Сцюжа [Васіль Быкаў] (fb2) читать постранично


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Васіль Быкаў СЦЮЖА

Аповесць


Падрыхтаванае на падставе: Васіль Быкаў, Сцюжа. Аповесць, — Мінск: Мастацкая літаратура, 1993. — 176 с..


Рэдактар: Барадулін Рыгор


© Камунікат.org, 2012

ТУТ ПАХАВАНЫ ВЕРНЫЯ ПАТРЫЁТЫ САВЕЦКАЙ РАДЗІМЫ:

Маёр Жалудоў

Пратызан Пацюпа А. Г.

Чырвонаармеец Крывашэін К. С.

Партызан Галадуха С.

Партызан Старук С. Я.

Партызан Азевіч Я. І.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

ВЕЧНАЯ СЛАВА ГЕРОЯМ!

(з прыдарожнага абеліска)

Гарадзілаў памёр на світанні — ціха, неўпрыкмет сканаў у сцюдзёным, прадзьмутым ветрам буданчыку. Азевіч, які сам задрамаў на сконе начы, нават не заўважыў таго, хоць і адчуваў звечара, што пракурору ўжо не падняцца. Тры апошнія дні той не ўставаў на ногі, палаў у гарачцы, сіпата, дробненька дыхаў і — што асабліва ўразіла Азевіча — перастаў пазнаваць яго. Гэтую ноч звечара незразумела, дзікавата трызніў, вёрз немаведама што пра нейкага (ці нейкую) Кузю, тузаўся, скрыгаў зубамі, увесь час сцягваючы з сябе шынелак, якім яны накрываліся разам. Азевіч стаміўся за ноч рупіцца каля хворага, бясконца атуляць адзежынай яго гарачае цела. I толькі на золаку неяк знерухомеў у цішыні, заснуў, аж покуль не прахапіўся ад падазрона страхавітага спакою, што запанаваў у будане. Гарадзілаў ляжаў нерухома і ўжо быў сцюдзёны — гарачыня без рэшты сышла з яго цела, грудзі пад ватоўкай не паднімаліся. Азевіч прыклаў да іх вуха і не пачуў нічога. Мусіць, усё ўжо скончылася.

На дзіва сабе ён не адчуў ні асаблівага страху, ні нават жалю — нейкае цьмянае прадчуванне перамены (невядома, да лепшага ці да горшага) паволі ўлівалася ў яго. Хоць ён і не ведаў яшчэ, чым тое абернецца, што ён зробіць цяпер, застаўшыся зусім адзін. Сцяўшыся пад шынелкам на ўлежанай хвойнай падсцілцы, ён спрабаваў трохі сагрэцца ў спакоі, звыкла ўслухоўваючыся ў абрыдлы за непрытульную восень лесавы шум. Галоўнае — цяпер ён застаўся сам-насам, мог рабіць, як захоча, кіравацца толькі сваім намерам, уласнай патрэбай, без чыёй-небудзь прынукі. Да таго, з Гарадзілавым, было трохі інакш, усё ж той быў ягоным начальствам — пракурор раёна і камісар групы, зноў жа старэйшы па гадах, на ўсё меў сваю думку і не надта любіў лічыцца з думкаю іншых. Можа, і сканаў праз гэты свой непадаткі характар — прастудзіўшыся на Макрынскім балоце, падхапіў гарачку. Мусіць, трэба было б падацца куды да жытла, цяпла і людзей, бо якое ж здароўе на сцюжы, у гэтым во тошчым буданчыку? Азевіч і казаў яму: пойдзем куды, прэч з гэтага змрочнага лесавога грудка, які даў ім прытулак у самы жахлівы восеньскі месяц — пяты месяц вайны. Ды Гарадзілаў заўпарціўся: не і не. Ну і, вядома, дачакаўся горшага. Цяпер яму ўжо не спатрэбяцца ні цяпло, ні засцярога — патрэбна адна маці-зямля, на якой ён неспакойна пражыў без малога пяць дзесяткаў гадоў.

Азевіч вылаяўся — ад прыкрасці, злосці — і пачаў уставаць; адзін побач з засцюдзянелым нябожчыкам, зусім скалеў пад воглым шынелкам, аж стукалі неўпрыцям зубы ад дрыжакі. У змрочнай нары-будане трохі зашарэў ранак — на ўваходзе сталі відаць нізка абвіслыя лапкі хвояў, шэрыя сукаватыя камлі тоўстых елак насупраць. Штось там, аднак, мільганула — раз і другі, Азевіч з трывогай угледзеўся, адразу прагнаўшы сон, і апанурана пачаў надзяваць у рукавы шынелак — між хвояў рэдка мільгалі белыя мухі — то пайшоў снег. Значыць, даседзеліся, падумаў Азевіч, да белых мух, што будзе далей? Але што будзе далей, ведама і малому — пасля зазімку будзе зіма, сцюжа і мароз, сляды на снезе. А што рабіць яму? Аднаму на гэтым яловым грудку?

На кукішках ён выбраўся з будана, ледзьве асільваючы дакучную дрыжаку ў целе, агледзеў лясное наваколле. Між яловага вецця ўгары лёталі-мільгалі сняжынкі, няроўна запарушваючы іглісты, з апалымі шышкамі дол, скрозь перавіты жылістымі каранямі елак. Трава тут бадай не расла, месца ўвогуле было схоўнае — хвойны гушчар — і сухое; мабыць, якую ямку-магілу ён тут і выкапае. Праўда, у яго не было рыдлёўкі, затое ў нябожчыка быў штых — тупы нямецкі цясак, якім яны секлі на будан хвойнік і рэзалі палкі. Цяпер, узяўшы гэты цясак, Азевіч крыху прайшоў па грудку між таўшчэзнага ельніку, паазіраўся, памеркаваў і, трудна, злосна ўздыхнуўшы, пачаў калупаць дол.

Калупаў ён нетаропка, доўга, памалу грэючыся пасля неспакойнай халоднай начы,— сек цесаком карані, выграбаў рукамі зямлю. Добра, зямля была не цвёрдая — пад пластом лесавога перагною ляжаў рыхлы пясок, у які без натугі лез яго штых. Сняжынкі патроху сыпаліся між елак, але вялікі снег яшчэ не ішоў, а тыя, што ападалі долу, патроху таялі на свежай зямлі — марозу яшчэ не было. Як толькі берагі той вузкаватай ямкі дайшлі да каленяў, падумаў, што, мабыць, хопіць. Пакуль што нябожчык перабудзе і ў такім прытулку, а там будзе відаць. Калі надарыцца магчымасць і ён, Азевіч, будзе жывы, дык, можа, куды перахаваюць. А калі не, дык што ж.. I