якога меўся на тое маленькі чорны сакваяжык. У краіне знайшлі шырокае разьвіцьцё рознага кшталту навукі — парапсыхалёгія,