Мяжа [Андрэй Федарэнка] (fb2) читать постранично


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Андрэй Федарэнка Мяжа

МЯЖА Раман-эсэ

ЧАСТКА ПЕРШАЯ

1. «Хвабула»

Звоніць аднойчы Анатоль Сыс, раніцаю, гадзін у сем, і плача так, што мне на другім канцы тэлефонная трубка мокрая:

— Чуеш, Андруша, хачу пісаць раман на (…), дык трэба хвабула! Мы ў Анатоля Жука, а ён расказвае мне эпілёг на (…)! А на (…) мацеры мне твой эпілёг, калі я прашу ў цябе хвабулу?!

І плача — раўчуком цячэ!

Так і я цяпер. Сабраўся пісаць раман, матэрыялу мора, нават «эпілёг» праглядваецца — а вось «хвабула»…

2. Сорак пяць

У «ЛіМе» загаловак артыкула пра Максіма Гарэцкага: «Без тыдня 45 гадоў».

І ўбачыўся мне масіўны, грунтоўна ўкапаны паласаты пагранічны слуп з лічбай «45» у прыбітым на ім бляшаным квадраціку.

І ўспомнілася мне, як некалі горача і шчыра прасіў Бога даць дажыць хаця б да сарака…

І захацелася мне стаць пад гэтым слупам і азірнуцца на сваё жыццё, як дакаціўся да яго, як дайшоў да гэтай мяжы, маючы ўсе шансы не пражыць і палавіны.

Сорак пяць… Сур’ёзная лічба. Крытычная, небяспечная мяжа. З ёю не пажартуеш. Не па мне былі, хто гэтай мяжы нават не парасёк, — першыя імёны, якія прыходзяць у галаву: Чэхаў, Мапасан… Шукшын? І Шукшын. Зрэшты, хіба ў нас сваіх не хапае? Палуян, Багдановіч, Калюга… І тыя, хто дасягнуў гэтага слупа і проста на памежжы, на пагранічнай паласе зваліўся: Чорны, Гарэцкі… І тыя, хто ненамнога яе перасягнуў: Сыс, Пісьмянкоў, Асташонак… І яшчэ лічанае-нязлічанае мноства загінуўшых сваёй і не сваёй смерцю, якія не дапалі не тое што да 45, а да 30 і нават менш (чытайце кнігі-мартыралогі Л. Маракова).

…Колькі талентаў звялося,
Колькі іх і дзе ляжыць
Невядомых, непрызнаных,
Не аплаканых нікім,
Толькі ў полі адспяваных
Ветру посвістам пустым!
Так што проста фізічна дажыць да гэтай лічбы — хаця б дзеля таго, каб мець магчымасць і гонар упісаць яе ў анкету, назваць у паліклініцы ці, не дай Бог, у аддзяленні міліцыі — гэта, скажу вам, ужо маленькі подзвіг.

Але вось ён здзейснены. І пазіраеш ты яшчэ на свет Божы, і топчаш пакуль гэтую зямлю, і трэба неяк апраўдваць сваё тут існаванне.

Карацей: заступіўшы адной нагой на мяжу са слупам з лічбаю «45», адчуў я цягу да падрахункаў, чысткі, рэвізіі — у галаве, у жыцці, у літаратуры, пачаў перабіраць, пераглядаць папкі з рэалізаваным і нерэалізаваным, розныя канспекты, планы, чарнавікі, пісьмы, дзённікі, скідваць сёе-тое на кампутар, не надта задумваючыся, навошта.

І са здзіўленнем убачыў, колькі ж многа ўсяго. Аповесці, раманы, абрыўкі апавяданняў, п’есы, сцэнарыі, проста думкі… На белай фінскай і таннай жоўценькай паперах, на сурвэтках, «манжэтах», на пачках з-пад цыгарэт, у рознакаліберных бедных нататнічках і дарагіх тоўстых арганайзэрах…

І з горыччу адчуў, што не ведаю, якое знайсці гэтаму прымяненне.

А то яшчэ сумны прыклад некаторых з калегаў. Набачыўся я за сваё рэдактарства такога дабра. Да 45–50 гадоў пісьменнік набывае ўжо, як правіла, нейкае імя, а таксама нейкую пасаду, г. зн. робіцца недасягальным для крытыкі (і, сам таго не разумеючы, для чытача), і вось аднойчы надумваецца і дастае з антрэсоляў запыленыя, з выцвілымі чарніламі студэнцкія, ледзь не школьныя сшыткі, набірае на кампутары і, як правільна напісана ў геніяльнай паэме, увесь гэты цяп-ляп прэ ў друк. Разлік просты: сярод мора пошлай, левай нагой намаханай прадукцыі навошта выкладвацца, цяпер што ні напішы, пойдзе, а калі яшчэ без граматычных памылак, ды з мінімальным веданнем законаў жанру — з радасцю надрукуецца, а надрукаваўшыся, і пачытаецца, і пахваліцца…

Вось што мяне напачатку не тое што ахалоджвала, а бянтэжыла. І рваць, нішчыць шкада. Напрыклад:

2(а). Круці не круці, а трэба памярці

Чым больш жывеш, думаеш, чытаеш, тым большае жаданне абагульняць.

Яшчэ адзін мастацкі твор. Яшчэ адно прозвішча героя, партрэт яго, імя па бацьку — «Іван Мікалаевіч быў…», апісанне твару, рук, ног, хады, адзення, асаблівасцей размовы… Яшчэ адзін малюнак прыроды з небам, сонцам, парой года. Яшчэ адна гісторыя, якую сам аўтар у тым ці іншым варыянце перажыў; яшчэ адно каханне да жанчыны, шчаслівае або не, узаемнае або без…

Аўтар піша, абагульняючы такім чынам, каб іншаму — чытачу — можна было ўспомніць сваё і параўнаць. Аўтар нібы кажа: «У цябе, мой незнаёмец, не было вольнага часу заўважыць усё гэта, а жыццё такое кароткае, хуткаплыннае, і трэба радавацца кожнай хвіліне яго, навучыцца любіць, цаніць моманты яго… Вось ты, мой чытач, праходзіш кожны раз і не заўважаеш, нпр., малюнкі прыроды, а я паказваю табе іх; заўваж і ты, і парадуемся разам! Тысяча драбязы, якая робіць жыццё больш радасным, больш поўным, хвалюючым — дык навучыся разам са мною (калі ў цябе няма часу ці ўмення) заўважаць гэтыя драбніцы, адкрываць іх у будзённым,