Парасткі [Вольга Міхайлаўна Іпатава] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

Вольга Іпатава ПАРАСТКІ

Лірыка


Падрыхтаванае на падставе: Вольга Іпатава, Парасткі: Лірыка — Мінск: Мастацкая літаратура, 1976. — 96 с.


© OCR: Камунікат.org, 2010

© Інтэрнэт-версія: Камунікат.org, 2010

* * *


Так расступіўся прада мною свет,
Такія паказаў мне велічыні...
А мы з табой, раней было, лічылі,
Што адзіночкі крочаць да планет.
А мы з табою спасцігалі код
Жыцця, людскія лёсы паасобку.
Якім жа знакам светлым і высокім
Гадзін маіх цяпер пазначан ход!
Нібы луску, усю з сябе здыму
Слоў драбязу і дробных спраў паспешнасць.
Ты да мяне прыйшоў, як непазбежнасць
Усіх знаходак, радасцяў і мук...

* * *


Балючая, да слёз адзіная,
Як ноч — і ліўня зарапад...
Не называю я Радзімаю
Асенні пажаўцелы сад,
Антонавак свячэнне спелае
У ружовым мроіве зары...
Зямля мая, ты цішай белаю,
Цяплом са мной пагавары...

BЯСНОВАЕ


З наіўнай верай у пічасце,
У салаўіны спеў
Іду я ў парк, каб прыпасці
Да мокрых вясенніх дрэў.
Каб сэрцам, раптоўна лёгкім,
Адчуць глыбіню ракі
I слухаць, як пад зямлёю
Зліваюцца раўчукі.
Пупышак малых жывая
Сіла мацней ад гармат.
...Колькі шчаслівых бывае
Вёснаў? Я веру — шмат...

* * *


Кожная сустрэча—быццам першая.
А расстанне — быццам назаўжды.
Ёсць у гэтым нейкая завершанасць,
Так, як прага і глыток вады.
То шукаць у немагчымай далечы,
А паветра — сполахі агню.
То стаіцца стомлена, кідаючы
На плячо, я к хустку, цішыню.
Ад чаго вось так? Нібы атручана
Сэрца — да тугі, да забыцця,
Вечна новай прагай неўміручага
I прычасцем да глыбінь жыцця.
На разломе цёмнага і светлага,
На сутыку — рукі, галасы...—
Хай прычасцем гэтым душы свецяцца,
Як на сонцы — кропелькі расы...

АДАМ МІЦКЕВІЧ У ТУГАНАВІЧАХ


Туганавічы... Туга
Любові і прадчування!
Каштанавым цветам ранне
Стары асыпае курган.
Дапытліва маладосць
Удалеч глядзіць... Трывожна
Ад гэтай смугі прыдарожнай,
Дзе ціш працінае наскрозь.
Запал ліхаманіць кроў:
У словах паэтавых дзіўна
Адна і другая радзімы,
I першая ў іх любоў.
Туганавічы... Туга
Кахання яго і прадвесця!
Над тым, што чакае дзесьці,
У полі вячэрнім «ку-га!»
Разносіцца... I зямля,
Пакутная і нямая,
Бела-ружовым маем
У сны яго прыйдзе пасля!

* * *


У гадах, няважкіх і спакойных,
Нешта калыхлівае, калі
Ты плывеш бяздумнаю ракою,
У жыцця не лічачы хвілін.
Ад суцэльных воклічаў: «Шчаслівы!»
Робіцца на сэрцы халадней.
Абмінаючы віроў імклівасць,
Можа, сам становішся бядней?
Можа, там, за невядомым гаем,
На шляхах, калючых, як асцё,
Зразумець упершыню, якая
Сіла дадзена табе жыццём?
Рассячы вузлы. Устаць. I здолець.
Рухнуць у спакойную траву
Стомленым. Зняможана ад болю
Прашаптаць шчаслівае: «Жыву!»

БРАСЛАЎ


Чайкі — кожная астраўком
На пранізліва-сініх хвалях —
З хвойным чысценькім гарадком
Нечакана мяне з'ядналі.
Міжазёрны круты прастор.
Гарадзішча — тугое прасла.
Я сышла ў нараджэнне не з зор,
Я была і тваёю, Браслаў!
Мо адтуль трапятанне крыла
У руцэ маёй, пальцах гнуткіх,
Як сцярожка у высі плыла
Камячком трывожна-бялюткім?
I сяляне па косы ішлі,
Выціраючы рукі націнай...
Першы раз на тваёй зямлі
Я — спрадвечнай тваёй часцінай...

СКРЫЖАВАННЕ


Скрыжаваліся нашы шляхі —
Непазбежна ці выпадкова?
Плешча возера ў берагі.
Круціцца кола.
Адрачыся? Далей ісці
Мне адной, як наканавана?
Ды бунтуе жанчына ўва мне: «Не пусці,
Не пакінь гняздо зруйнаваным!»
Бліскавіцай вячэрняю прамільгне
Гэты выбар! Пазнання дрэва!
I змагаюцца зноў ува мне
Бессмяротна — Ліліт і Ева.

* * *


Жыцця і з ім, і без яго няма.
I пекла тут, і рай — усё адразу.
Як мне дыханне студзіш ты, зіма!
За што такое нам? Няма адказу.
Празмернасць невыносная любві!
Вяршыні, дзе разрэджана паветра!
I стогнам адклікаецца ў крыві
Неадчувальны быццам подых ветру.
I стогнам адклікаецца ў душы
Не ў час, не ў меру сказанае слова.
I не хапае мужнасці рашыць,
Што нешта трэба зрушыць, каб — нанова.
Празмернасць невыносная любві!
Ляцяць у бездань гулкія лавіны.
I паспрабуй каменьчык той злаві,
Што мы ўтрымаць калісь былі павінны!

РАГНЕДА


«Я не люблю цябе! Не люблю!» —
Крычала Рагнеда.
Паліў Уладзімір яе зямлю.
Дымілася неба.
З яблынь самлелых шмякалі ўніз
Печаныя ранеты.
Енк і плач стаптаных крыніц
У крыку Рагнеды.
Косы яе — па пыле дарог.
Косіцца конік гнеды.
Сцяўшыся, боты з мужавых ног
Зняла Рагнеда.
Узненавідзеўшы — прамаўчаць.
Сваё — употай.
Плыў праз гаркоту зведаны час —
Плыў адзінотай.
Дзеці былі. Унукі былі.
Ды праз агонь і беды
Не яго, а яе зямлю бераглі —
Зямлю Рагнеды!

ПАМЯЦЬ


Хіба вы можаце хаця б дазнацца,
Дзе, у якіх прасторах мы былі
I як маглі, свабодныя, спрачацца
З наіўнейшымі меркамі зямлі?
Якія адкрываліся цясніны,
Прыходзіла якая глыбіня?
Заснежаныя чуйныя раўніны
Нам песняй невядомаю звіняць.
Ды горка не хапае, не хапае
Ні часу, ані ўмення — на гады,
На вечнасць...
Па-ранейшаму сляпая,
Жыву, не заўважаючы бяды,
I сонца супакойліва мне свеціць,
I восень не шуміць лісцём у сне.
Але адна, адна ў бяздонным свеце,
Па сэрцу зорка раптам паласне,
Калі яна ў вячэрняе сумоце,
Пад аксамітам буйнай сінявы,
Павольная, ўстае на гарызонце,
Што колеру і барвы, і травы.
I памяць прачынаецца другая,
Абрысы растварае забыцця.
Нанова ў існаванне выбягаю
I радуюся свету, як дзіця!

ВЯСНА


А ручаі ўздымаюць гаману:
Сустрэліся пасля даўгой разлукі!
Адталыя выпростваючы рукі,
Шапнула вольха: «Пойдзе на вясну!»
I, выгнуўшыся, тужыцца рака:
Далей, далей бы сопкія ільдзіны!
Чакае бор пралескавага дзіва,
Вярба чакае ў вушка каташка.
Чакае свежае раллі плугар,
Рвуць на шматкі вятры аблокаў вату.
Пад ельнікам раздзьмухвае да свята
I сон-трава ліловы свой пажар.
А свята неўпрыкметку падышло.
Вось — сіняя, крынічная, жывая —
Такая далеч нада мной ўзлятае!
Ёй падстаўляю, як дажджу, чало...

НА НАВАГРУДСКІХ МОГІЛКАХ


Той заценены, той зацеснены
Між будоўляў кавалак зямлі!
Стане паркам ён — з крыкам, з песнямі...
Адпачынку мала далі!
Экскаватар зрые пагорачкі,
I ў адно — непатрэбны хлуд:
Агароджы, крыжы ды зорачкі...
Адзвінелае рэха пакут
У вясёлае перайначыцца.
Можа, так і павінна быць:
Не згубіўшаму — не заплачацца,
Не пражыўшаму — не забаліць.
Ды і я адрыну балеснае:
Як пакрочу — не павярну
Галавы да сівой алешыны,
Што матулі помніць труну.
Помніць постаць маю скамянелую,
Зледзянелую помніць жарству...
Стане сонца раптоўна белае
I абрынецца на галаву,
А на тых, на няўдзельных, бояззю
Ясакораў старых і ліп...
I якою лучаны повяззю
Ўсе мы з тымі, што ўжо былі?
Не хацелася б — а пазначыцца
Сум магіл старых і капліц.
Не згубіўшаму — а заплачацца,
Не пражыўшаму — а забаліць...

ВЯРТАННЕ


Мяне ніхто з дарогі не чакаў.
Дзе захачу — заўжды магла застацца.
I я люблю па сёння уцякаць,
I я па сёння не люблю вяртацца.
Вяртацца, каб ізноўку абжываць
Кусты пустыя. Праганяць дарадцаў.
I звязваць тое, што так лёгка рваць...
Вяртаюся, а — не люблю вяртацца.

* * *


Ад грымот дрыжалі аканіцы.
Ліпнуў брук — пякучая смала.
Што з таго, што будзе навальніца?
Ты ішоў. I я к табе ішла.
Хмара, як бугрыстая пачвара,
На галовы гмахаў налягла.
Што з таго, што летам — град па твары?
Ты ішоў. I я к табе ішла.
Нам прадвесцем стаўся гэты ліпень —
То пагода, то дажджыць імгла.
Што з таго, што розныя былі мы?
Ты ішоў. I я к табе ішла!

ПАРАСТКІ


Хацела б мармуровымі калонамі,
А трэба толькі ўласнымі далонямі
Вас агароджваць і цяплом туліць...
А сэрца несціханае баліць
За будучую тую злагаду,
Якую, божа крый, не адвяду,
За нечаканы той мароз і снег,
Што кволых вас знарок не абміне...
За час, які дарэмна нам маліць...
Але найбольш душа мая баліць,
Што ты — што ты! — у вечнай барацьбе
Супроць мяне, і свету, і сябе.
I парасткі кахання зноў і зноў
За нас дваіх мне берагчы адной.
...Спакусна стане — прэч, не дараваць!
Няхай іх вецер будзе вырываць
I ледзяніць бязлітасна зіма!
...Няўжо наш плён, каханы мой, дарма?

МАГІЛА БАГДАНОВІЧА


Мой прытулак — не гэты магільнік стары,
Кіпарысам навекі прапдхлы і лаўрам,
У жалезе штыкецін, у горкай кары,
Што збірае мае пасмяротныя лаўры.
Гляньце — хмара па небе спакойна плыве!
Гляньце — кропля дажджу на бярозу упала!
Хіба мог я ўляжаць? Хай магіле-ўдаве
Мяне клікаць назад! Толькі ж вечнасці мала,
Каб шаптаць, грукацець, каб расказваць наўкол,
Кім ні буду — маланкаю, кропляй, раслінай,—
Ад любві і вернасці, без якой
Мы не можам людзьмі сябе зваць, не павінны!
Мой прытулак — не там, дзе помнік, як цень,
I на камені надпіс, нібыта пячатка!
Я лячу ў Беларусь то світаннем, то ўдзень,
I штодзённа жыццё пачынаю спачатку...

* * *


Званок абрынуўся, як вадаспад.
За што ўчапіцца? Плынь імгненна зносіць!
Мяне ён толькі аб спатканні просіць,
А просьба — нечакана — як загад.
Як прыстань — яго цвёрдая далонь.
Мая насмешка — як выратаванне.
Я не пайду на гэтае спатканне!
Я не хачу трапляць у твой палон!
Каб зноў, даверыўшыся дабрыні,
Аддаўшы сэрца і цяпло той веры,
Упасці некалі ў пустыя дні
Бязлітасна пакінутай кватэры...
Я не хачу трапляць у твой палон!
Ды толькі, заінелая ад сцюжы,
Вясной бяроза ў карагодзе кружыць,
I непазбежны той жыцця закон!

* * *


Перад снегам — трывожна і нізка—
Зграя хмар... Той часінай, відаць,
Нахілілася над калыскай
Побач з Радасцю і Бяда.
Радасць, Радасць! Ты многа маеш
Залатога свайго агню!
А Бяда навошта трымае
Тое ж — Вернасць і Дабрыню?
Тых дарункаў не трэба замнога...
Іх нялёгка несці ў жыцці...
Ды паклала... I за парогам...
Загудзела шалёна ў лісці...

КАНІКУЛЫ Ў ЗАБЕЛЛІ


Такое новае маё вядро!
I дужы я каромысла абдымкі.
А я іду даўнейшым тым зазімкам
I запавольваю таропкі крок.
Крыніца сустракае м і ж снягоў
I звонка б'ецца ў чысціню вядзерца.
Няўжо ісці дамоў мне давядзецца,
I толькі рэха крыкне наўздагон?
Ды напярэймы скрозь : «О-о, пачака-ай!»
Ужо бяжыць! А я — не азірнуцца,
Прайсці недатыкальнаю і гнуткай
I не адчуць, што шчасця — цераз край.
Так хутка нам сталелася з табой!
Чаму ж не пасталелася шчасліва,
Чаму набытак гэтакі тужлівы,
А набліжэнне сталася бядой?
Імкненне быць... А «быць» яшчэ няма.
Блішчыць прастора сонечнаю беллю...
Каханы мой! Журботна нездарма
I незгасальна помніцца Забелле...

МАЦІ


Прыйшла нячутна. На ложак прысела.
«Ну вось я. Так клікала ты мяне,
Што адпусцілі адтуль. Ненадоўга.
Што ў цябе, дачушка, такое?»
«Я... ведаеш...»
Мамай яе назваць
Язык не паднімаецца — такая маладая!
«Сын мой... без бацькі.
Дурэе... Не слухаецца...
Не ведаю, што рабіць!»
«Спытай што іншае. Бачыш, дачка,
Яму ж хутка ўжо сем гадоў.
А табе ж і чатырох не было,
Як пайшла я ад вас у дарогу далёкую...»

* * *


На бераг Нёмана прыйду апоўначы
I, кінуўшы адзенне на траву,
Свабодная, мінулага не помнячы,
Вадой празрыста-цёмнай паплыву.
Імгненнай плынню сцягнены, схаваецца
Зямлі прасцяг, і знікнуць берагі...
Узнікне боль... Няхай не развітаецца
Душа з тваім абліччам дарагім!
Бо не крыніца, што спякотай выпіта,
Бо не святло, што гасне пры начы,
Бо мне аднойчы ўжо на долю выпала
Згубіць ад шчасця звонкія ключы...

* * *


Мой незвычайны горад, дзе была
Такою я шчаслівай — і няшчаснай!
Навошта ад цябе тады ўцякла?
Не уцячы ж нам ад душы уласнай!
Пад ноч, калі вясеннія кусты,
Ажыўшы, заварушацца пад снегам,
I ахіне крысом туман густы,
I блізкім-блізкім стане раптам неба,
Цябе я ўспамінаю... Назаўжды
Я буду там хадзіць па вулках струнных
I ў ціхай плыні нёманскай вады
Яшчэ не раз знайду свой воблік юны.
Прыехала... Стаю ў тваёй начы...
Нікога на аўтобусным прыпынку.
Адно лятуць каштаны, я к мячы,
I ліхтары высвечваюць іх спінкі.
Саслізгваюць хвіліны, нібы ртуць,
Гамоніць вуліца пра нешта ціха...
I толькі дываны нязмоўчна ткуць
На трэцяй змене рупныя ткачыхі...

ДОЖДЖ


З сяброўкаю пад ліўнем мы —
Нібы ў той першы раз.
А дождж змывае лініі,
Змывае клопат з нас.
Шчаслівыя адсутнасцю
Штодзённых спраў, сям'і,
Становімся мы сутнасцю
Расы, травы, зямлі.
Расе туманам прарасці,
Жарству праб'е трава.
Прароцтвам неўміручасці
Хмялее галава...

* * *


Такою цішаю дзень адзначаны!
Сутонне памяці — першы крок.
Яшчэ не ведаю, чым заплачана
За ўсё, што зведана незнарок.
Якою мерай, якой пакутаю
За незвычайнасць, за пачуццё?
За тую веру, якою скутае
З тваім навечна маё жыццё...

У ЛЕСЕ


Нагайсаў паскок ласіны
Па траве і па галлю.
Перамлелыя маліны
Лена каплюць на зямлю.
Над ліловым, жоўтым, сінім —
Сонца ліпеньскі пажар,
I апошнія расіны
Ад кустоў ляцяць у твар.
Сойка-маці мітусліва
Ад гняздоўя павяла...
Я даўно такой шчаслівай,
Бесклапотнай не была...

ЗАЛАТОЕ РУНО


У тым вечна зялёным краі
Нават вецер салёны — лізні!
На дасвецці ў моры згараюць
Дзіўна зваблівыя агні.
Неўміруча пяюць сірэны...
Праз салодкі бачыцца сон:
Адпраўляецца зноў — нязменна! —
За руном залатым Ясон.
У Ясона тваё аблічча...
О, я ведаю — далячынь
Несціхана мужчыну кліча
Ад найлюбых яго жанчын.
Разабрацца. Знайсці прычыну.
Невядомага вынайсці знак
I вярнуцца ізноў да жанчыны
Пераможцам. I толькі так.
Ды ў легендах сівой завеяй
Ёсць яшчэ адна даўніна:
Як пракляццем лягло на Медэю
Злое ззянне таго руна...

ХРЫСТОФ ШЭЙНЕР


Хрыстоф Шэйнер значна
раней за Галілея адкрыў
плямы на Сонцы.
На Сонцы адкрытыя плямы.
Праверыць! Яшчэ і яшчэ!
Які нечуванейшы лямант
Вось-вось назаўжды апячэ!
Ды знаў ён пра енк сутарэнняў,
Злавеснае вогнішч выццё...
I стукаў у сэрца дарэмна
Няроджаны сын — адкрыццё.
Пад крыжам — змарнелая свечка,
Ад шчыліны сочыць павук...
I сыплюцца ў келлі, як сечка,
Шматкі непатрэбных навук.
Зямля па арбіце ляцела,
Званілі з в а ны ўсё смялей,
I Сонца — нябеснае цела —
Ужо спазнаваў Галілей...

СЫН


«...Каторую вясну са мною страчае,
Разважлівае не па гадах,
Дзіця, якому ў хвіліну адчаю
Я жыцця не схацела даць.
Прыходзіць. Смяецца. Голас — званок.
Яго ўздымаю на рукі: «Сынок!
Сінія вочкі мае!» Ды туман
Скрозь пальцы пройдзе — і ўжо няма.
Сяджу. Кашульку яму вышываю.
А нітка трымціць, нібыта жывая.
А можа, ты, нітка, звіешся ў клубочак,
Пакажаш дарогу, дзе мой сыночак?
Маўчыць пакой. Аж звініць адзінотай.
Кладуцца на твары маршчынкі ўпотай.
А сын — толькі ў снах. Тады пешчу, смяюся,
I сноў тых чакаю. Хачу. I — баюся...»

* * *


На сэрца золкаю расой
Апала злое слова.
Падняўшы меч, сячы! Лязо
Блішчыць. Прыняць гатова
I твой папрок, і той імпэт,
З якім агонь наш студзіш.
Бо знаю: заўтра іншым свет
I ты інакшым будзеш.
Узнікшым сёння ў барацьбе,
Быць дружбе і даверу,
Бо веру ў моцную сябе.
I — у цябе я веру...

* * *


«Не ўвойдзеш двойчы у адну раку» —
Засвойвалі мы, школьнікі, калісьці.
I, залатым абсыпаная лісцем,
Стаю цяпер я на другім баку.
А сінява ля ног плыве наўсцяж.
Няўжо мне не адолець гэтай хвалі?
Дужэйшымі і рукі мае сталі,
I мудрасці крыху ўзяла ў жыцця.
Ды не! Не ўвойдзеш у адну раку,
Не вернешся ў праменнае Калісьці!
I, залатым абсыпаная лісцем,
Стаю цяпер я на другім баку...

ФАНТАЗІЯ


Стыхія Вады прыняла
Мяне і замкнула абдымкі.
Палац залацістага шкла
Мае адлюстроўвае здымкі.
I шчэлепы рыб-вартавых
Уверх натапыраны грозна...
Нашу я сукенкі з травы,
З узорам пяшчотна-марозным.
Ні харч не турбуе, ні корч,
Што ў кроў разбівае калені,
I тут не ўрываюцца ў ноч
Балесныя, дзіўныя цені...
Ляніва і лёгка душы!
Нашто неслухмяныя рукі
Пакутліва просяць ў цішы
Зямнога цяжару і мукі?

НОЧ


Стаю, прыхінуўшыся цесна,
А блізкасці нестае:
Стаяць паміж намі, як цені,
Крыўды твае і мае.
Я не прашу даравання,
А прэч не магу пайсці:
Спазнілася на спатканне,
Адзінае ў жыцці.
Зноўку на восень верне,
Цемра штоноч даўжэй...
Як цяжка зламаць недавер нам,
Але разысціся — цяжэй.
Маўчаць дамы-камяніцы.
Ноч. Не відаць людзей.
Жнівеньскія зарніцы —
Вечная прага надзей...

ВУГОР


З перапоўненай скрыні ўзляцеў быў
I — упаў на цэментную гладзь!
I спружыністым б'ецца целам,
Не згадзіўшыся паміраць.
А прыёмшчыцы юнашчокай
Задзівіцца ізноў з вугра:
Не да бліжняй лужыны скокі,
А да дальняга азяра,
Што так родна трапеча сінню,
Што пад ветрам набрала гон
I трымціць глыбіннаю сілай
У крыві жыхара свайго.
Ён не возьме, спазнаўшы волю,
I глытка нямілай вады,
Раздзіраючыся аб голле,
Уцякаючы ад бяды...

* * *


Хацеў пажарышча — атрымлівай!
Палае — свету не відаць.
I гэтак весела, няўрымсліва
Усё на паліва кідаць!
З агню ўспамін іекрынкай скоціцца...
Прэч! Для чаго цяжар плячу!
Ні азірацца, ні маркоціцца,
Ні нават помніць не хачу...

* * *


Разлука ўдзень нібыта спіць.
Але штораз пры сне
Арліцай хіжай прыляціць
На ложак да мяне.
Па паліроўцы зарыпяць
Сухія кіпцюры,
I абаім ізноў маўчаць
Да самае зары...

У БАТАНІЧНЫМ САДЗЕ


Зайздрошчу вам, каханыя, якім,
Патворлівыя станам і абліччам,
Імёны вашы ўзнёсшы на вякі,
Квітнеюць ружы ў садзе Батанічным!
Благаслаўляю тых, чыёй красы
Прамснны цуд натхняў, а не калечыў!
...Капа лістоты — быццам валасы,
Што завіткамі падалі на плечы...
Смяюся без патрэбы і прычын,
Забытая завеямі і сцюжай,
Па садзе тым гуляючы, дзе ружы
Прасветлены імёнамі жанчын!

МІНАРЭТ СМЕРЦІ


Сонца не сагрэе
Лускавінак кафляў.
Вечнае дрыготкі
Часу не суняць.
Як было калісьці
Страшна і салодка
Смуглых чалавечкаў
У нябыт шпурляць!
Малады і моцны,
Ён кранаў бяскарна
Між жывым і мёртвым
Пругкую сцяну...
Не атуліць неба —
Зіркае бясхмарна.
Не даруе сонца
Даўнюю віну...

МАЛАДЗІК


Лунее. У росах траўнік
Іскрыцца далёка скрозь.
Наўпрост, нібы памесяўнік [1],
Ідзе да рачулкі лось.
Сцюдзёнай яе вадою
Апечаны, крэкча дзік...
Ізноўку, наноў жывое
Бунтуені ты, маладзік?
I там, дзе вішнёвым цветам
Духмяны задыхаў сад,
Панесла жыццё кабета,
Як тысячы год назад.
Калісьці наблізяцца зоры
Да дзеўчыны ці юнака,
I будзе верыць каторы,
Што гэта — з маладзіка...
...Вядзьмарка з сялянскай хаты
I грэчаскі жрэц рабы
Прасілі ў цябе Гекату
Для чорнай сваёй варажбы.
Задушна было навокал,
Ажно калаціла людзей...
Навошта савіным вокам
На чарадзействы глядзеў?
Акрэсліўшы тонкай дужкай
Увесь невядомы лад,
Ты робішся невідушчым,
Ідзеш, маладзік, на спад...

* * *


Прыпомнілася: стогне пустата,
У прыцемку стаілася трывога.
То кліча смерць, то заклінае бога
Бабуля з пачарнелага кута.
...А сёння траўку выцягнуў прамень
Скрозь цёплы жвір на могілках вясковых.
I бляклы дым ад свечачак васковых
Магутна растварае ў сабе дзень.
За зоркі калакушыны бялей
Сурвэткі, што пасланы на пагорках.
Мне зараз светла на душы і горка
Ад прывідаў, што сядуць пры стале.
I ад таго, што вечны ім спакой,
Што пройдзена пакутлівае кола,
Што поле, узаранае наўкола,
Бабуля сёння кратае рукой.
А помніш песню, што дасюль люблю,
I на падлозе жоўтай чырвань ранку?
I на сухую плешчацца зямлю
Барвовае віно з бліскучай шклянкі...

АДНОЙЧЫ


Мне жыць не захацелася аднойчы.
На мосце — плямы сініх ліхтароў.
Унізе плёскаўся халодны змрок,
Дзень не пачаў яшчэ змагацца з ноччу,
Яшчэ з адною ноччу, дзе не будзе
Твайго цяпла... Увесь цудоўны свет
Мне засланіў адзіны чалавек.
О, гэта немагчымасць быць, дзе людзі,
Дзе ў кожнага ўглядаешся — не ён!
Дзе я адна, як на чужым надворку!
Вільготнае асенняе надвор'е
Было т а к ім халодным, я к неон.
Блішчаў асфальт, раўнюткі, нібы шкло.
Было вакол пустэльна так і дзіка!
I я ішла адна, я к ўрыдзіка,
Але са мной Арфея не было...
Мне жыць не захацелася аднойчы,
Ды дзень якраз пачаў змагацца з ноччу...

ХІВА


...Я забылася тут,
Што быў час адыходзіць,
Раздзіраць і збіраць,
I вытрымліваць здзек...
Як шчасліва наноў
Дыхаць ветрам стагоддзяў,
Дыхаць тым, што ствараў —
Не знішчаў — чалавек!

ПРАДВОСЕННЕ


Глядзіцца ласкавае сонца праз шыбы.
А вецер пранізлівы. Восень ідзе.
I лісце лускою нябачанай рыбы
Плыве па азёрнай ссінелай вадзе.
Шумяць трыснягі. Віснуць слівы над плотам.
Сланечнікі гнуцца. Гудуць правады.
А старшакласніцы шэпчуцца ўпотай,
Што новы настаўнік — такі малады...

ПОЛАЦКАЙ САФІІ


Чую звон твой, Сафія, чую
Скрозь стагоддзі і скрозь муры
У бяскрайнюю ноч глухую
I пад час світальнай зары!
Паімкне парой на палёгку,
Адарвуся ад роднай зямлі —
Ціха звон ударыць далёкі,
Сэрца водгукам забаліць.
Не ўзбунтуюся — а нашто мне
Працінаць і ўзносіць душу?
ПІто забыта — усё успомню.
Нежывое — уваскрашу.
Хай баляць мне, баляць, Сафія,
Дзіды тыя усе і мячы,
Што прымалі ў грудзі тугія,
Не скараючыся, крывічы!
Чую звон твой, Сафія, чую!
Аднаго прашу — не маўчы,
Дай мне моцы ў поўнач глухую,
Сваёй мудрасці навучы...

«ЗНАКІ ЗАДЫЯКА» ЧУРЛЁНІСА


Бесклапотнасцю, злом, адвагай
Пакаленні на спад сышлі.
На блакітных сузор'евых вагах
Вырашаецца лёс Зямлі.
Над налітаю стомаю пожняй
Пераліўся праменны Марс.
Кіньце жэрабя: быць апошнім
Выпадае камусьці з нас.
Напаўняючы акіяны,
Хлыне кроў. Дарагі н аш мір!
На Купалле ўзыходзіць рана
У сэрца раненая Чагір [2].
I пакоціцца колам сонца,
I пакажа паганскі знак.
Ты трывож нас, трывож, бясконцы,
Неспасцігнуты Задыяк!
Твае Вагі — на ўсе рамёны,
I на ўсіх твая абалонь.
I на вогненныя пісьмёны
Пакладзецца мая далонь...

* * *

Свет цудоўны, і па-за ім

няма выратавання.

А. Камю
Пагадай мне, бабка-варажбітка!
Выклічы з аетральнай цемнаты
Контурную карту, дзе адбіткам
Будучага праляглі сляды.
Ды няўжо і там шлях не адзіны,
Выбар нават там — дабро ці грэх?
Значыць, ува ўсім сама я вінна,
Значыць, я сама сабе стратэг!
Снег сцякае па сшарэлых схілах
Неадольным наступам вясны.
Хай пранізвае пякуча жылы
Свет цудоўны, колкі і скразны!

ПОЗНІ СНЕГ


А каторы раз мне быць палоннай
У цябе, прымаць нядобры смех?
Ападае белаю заслонай
Красавіцкі, гэткі позні, снег.
Суцяшальнікам адвечным — Лелем —
Адбірае тлум, адводзіць етрах...
Незабыты і нязбыты вэлюм
Растае на тонкіх валасах.
Толькі не спыніцца нам, бо пожню
Растаптаў даўно шалёны бег...
Ападае белы, асцярожны,
Красавіцкі запазнелы снег...

* * *


Алелька! Човен твой на беразе,
А я заблыталася ў верасе.
Самлелі ногі неспадзеўкі,
Нібы ў якой дурненькай дзеўкі.
А я ж бруслёнам і блакіткаю
Так вышыла кабат з наміткаю,
Каб сустракаць цябе, як зорачка,
Ды басанож стаю — во горачка!
А я ж так бегла да цябе хутчэй!
Але не ўзняць цяпер сваіх вачэй:
Стралою да сасны прыбіта я,
Бо не табой была прапітая.
Табой была я толькі мучана —
Што перавяслам тым пакручана.
Якое век не растрасаецца,
Якое ў смсрці ўваскрасаецца...
Сасна стралою той патрушчана,
А я на волечку адпушчана...

БЫЛОЕ


Баранавалі жанчыны поле,
Намёртва ўвязаныя ў барану.
Іржышчам ногі свае калолі,
А ім глядзелі штыкі ў спіну.
Штыкі штыкецінамі стаялі —
Не азірнуцца, не уцячы!
Жанчыны поле баранавалі,
Што замініравана па начы...
Вось ззаду выбух... Вось зноўку енкі...
Шчаслівай — цётка мая была.
Ідзе сягоння яна з даёнкай,
А грэчка пахне, нібы смала.
I памяць коле, і памяць коле:
«На гэтым полі, на гэтым полі...»
Цяпер шматколернасцю жывою
Яно красуецца і здаля.
Таму, напэўна, што, як вадою,
Крывёй напоена тут зямля...

* * *


Сустракаюся — і вітаю,
I развітваюся назаўжды.
Колькі кніжак не прачытаю,
I не ўбачу вас, гарады!
Шызым крыллем махаюць хвалі,
Крохкім лісцем дыхае сад...
За якой нарадзіўся даллю
Незнаёмы, чужы пагляд?
Незнаёмай зямлі і расы...
Пахне ружамі парапет.
Усяго на аднойчы разам
Увайшлі мы ў вялізны свет.
Хіба мала, каб азірнуцца,
Хіба шмат, каб загаварыць?
А над морам аблокі рвуцца,
I ў гарах агеньчык гарыць...

ГАРЫЗОНТ


А што за нашым гарызонтам?
З паглядам стрэнецца пагляд,
I сад задыхае азонам,
I час паверне нас назад.
Былі расчыненыя вокны
Тады, як выдых, я к уздых,
I так было на відавоку,
Што сярод многіх мы ўдваіх.
Калі ўспамін туманам стане,
Жыцця ранейшы будзе лад:
I ўперад позірк, і вяртанне,
I вышыня, і перапад...

КРЫЎДА


Пальцы крыўды ля еамага горла
Я схапіла — і моўчкі стаго.
Ды адплату — быць здзекліва-гордай —
Пахавальна ў еабе затаю.
О, як б'юць злыя дэманы ў скроні!
Як імкнецца на волю агонь!
Надта многа вам гонару — роўняй
Распачаць ненажэрлівы гон!
А калі ў той сутычцы гарачай
Захлынецца дыхання ўсплёск,
Я, магчыма, паціху заплачу,
I нікому не ўбачыць тых слёз...

БЯССОННІЦА


Была такая дзіўная бяссонніца:
Пясчынкі часу падалі з гары.
Свяціла лямпачка — малое сонца мне,—
I шчабяталі ў клетцы снегіры.
Таму узлёту явы і прадбачання,
Як дрэва пад узмахам і разца,
Падатлівай была. Нібы задача мне:
Аб нечым думаць, думаць без канца.
Нібы людскія клопаты на плечы мне
Усклалі: «Вось, узважвай і дзялі!»
Нібыта ўсім галодным і скалечаным
Павінна даць прытулак на Зямлі...
Упершыню была ў мяне бяссонніца...

* * *


Я так хацела цябе прыручыць —
Арла пасадзіць у клетку.
Ну, толькі хвіліну яшчэ памаўчы.
Пастой. I прыходзь хоць зрэдку.
Я ведаю, спеліцца сонцам час.
Такімі, як іншыя — будзем!
I ўсё-ткі бунтую каторы раз,
I ўсё-ткі — што скажуць людзі?
Прымі раздваенне маё і даруй
Каханне маё без меры.
Здзіраю адчай з сябе — з дрэва кару.
Ідзі... Адчынены дзверы.

СОН


З маім нядрэмным, неад'емным «Я»,
Пакуль сама я спала на абрыве,
На мове сон-травы і салаўя
Жаўтлявыя пялёсткі гаварылі.
I гэтых слоў ці знакаў у вачах
Мільгалі каляровыя чародкі,
Ўшчувалі, што мяняюся. Падчас
I запаветы забываю продкаў,
Што чыстых і х пазбылася крыніц...
Але аспрэчвала мая трывога,
Што непасільны подзвіг дабрыні,
Што я адна, а бліжніх — надта многа,
Ды і жыву, амаль што як усе
У горадзе, вялізна-раўнадушным,
I ці мая віна, што пакрысе
Свет замыкаецца акружжам скрушным,
I ці мая віна, што зноў і зноў
Мне набліжэнне бліжняга — апёкам?
А вецер лёгка тыцкаўся мне ў шчокі
Лабастымі галоўкамі званкоў...

* * *


У чырвані маліннік — выбірай!
Ажыны самі лезуць пад руку.
Знайшла і я, нарэшце, гэты рай
У сонечным заваблівым кутку,
Дзе, разагрэтай пахнучы смалой,
Пяе працяжна кожная сасна,
Дзе стомленай травіначцы малой
Са мшыстага не ўзняцца дывана.
Мой край — мой рай! Аціхлая, хаджу —
Той, першы, дасканалы чалавек,
Не ведаючы слоты і даясджу.
I адступае на імгненне век...

КАЗКА ПРА ХАТУ


Калі апошні певень пракрычыць
I сны Жывога перарвуць бунтарства,
Дзяўчынкі белай — чэрвеньскай начы —
Час настае нямога валадарства.
У той глухі, паўночны, цьмяны час,
Калі я слухала, як спіць таполя,
Пагрозліва сабака загырчаў,
Масніцы заскуголілі паволі,
Старая печ заслонку прыўзняла,
А дошкі пад гарышчам заскакалі,
Схілілася ў паклоне чапяла
I крыкнула акенца: «Прычакалі!»
Сцюдзёнае дыханне падняло
Мне валасы, мяне накрыла жахам...
Пасля да ложка Нешта падышло,
Шапнула: «Бог з табой, я ж не вужака!»
Паволі сталі вочы прывыкаць,
Свядомасць заімглёная яснела...
Вось выпляла кашчавая рука,
Вось выразала ноч абрысы цела,
Міткалевую кофту, андарак,
На фартуху якоесь вышыванне...
«Бабуля, Вы адкуль?» «Відно і так».
Але ізноў я задала пытанне.
«Павер, дачушка, часу нестае
Сюды прыйсці — такія скрозь аблогі!
Радні ж не дабудзіцца ўсё твае,
А мне яшчэ назад патрэбны ногі».
«Я зэдлік Вам прысесці прынясу».
«Не трэба. Дзядзьку падкажы Антосю,
Што дах налета ветры абтрасуць,
Што шашалю ў той сценцы завялося.
Я ў гэтай хаце некалі жыла,
Яе сама складала па бярвенцу.
Ці мне ўляжаць, калі, нібы піла,
Па мне шкрабе той шашаль —
не па сценцы?»
Задумалася... Ціха плавіў цень
Яе маршчыны, хустку і аблічча.
«Шкада прасіць мне грошы у дзяцей,
Назад купіла б хату я... Баліць мне,
Што лехі пустазеллем зараслі,
Што ўнукі адцураліся зямелькі,
Што болей не вазьму я на зямлі
Малінаў пераспелых хоць бы жменьку.
Каб дыхаць! Каб прысесці на мяжы!
Гаротна мне ў раі, бо там не робяць».
«Ты заслужыла, цётачка, ляжы!»
«I пасміхаюцца, і мне не собяць.
А як балюча спачываць рукам!»
Ды — нешта ціха ценькнула пад дахам,
Пранеслася: «Скажы ты сваякам...»
Ужо здалёку азалелай птахай.
...Але расказ раўніва прынялі.
Разважыла нервовая залоўка:
«А пенсіі б назад ёй не далі!
А дзе б яна набрала на налогі?
Бярвенні, дзякуй, глянем у куце.
Але сюды ёй болей не пралезці!»
Яе маліла я аб дабраце,
Успамінаючы — чакае дзесьці...
Успамінаючы — спявала столь,
Аб ногі церлася, як кот, масніца...
Я ведала, што развітання боль
Яшчэ ў аконнай скроні будзе біцца!
...Аттыргнутая крыжам і вадой,
Бабуля спачывае пад бярозай.
Дом гасцяваць мяне не просіць той,
А сваякі, чуваць, мой ганяць розум...

ТОЙ ДЗЕНЬ


З табой упоравень кашу
Ячмень, ужо васковы.
I вёдры поўныя нашу
Для лазенькі вясковай.
Прылазнік вузенькі прапах
Распаранай бярозай,
I атулілі дымны дах
Галінкі вербалозу.
Бліжэй душою, як калі,
Мы ў гэтых ціхіх нетрах.
Агонь у грубцы запалі!
Я ж — атулю ад ветру.
Нам гаспадарыць удваіх
Нязвыкла, ды так згодна.
I дотык цёплых рук тваіх —
Нібы адвеку — родны.
Шапоча на двары лісцё,
I дзень складае крылы,
Адзін з тых дзён, што нам жыццё
Так шчодра падарыла...

ФРЭСКА


Трапяткою юнаю жанчынай —
Праз вякі! Ды там, на жорсткім зрэзе,
Тросся дол... Там падалі мужчыны,
Плавіліся камень і жалеззе.
Водбліск фарбы, пэндзаль, прасвятленне,
Што вы прад вайны тупой хадою,
Прагай чужаземнага імкнення,
Прад усенароднаю бядою?!
Як бязлітасна гулі над краем
Навальніц грымотных пералівы!
Непахіснасць ад чаго такая
Увачах бяздонных і тужлівых?
Хто, і паміраючы, ад латаў
Захіліў цябе — адчайна, рэзка?
Не кажы, як зроблена была ты.
Раскажы, як ты ўцалела, фрэска!

ВЫХАВАЦЕЛЬКА


Гэты горад, дзе згінае спіны
Аркам даўніны цяжар прарочы...
Дзе фантаны — белыя паўліны —
Пер'ямі струменнымі зіхочуць...
Горад на вячэрнім акаёме
Матрыцай адціснуты срабрыстай...
О, як вуснам вулачак знаёмы
Голас яго, крышку ганарысты!
Там — жанчына. Яблыняй на полі.
I ўмясціліся ў кватэрцы чыстай
Скарб яе, бязладнасць і бяздолле,
Свет яе — па-царску размаісты.
Неба, ты за што яе дарыла
Літасцю спакою і прымання?
Нездарма прыязні нашай сіла
Ад яе патрабавала: «Мама!»
Хоць саміх паіла, як атрутай,
Да сям'і сляпое непрычасце...
Што ж, сябры, вас знадзіла парука
Падзяліцца пошукамі шчасця?
Я не еду з вамі ў горад мілы,
Каб знянацку не ўпікнуць жанчыну,
Што яна калісьці адпусціла
Нічыю мяне у свет нічыйны,
Дзе хацела я спазнаць няўтольна
Слодыч будняў і гаркавасць свята,
Дзе жыву бязладна і бяздольна...
А яна ж у тым не вінавата...

* * *


За гаманлівасць звонкіх завушніц,
За пыху каляровае сукенкі
Плачу святлом, што пакідае зрэнкі...
Але і мілых мне шкада дурніц,
Што лашчацца да шыі, да плячэй
I цешацца надзеяй шчабятлівай
Зрабіць мяне прыгожай і шчаслівай...
Прыгожай, праўда, толькі для вачэй!
Я іх люблю. Крыўдлівым галаскам
Адказваю маўчаннем і тугою.
Ды за святлом дарогаю другою
Спяшаюся. У ім — мой скарб і скам.
Усё ж падчас адчайна я крычу:
«Ці мне спазнаць гармонію рамонкі,
Калі нямеюць вусны без гамонкі
I без пяшчоты холадна плячу?!»

* * *


Згаладнелая вавёрка
Скача ў гушчы сасняку.
Абірае, быццам пёркі,
З шышак хрумсткую луску.
Чырвань-гронкаю каліны,
Першы промень лёг на шкло.
След бяссонны і павінны
Каля ганка замяло...

ЛІПЕНЬ


Пахне кменам. Пахне цёплым сенам.
Травамі прапахла ўся зямля.
Ліпень, пасадзі мяне ў калені,
Як малую, ціха палюляй.
Раскажы мне ў прыцемку паўшэрым
Казку — каляровае кіно.
Я табе паверу! Я паверу
Усяму адрынутаму — зноў!
На шляхі пазнання ляжа ветам
Вецер у нектаравай расе.
Раскажы мне казку — па-за светам
Шэры воўк царэўну ўдаль нясе...

ЧУЙНАЕ


Недзе дзверы бразнулі,
Рыпнула сасна...
У асеннім Браславе
Цёмна да відна.
Над бальнічкай соннаю,
Ціхай ды старой,
Над трызненнем, стогнамі —
Дождж — Ілля-прарок —
Мокраю і рэдкаю
Барадой трасе.
А губам парэпаным —
Мроіць аб расе,
А гарачай скроняю —
Уціскацца ў сталь...
Будзе як старонняе
Для мяне: «Устань!»
Ды пайду, няўцямная,
У заглухлы лог,
Дзе пад поўнач сцягнуцца
Петлі трох дарог,
Слухаць хмары дольнія,
Возера, траву...
I ўсё гэта доляю
Потым назаву...

* * *


Пакідаю цябе — хай магма
Спапяляе спусцелы схіл.
Пакідаю цябе — хай марна
Будзеш сон выклікаць без сіл.
Пакідаю — няхай паводка
Б'е карэнне ў сляпой барацьбе,
Адзінокая, стыые лодка...
Пакідаю цябе — табе.

ДРУГАЯ ВЯСНА


Тэлефонны абяцаў эфір:
«Вылечыць цябе мая Сібір!
Пражыла ты гэтую вясну?
Я наноў табе яе вярну!»
Санраўды: ізноў перажываю
Я вясну — з сакавіка да маю.
Смагу не спатоліла на сок?
Плешчацца ля ганка туясок.
Не нарвала красак? Ля ракі —
Першыя таежныя жаркі.
I ў другой спакуслівай вясне —
Словы, там не сказаныя мне.
Галаве кружыцца б без віна!
Толькі гэта — не мая вясна.
Хоць пазшося на адно імгненне,
Рвецца сувязь часу і імкнення:
Вусны сок гаркотаю пячэ,
Вянуць кветкі на стале хутчэй.
Адпусці мяне і не віні,
Што не ў гэтай глебе карані!

* * *


Падалі зоры ў аўтобусны люк,
Пругка ірваўся карычневы змрок.
Крыкнула ў тысячны раз: «Не люблю!»
I адхіснулася даллю дарог.
Ды прарастае у ятраным сне
Корань пакрыўлены плакуну.
Зноўку таго, хто сурочыў мяне,
Плачучы, пракляну.
I да лясной я вярнуся ракі:
Там, можа, выняты любага след?
Ціха. Тлусцеюць зялёна імхі,
Жоўта ільсніцца вакол кураслеп.
Нашто нам, сцяжынка, мяккай была?
Нашто кружыліся сойкамі дні?
З яліны нагрэтая капле смала,
I нешта знікае ў рачной глыбіні...

* * *


Трымценне раптоўным грузам
Зрушыцца. Пачую ўва сне.
Гэта ты на другім канцы Беларусі
Клічаш мяне.
Прабілася скрозь бетонныя сцены
Бязважкае, як прамень,
Адчуванне нябачных ценяў
Будучых перамен.
У перадсвітанні няясным
Балкон. Вяршаліны дрэў.
Цяжка дыхае ясень —
Не ў час састарэў.
Без цябе цяпер. А ты б параіў,
Ад горычы засцярог?
Нашто ўранку абрысы згараюць
Маіх дарог?

* * *


Ад слова пакутую, што і не сказана,
Ад ггогляду, што не было.
Навошта так моцна і чуйна я звязана
З табою нябачным сілом?
Прадбачу усё, што табе і няведама,
Разводжу рукой туманы.
Нашто не святлом, мой каханы, а верадам
Прыходзіш ты нават у сны?
Спарыш мой, крывінка, другое крыло маё,
Цябе адпускаю без слоў,
Як толькі захочаш — нібы я нязломная!
Навошта вяртаешся зноў?
Як наша планета імкліва вярцелася!
Падзенне, узлёт, перабой...
Я іншаю стала, якой не хацелася,—
Навошта, каханы, з табой?

ЛЯ ПАЛЯРНАГА КРУГА


Няма начы... Ружоваю палоскай
Глядзіць апоўначы ў акно зара.
Адблісквае жывым, я к цела, лоскам
Лістоўніц звільгатнелая кара.
Дзявочы голас весела шчабеча,
Над трасай уладарныя дымы.
Сава на пень сядае па-старэчы
Пушыста-белай згадкаю зімы.
Няма начы... Нядоўгая дрымота
Зашчыпле вочы. Толькі не да сноў:
I колкія пясчаныя сумёты —
Віхром з-пад верталётавых вінтоў...
Гудуць басамі каля вокнаў КРАЗы,
Рыпяць барты, і трубы — як камлі.
I ўвінчваецца неадступна траса
У нетры перамерзлыя зямлі...

* * *


Патароча прыйдзе такая —
У віры закружыць рака,
I шчака мая апякае
Ледзь знаёмага хлапчука.
А калі над вячэрнім полем
Перакружыцца белы свет —
Як ускрыкне раптоўным болем
Зацярушаны часам след!
Перад восенню — золка лоззю.
Серабрыста-вільготны дах.
Як прапахла з а ноч бярозай
Ля калодзежаў цэбры вада!
Як скрозь шчыліны у адрыне
Ружавеюць абрысы дня!
Хай пакіне мяне, пакіне
Тая добрая цішыня!
Так хавала яе ў дарогах,
Так без памяці берагла!
Што дрыжыш ля майго парога
Апярэннем чорным, страла?

У МІРЫ


Ацяжэлыя бэзу гронкі.
Дзікіх руж буянне. Смуга...
Адліснецца жыцця старонка —
I крысом ахіне туга.
Немагчыма — каб так заўсёды,
На ўзляценні, на вышыні,
Каб былі на паўнеба ўсходы,
Залатыя ад сонца дні.
Толькі схібіш — і як адкіне!
Перарэжацца свет мяжой.
Немагчыма, калі загіне
Адпакутаванае душой!
Немагчыма — самкнецца раска.
Немагчыма — спаліць агонь.
Па шляхах камяніста-гразкіх
За сабой іду наўздагон!

ТАЯМНІЦА


Скрозь сон прабіўся голас тонкі.
Я да малога падышла
I, расхінаючы пялёнкі,
Яго на рукі падняла.
I — скрыжаваліся пагляды,
I — мне вачэй не апусціць.
О, як трывожна і зацята
Мой сын у вочы мне глядзіць!
Яшчэ прыкметы не адталі
Яго няіснасці, але
Ён — пасланец нязнанай далі,
Якая мне пытанне шле.
Ён, што пакуль не мае дома,—
Яшчэ вакольнаму чужы! —
Перад жыццём... Яму вядомы
Загадкі праўды і ілжы,
Што у жыцці нас мучаць гэтак!
Імгненне раптам перайшло
У рэчаіснасць. Вокны... Ветах...
Кватэра... Сынава цяпло.
Але — скрозь кожнае світанне
Далёкі боль, нібы імгла...
Але — якое мне пытанне
Праз сына вечнасць задала?

РАЗВІТАЛЬНАЕ


Нашто нам лісты? Не пішы!
Хай ветрам, сумётам, сусветам
Прыходзіць жывая абвестка
Тваёй незмаўкальнай душы!
Нам зорную мець блізіню:
Каметавым стане свячэннем
Тлумачыцца свету значэнне...
Лістом я, мой дружа, зманю.
Зманю, што мне добра — сцілом,
Паперай і гоманам зычных,
Фасоўкаю вестак сталічных...
Хай — ветрам, завеяй, імглой...

ЗРУШЭННЕ


У адзіноты — пах валакардзіну,
Маладзіка зрушэнне па сцяне...
Усё, што страціла і што пакіну,
Прыходзіць і мяняецца ўва мне.
Хіба такім было тады расстанне,
Хіба шчымела гэтак і пякло?
Не наступае доўга-доўга ранне,
I не святлее доўга-доўга шкло.
Я не вярну цябе — і не вяртаю.
Іду насустрач будучаму дню.
Але чамусьці зараз спасцігаю
Усю тваю, мой добры, глыбіню.
За прывідамі бегла — а збавенне
Чакала тут... Сама сказала: «Не!»
Адно хачу: каб ты не знаў зрушэння
Маладзіка па соннае сцяне...

СТУДЗЕНЬ


Такой зімы ніколі не было:
Пад цёплым сонцам вуліца курыцца,
На мокрых дрэвах зіхаціць святло,
I я раблюся іншаю як быццам.
Гляджу людзям, прыязная, услед,
Зрабіўшыся мацней за адзіноту.
Прытулак мой, мая калыска — свет —
Даверліва абняў мяне: «Ну, што ты?!»

ЧАС

Усё хутчэй, усё хутчэй,

адчуўшы волю ад парога...

А. Разанаў
Чарнее ў небе выразанкай
Касцёла тонкі сілуэт.
У вераснёўскім ясным ранку
Ужо зімовы лёгкі след.
Азёрнай сіняй панарамай
Зацешыцца міжволі зрок...
Дакуль мяне так будзе раніць
Чарговы твой, жыццё, урок?
Трывог, і шчасця, і хвілінных
Узлётных хваляў грабянцы?
Усе жыццёвыя правіны —
Як пагранічныя капцы.
А роўнай прагнецца дарогі,
А ясных хочацца вачэй!
А час бяжыць — няўмольны, строгі,—
Усё хутчэй, усё хутчэй!

СУСВЕТ


Сусвет вібрыруе. I я
Сціскаюся і ападаю.
Няўтольна, прагная, жадаю
Спазнаць: вяршыня — ці мая?
Сусвет вібрыруе. I век,
I час, нібы хвіліна, цесны.
I нараджаецца балесна
Ува мне інакшы чалавек.
I вызначаецца мой шлях:
Узлёт — і сэрца перапады.
Дабра бязмернасць, меру здрады
Прыняць, я к прыме дождж ралля.
Няма без гэтага дажджу
Зялёнай кволасці жывога.
Але абрынецца трывога:
Сама ці вызначу мяжу ?
Сусвет вібрыруе. I я —
Ягоным дыхаю дыханнем.
Я і нянавісць, і каханне.
Мой стогн — у плачы ручая.

* * *


На снеданне — хлеба луста.
Зара — ручніком на плячы.
Забылася — сушыць вуены
Прарочы сон уначы.
Над рэчкай плюскоча пранік,
За кладкай празрысты плёс.
Забылася — паліць раннем
Сляды мае россып рос.
Буяе ля ног зарніца,
Страляе часнок з ляхі.
Забылася — б'е бліскавіца
Ў высокія берагі...

* * *


Нашто хацець таго, чаго няма
Ці ёсць — але маланка, эфемернасць?
Нашто імкнуцца вымераць бязмернасць
I ведаць — намагаюся дарма
Я скласці, я к мазаіку, жыццё
I сумясціць — як ёсць і як павінна?
Гаркота запазнелай журавіны —
Непераходных ісцін адкрыццё:
Што знелюбелы ўжо не будзе люб,
Што дыхаць не дае любая маска...
Каб ведаць я магла тады, што казкай
Расквечвала часамі просты слуп!
Вярніцеся, і словы, і лісты,
Нібы мае, але даўно чужыя!
Імкліва-вольным, я давала жыць вам,
А вы — нічога мне, апроч слаты.
Але нібы не здраджвалі сябры,
Нібыта скрозь жывое не карылі
Да сэрцавіны... Не ламала крылле,
З высокай узлятаючы гары.
Але, пакрэсліўшы, жыву наноў,
Але ўсё роўна раскрываю сэрца,
Шукаю глыб і веру — новым сэнсам
Напоўніцца ярэм ранейшых слоў...

* * *


Жоўты доннік дыхае на строме,
Пальшом прапахлі берагі.
На якім, скажыце мне, пароме
Адплываць ад шчасця і тугі?
Звонкае і плыўкае струменне,
Занясі мяне з апошніх сіл,
У той край, дзе ўпаў шукаць збавення
У ваду сасмяглы небасхіл!
Залатым спакоем вечаровым
Я прыйду ізноў у дзень другі...
На якім, скаясыце мне, пароме
Адплываць ад шчасця і тугі?

* * *


«Што ж няма ў цябе
Анікога?»
Лёг у ногі
Пакорлівы цень.
Усміхнуся.
Кахаць бы такога,
Што не любіць хатні
Агмень!
Хто душу не аддасць
За ўдачу.
Хто апошняй травінцы —
Брат.
Хто, калі пайду,
Не заплача,
А пакіне —
Не прыйдзе назад.
Ноч у росах
Палошча плацце,
А туга
Крыніцай сплыла...
У жанчыны —
Праўда зярняці.
У мужчыны —
Праўда крыла.

ЧАС СПЕЛАСЦІ


Сцябліны абабіты на валокны,
Перабуяла завязь у плады.
Час спеласці! Пахаладзела ў вокны
Глядзіць на золку месяц малады.
Планет зеленаватае мігценне,
А на шчацэ — світальны подых дня.
Час выспявання — тлумнасць летуценняў.
Час спеласці — нібыта цішыня.
Успомняцца з паблажлівай усмешкай
Юнацтва неразважлівыя дні,
Часіны страт... Але віецца сцежка
I нікне ў невядомай глыбіні!
I яблыні, і што развінаюць плечы,
З палёгкай аглядаючы абшар,
Не ведаюць, што лёс іх — чалавечы:
За годам год наноў прымаць цяжар.
Усё наноў... Прымаць працяг нясцерпна:
Ад кораня у кроне слабізна!
Час спеласці вядзе цябе па цернях
Шукаць прастор без столі і без дна,
Не ашчаджаючы ні час, ні сілы...
Як б'ецца і трапеча вышыня!
Планет мігценне... Утрымайце, крылы!
А на шчацэ — світальны подых дня...

1

Памесяўнік — так у народнай гаворцы называюць лунаціка.

(обратно)

2

Чагір — старажытная назва зоркі Венеры.

(обратно)

Оглавление

  • Вольга Іпатава ПАРАСТКІ
  • * * *
  • * * *
  • BЯСНОВАЕ
  • * * *
  • АДАМ МІЦКЕВІЧ У ТУГАНАВІЧАХ
  • * * *
  • БРАСЛАЎ
  • СКРЫЖАВАННЕ
  • * * *
  • РАГНЕДА
  • ПАМЯЦЬ
  • ВЯСНА
  • НА НАВАГРУДСКІХ МОГІЛКАХ
  • ВЯРТАННЕ
  • * * *
  • ПАРАСТКІ
  • МАГІЛА БАГДАНОВІЧА
  • * * *
  • * * *
  • КАНІКУЛЫ Ў ЗАБЕЛЛІ
  • МАЦІ
  • * * *
  • * * *
  • ДОЖДЖ
  • * * *
  • У ЛЕСЕ
  • ЗАЛАТОЕ РУНО
  • ХРЫСТОФ ШЭЙНЕР
  • СЫН
  • * * *
  • * * *
  • ФАНТАЗІЯ
  • НОЧ
  • ВУГОР
  • * * *
  • * * *
  • У БАТАНІЧНЫМ САДЗЕ
  • МІНАРЭТ СМЕРЦІ
  • МАЛАДЗІК
  • * * *
  • АДНОЙЧЫ
  • ХІВА
  • ПРАДВОСЕННЕ
  • ПОЛАЦКАЙ САФІІ
  • «ЗНАКІ ЗАДЫЯКА» ЧУРЛЁНІСА
  • * * *
  • ПОЗНІ СНЕГ
  • * * *
  • БЫЛОЕ
  • * * *
  • ГАРЫЗОНТ
  • КРЫЎДА
  • БЯССОННІЦА
  • * * *
  • СОН
  • * * *
  • КАЗКА ПРА ХАТУ
  • ТОЙ ДЗЕНЬ
  • ФРЭСКА
  • ВЫХАВАЦЕЛЬКА
  • * * *
  • * * *
  • ЛІПЕНЬ
  • ЧУЙНАЕ
  • * * *
  • ДРУГАЯ ВЯСНА
  • * * *
  • * * *
  • * * *
  • ЛЯ ПАЛЯРНАГА КРУГА
  • * * *
  • У МІРЫ
  • ТАЯМНІЦА
  • РАЗВІТАЛЬНАЕ
  • ЗРУШЭННЕ
  • СТУДЗЕНЬ
  • ЧАС
  • СУСВЕТ
  • * * *
  • * * *
  • * * *
  • * * *
  • ЧАС СПЕЛАСЦІ
  • *** Примечания ***