Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4 [Васіль Быкаў] (fb2) читать постранично, страница - 3


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

і малыя, каб надзейна схаваць байцоў.

У той час Пятрусь зноў убачыў камандзіра са скручаным на дрэўку палотнішчам сцяга ў адной руцэ і чорным пісталетам «ТТ» у другой. Не звяртаючы ўвагі на кулі і асколкі, шырока расставіўшы ногі, маёр стаяў на ўзгорку і, сілячыся перамагчы грукат бою, крычаў людзям, што беглі далей на лугавіну:

— Стой! Стой! Назад! Ка мне!

Невялічкі той узгорачак, на якім стаяў ён, як-колечы мог захінуць ад куль і даць магчымасць байцам разгарнуцца ў ланцуг.

— Назад! — крычаў камандзір і раптам шырокім жэстам узмахнуў дрэўкам і разгарнуў сцяг.

Зноў, як і ў першы раз, Пятрусь адчуў, як узгарэлася ў ім нешта ўнутры і нібы іскрай прабегла па целе, і хлопец паслухмяна кінуўся туды, на заклік сцяга. З жыта да яго далучыліся яшчэ людзі.

Ахоплены немай рашучасцю не пакідаць больш камандзіра і сцяг, Пятрусь залёг у рэдкі драцяністы верасок ля маёра і нарыхтаваў вінтоўку. Танкі, згубіўшы байцоў з поля зроку, пайшлі павольней, відаць, баяліся сустрэць што-небудзь нечаканае за ўзгоркам. Ззаду, тулячыся за машыны, ішлі чорныя аўтаматчыкі, і камандзір, стоячы на каленях, пільна сачыў за іх набліжэннем. Побач залегла два дзесяткі байцоў.

— Па аўтаматчыках за-а-а-а-а-а-лпам… плі! — крыкнуў камандзір, і нядружны залп грымнуў з узгорка.

— За-а-а-а-а-лпам… плі! — крычаў ён другі раз, і ўзгорак адгукаўся другім залпам.

Так яны далі яшчэ некалькі залпаў, і танкі спыніліся, а аўтаматчыкі схаваліся за імі. I тады зноў на ўцалелую рэштку байцоў рынуў агонь з усёй шматлікай зброі, што цяпер сабралася супраць іх.

Але ўзгорачак як-колечы затуляў іх, можна было адпаўзці крыху назад, прыціснуцца да травяністага дзірвану, і кулі ішлі верхам. Снарады з лютым піскам праносіліся над самай Петрусёвай галавой і ірваліся недзе ззаду, на лугавіне.

I тады здарылася нечаканае. Справа з кустоўя грымнуў на людзей густы аўтаматны стрэл. Малады баец, што ляжаў побач з Петрусём, неяк трапянуўся і сціх, нібы прытаіўся ў траве, а з хмызняку, прыгінаючыся, выскоквалі на аблогу фашысты.

Усе, хто яшчэ мог узняцца, кінуліся ад таго небяспечнага фланга бліжэй да камандзіра. Людзі разгубіліся ад такога знянацкага ўдару, але падавацца далей не было куды. Раптоўная млявасць ад усведамлення пагібелі разлілася ў Петрусёвым целе. Ён стрэліў разы два ў бліжэйшага немца, што, пераскокваючы праз забітых, бег да яго, і сам ускочыў, каб падацца назад, куды беглі іншыя.

У той страшны момант ён зноў убачыў камандзіра. Маёр таксама адступаў назад, далей ад кустоў, бег і адстрэльваўся са свайго пісталета. Але раптам ён спатыкнуўся, з цяжарам выпрастаўся і потым ужо канчаткова ўсім целам рухнуў у траву. Тады ж з яго рук выпала дрэўка са згорнутым сцягам. Пятрусь, мярцвеючы ад жаху, ускрыкнуў і кінуўся да камандзіра. Аднак раней за яго там аднекуль з’явіўся Наскоў, ён спрытна падхапіў сцяг і рынуўся па адхону ўніз. А маёр прыўзняўся на руках, узняў на сержанта скрыўлены ад болю, успатнелы твар і, сустрэўшы яго позірк, чамусьці глуха закрычаў хлопцу:

— Сцяг… Сцяг ратуй!

Пятрусь, аднак, памкнуўся ўзняць маёра, але той, нібы здзівіўшыся, што сержант не кінуўся выконваць загад, крыкнуў злосна і строга:

— Прэч ад мяне! Сцяг!..

Ён не скончыў гэтага свайго загаду і ўпаў тварам у пожню.

Пятрусь зноў скалануўся ад ахапіўшага яго жаху і кінуўся далей за Насковым, які разгоніста шыбаваў уніз да вузенькай паскі алешніку на лугавіне. Побач нікога не было, немцы ўжо захапілі іх кароткі прытулак і скіравалі ўвесь агонь сваёй зброі па апошніх байцах. Пятрусь зірнуў наперад — Наскоў быў ужо ля крайніх алешын, і ў хлопца мільганула кволая яшчэ надзея на яго ўдачу. Але ў той жа момант здарылася нешта незразумелае і жудаснае. Нейкая невядомая сіла з лютым імпэтам ударыла сержанта, у вушшу балюча кальнула, і ён праваліўся ў пустую чорную бездань.

Раздзел другі

Першым з’явілася непрывычнае адчуванне цішыні. Яшчэ праз момант хлопец адчуў, як моцна баліць плячо і нешта муляе пад шчакой. Пятрусь паварушыў галавой і з намаганнем узняў цяжкія павекі. Ён убачыў траву, якая шалясцела ля самага твару. Ад незвычайнай блізкасці яе танклявыя сцяблінкі здаваліся гіганцкімі, быццам якія трапічныя расліны джунгляў. Між імі ў доле нешта шавялілася, гойдалася, скакала — там спрадвечным парадкам цякло сваё, незалежнае ад чалавека, жыццё. Сабраўшы сілы, Пятрусь павярнуўся ўсім целам і ўбачыў неба — высокае, прасторнае і лагоднае неба летняга адвячорку. Там было так светла, так спакойна і хораша, што Пятрусь упершыню паверыў, што смерць мінула яго. I раптам аднекуль з-за краявіду з’явіліся крылатыя цені — гэта нагружаныя бомбамі цяжка плылі кудысьці варожыя самалёты. Яны адразу вярнулі хлопца да рэчаіснасці, да вялікай бяды, што напаткала іх полк.

Ён усхапіўся, але моцны боль у галаве і ў левым плячы зноў паваліў яго ў траву. Тады хлопец пайшоў на хітрасць. Каб ашукаць загадкавую немач, ён паціху абапёрся аб дол, больш налягаючы на