Браты Львiнае Сэрца [Астрыд Ліндгрэн] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

Астрыд Лiндгрэн Браты Львiнае Сэрца

1

Я збiраюся расказаць вам пра майго брата. Мой брат, Джанатан Львiнае Сэрца, i ёсць той самы чалавек, пра якога я хачу расказаць вам. Я думаю, што гэта амаль сага, цi, хутчэй за ўсё, як маленькая гiсторыя з прывiдамi, i тым не менш, кожнае яе слова — праўда, хаця Джанатан i я, магчыма, адзiныя людзi, хто ведае пра гэта.

З самага пачатку прозвiшча Львiнае Сэрца не належала Джанатану. Яго прозвiшча было Леў, гэта значыць, як прозвiшча мацi i маё. Мяне завуць Карл Леў, а маму Сiгрыд Леў. Бацьку называлi Аксель Леў, але з той пары як ён выйшаў у мора, мы пра яго больш нiчога не чулi.

I расказаць я хачу вам менавiта пра тое, як Джанатан стаў Джанатанам Львiнае Сэрца i што адбылося пасля гэтага.

Джанатан ведаў, што я павiнен быў хутка памерцi. Здаецца, усе ведалi пра гэта, акрамя мяне. У школе пра гэта таксама ведалi, таму што я часта прапускаў урокi, кашляў i заўсёды быў хворы. Апошнiя шэсць месяцаў я зусiм не мог хадзiць у школу. Усе жанчыны, якiм мама шыла, таксама ведалi пра гэта, i дзякуючы адной з iх, якая размаўляла надта гучна, я даведаўся ўсю праўду. Яны думалi, што я сплю, але я проста ляжаў з заплюшчанымi вачыма i працягваў так ляжаць, каб яны не здагадалiся, што я даведаўся пра жахлiвую рэч — што хутка памру.

У мяне, вядома, прапаў настрой, я напалохаўся, але не хацеў, каб мацi бачыла гэта. Джанатану ж, калi ён прыйшоў дадому, я ўсё расказаў.

— Ты ведаеш, што я хутка памру? — запытаўся я ў яго.

Джанатан на хвiлiну задумаўся. Вiдаць, яму не хацелася адказваць, але ў рэшце рэшт ён сказаў:

— Але, я ведаю.

Я заплакаў яшчэ мацней.

— Як гэта жахлiва, як жахлiва, што павiнны памiраць людзi, якiм яшчэ няма i дзесяцi!

— А ведаеш, Сухарык, я думаю, што ўсё гэта будзе не так i жахлiва, сказаў Джанатан, — я думаю, тады для цябе настане дiвосны час.

— Дзiвосны? — не паверыў я. — Што ж тут дзiвоснага — ляжаць пад зямлёй i быць мёртвым?

— Ну што ты. Гэта ж толькi твая абалонка ляжыць пад зямлёй, а ты сам трапляеш туды, дзе ўсё зусiм iначай.

— Куды? — спытаў я, хаця ледзь яму паверыў.

— У Наджыялу.

"У Наджыялу". — Ён вымавiў гэта слова так, быццам яго паўсюдна вельмi добра ведалi, хаця я чуў яго ўпершыню.

— Наджыяла? — перапытаў я зноў. — А дзе гэта?

Джанатан прызнаўся, што дакладна не ведае, але гэта знаходзiцца недзе па той бок зорак. I ён пачаў расказваць мне пра Наджыялу.

— Там яшчэ час легенд i казак, i я ўпэўнены, што табе там спадабаецца. Бо ўсе нашы казкi прыйшлi з Наджыялы, i як толькi туды трапiш, ты пачнеш прымаць удзел у прыгодах — з ранiцы да вечара, нават i ўночы. Павер, Сухарык, усё-ўсё будзе зусiм iначай, гэта не тое што ляжаць, кашляць i не магчы рухацца.

Джанатан заўсёды называў мяне Сухарыкам. Ён пачаў называць мяне так, калi я быў яшчэ зусiм маленькi. I калi я запытаў у яго, чаму ён так мяне называе, ён сказаў, што вельмi любiць сухарыкi, асаблiва такiя, як я. Так, ён любiў мяне, i гэта было цяжка зразумець, таму што быў я даволi непрыгожы, неразумны, няўклюдны хлопчык.

— Калi б ты не быў такi непрыгожы, бледнатвары, крываногi хлопчык, ты не быў бы Сухарыкам, якога я так люблю, — часта паўтараў мне Джанатан.

Але ў той вечар, калi я напалохаўся, што памру, ён сказаў, што як толькi траплю ў Наджыялу, я адразу стану дужым i прыгожым.

— I буду прыгожы, як ты?

— Ты будзеш яшчэ прыгажэйшы.

Яшчэ прыгажэйшы — гэта дарэмна, бо прыгажэйшых хлопчыкаў за Джанатана няма i быць нiколi не можа. Адна з мамiных знаёмых заўважыла неяк, што яе сын падобны на сумнага прынца. Можаце быць упэўнены, што гаварыла яна не пра мяне. Джанатан сапраўды выглядаў, як казачны рыцар: валасы ў яго адсвечвалi золатам, у яго былi прыгожыя цёмна-блакiтныя зiхоткiя вочы, прыгожыя белыя зубы i зусiм роўныя ногi. Але гэта яшчэ не ўсё. Ён быў добры i дужы, ведаў усё i разумеў усё. Джанатан быў лепшым вучнем у школе, i, дзе б нi з'яўляўся, дзецi абступалi яго з усiх бакоў i маглi iсцi за iм куды вочы глядзяць. Ён прыдумваў цiкавыя гульнi, выпраўляўся з iмi ў цiкавыя падарожжы. Але я нiколi не гуляў з дзецьмi, бо дзень пры днi ляжаў на сваёй старой канапе ў кухнi. Джанатан расказваў мне пра ўсё, што ён рабiў, што бачыў, пра што прачытваў. Вось так ён сядзеў i сядзеў каля мяне, расказваў i расказваў. Джанатан спаў таксама ў кухнi, на раскладным ложку, якi выцягвалi ўвечары з шафы. I калi клаўся спаць, ён заўсёды расказваў мне якую-небудзь казку цi легенду да таго часу, пакуль мама не крыкне з другога пакоя:

— Ну даволi. Супакойцеся! Спiце!

Аднак цяжка спаць, калi вакол нiчога не чутно, акрамя кашлю. Зрэдку сярод ночы Джанатан уставаў, кiпяцiў мне мядовую ваду, каб змякчыць кашаль. Якi ён быў добры да мяне!

У той вечар, калi я так спужаўся смерцi, ён сядзеў са мной некалькi гадзiн i ўсё расказваў пра Наджыялу, але расказваў вельмi цiха, каб не пачула мама. Яна сядзела за шытвом у сваiм пакоi, яе швейная машына пацiху шумела, i яна спявала сваю заўсёдную старую песню пра марака, якi пайшоў далёка ў мора. Мабыць, яна думала тады пра бацьку. Я не помню ўсе словы песнi, але вось некалькi радкоў з яе:

— Калi адыду я навекi ў мора,

То, ведай, настане дзень,

Пастукае галубок белакрылы,

Ведай, вярнуўся мой цень,

Прыляцеў стамлёны i сумны...

Мне гэта песня здаецца прыгожай i сумнай, але Джанатан, пачуўшы яе, засмяяўся i сказаў:

— Ведаеш, Сухарык, калi-небудзь ты прыляцiш да мяне. З Наджыялы. Дык, калi ласка, не забудзься сесцi тут, на падаконнiк, як беласнежны галубок, добра?

Я пачаў кашляць, ён прыўзняў мяне, паклаў маю галаву сабе на каленi i пачаў напяваць:

— Мой маленькi Сухарык, я ведаю, дарагi,

Што твая душа — тут, яна хоча

Адпачыць на маiх руках...

З таго часу я пачаў думаць — як я буду ў Наджыяле адзiн, без Джанатана? Навошта мне будуць усе легенды i казкi, калi побач не будзе яго.

— Я не хачу адыходзiць туды, — сказаў я i заплакаў. — Я хачу быць з табой, Джанатан.

— I я неўзабаве прыйду ў Наджыялу, разумееш? Толькi крыху пазней, — сказаў Джанатан.

— Ага, крыху пазней. А калi ты пражывеш да дзевяноста гадоў, тады як? I я ўвесь гэты час буду адзiн?

Але брат на гэта адказаў, што ў Наджыяле няма часу, што калi нават ён i пражыве да дзевяноста гадоў, то для мяне гэты час здасца лiтаральна нiбы два днi. Так бывае заўсёды, казаў ён, калi няма сапраўднага часу.

— Ну ўжо два днi ты i адзiн як-небудзь пабудзеш? Пакуль палазiш па дрэвах, пасядзiш каля сапраўднага вогнiшча ў лесе, паловiш рыбу ў рэчцы, карацей, пакуль будзеш рабiць усё тое, што так хацеў бы рабiць тут, на зямлi... I вось аднаго разу, калi ты будзеш сядзець з вудай, з'яўлюся я, i ты здзiвiшся: "Ого, Джанатан, ты ўжо тут?"

Я перастаў раўсцi, бо адчуў, што сапраўды як-небудзь змагу пражыць два днi адзiн.

— Хоць, ведаеш, было б усё-такi лепш, каб ты трапiў туды першы, каб гэта быў менавiта ты, хто сядзеў бы там i лавiў рыбу.

Джанатан пагадзiўся, доўга-доўга глядзеў на мяне ласкава, як звычайна, але я заўважыў, што ён сумны.

— Шкада, — сказаў ён жаласна, — што я павiнен буду жыць на зямлi без майго Сухарыка. I, можа быць, нават дзевяноста год!

2

Цяпер я падыходжу да цяжкай задачы... Гэта тое, ад чаго галава мая заўсёды балiць, калi думаеш пра гэта... але я не магу не думаць пра гэта...

Джанатан... Магло ж быць так, што ён увесь час са мной... вечарамi... Ён ходзiць у школу... Гуляе з дзецьмi ў двары... Грэе мне ваду з мёдам... Але ўсё гэта не так... Не так...

Джанатан у Наджыяле!!!

Я не магу... Мне цяжка расказваць, як гэта было... Але вось як пра гэта пiсала газета:

"Мiнулай ноччу вялiзны пажар ахапiў будынак на Факелрозэн Блок. Ён згарэў ушчэнт. Ёсць ахвяры. Дзесяцiгадовы хлопчык Карл Леў, прыкаваны хваробай да ложка, быў дома адзiн, калi разбушаваўся пажар. Неўзабаве пасля гэтага яго брат, трынаццацiгадовы Джанатан Леў, вярнуўся дадому, i перш чым хто-небудзь змог спынiць яго, кiнуўся ў палаючы будынак, каб выратаваць свайго брата. За некалькi секунд уся лесвiца была ахоплена морам полымя, i хлопчыкам нiчога iншага не заставалася рабiць, як выскачыць з акна. Напалоханы натоўп быў сведкам таго, як старэйшы з братоў узяў сабе на спiну малодшага i скочыў унiз. Але скачок быў няўдалы, хлопчык разбiўся i неўзабаве памёр. Малодшы брат, якi сядзеў на спiне старэйшага, не пацярпеў зусiм. Мацi хлопчыкаў была ў гэты час на вiзiце — яна краўчыха — i, вярнуўшыся дадому, знепрытомнела. Як пачаўся пажар, невядома".

На другой старонцы газеты пра Джанатана было крыху больш, пра яго напiсала яго школьная настаўнiца. Вось што там было:

"Дарагi Джанатан, тваiм iмем павiнна было быць Джанатан Львiнае Сэрца. Памятаеш, калi мы чыталi гiсторыю пра смелага караля Рычарда Львiнае Сэрца, ты сказаў: "Я мару пра тое, каб быць такiм жа смелым, як ён. Але я нiколi не змагу стаць такiм". Дарагi Джанатан, нават калi пра цябе не напiшуць у падручнiку гiсторыi, ведай, ты быў такiм смелым у крытычны момант, як i iншыя героi. Твая старая настаўнiца нiколi не забудзе цябе. Твае сябры таксама будуць помнiць цябе вельмi доўга. Наш клас будзе пусты без цябе, дарагi наш Джанатан. Але неба любiць тых, хто памiрае маладым. Спачывай у мiры, Джанатан Львiнае Сэрца.

Грэта Андарсан".

Яна дзiўная, гэта настаўнiца, але любiла Джанатана, як любiлi яго многiя, i добра, што менавiта яна так напiсала пра Львiнае Сэрца. Сапраўды добра.

Бадай, ва ўсiм горадзе не было чалавека, якi не насiў бы жалобы з прычыны смерцi Джанатана i хто не думаў, што няхай бы лепш загiнуў я. Прынамсi, я чуў гэта ад жанчын, якiя прыходзiлi да нас са сваiмi заказамi. Яны глядзелi на мяне, уздыхалi, праходзiлi праз кухню i гаварылi маме: "Бедная мiсiс Леў! Бедны Джанатан! Гэта быў выключны хлопчык!"

Цяпер мы жывем у будынку, якi стаiць непадалёк ад таго, дзе мы жылi раней. Ён амаль такi ж, як наш стары, праўда, цяпер мы жывем на першым паверсе. Царкоўны прыход даў нам старую мэблю, жанчыны дапамаглi нам тым-сiм з рэчаў. Я ляжу на сафе амаль такой самай, што была ў нас да пажару. Усё амаль тое ж, як было некалi. Але ўсё, выключна ўсё, не такое, як было тады. З намi няма больш Джанатана. Цяпер нiхто са мной увечары не сядзiць i нiчога не расказвае. Мне так самотна, што ўсярэдзiне робiцца балюча. Адзiнае, што я магу рабiць, гэта ляжаць i шаптаць словы, якiя Джанатан прамовiў перад смерцю, калi мы апынулiся на зямлi. Ён ляжаў тварам унiз, але хтосьцi павярнуў яго, i я ўбачыў яго твар. З куточка вуснаў сцякаў струменьчык крывi, ён ледзьве мог гаварыць. Здавалася, ён iмкнуўся ўсмiхнуцца, калi яго вусны шапталi: "Не плач, Сухарык, мы сустрэнемся ў Наджыяле".

Больш ён нiчога не сказаў, заплюшчыў вочы, падышлi людзi, панеслi яго, i больш я яго ўжо не бачыў.

Ужо не памятаю, што я адчуваў потым. Але цяжка забыцца пра тое, што было такiм жахлiвым i балючым. Цяпер я ляжу i думаю пра Джанатана, думаю да болю ў галаве. Акрамя таго, я быў проста напалоханы. Напалоханы, бо раптам падумаў, што няма нiякай Наджыялы, што апавяданне пра Наджыялу — проста адна з дзiўных гiсторый, якiя мне расказваў мой брат.

Таму я i плакаў.

Але потым Джанатан прыходзiў i супакойваў мяне. Праўда, праўда! Ён прыходзiў (!), i як гэта было цудоўна. Усё зноў было вельмi добра. Хутчэй за ўсё там, у Наджыяле, ён ведаў, як мне тут без яго, i вырашыў, што павiнен прыйсцi i супакоiць мяне. Так, ён пачаў прыходзiць да мяне, i мне стала ўжо зусiм не сумна, цяпер я проста чакаю.

Гэта адбылося аднаго разу вечарам, калi мне было надта сумна i цяжка. Акно на кухнi было адчынена, таму што стаяла цудоўнае веснавое надвор'е. Я пачуў, як забуркаталi галубы. У мяне заўсёды ў пакоi чутно, як яны буркуюць; iх тут вельмi многа, асаблiва вясной. Потым здарылася гэта.

Я ляжаў i плакаў у падушку, як раптам пачуў буркатанне зусiм блiзка; падняў вочы i ўбачыў, што на падаконнiку сядзiць голуб i глядзiць на мяне сваiмi добрымi вачыма. Заўважце, беласнежны голуб, а не адзiн з тых шызых, якiя сноўдаюцца па двары. Вы не можаце сабе ўявiць, што я адчуў, калi ўбачыў яго, таму што ўсё было, як у той песнi — "Калi прыляцiць беласнежны голуб". Было такое адчуванне, што я пачуў, як спявае Джанатан: "Мой мiлы Сухарык, я ведаю, дарагi, што твая душа тут".

Я хацеў нешта сказаць, але не мог. Я проста ляжаў i слухаў, як буркоча голуб, але дзесьцi за буркатаннем я пачуў голас Джанатана, якi гучаў не зусiм звыкла. Здавалася, што па ўсёй кухнi праносiцца шэпт. Гэтыя гукi нагадвалi мне расказы аб прывiдах, i хто-небудзь мог бы напалохацца, але толькi не я. Я быў такi шчаслiвы, што гатовы быў падскочыць да столi — гэтак было ўсё тое, што я чуў, цудоўна.

Дык значыць, Наджыяла iснуе! Джанатан прыспешваў мяне туды, таму што там вельмi добра. Падумайце самi, там ёсць дом, якi чакаў яго, калi ён трапiў туды. Яго чакала старая сядзiба пад назвай Сядзiба Рыцараў, знаходзiцца яна ў Вiшнёвай Далiне. Цi ж гэта не цудоўна? Але ўявiце сабе — першае, што ўбачыў Джанатан, была шыльдачка, прымацаваная да брамы: Браты Львiнае Сэрца.

— Гэта азначае, што мы абодва павiнны тут жыць, — сказаў Джанатан.

Цiкава, а мяне цi будуць называць Львiнае Сэрца, калi я траплю ў Наджыялу? Гэта iдэя мне па душы, таму што хочацца, каб мяне называлi гэтак жа, як Джанатана, хоць я не такi смелы.

— Прыходзь хутчэй, як толькi можаш, хутчэй. Калi ты не знойдзеш мяне ў Сядзiбе Рыцараў, я буду на рэчцы лавiць рыбу.

Потым усё сцiхла, i голуб паляцеў — проста над дахамi дамоў у сваю Наджыялу.

I цяпер я ляжу i чакаю, каб паляцець услед. Здаецца, мне не вельмi цяжка будзе знайсцi туды дарогу. Бо Джанатан сказаў, што яму было зусiм няцяжка; але на ўсякi выпадак я запiсаў адрас:

Браты Львiнае Сэрца,

Сядзiба Рыцараў,

Вiшнёвая Далiна,

Наджыяла.

Джанатан жыве там ужо два месяцы. Для мяне ж гэта два жахлiвыя месяцы без яго. Але адчуваю, што i я неўзабаве палячу туды. Мне нават здаецца, што гэта адбудзецца сёння ўначы. Я напiшу запiску i пакладу яе на стол у кухнi, каб мама ранiцой прачытала яе:

"Не плач, мама! Да сустрэчы ў Наджыяле!"

3

Потым здарылася гэта. Больш дзiўнага са мной нiколi яшчэ не здаралася... Раптам я апынуўся ля брамы i чытаю зялёную шыльдачку: Браты Львiнае Сэрца.

Як я трапiў сюды? Калi я прыляцеў? Як я здолеў знайсцi дарогу, нiкога пра яе не пытаючы? Не ведаю. Адзiнае ведаў я, што знаходжуся ля брамы i гляджу на шыльдачку.

Я паклiкаў Джанатана. Я клiкаў яго некалькi разоў, але ён не адгукаўся, потым я ўспомнiў: вядома ж, ён ловiць рыбу.

Я бегма кiнуўся да рэчкi. Я бег i бег, а там унiзе, ля моста, сядзеў Джанатан. Я нават не спрабую апiсаць, што я адчуў у той момант. Ён не бачыў, як я падышоў. Я спрабаваў паклiкаць яго: "Джанатан", але, здаецца, я заплакаў, i замест крыку ў мяне вырывалiся нейкiя хрыплыя гукi. Але ён пачуў i падняў галаву. Ён усклiкнуў, кiнуў вуду, падбег, схапiў у абдымкi i сцiскаў мяне i сцiскаў, быццам хацеў пераканацца, што я сапраўды прыйшоў. Потым я плакаў, праўда, зусiм не многа. Чаму ж я павiнен доўга плакаць з-за таго, што адбылося?..

Затое Джанатан смяяўся, i мы стаялi на строме берага, i сцiскалi адзiн аднаго ў абдымках, i рабiлiся ўсё шчаслiвейшымi ад таго, што зноў былi разам.

— Нарэшце ты прыйшоў, Сухарык Львiнае Сэрца! — сказаў Джанатан.

Сухарык Львiнае Сэрца — гэта гучала смешна, i мы зноў пачалi смяяцца. Мы смяялiся ўсё больш, быццам гэта была самая смешная ў свеце рэч, якую мы калi-небудзь чулi, але хутчэй за ўсё нам проста трэба было пасмяяцца, бо мы былi вельмi шчаслiвыя. Насмяяўшыся, мы пачалi барукацца, але смех у нас так i вырываўся. Качаючыся па траве, мы не заўважылi, як апынулiся ў рэчцы. Мне нават здалося, што з-за смеху мы можам утапiцца.

Але замест гэтага мы паплылi. Я нiколi не плаваў, хоць вельмi хацеў навучыцца. I вось я плыў... Я плыў так, як плаваюць многiя!

— Джанатан! Я ўмею плаваць! — закрычаў я.

— Ну, вядома, ты ўмееш плаваць, — адказаў ён.

Раптам мяне ўразiла адна думка.

— Джанатан, ты нiчога не заўважыў? Я перастаў кашляць.

— Вядома, перастаў... Ты ў Наджыяле...

Я крыху паплаваў, потым вылез на мост, стаў на яго, увесь мокры, вада сцякала з адзення. Штаны прылiплi да ног, i я мог выразна бачыць, што здарылася: ногi ў мяне былi такiя ж роўныя, як у Джанатана.

Потым падумалася, што, магчыма, я стаў такiм жа прыгожым, як мой брат. Я запытаўся ў яго пра гэта.

— Паглядзi ў люстра, — сказаў ён, паказваючы на ваду ў рэчцы.

Вада была чыстая, спакойная i празрыстая. Я лёг на жывот i прыгледзеўся да свайго адлюстравання, але нiчога асаблiвага, а тым больш прыгожага, там не заўважыў. Джанатан падышоў, лёг побач i таксама пачаў глядзець на наша адлюстраванне. Знiзу на нас глядзелi браты Львiнае Сэрца: прыгожы Джанатан са сваiмi залацiстымi валасамi, блакiтнымi вачыма i тонкiм тварам, i я са сваiм носам-шышачкай, калматай, распатланай грывай i ўсiм такiм iншым...

— Не, — сказаў я, паглядзеўшы на сябе крытычна, — я не стаў прыгажэйшы.

Але Джанатан лiчыў, што ўсё-такi ёсць вялiкая рознiца.

— Цяпер ты выглядаеш здаровым.

Пакуль мы ляжалi на мосце i глядзелi ў ваду, я адчуваў сябе сапраўды здаровым, што здаровая кожная клетачка майго цела, дык навошта мне быць прыгожым? Маё цела было такiм шчаслiвым, што ўсё ўва мне смяялася.

Мы яшчэ крыху паляжалi на мосце, сонца сагрэла i абсушыла нас. Джанатан сказаў, што нам пара iсцi. Шчыра кажучы, мне таксама не цярпелася паглядзець дом, дзе мне належала жыць.

Джанатан iшоў паперадзе, я — за iм на сваiх роўных нагах. Я iшоў i дзiвiўся, адчуваў, як гэта здорава iсцi на здаровых нагах. Калi мы паднялiся на строму, я павярнуў галаву i нарэшце ўбачыў Вiшнёвую Далiну. О, яна была ўся белая ад вiшнёвай квеценi, дакладней, белая i зялёная, бо цвет вiшнi — белы, а трава — зялёная. I праз усё гэта царства белага i зялёнага, быццам срэбная стужачка, цякла рэчка. Як жа я адразу ўсяго гэтага не заўважыў? Вiдаць, акрамя Джанатана, я не мог нiчога бачыць, але цяпер я стаяў i глядзеў, як усё перада мной прыгожа. Я сказаў Джанатану:

— Пэўна, гэта самая прыгожая на зямлi далiна!

— Твая праўда, — адказаў ён, — але не на зямлi.

I тут я ўспомнiў, што мы ў Наджыяле.

Вакол Вiшнёвай Далiны стаялi горы, яны таксама былi прыгожыя. Па iх схiлах цяклi ручаi i вадаспады: у Наджыяле была вясна.

Было штосьцi незвычайнае ў паветры. Я яго адчуваў такiм, што хацелася яго пiць. "Вось каб i дома было крыху такога паветра", — падумаў я, згадваючы, як я задыхаўся на сваёй канапцы на кухнi. А тут я дыхаў i не мог надыхацца. Джанатан пасмяяўся з мяне: "Пакiнь крышку i для мяне".

Дарожка, па якой мы iшлi, была белая ад пялёсткаў вiшнёвай квеценi, што асыпалася з дрэў, апускалася нам на валасы, i гэта мне вельмi падабалася.

У канцы дарожкi была Сядзiба Рыцараў з зялёнай шыльдачкай на браме.

— "Браты Львiнае Сэрца", — прачытаў я ўслых Джанатану. Я проста яшчэ раз падумаў пра тое, дзе мы будзем жыць.

— Добра, Сухарык. Цi ж тут не цудоўна?

Стары белы i невялiкi дом, з зялёным плотам i зялёнымi дзвярамi, ды i наогул, уся зямля навокал зялёная, у траве то там, то тут можна было ўбачыць маргарыткi. Побач, усыпаныя кветкамi, стаялi бэз i вiшнёвыя дрэвы. А вакол усяго гэтага была мураваная сцяна, невялiкая шэрая сцяна з ружовымi кветкамi на ёй. Вы маглi б лёгка пераскочыць яе, але ў сядзiбе вы адчуваеце, што знаходзiцеся пад аховай гэтай невысокай сцяны. Фактычна там былi два будынкi, дакладней, не зусiм адзiн, хаця другi быў хутчэй за ўсё стайняй цi нечым падобным. Яны стаялi пад вуглом адзiн да аднаго; у тым месцы, дзе будынкi сыходзiлiся, стаяла лаўка, якая, здаецца, прыйшла сюды з каменнага веку. I тым не менш, гэта была добрая лаўка. Так i хацелася прысесцi на яе, пасядзець, падумаць, паглядзець на птушак або папiць соку.

— Мне тут падабаецца, — сказаў я Джанатану, — тут гэтак жа добра, як дома.

— Заходзь i паглядзi, — запрасiў Джанатан. Ён ужо стаяў каля дзвярэй i збiраўся зайсцi, калi пачулася цiхае ржанне, так-так, сапраўднае конскае ржанне. Тады Джанатан прапанаваў: — Але давай спачатку агледзiм стайню.

Ён зайшоў у той, другi будынак, i я пабег за iм. Гэта сапраўды была стайня, сапраўдная стайня, якой я яе ўяўляў, i дзе стаяла пара прыгожых гнедых коней; яны павярнулi да нас галовы i заржалi, як толькi мы ўвайшлi.

— Вось гэта Грым i Ф'ялар, — сказаў Джанатан. — Здагадайся, якi з iх твой.

— Ды ну цябе, — сказаў я. — Не спрабуй пераконваць мяне, што адзiн з гэтых коней мой. Я проста не веру ў гэта.

Але Джанатан адказаў, што ў Наджыяле нiхто не абыходзiцца без каня.

— Ты проста нiкуды не зможаш дабрацца без каня. Разумееш, Сухарык, мне часам даводзiцца выпраўляцца ў няблiзкi шлях.

Гэта была, вiдаць, адна з самых прыемных рэчаў, якую я калi-небудзь чуў: у Наджыяле я павiнен мець каня, а я так люблю коней! Уявiце сабе, якiя ў iх мяккiя пысы. Не думаю, каб штосьцi ў свеце было такое ж мяккае, як пыса ў каня.

Гэтая пара коней была вельмi прыгожая. У Ф'ялара на лбе — белая зорачка, што i адрознiвала яго ад другога.

— Ну, значыць, Грым, вiдаць, мой, — сказаў я пасля таго, як Джанатан папрасiў мяне адгадаць, якi з коней належаў мне.

— Не, ты не ўгадаў, — сказаў Джанатан. — Твой конь — Ф'ялар.

Я дазволiў, каб Ф'ялар пяшчотна дакрануўся да мяне, i ў гэты момант я зусiм яго не баяўся. Я палюбiў яго адразу, i мне здаецца, што я яму таксама спадабаўся.

— У нас ёсць i трусы, — паведамiў Джанатан. — Яны ў клетцы за стайняй. Ты паспееш паглядзець на iх пазней.

Цi можна было i думаць пра гэта!

— Я павiнен бачыць iх зараз жа, — усклiкнуў я, бо заўсёды хацеў гадаваць трусоў, але ў сябе дома ў горадзе гэта было немагчыма.

Я хутка абышоў стайню i там, у клетцы, убачыў трусiкаў, якiя частавалiся свежым лiсцем.

— Якiя смешныя, — сказаў я потым Джанатану. — Тут у Наджыяле ў мяне ёсць усё, што я хацеў мець некалi.

— Вось бачыш, тут усё так, як я табе расказваў.

На самай справе, усё было так, як ён мне расказваў, калi мы сядзелi разам на маiм ложку дома на кухнi. Цяпер я ўжо зусiм пераканаўся, што ўсё менавiта так, усё праўда, i ад гэтага мне рабiлася яшчэ больш прыемна.

Ёсць рэчы, якiя нiколi не забываюцца. Я нiколi-нiколi не забуду першы вечар у Сядзiбе Рыцараў. Якое гэта задавальненне быць побач з Джанатанам, размаўляць з iм, як i раней. Цяпер мы зноў жылi ў кухнi, як дома ў горадзе, але гэта кухня зусiм не была падобна на тую. Пэўна, кухня ў Сядзiбе Рыцараў вельмi старая, з тоўстымi бэлькамi пад столлю i з вялiзным камiнам. Што гэта за камiн! Ён займаў палову сцяны, i калi б вы хацелi прыгатаваць ежу, то давялося б гатаваць непасрэдна над агнём, як гэта рабiлi ў старыя часы. Сярод пакоя стаяў самы моцны стол, якi я калi-небудзь бачыў у сваiм жыццi, з доўгiмi драўлянымi лаўкамi з кожнага боку, i я падлiчыў, што вельмi многа людзей магло б сядзець адначасова за гэтым сталом.

— Мы з табой будзем жыць у кухнi, як i раней, — сказаў Джанатан. — А мама, калi прыйдзе сюды, зможа заняць пакой наверсе.

Кухня i пакой — вось што ўяўляла сабой Сядзiба Рыцараў. Але да большага мы не прывыклi, ды большага нам i не трэба было. А тут усяго было амаль у два разы больш, чым дома.

Дома! Я расказаў Джанатану пра запiску, якую пакiнуў маме на кухнi.

— Я напiсаў ёй, што мы сустрэнемся ў Наджыяле. Толькi хто ведае, калi яна прыйдзе.

— Калi-небудзь гэта здарыцца, — сказаў брат. — I маме патрэбен будзе прасторны пакой для дзесяцi швейных машын, калi яна захоча iх паставiць.

Угадайце, што мне падабаецца больш за ўсё? Я люблю палежваць у старой кухнi, размаўляючы з Джанатанам, калi водблiскi полымя з камiна, гуляючы, адбiваюцца на сценах, выглядваць з акна i бачыць галiнку вiшнi, якая пагойдваецца ад вячэрняга ветрыку. Потым агонь меншае i меншае — да таго моманту, пакуль не застануцца толькi вугольчыкi; ценi на вуголлi цямнеюць, i ўсё вакол робiцца яшчэ больш сонным, а я ляжу i не кашляю. Джанатан расказвае мне розныя цiкавыя гiсторыi — расказвае, расказвае, расказвае, пакуль голас ягоны не ператвараецца для мяне ў шэпт, i я нарэшце засынаю. Вось гэта i ёсць тое, што мне найбольш падабалася ў Сядзiбе Рыцараў. Такое было са мной упершыню, таму я нiколi гэтага не забуду.

4

Назаўтра ранiцай мы паехалi вярхом на конях. Праўда-праўда, я ўмеў ехаць на канi вярхом, хаця ўпершыню ў сваiм жыццi апынуўся ў сядле. Проста не разумею, чаму ў Наджыяле ўсё ў мяне атрымлiваецца i я ўмею рабiць усё? Я скакаў галопам так, нiбы нiчым iншым нiколi не займаўся.

А вы паглядзелi б, як ездзiць на канi Джанатан! Жанчына, якая Джанатана называла прынцам з легенды, калi б яна апынулася тут i пабачыла Джанатана на канi, пэўна, сказала б, што ўбачыла такога прынца, якога нiколi не забудзе! О, калi ён перайшоў на галоп i быццам пераляцеў цераз рэчку, а яго валасы заструменiлiся вакол галавы, сапраўды можна было паверыць, што ён — прынц з сагi. Ды i апрануты ён быў амаль як прынц, цi, хутчэй, як рыцар. Справа ў тым, што ў Сядзiбе Рыцараў быў вельмi багаты выбар адзення. Не ведаю, адкуль яно паявiлася, але ўсё такое не падобнае на тое, што мы носiм. Сёе-тое знайшлося i для мяне, i я з задавальненнем выкiнуў свае старыя рызманы, якiя больш i бачыць не хацелася. Джанатан растлумачыў, што мы павiнны апранацца так, каб адпавядаць часу, у якiм мы жывем, iнакш жыхары Вiшнёвай Далiны падумаюць, што мы нейкiя дзiвакi. Час легенд i вячэрнiх вогнiшчаў... Цi ж гэта не тое, пра што мне тады расказваў Джанатан? Аднойчы, калi мы ехалi вярхом нашай цудоўнай далiнай, я запытаўся ў брата:

— Тут, напэўна, вельмi стары час?

— Можна i так разумець, вядома. Гэта сапраўды стары час. Але можна сказаць, што для нас — гэта новы час.

Ён на нейкi момант задумаўся.

— Так, iменна новы. Малады, здаровы, добры час, у якiм нам так лёгка жывецца.

Але яго вочы раптам чамусьцi пацямнелi.

— Прынамсi, тут, у Вiшнёвай Далiне.

— А што, у другiх месцах па-iншаму?

Джанатан адказаў, што ў iншых месцах можа быць па-рознаму. Але якое ўсё-такi шчасце, што мы трапiлi менавiта сюды. Тут, як сказаў Джанатан, жыццё лёгкае i простае. Больш простым i лёгкiм яно не можа быць. Перш-наперш цябе праз акенца будзiць сонейка, ты прачынаешся ў сваёй кухнi i чуеш птушак, якiя шчаслiва шчабечуць у кронах дрэў, i ты бачыш Джанатана: ён спакойна гатуе малако i кроiць хлеб для цябе, а калi сняданне закончана, ты выходзiш, кормiш трусоў i чысцiш свайго каня. Потым сядлаеш яго, выязджаеш, а на траве ззяе i пералiваецца раса, пчолы i чмялi гудуць у вiшнёвай квеценi, твой конь пераходзiць у галоп, i ты не баiшся, што ўсё гэта раптам скончыцца, як можа раптам скончыцца любая забава. Але толькi не ў Наджыяле! Толькi не ў Вiшнёвай Далiне!

Мы скакалi па лузе туды i назад, уздоўж рэчкi. Потым убачылi ранiшнi дымок над вёскай у далiне, а потым i саму вёску з яе старымi дамамi i фермамi. Мы чулi, як кукарэкалi пеўнi, брахалi сабакi, бляялi авечкi i козы: усё гэта было гукамi ранiцы, якая толькi пачыналася.

Насустрач нам iшла жанчына, не старая i не маладая сялянка, з цёмным абветраным тварам — ад работы ў полi ў любое надвор'е. Яна была апранута старамодна, так, як апраналiся ў сагах.

— О, Джанатан, твой брат нарэшце прыйшоў? — сказала яна, па-сяброўску ўсмiхаючыся.

— Ага, ён толькi прыйшоў, — адказаў Джанатан, i можна было адчуць, што ён быў рады гэтай падзеi. — Сухарык, гэта — Сафiя.

Сафiя кiўнула галавой.

— Але, Сафiя, — сказала яна. — Рада пазнаёмiцца з табой. Цяпер вы можаце ўзяць кашолку самi.

Джанатан узяў у яе кашолку так, быццам рабiў гэта заўсёды, але я не павiнен быў нi аб чым пытацца.

— Ты возьмеш сёння вечарам брата ў "Залаты Пеўнiк", каб усе маглi з iм пазнаёмiцца? — спытала Сафiя.

Джанатан паабяцаў узяць, потым мы развiталiся i паехалi дадому. Я спытаў у Джанатана, што такое "Залаты Пеўнiк".

— Заезны дом "Залаты Пеўнiк", — адказаў Джанатан. — Гэта там, у вёсцы, дзе мы збiралiся пагаварыць аб тым, аб чым трэба пагаварыць.

Я падумаў, што будзе вельмi цiкава пайсцi з iм вечарам у "Залаты Пеўнiк" i паглядзець, што за людзi жывуць у Вiшнёвай Далiне. Мне хацелася ведаць усё пра Вiшнёвую Далiну ў Наджыяле. Я хацеў пераканацца, цi ўсё там на самай справе так, як пра гэта некалi расказваў Джанатан. Раптам я ўспомнiў яго апавяданнi i спытаў:

— Паслухай, ты казаў, што ў Наджыяле ў нас будуць прыгоды з ранiцы да вечара i нават ноччу, памятаеш? Але тут так спакойна i наогул нiякiх прыгод.

Джанатан засмяяўся.

— Не забывай, дурненькi, ты прыбыў сюды толькi ўчора, у цябе ж ледзь было часу агледзецца. Не турбуйся, будзе дастаткова часу для прыгод.

Настроiўшыся на прыгоды, я сказаў, што тут i так усё, як у прыгодах: i Сядзiба Рыцараў, i нашы конi, i трусы, i ўсё iншае, i што мне iншых прыгод не трэба. Аднак Джанатан паглядзеў неяк дзiўна, быццам шкадуючы мяне, i сказаў:

— Каб ты ведаў, Сухарык, тут усё так, як гэта павiнна быць для цябе. Але тут бываюць прыгоды, якiх лепш, каб не было.

Калi мы вярнулiся дадому, Джанатан распакаваў кашолку на кухонным стале. Там былi бохан хлеба, бутэлька малака, невялiкi слоiк з мёдам i чатыры блiнцы.

— Сафiя прыносiць нам ежу? — спытаў я здзiўлена. Я неяк не задумваўся, адкуль бярэцца ежа.

— Зрэдку, — адказаў Джанатан.

— Зусiм дарма? — зноў спытаў я.

— Але, дарма, пэўна, можна так сказаць, — адказаў брат. — Усё ў Вiшнёвай Далiне дарма. Мы ўсё даём адзiн аднаму i дапамагаем адзiн аднаму, калi гэта неабходна.

— Значыць, ты таксама штосьцi даеш Сафii?

Ён зноў засмяяўся.

— Раблю сёе-тое. Напрыклад, прывожу гной для яе клумбаў з ружамi. Сярод iншых спраў i даглядаю iх. Вядома, зусiм дарма.

Потым дадаў цiха, што яго ледзь было чутно:

— I шмат iншых рэчаў я раблю для яе.

Я заўважыў, што ён дастаў з кашолкi тоненькi, скручаны трубачкай, кавалачак паперы. Ён разгарнуў паперу, прачытаў тое, што там напiсана, i нахмурыўся, быццам яму штосьцi не спадабалася. Але нiчога не сказаў, а мне не захацелася пытацца. Я падумаў, што ён сам, калi захоча, раскажа, што там напiсана.

У кутку нашай кухнi стаяў буфет, пра якi Джанатан збольшага расказаў мне ў наш першы вечар у Сядзiбе Рыцараў. Аказваецца, у буфеце была сакрэтная скрынка, i калi не ведаць яе сакрэту, нiхто не можа нi знайсцi яе, нi адчынiць. Мне, вядома, захацелася ўбачыць яе зараз жа, але Джанатан сказаў:

— Як-небудзь iншым разам. Ты павiнен спаць...

Я заснуў i забыўся пра ўсё, але цяпер успомнiў, як Джанатан падышоў да буфета i я пачуў дзiўнае, кароткае пашчоўкванне. Няцяжка было здагадацца, што ён рабiў: ён схаваў той кавалачак паперы ў сакрэтную скрынку. Потым ён замкнуў буфет i паклаў ключ на старую ступку, што стаяла на самай высокай палiцы.

Пасля нейкi час мы плавалi, i я ныраў пад мост. Нават i не ведаю, як я асмелiўся. Потым Джанатан зрабiў мне вуду, i мы злавiлi некалькi рыб, якiх хапiла нам на абед. Я злавiў цудоўнага акуня, Джанатан — двух.

Мы зварылi рыбу на вялiкiм вогнiшчы ў кацялку, падвешаным над агнём на ланцугу, а калi ўсё з'елi, Джанатан сказаў:

— Зараз, Сухарык, паглядзiм, якi ты стралок. Калi-небудзь табе давядзецца iм стаць.

Ён павёў мяне да стайнi, i там, дзе была ўся збруя, вiселi два лукi. Я здагадаўся, што iх зрабiў сам Джанатан, таму што ён заўсёды iх рабiў дзецям у двары нашага дома ў горадзе. Але гэтыя былi большыя i лепшыя — два сапраўдныя лукi.

Мы прымацавалi мiшэнь да дзвярэй стайнi i стралялi па ёй цэлы дзень. Джанатан паказваў мне, як гэта робiцца. Я страляў няблага, але, вядома, не так добра, як Джанатан, таму што ў яго было натрэнiраванае трапнае вока.

З Джанатанам было добра. Хаця ён рабiў усё спраўней за мяне, ён нiколi не лiчыў, што робiць штосьцi асаблiвае. Ён нiколi не хвалiўся i рабiў усё так, быццам наогул пра гэта не думае. Бывала, я быў амаль упэўнены, што яму хацелася, каб я рабiў усё лепш, чым ён.

Калi пачало сутонець, Джанатан сказаў, што надышоў час адпраўляцца ў "Залаты Пеўнiк". На яго посвiст прыбеглi Грым i Ф'ялар. Мы iх асядлалi i памчалiся да вёскi.

Раптам я адчуў сябе няёмка i сумеўся. Я не прывык знаёмiцца з людзьмi, асаблiва з такiмi людзьмi, якiя жылi ў Наджыяле, i сказаў пра гэта Джанатану.

— Чаго ты баiшся? Няўжо ты думаеш, што хтосьцi зробiць табе благое?

— Не, вядома, але яны могуць пасмяяцца з мяне.

Мабыць, гэта прагучала смешна i неразумна, але мне заўсёды прыходзiлi ў галаву такiя думкi.

— Ведаеш, мы цябе будзем называць Карлам, таму што Львiнае Сэрца твая мянушка, — сказаў Джанатан. — Сухарык Львiнае Сэрца — гэта сапраўды можа рассмяшыць iх.

Я быў не супраць, каб мяне называлi Карлам. Iмя гэта сапраўды больш падыходзiла да майго прозвiшча.

— Карл Львiнае Сэрца, — прамовiў я. — Карл i Джанатан Львiнае Сэрца едуць вярхом на конях.

"Што ж, гучыць зусiм няблага", — падумаў я.

— Хаця для мяне ты ўсё яшчэ мой Сухарык, — сказаў Джанатан. — I ты гэта ведаеш — цi не так, маленькi Карл?

Неўзабаве мы ўехалi ў вёску. Дарогу было знайсцi няцяжка, таму што яшчэ здаля чулiся гаворка i смех. А крыху счакаўшы, мы ўбачылi i знак у выглядзе вялiзнага пазалочанага пеўня: гэта i быў "Залаты Пеўнiк", падобны на ўсе заезныя дамы, пра якiя мы прывыклi чытаць у кнiгах. Калi святло сяброўства струменiцца з акон, сапраўды перажываеш пачуццё навiзны, iмкнучыся трапiць у заезны дом. Хоць да гэтага я нiколi ў заезных дамах не быў.

Першае, што мы зрабiлi, заехаўшы на двор, — гэта прывязалi коней. Праўдай аказалася ўсё тое, што гаварыў Джанатан аб значэннi коней у Наджыяле. Вiдаць, кожны жыхар Наджыялы прыбыў у гэты вечар да "Залатога Пеўнiка" на канi. Мужчыны i жанчыны, маладыя i старыя — усе былi тут, сядзелi, размаўлялi, некаторыя дзецi ўжо спалi на руках у бацькоў.

Якое ўзрушэнне пачалося, калi мы ўвайшлi!..

— Джанатан! — крычалi яны. — Джанатан прыехаў!

Гаспадар двара — высокi, чырванашчокi, даволi сiмпатычны чалавек, крычаў так, каб перакрычаць усiх у гэтым шуме.

— Джанатан! Не — тут два браты Львiнае Сэрца, божа мой! Абодва!

Ён падышоў i падняў мяне ўгору — так, каб кожны мог мяне бачыць, а я адчуваў, што твар мой да самых валасоў залiвае чырвань.

Але Джанатан сказаў:

— Вось мой любiмы брат, Карл Львiнае Сэрца, якi нарэшце прыбыў да нас. Вы павiнны быць добрымi да яго, такiмi ж, якiя вы добрыя ў адносiнах да мяне.

— Можаш разлiчваць на гэта, — сказаў гаспадар i апусцiў мяне. — Мы з iм пасябруем. Мы станем такiмi ж добрымi сябрамi, як з Джанатанам. Мяне завуць Джосi. Хаця мяне амаль усе называюць Залатым Пеўнем. Вы можаце прыходзiць у "Залаты Пеўнiк", калi вам захочацца. Не забывайце пра гэта, Карл Львiнае Сэрца.

Сафiя была за сваiм столiкам, i мы падселi да яе. Здаецца, яна гэтаму ўзрадавалася. Яна ўсмiхнулася i спытала, як мне спадабаўся мой конь i цi не мог бы Джанатан прыйсцi i як-небудзь дапамагчы ёй. Далей яна маўчала, i я заўважыў, што яе штосьцi турбуе. Заўважыў я i яшчэ сёе-тое. Кожны, хто сядзеў у святлiцы, ставiўся да Сафii з пашанай i, перш чым пайсцi, кiваў у знак развiтання спачатку ёй, нiбыта яна была нейкая асаблiвая, ды толькi я не мог вырашыць, у чым была гэта асаблiвасць. На ёй была простая сукенка, на галаве хустка, яе загрубелыя ад работы на сонцы рукi ляжалi на каленях. Што ж было ў ёй асаблiвага?

Тут было весела. Мы шмат спявалi, некаторыя з песень я ўжо ведаў, а некаторыя пачуў упершыню. Усе былi шчаслiвыя. А можа, не?.. Зрэдку ў мяне з'яўлялася адчуванне, што ўсiх гняце нейкая таямнiчая заклапочанасць, такая ж, як i Сафiю. Здавалася, што зрэдку ўсе пачыналi думаць пра тое, чаго яны больш за ўсё баяцца. Але Джанатан казаў, што жыццё ў Наджыяле лёгкае i простае, дык чаго ж iм баяцца? Калi ўсе шчаслiвыя i ўсе, як здавалася, адно аднаго любяць. Але больш за ўсё яны любiлi Джанатана. Акурат так, як i дома, у горадзе. Сафiя яго, па-мойму, таксама любiла.

Потым, калi мы збiралiся дадому i выйшлi ў двор, каб адвязаць нашых коней, я спытаў i Джанатана:

— Джанатан, а чым такiм асаблiвым валодае Сафiя?

I тут жа мы пачулi сярдзiты голас ззаду: "Во-во! Што асаблiвага ў Сафii, часта думаў i я".

У двары было цёмна, таму я не мог бачыць, хто гэта гаварыў. Але раптам ён выступiў наперад на святло, i я пазнаў чалавека, якi сядзеў каля нас за сталом, чалавека з чырвонымi кучаравымi валасамi i з маленькай чырвонай бародкай. Я заўважыў яго раней, калi ён сядзеў сумны i маўчаў, у той час калi ўсе спявалi.

— Хто гэта? — спытаў я ў Джанатана, калi мы ехалi назад.

— Яго завуць Губерт, — сказаў Джанатан. — I ён добра ведае Сафiю.

Станавiлася холадна, непрыкметна апусцiлася ноч. Нiколi ў жыццi я не бачыў так багата зорак, i такiя яны былi яркiя. Я iмкнуўся ўгадаць, дзе была зорка Зямля.

Але Джанатан сказаў:

— Зорка Зямля недзе вельмi далёка, далёка ў Сусвеце, ты не можаш бачыць яе.

Мне стала ад гэтага сумна.

5

Але нарэшце надышоў дзень, калi я даведаўся, што ўсё-такi ёсць асаблiвага ў Сафii.

Неяк ранiцай Джанатан прапанаваў:

— Давай паедзем да Каралевы Галубоў...

— Дык гэта ж цудоўна! — узрадаваўся я. — А якая яна, Каралева?..

— Гэта Сафiя, — адказаў Джанатан. — "Каралева Галубоў" — гэта я яе так называю, проста дзеля жарту.

Неўзабаве я зразумеў чаму.

Да Сядзiбы Цюльпанаў, дзе жыла Сафiя, было даволi далёка. Яе дом стаяў на ўскрайку Вiшнёвай Далiны, там адразу ж пачыналiся высокiя горы.

Мы прыехалi туды ранiцой, Сафiя кармiла галубоў, усiх сваiх беласнежных галубоў. Сярод iх я пазнаў тую галубку, якая сядзела ў мяне на падаконнi, як мне цяпер падалося, амаль тысячу год таму.

— Паглядзi, — шэптам звярнуўся я да брата. — Цi не тая гэта галубка, якая дапамагла табе дабрацца да мяне?

— Напэўна... Бо iначай я не змог бы трапiць да цябе. Толькi галубы Сафii могуць лётаць так далёка.

Галубы нагадвалi мне белую пушыстую аблачынку, сярод якой стаяла Сафiя. Цяпер яна сапраўды была як Каралева Галубоў.

Заўважыўшы нас, Сафiя ветлiва, як звычайна, павiталася. Але штосьцi яе трывожыла, i яна цiха сказала Джанатану:

— Мiнулай ноччу я знайшла Вiяланту мёртвай, са стралой у грудзях. У Цяснiне Ваўка. Пiсьмо, вядома, знiкла.

Вочы ў Джанатана пацямнелi. Да гэтага я нiколi не бачыў яго ў такой злосцi. Я не пазнаваў нi голасу ягонага, нi яго самога.

— Гэта азначае тое, пра што я думаў, — сказаў ён. — У Вiшнёвай Далiне ёсць здраднiк.

— Так, пэўна, ёсць, — згадзiлася Сафiя. — Але ўсё неяк не хацелася верыць гэтаму. Але, пэўна, так i ёсць.

Якой засмучонай нi была Сафiя, яна ўсё ж павярнулася да мяне i запрасiла:

— Хадзем, Карл, ты павiнен паглядзець, як я жыву.

У гаспадарцы Сафii акрамя галубоў былi пчолы, козы, а ў садзе было столькi кветак, што цяжка было б, вiдаць, прабрацца з аднаго краю ў другi.

Пакуль Сафiя вадзiла мяне па сядзiбе, Джанатан пачаў рабiць тое, што звычайна робяць вясной на гародзе — ускопваць i палоць.

Я глядзеў на шматлiкiя вуллi, на цюльпаны, нарцысы, але ўвесь гэты час мяне не пакiдала думка аб Вiяланце, якую застрэлiлi ў гарах.

Неўзабаве мы вярнулiся да Джанатана, ён палоў так старанна, што рукi яго сталi зусiм чорнымi.

Сафiя з журбой паглядзела на яго i сказала:

— Паслухай, мой дарагi садоўнiк, здаецца, хутка чакае цябе зусiм iншая работа.

— Я таксама пра гэта думаю, — адказаў Джанатан.

Бедная Сафiя, яна была занепакоена больш, чым ёй хацелася, каб мы бачылi. Яна адышлася ўбок i пачала пiльна глядзець на горы з такой трывогай, што я таксама захваляваўся. Што яна выглядвала? Каго чакала?

Раптам яна ўсклiкнула:

— Вось яна! Слава богу, вось Палома!

Гэта вярталася адна з Сафiiных галубак Палома. Спачатку яна бачылася маленькай кропкай на фоне гор, потым падляцела да нас i села на плячо гаспадынi.

— Хадзем, Джанатан, — сказала хутка Сафiя.

— Добра. А як Сухарык, у сэнсе Карл? — запытаў брат. — Яму трэба пра ўсё расказаць?

— Вядома, — сказала Сафiя. — Хадземце хутчэй.

Разам з галубкай, якая працягвала сядзець у яе на плячы, Сафiя рушыла паперадзе. Яна прывяла нас у маленькi пакойчык каля кухнi, зачынiла дзверы. Вiдаць, ёй не хацелася, каб хто-небудзь чуў цi бачыў, што мы робiм.

— Палома, галубка мая, — сказала Сафiя, — можа, сённяшняя твая вестачка лепшая, чым апошняя?

Яна працягнула руку да галубкi i дастала з-пад крыла птушкi маленькую капсулу, у ёй аказаўся маленькi камячок паперы, акурат такi, як Джанатан аднойчы выцягваў з кашолкi i хаваў у шафе ў нас дома.

— Чытай жа хутчэй, — прашаптаў Джанатан, — хутчэй, хутчэй!

Сафiя прачытала, i ў яе вырваўся ўскрык.

— Яны Орвара таксама схапiлi, — прамовiла яна. — Цяпер не засталося нiкога, хто мог бы хоць што-небудзь зрабiць.

Яна працягнула кавалачак паперы брату, ён прабег вачамi, i братавы вочы пацямнелi яшчэ больш.

— У Вiшнёвай Далiне — здраднiк, — пераканана сказаў ён. — Як ты думаеш, хто гэты нягоднiк?

— Я не ведаю, — адказала Сафiя. — Пакуль не ведаю. Але хто б ён нi быў, я знайду яго, i яму тады нiхто не пазайздросцiць.

Сафiя ўздыхнула i сказала:

— Ты раскажы Карлу, а я пакуль пайду i збяру вам кашолку.

Яна знiкла ў кухнi.

Джанатан сеў проста на падлогу, прытулiўся спiнай да сценкi, паглядзеў на свае брудныя пальцы i, нарэшце, загаварыў:

— Ну, добра, калi Сафiя дазволiла, я раскажу табе ўсё.

Ён жа i раней расказваў мне пра Наджыялу, але нiчога падобнага на тое, што мне давялося пачуць тут, у пакоi Сафii, не гаварыў.

— Памятаеш, я казаў табе, што жыццё тут, у Вiшнёвай Далiне, лёгкае i простае. Усё гэта было так i павiнна было быць так, але, падобна, больш гэтага не будзе. Таму што калi ў якой-небудзь iншай далiне няшчасце i гора, то i ў Вiшнёвай Далiне таксама робiцца кепска.

— А хiба ёсць яшчэ адна далiна? — здзiвiўся я.

I тады Джанатан расказаў пра дзве зялёныя далiны ў гарах Наджыялы. Пра Вiшнёвую Далiну i Далiну Дзiкай Ружы, мiж высокiмi гарамi, якiя цяжка пераадолець, але калi ведаць таемныя сцяжынкi, то можна трапiць з адной далiны ў другую. Жыхары гэтых мясцiн ведалi сцяжынкi i спакойна пераадольвалi горы, каб пабачыцца адзiн з адным.

— Але, калi быць дакладным, то так было калiсьцi, — сказаў Джанатан. Цяпер жа нiхто не мае права пакiнуць Далiну Дзiкай Ружы i нiхто не мае права трапляць у яе. Толькi галубы Сафii.

— А чаму? — запытаў я.

— Таму што цяпер Далiна Дзiкай Ружы не свабодная, яна ў руках ворагаў.

Ён паглядзеў на мяне так, быццам яму было шкада гаварыць мне горкае.

— А цяпер невядома, што будзе i з Вiшнёвай Далiнай.

У словах брата было адчуванне бяды. Мне жылося так весела i бесклапотна, што ад пагрозы гэтаму жыццю мяне агарнуў жах.

— А хто нам пагражае? — запытаўся я.

— Яго iмя Тэнджыл, — адказаў Джанатан, i ў гэтым iменi была нейкая злавеснасць.

— А дзе той Тэнджыл? — дапытваўся я.

Джанатан расказаў мне пра Карманьяку, краiну Старажытных Гор за Старажытнай Ракой, дзе некалi валадарыў Тэнджыл, жорсткi, як той змей.

Мне стала яшчэ больш жахлiва, але я стараўся гэтага не паказаць.

— Чаму ён не хоча заставацца ў сваiх Старажытных Гарах? — не вытрымаў я. I чаму ён павiнен прыйсцi ў Наджыялу i разбурыць усё тут?

— Ну, ведаеш, той, хто зможа адказаць на гэта пытанне, мог бы адказаць на мноства iншых. Я не ведаю, чаму ён павiнен разбурыць усё тут. Проста так адбываецца, i ўсё. Ён зайздросцiць таму жыццю, якое выпала людзям гэтых далiн. Яму патрэбны рабы.

Ён замоўк, разглядваючы свае рукi, потым штосьцi прамармытаў, але я не пачуў — што.

— Так, яшчэ ў яго ёсць страшыдла, Катла! — паўтарыў Джанатан.

Катла! О, я не ведаю чаму, але гэта слова гучала больш жахлiва, чым што-небудзь на свеце.

— Хто гэта — Катла?

У адказ Джанатан толькi пакiваў галавой.

— Не, Сухарык, ты такi напалоханы. Я не буду расказваць пра Катлу, бо ты сёння ноччу не заснеш.

Замест гэтага ён расказаў сёе-тое цiкавае пра Сафiю.

— Яна — галоўная ў нашай тайнай барацьбе супраць Тэнджыла, — сказаў Джанатан. — Мы, каб ты ведаў,змагаемся супраць яго, каб дапамагчы Далiне Дзiкай Ружы. Але мы павiнны рабiць гэта ў тайне.

— А чаму менавiта Сафiя?

— Таму што яна моцная, шмат ведае i нiчога не баiцца.

— Не баiцца? Але ж ты таксама не баiшся, хiба не?

Ён крыху падумаў, потым сказаў:

— Гэта праўда, я нiчога не баюся.

Эх, як бы мне хацелася, каб я мог нiчога не баяцца, як Сафiя i Джанатан! Але замест гэтага я сядзеў такi напалоханы, што ледзьве мог што-небудзь думаць.

— А тое, што галубы Сафii лётаюць з тайнымi лiстамi, гэта вядома ўсiм?

— Толькi тым, каму мы сапраўды можам давяраць. Але сярод iх аказаўся здраднiк. I гэтага дастаткова.

Вочы ў Джанатана зноў пацямнелi, i ён з сумам сказаў:

— У Вiяланты, калi яе падстрэлiлi мiнулай ноччу, было сакрэтнае пасланне ад Сафii, i калi гэта пасланне трапiць у рукi Тэнджыла, то гэта прынясе няшчасце многiм жыхарам Далiны Дзiкай Ружы.

Я падумаў: "Як гэта жахлiва, што хтосьцi забiў галубка — такога белага i невiнаватага, нават калi ён нёс сакрэтны лiст".

Раптам мне згадалiся таямнiчыя лiсты, якiя захоўвалiся ў нас у шафе. Я запытаўся ў Джанатана, цi бяспечна захоўваць iх у нас?

— Так, гэта небяспечна, — адказаў Джанатан. — Але было б яшчэ больш небяспечна захоўваць iх у Сафii. Шпiёны Тэнджыла, калi б яны прыйшлi ў Вiшнёвую Далiну, пачалi б шукаць iх перш за ўсё ў яе, а не ў хлопчыка-садоўнiка.

Мне было прыемна чуць, што Джанатан не проста хлопчык-садоўнiк, якi працуе ў Сафii, а яе блiзкi таварыш па барацьбе супраць лiхадзея Тэнджыла.

— Сафiя так вырашыла сама, — сказаў ён. — Яна не хацела, каб хто-небудзь у Вiшнёвай Далiне ведаў пра гэта. I ты паклянiся, што нiкому нiчога не скажаш, пакуль Сафiя не скажа пра ўсё гэта сама.

Я пакляўся, што хутчэй памру, чым скажу што-небудзь пра пачутае.

Мы паснедалi ў Сафii, а потым паехалi дадому.

Але быў яшчэ адзiн чалавек, якi выязджаў з дому ў гэту ранiцу. Мы сустрэлi яго, калi выязджалi з Далiны Цюльпанаў. Гэта быў чалавек з рыжай барадой. Як жа яго называлi? Губерт?

— Вы, здаецца, наведвалi Сафiю? Што вы ў яе рабiлi, цiкава?

— Я палоў у яе агарод, — адказаў Джанатан, паказваючы яму свае рукi. — А вы што, палюеце? — запытаў ён у сваю чаргу ў рыжабародага, звярнуўшы ўвагу на лук, прывязаны да яго сядла.

— Так, хачу падстрэлiць пару зайцоў, — адказаў Губерт.

Я адразу прыгадаў нашых маленькiх трусоў, якiя чакалi нас дома, i з палёгкай уздыхнуў, калi Губерт прышпорыў каня i хутка паехаў.

— Што ты думаеш пра Губерта? — пацiкавiўся я ў Джанатана.

Брат крыху падумаў.

— Ён самы трапны стралок у Вiшнёвай Далiне.

Больш нiчога не сказаў, крануў павады, i мы паехалi.

Лiст, якi даставiла Палома, Джанатан хаваў у маленькiм скураным кашальку пад кашуляй, а калi мы прыехалi дадому, ён паклаў гэты кавалачак паперкi ў тайнiку ў шафе. Але спачатку дазволiў мне прачытаць тое, што там было напiсана:

"Орвар быў схоплены ўчора i цяпер зняволены ў пячоры Катлы. Хтосьцi ў Вiшнёвай Далiне, напэўна, выдаў яго сховiшча. Сярод вас ёсць здраднiк. Даведайцеся, хто".

— Даведайцеся — хто, — сказаў Джанатан. — Як бы я хацеў даведацца, хто...

У лiсце былi яшчэ нейкiя знакi, але незразумелыя i, напэўна, на нейкай таемнай мове, i Джанатан папярэдзiў, што мне няма патрэбы цiкавiцца гэтым, бо яно датычыць толькi Сафii.

Але затое брат паказаў мне, як адчыняецца сакрэтная скрынка. Ён дазволiў некалькi разоў адчынiць i зачынiць яе. Потым ужо сам зачынiў яе, замкнуў i паклаў ключ у ступку.

Праз увесь дзень у мяне не выходзiла з галавы перажытае, i таму ноччу я дрэнна спаў. Я думаў пра Тэнджыла i забiтых галубоў, пра вязня пячоры Катлы, у нейкi момант я, мабыць, ускрыкнуў i ад гэтага прачнуўся. Нечакана прахапiўшыся, я не паверыў сваiм вачам — я ўбачыў, што ў цёмным кутку каля шафы хтосьцi стаiць. Калi я ўскрыкнуў у сне, той, вiдаць, спалохаўся i знiк, як цёмны цень, у дзвярах, перш чым я канчаткова прачнуўся.

Усё адбылося так хутка, i я падумаў, што ўсё гэта прымроiлася мне ў сне, але Джанатан, калi я разбудзiў яго i пра ўсё расказаў, быў iншай думкi.

— Не-е-не, Сухарык, гэта быў не сон, нiякi не сон, гэта быў здраднiк!

6

— Тэнджылаў час калi-небудзь ды праб'е, — задумлiва прамовiў Джанатан.

Мы ляжалi каля рэчкi ў зялёнай траве, а была такая ранiца, што проста не хацелася думаць, што ёсць на свеце Тэнджыл цi яшчэ якое-небудзь зло. Было зусiм цiха i спакойна, пад мостам каля камянёў ледзь чутна цурчэла вада, i толькi гэты шум, калi прыслухацца, можна было пачуць. Было проста здорава ляжаць на спiне, глядзець у вышыню i не бачыць нiчога, акрамя лёгкiх белых хмарак. Можна было так ляжаць i адчуваць сябе абсалютна шчаслiвым, цiха напяваючы сам сабе, i нi пра што не клапацiцца.

Але Джанатан пачынае гаворку пра Тэнджыла, i я ў адказ пытаюся:

— Што ты хочаш гэтым сказаць — "Тэнджылаў час калi-небудзь ды праб'е"?

— А тое, што яго чакае, рана цi позна здараецца з усiмi тыранамi, адказаў Джанатан. — Яго раздушаць, як вош, i ён знiкне назаўжды.

— Спадзяюся, што час гэты прыйдзе хутка.

У адказ Джанатан прамармытаў штосьцi не вельмi зразумелае.

— Ён моцны, гэты Тэнджыл. У яго ёсць Катла.

Вось i зноў ён назваў гэта жахлiвае iмя. Мне хацелася спытаць пра яго яшчэ раз, але я стрымаўся. У такую дзiвосную ранiцу лепш нiчога не ведаць пра тую Катлу.

Потым Джанатан паведамiў мне самае горшае, што можна прыдумаць:

— Сухарык, пэўны час табе давядзецца пабыць аднаму ў Сядзiбе Рыцараў. Мне трэба з'ездзiць у Далiну Дзiкай Ружы.

Ну як жа ён мог сказаць мне такую страшэнную навiну? Як ён мог падумаць, што я змагу застацца ў Сядзiбе без яго хоць на хвiлiну? Калi ён збiраецца кiнуцца проста ў Тэнджылаву пашчу, то я iду з iм. I я сказаў Джанатану пра сваё рашэнне. Ён паглядзеў на мяне вельмi дзiўна i сказаў:

— Сухарык, ты ў мяне адзiн брат, якога я хачу абаранiць ад зла. Ты ж просiшся ўзяць цябе з сабой, калi мне патрэбна ўся мая сiла для чагосьцi яшчэ? Для таго, што сапраўды небяспечна.

Але гэта мяне не супакойвала. Я быў такi ўстрывожаны i злосны, што ўсё ўва мне кiпела.

— Дык навошта прымушаеш мяне заставацца тут аднаму, чакаць цябе, калi ты, можа, не вернешся?

Я раптам прыгадаў той час, калi Джанатан памёр i пакiнуў мяне аднаго, а я ляжаў на сваёй канапе i не ведаў, цi ўбачу яго калi-небудзь зноў; о, гэта было падобна на зазiранне ў чорную дзiрку.

I вось ён зноў хоча пакiнуць мяне, проста знiкнуць па нейкiх небяспечных справах, пра якiя я нiчагуткi не ведаю, i калi ён не вернецца, то на гэты раз нiякай надзеi ўжо не будзе, я застануся адзiн назаўсёды.

Я ўсё больш i больш злаваўся, нават пачаў крычаць i, як нiколi раней, нагаварыў яму шмат непрыемнага i грубага.

Пэўна ж, яму было вельмi нялёгка супакоiць мяне, але, у рэшце рэшт, усё скончылася тым, як ён хацеў. Бо я добра ведаў, што ён разумее ўсё лепш за мяне.

— Глупства, безумоўна ж, я вярнуся, — гаварыў ён учора ўвечары, калi мы сядзелi ля камiна ў кухнi i грэлiся. Гэта быў наш апошнi вечар перад расстаннем.

У мяне ўжо не было злосцi, я толькi ўсё больш i больш сумаваў, i Джанатан бачыў гэта. Ён быў да мяне вельмi ўважлiвы. Ён даў мне свежага хлеба з маслам i мёдам, расказваў легенды i казкi, але я не мог слухаць яго. Я думаў пра Тэнджыла, тое, што я даведаўся пра яго, не выходзiла з галавы. Я запытаў у брата — чаму ён павiнен адпраўляцца ў такое небяспечнае падарожжа? Хiба ён не можа застацца дома са мной i грэцца каля камiна? На гэта Джанатан адказаў, што ёсць справы, якiя трэба рабiць, нават калi гэта i вельмi небяспечна.

— Чаму? — не зразумеў я.

— Чаму... Бо ў другiм выпадку быў бы я не чалавек, а проста мярзотнiк.

I Джанатан расказаў мне, што ён надумаў. А надумаў ён вызвалiць Орвара з пячоры Катлы. Орвар вельмi многа значыць, нават больш, чым Сафiя, без Орвара, напэўна, ужо зялёным далiнам Наджыялы быў бы канец.

Было ўжо цёмна, агонь у камiне патух, настала ноч.

Калi надышоў новы дзень, я ўжо стаяў каля брамы i назiраў, як ад'язджае Джанатан, паступова знiкаючы ў тумане; так тою ранiцай у Вiшнёвай Далiне паўсюдна слаўся туман. Паверце мне, калi Джанатан пачаў аддаляцца, а потым i зусiм знiк удалечынi, сэрца ў мяне гатова было разарвацца. Я застаўся адзiн. Гэта было невыносна. Ад гора я проста трацiў розум. Тады я кiнуўся ў стайню, адвязаў Ф'ялара, ускочыў у сядло i паскакаў наўздагон за братам. Мне трэба было ўбачыць яго яшчэ раз, перш чым згубiць назаўсёды.

Я ведаў, што Джанатан збiраўся наведацца ў Сядзiбу Цюльпанаў, каб атрымаць указаннi ад Сафii, таму я скiраваў каня менавiта туды. Я iмчаўся наўскач i дагнаў яго ўжо каля самай Сядзiбы Цюльпанаў. Мне раптам стала сорамна, i я ўжо вырашыў схавацца, але Джанатан азiрнуўся i ўбачыў мяне.

— Чаго ты хочаш? — строга запытаў ён.

Сапраўды, чаго я хацеў?

— А ты ўпэўнены, што вернешся? — прамармытаў я. Гэта было ўсё, што я мог сказаць.

Пэўны час мы ехалi поплеч, потым спынiлiся, Джанатан выцер з маёй шчакi слёзы i сказаў:

— Не плач, Сухарык. Мы сустрэнемся зноў — я абяцаю табе. Але гэта будзе не тут, гэта будзе ў Наджылiме...

— У Наджылiме? — перапытаў я. — А што гэта такое?

— Я раскажу табе пра гэта як-небудзь iншым разам.

Цяжка апiсаць, як я сумаваў у тыя днi, калi быў адзiн у Сядзiбе Рыцараў, i як марудна цягнулiся днi. Вядома, я даглядаў сваю жывёлу. Я падоўгу затрымлiваўся ў стайнi каля Ф'ялара, а потым iшоў да трусоў i доўга размаўляў з iмi. Калi-нiкалi лавiў рыбу, вучыўся паляваць з лукам i стрэламi, але без Джанатана ўсё здавалася мне бессэнсоўным. Сафiя прыносiла мне ежу, i зноў мы гаварылi пра Джанатана. Я ўсё спадзяваўся, што яна скажа: "Ён хутка вернецца", але яна маўчала. Вельмi хацелася запытацца ў яе, чаму яна сама не пайшла выбаўляць Орвара, замест таго каб пасылаць Джанатана. Але што пытацца — я ж ведаў прычыну сам.

Як расказваў мне калiсьцi Джанатан, Тэнджыл ненавiдзеў Сафiю.

— Сафiя ў Вiшнёвай Далiне i Орвар у Далiне Дзiкай Ружы — яго самыя заклятыя ворагi, i, будзь упэўнены, ён цудоўна гэта ведае.

— Ён трымае Орвара ў пячоры Катлы, i яму хацелася б кiнуць туды i Сафiю, каб яны абое загiнулi там. Гэты нягоднiк паабяцаў пятнаццаць белых коней таму, хто выдасць Сафiю, жывую цi мёртвую.

Вядома ж, я разумеў, чаму Сафiя павiнна трымацца як мага далей ад Далiны Дзiкай Ружы i што iменна Джанатан павiнен быў пайсцi туды замест яе. Яны думалi, што Тэнджыл нiчога не ведаў пра яго, цi, прынамсi, спадзявалiся на гэта. Але ж быў нехта, хто здагадаўся, што Джанатан не проста хлопчык-садоўнiк: гэта быў чалавек, якi таемна прыходзiў да нас ноччу, чалавек, якога я паспеў убачыць каля шафы. I гэта вельмi непакоiла Сафiю.

— Той чалавек ведае занадта многа, — сказала яна.

Яна папрасiла неадкладна паведамiць ёй, калi хто-небудзь яшчэ раз суне нос на Сядзiбу Рыцараў. Я сказаў, што чужому не будзе чаго рабiць каля нашай шафы, таму што ўсе тайныя паперы мы перахавалi ў iншае месца, у табакерку, якую паклалi на самае дно меха з аўсом. Сафiя дастала яе i паклала туды яшчэ штосьцi.

— Беражы гэта, я ведаю, што гэта не так проста, але ты абавязаны ўсё зберагчы.

Асаблiва не па сабе мне было вечарамi i ноччу. Мне снiлiся жахлiвыя сны пра Джанатана, i калi я прачынаўся, мяне ахоплiваў непакой.

Аднойчы ўвечары я паехаў да "Залатога Пеўнiка". Мне проста немагчыма было сядзець дома ў Сядзiбе Рыцараў, дзе так цiха, што, здавалася, можна пачуць мае думкi, а яны былi не з тых, што падымаюць дух.

Калi я ўвайшоў, усе здзiўлена паглядзелi на мяне, менавiта здзiўлена, таму што я быў адзiн, без Джанатана.

— Вось гэта навiна! — усклiкнуў Джосi. — З'яўляецца толькi палова братоў Львiнае Сэрца! Дзе ж ты дзеў Джанатана?

На гэта пытанне адказаць было няпроста. Я памятаў, наконт чаго мяне папярэджвалi i пераконвалi Сафiя з братам: што б нi здарылася, нiкому не гаварыць, штб рабiў Джанатан i куды ён пайшоў. Нiводнай жывой душы! Не ведаючы, што адказаць, я рабiў выгляд, што не пачуў пытання. Але тут сядзеў i Губерт, яго таксама вельмi цiкавiла, дзе мой брат.

— Дык дзе ж ён? — прагучала пытанне. — Не думаю, каб Сафiя адмовiлася ад свайго садоўнiка.

— Джанатан на паляваннi, — сказаў я першае, што прыйшло ў галаву. — Ён у гарах, палюе на ваўкоў...

Атрымалася даволi ўдала — мае словы былi добрай адчэпкай, бо сапраўды Джанатан неяк гаварыў, што ў гарах паявiлася шмат ваўкоў.

Сафiя ў той вечар не прыйшла, але астатнiя жыхары Вiшнёвай Далiны сабралiся як звычайна. Яны, як заўсёды, спявалi песнi i весялiлiся. Толькi я не спяваў разам з усiмi, без Джанатана мне ўсё было не так, i з гэтай прычыны не хацелася тут доўга заставацца.

— Не будзь такiм сумным, Карл Львiнае Сэрца, — падбадзёрыў мяне Джосi, калi я выходзiў. — Джанатан хутка закончыць сваё паляванне i вернецца дадому.

О, як я быў удзячны яму за гэтыя словы! Ён па-сяброўску паляпаў мяне па плячы i даў з сабой некалькi смачных пiрожных.

— Можаш паласавацца, пакуль вернецца Джанатан, — сказаў ён.

Ён быў добры, гэты Залаты Певень. Пасля яго слоў мне нават стала не так самотна.

Я прыехаў дадому, сеў каля агню i пачаў есцi пiрожныя. Хаця ўдзень i стаяла цёплае вясновае надвор'е, аднак тоўстыя сцены нашага дома яшчэ не прагрэлiся.

У пасцелi было зябка, але неўзабаве я заснуў. У сне ўбачыў Джанатана, але сон быў такi жахлiвы, што я мiжволi прачнуўся.

— Зараз, зараз, Джанатан! — закрычаў я. — Я iду! — У цемры, якая шчыльнай сцяной акружала мяне, я выскачыў з пасцелi. Мне чуўся роспачны крык, крычаў Джанатан! Ён клiкаў мяне, яму патрэбна была мая дапамога. Я зразумеў гэта. Мне хацелася кiнуцца тут жа ў цемру, каб прыйсцi яму на дапамогу, дзе б ён нi быў. Але я разумеў, што гэта немагчыма. Што я мог зрабiць? Не было, пэўна, чалавека больш бездапаможнага, чым я. Мне нiчога не заставалася, як залезцi зноў у пасцель i ляжаць, трасучыся ад страху i адзiноцтва.

Але тым не менш настала ранiца, i пачаўся сонечны, ясны дзень. Цяпер, вядома, было цяжэй падрабязна ўспомнiць, якi страшны быў мой сон, але тое, што Джанатан клiкаў на дапамогу, я не мог забыць. Мой брат клiкаў мяне, дык цi ж я не павiнен быў хоць паспрабаваць памагчы яму?

Гадзiнамi я сядзеў каля маiх трусоў i думаў, што я павiнен зрабiць. Параiцца не было з кiм, не было ў каго спытаць. Трэба было штосьцi вырашаць самому. Я не мог пайсцi да Сафii, таму што яна спынiла б мяне. Яна нiколi не дазволiла б мне, яна была разумнай жанчынай, а тое, што надумаў я, было справай не вельмi разумнай i бяспечнай. Нават вельмi небяспечнай, а я не быў такi смелы.

Не ведаю, колькi я сядзеў, прытулiўшыся да сцяны стайнi i вырываючы траву. Неўзабаве вакол мяне не засталося нiводнай травiнкi. Мiналi гадзiны, i раптам мне прыгадалася, як Джанатан гаварыў, што не трэба баяцца здзяйсняць небяспечныя ўчынкi, iнакш ты не можаш называцца чалавекам, а будзеш проста маленькай дрэнню.

I вось, я рашыўся. Я так ляпнуў кулаком па клетцы з трусамi, што яны падскочылi. Каб быць больш упэўненым у сабе, я сказаў уголас:

— Я зраблю гэта! Я зраблю гэта! Я не маленькая дрэнь!

I калi я рашыўся, стала так лёгка на душы!

— Я ведаю, што мая праўда, — сказаў я трусам, таму што больш не было каму гэта сказаць.

Цяпер яны здзiчэюць. Я выцягнуў iх з клеткi, узяў на рукi, вынес за браму сядзiбы i паказаў iм на Вiшнёвую Далiну.

— Уся Далiна поўная травы, — сказаў я iм. — Тут бегае шмат вольных трусоў, з якiмi вы зможаце падружыцца. Думаю, тут будзе значна весялей, чым у клетцы, але бойцеся лiсы i Губерта.

Трое з iх, здавалася, былi крыху здзiўлены, а астатнiя скакалi вакол, быццам не верачы, што гэта было праўдай. Потым яны паскакалi прэч i знiклi сярод зялёных валатовак.

Я заспяшаўся дахаты, каб сабрацца. Я ўзяў коўдру, каб загарнуцца нанач, крэсiва, каб развесцi агонь, кашолку з аўсом для Ф'ялара, сумку з прадуктамi для мяне. Хаця ў мяне, акрамя хлеба, нiчога не было, але гэта быў добры хлеб, хлеб, якi спякла Сафiя. Я напакаваў хлебам сумку да самага верху. Бо я буду ў дарозе доўга, i калi хлеб скончыцца, мне давядзецца есцi траву, як трусам.

Сафiя абяцала прынесцi на наступны дзень супу, але да таго часу я буду ўжо далёка. Бедная Сафiя, ёй давядзецца самой есцi свой суп, але мне так не хацелася, каб яна здагадалася, куды я пайшоў. Яна, вядома, даведаецца, але даведаецца надта позна, каб спынiць мяне.

Я ўзяў кавалачак вугалю з камiна i напiсаў вялiкiмi лiтарамi на сцяне кухнi:

"Хтосьцi паклiкаў мяне ў сне, i я пайшоў, каб знайсцi яго далёка-далёка за гарамi".

Я напiсаў гэта так смешна, каб, акрамя Сафii, калi хто прыйдзе вынюхваць штосьцi ў Сядзiбе Рыцараў, нiчога не зразумеў. "Ён", па ўсёй верагоднасцi, падумае, што я паспрабаваў напiсаць верш цi штосьцi такое. Але Сафiя адразу здагадаецца, што я меў на ўвазе: я паехаў шукаць Джанатана.

Я быў рады, што ўпершыню адчуў сябе дужым i смелым, i спяваў самому сабе:

— Хтосьцi паклiкаў мяне ў сне, i я пайшоў, каб знайсцi яго далёка-далёка за гарамi... — Ах, як хораша гэта гучала. Трэба будзе расказаць Джанатану пра мае спевы, калi я яго знайду.

"Калi я знайду яго, — падумаў я. — А калi не..."

Уся мая смеласць тут жа пакiнула мяне. Я зноў стаў маленькiм палахлiўцам, якiм быў заўсёды. Але тут жа пайшоў шукаць Ф'ялара. Я павiнен быў зараз жа знайсцi яго. Калi ён быў побач са мной, я не так баяўся. Колькi я прыходзiў да яго ў стойла, калi мне было цяжка ў адзiноцтве? Колькi разоў мяне супакойвала толькi тое, што я глядзеў у яго разумныя вочы i адчуваў, што ён быў цёплы, а нос яго мяккi? Калi б не Ф'ялар, я, напэўна, не змог бы жыць адзiн увесь гэты час без Джанатана.

Я пабег да стайнi.

Ф'ялар быў там не адзiн. Каля яго стаяў Губерт. Так, ён стаяў, лёгка паляпваючы каня па загрыўку i ўсмiхаючыся.

Сэрца пачало глуха калацiцца.

"Вось хто здраднiк", — падумаў я. Мне здалося, што адчуваю гэта даўно, але зараз быў упэўнены. Губерт быў здраднiкам. Iнакш чаго ён прыйшоў сюды, калi не шпiёнiць? "Гэты чалавек ведае надта многа", — сказала пра яго Сафiя.

I сапраўды, ён шмат чаго ведае. I ў гэтым цяпер я быў перакананы.

Ну, але што ён ведаў? Цi ведаў ён усё? Цi ведаў, што мы схавалi ў мяшку з аўсом? Я стараўся не паказаць, як я напалохаўся.

— Што ты тут робiш? — запытаўся я як мага спакайней. — Што ты хочаш ад Ф'ялара?

— Нiчога, — адказаў Губерт, — я прыйшоў да цябе, калi пачуў iржанне каня, я люблю коней. Твой Ф'ялар цудоўны...

"Мяне ты не абдурыш", — падумаў я i сказаў:

— А што ты хочаш ад мяне?

— Аддаць табе вось гэта, — Губерт працягнуў мне штосьцi, загорнутае ў кавалак белай тканiны. — Ты выглядаў такiм сумным i галодным, i мне здалося, што, пакуль Джанатан палюе, табе не хапае ежы.

Я не ведаў нi што рабiць, нi што сказаць. Я прамармытаў словы ўдзячнасцi. Але цi ж мог я ўзяць ежу ў здраднiка? Цi, можа, трэба ўзяць? Я памацаў пакунак i здагадаўся, што ён прынёс загорнуты вялiзны кавалак вэнджанай баранiны. Ад яго разлiваўся смачны пах. Я ўжо адчуваў, як зубы мае ўпiваюцца ў мяса, хоць ведаў, што трэба вярнуць гэтае мяса i паслаць прэч таго, хто мне яго даў.

Але я гэтага не зрабiў. Займацца здраднiкамi павiнна Сафiя. Мне трэба было прыкiнуцца, што я нiчога не ведаю i нiчога не разумею. Дый што казаць, мне вельмi хацелася мяса, якое было б вельмi дарэчы ў маiм доўгiм паходзе.

Губерт усё яшчэ стаяў каля Ф'ялара.

— У цябе сапраўды цудоўны конь, як i мая Бленда.

— Бленда белая, — заўважыў я. — Ты любiш белых коней?

— Так, я вельмi люблю белых коней, — адказаў Губерт.

"Потым табе захочацца мець пятнаццаць такiх коней, цi не так?" — падумаў я, але прамаўчаў. Раптам чую, як Губерт прапануе штосьцi жахлiвае:

— Давай дадзiм Ф'ялару крыху аўса? Яму ж таксама хочацца чаго-небудзь смачнага?

Я не мог яго спынiць. Ён адразу пайшоў да меха з аўсом i ўзяў шуфлiк, якi ляжаў зверху. Я ажно заплюшчыў вочы, каб не бачыць, як ён дастае шуфлiкам табакерку. Але Губерт раптам ускрыкнуў, i я адкрыў вочы: з зерня на край мяшка выскачыў невялiкi пацук. Губерт паспрабаваў злавiць яго, але той саскочыў унiз, шмыгнуў да дзвярэй стойла i знiк у адной з норак.

— От, нягоднiк, укусiў за палец, — сказаў Губерт. Ён стаяў i разглядваў свой палец, а я выкарыстаў гэты момант — сам хуценька напоўнiў шуфлiк аўсом i перад самым носам Губерта закрыў зерне.

— Ф'ялар будзе вельмi задаволены, — сказаў я. — Ён прывык есцi авёс у гэты час.

"А табе няма чаго радавацца", — падумаў я ў той момант, як Губерт таропка развiтаўся i, утулiўшы галаву ў плечы, выйшаў са стайнi. На гэты раз яму не ўдалося перахапiць сакрэтныя пасланнi, але было ясна, што трэба шукаць новае сховiшча. Я доўга думаў i нарэшце схаваў табакерку ў склепе з бульбай.

Потым я напiсаў на сцяне новую загадку для Сафii:

"Чырвонай Барадзе неабходны белыя конi, i яна ведае вельмi многа. Будзь пiльнай!"

Больш я нiчога не мог зрабiць для Сафii.

На наступную ранiцу з узыходам сонца, калi ўсе ў Вiшнёвай Далiне яшчэ спалi, я пакiнуў Сядзiбу Рыцараў i пачаў прабiрацца ў горы.

7

Я ехаў i расказваў Ф'ялару, як адчуваю сябе адзiн, зусiм адзiн у гэтым цяжкiм падарожжы па гарах.

— Ты ўяўляеш, што азначае гэта падарожжа для мяне? Май на ўвазе, што я не прывык нiчога рабiць, толькi ляжаў на ложку амаль усё сваё жыццё! Але ты не павiнен думаць, што я хоць на хвiлiну забыў Джанатана. Калi б забыў, то крыкнуў бы так гучна, што рэха раскацiлася б па ўсiх гарах, бо вакол так цудоўна.

Так, было сапраўды цудоўна. Джанатан зразумеў бы мяне. Якiя горы! Проста цяжка паверыць, што iснуюць такiя высокiя горы, такiя маленькiя чыстыя азёрцы, струменiстыя раўчукi i грозныя вадаспады... А якiя далiны, поўныя пахкiх кветак, — i ўсё гэта ў гарах! I тут я, Сухарык, на сваiм канi, i ўсё гэта бачу! Я нават не ўяўляў, што гэта можа быць такiм прыгожым, у мяне нават галава пайшла кругам.

Але паступова ўсё змянiлася. Я знайшоў маленькую сцяжынку, магчыма, тую, пра якую Джанатан мне расказваў. Па ёй можна было дабрацца да Далiны Дзiкай Ружы. Яна пятляла i паварочвала, i неўзабаве я апынуўся на процiлеглым баку палянкi. Горы сталi больш дзiкiмi i пагражальнымi, а сцяжынка ўсё больш небяспечнай. Яна то падымалася ўгору, то апускалася ўнiз, пракладваючы свой шлях памiж скаламi ўздоўж крутых стром, i я думаў, што нiколi не змагу яе пераадолець. Але мой Ф'ялар, пэўна, прывык адольваць такi шлях па небяспечных горных сцяжынках: конь сапраўды быў цудоўны.

За дзень мы вельмi стамiлiся — i я, i мой конь. Я выбраў на зялёнай паляне месца для начлегу: там мог пасвiцца Ф'ялар, недалёка быў ручай, дзе мы абодва маглi напiцца.

Усё сваё жыццё я марыў пасядзець каля вогнiшча. Джанатан часта расказваў мне, як гэта цудоўна. Нарэшце я меў такую магчымасць.

— Зараз, Сухарык, ты зразумееш, што гэта такое, — сказаў я сам сабе ўголас.

Я назбiраў сухога галля, сукоў, скiдаў усё ў вялiкую кучу i запалiў агонь. Агонь хутка разгарэўся, зашугала полымя, у неба ляцелi iскры, а я сядзеў каля вогнiшча i адчуваў, што адбываецца тое, пра што расказваў Джанатан. Было проста цудоўна, калi я заварожана глядзеў на полымя, са смакам еў хлеб з вяндлiнай, i адзiнае, што вяндлiну гэту я атрымаў ад Губерта, вярэдзiла мне душу.

Я быў шчаслiвы i сам сабе напяваў: "Мой хлеб, маё вогнiшча i мой конь, мой хлеб, маё вогнiшча, мой конь". I нi пра што iншае не мог думаць.

Сцямнела. Гор амаль не стала бачна. Мне стала вусцiшна, было непрыемна адчуваць спiной гэтыя горы. Здавалася, што хтосьцi падкрадваецца да мяне ззаду. Але надышоў час класцiся спаць, я прытушыў агонь, сказаў Ф'ялару дабранач, загарнуўся ў коўдру i лёг блiжэй да вогнiшча. Мне хацелася заснуць як мага хутчэй — да таго, як мяне агорне страх.

Так, я сапраўды мог паддацца страху, i вельмi хутка. Не ведаю, цi можа хто-небудзь так хутка палохацца, як я. Думкi блыталiся ў мяне ў галаве. Напэўна ж, хтосьцi хаваецца тут у цемры. Можа, дзесьцi тут, у гарах, сноўдаюцца салдаты i шпiёны Тэнджыла, а Джанатана даўно няма ў жывых. Вось пра што я думаў i не мог заснуць. Потым з-за гор выплыў месяц. Магчыма, гэта быў звычайны месяц, але ён выглядаў як незвычайны. Месячнае святло было нейкае асаблiвае, якога я нiколi не бачыў раней. Але ж я наогул нiколi раней не бачыў месячнага святла над гарамi.

Усё стала такое дзiўнае, як у загадкавым свеце, якi складваўся толькi з серабрыстых i чорных ценяў. У месячным святле ўсё выглядала цудоўна, на душы неяк дзiўна i жахлiва, бо мне здавалася, што цемра хавае ў сабе шмат небяспекi.

Я нацягнуў на галаву коўдру, i мне не хацелася з-пад яе выглядваць. Потым я пачуў, так-так, пачуў далёка ў гарах выццё, паступова яно наблiжалася. Ф'ялар затрывожыўся, i я зразумеў — чаго. Вылi ваўкi.

Кожны на маiм месцы памёр бы ад страху; але калi я заўважыў, як напалохаўся Ф'ялар, то ўсiм сваiм выглядам паспрабаваў падбадзёрыць яго.

— Ф'ялар, ваўкi баяцца агню, цi ж ты не ведаеш? — Папраўдзе, сам я ў гэта не верыў, а ваўкi, магчыма, пра гэта i не ведалi. Цяпер я мог iх бачыць: яны падышлi блiжэй — страшныя шэрыя ценi, якiя выплывалi з месячнага святла, выючы ад голаду.

Я закрычаў так, як не крычаў нiколi раней. Такога нарабiў крыку, што, мабыць, гэта iх крыху напалохала.

Але ненадоўга. Неўзабаве яны вярнулiся, толькi на гэты раз падышлi яшчэ блiжэй. Ф'ялар кiдаўся, спуджаны. Я ўжо быў упэўнены, што мы разам памром — i конь, i я. Мне-то было не прывыкаць да гэтага, аднойчы я памiраў ужо, але тады я хацеў гэтага, тады я нават марыў пра гэта, а цяпер не хачу. Цяпер я хачу жыць i быць з Джанатанам. О Джанатан, калi б ты мог прыйсцi i дапамагчы мне!

Ваўкi падсунулiся яшчэ блiжэй. Самы вялiкi i самы нахабны воўк — вiдаць, важак — кружыў вакол мяне i выў, выў так, што ў мяне кроў стыла ў жылах. Я кiнуў у яго галавешку i гучна закрычаў, але гэта толькi яго раздражнiла. Я ўбачыў адкрытую пашчу i страшэнныя зубы, яны так i нацэлены былi на маё горла. Ой, Джанатан, ратуй, ён скача!..

Але раптам!.. Што ж раптам адбылося? У час свайго скачка ён завiшчаў i павалiўся ля маiх ног. Нежывы, зусiм мёртвы: у яго ў галаве тырчала страла.

Адкуль узялася страла? Хто выратаваў мне жыццё? Вось нехта паказваецца з-за скалы. Ды хто, як не Губерт?! Гэта быў ён, i хаця глядзеў на мяне як заўсёды пагардлiва, мне хацелася кiнуцца да яго, абняць. Але гэта ўпачатку. Толькi ўпачатку.

— Мне здаецца, я прыйшоў своечасова, — сказаў Губерт.

— О, вядома, — усклiкнуў я.

— А чаму ты не дома, у Сядзiбе Рыцараў? — дапытваўся ён.

"А ты?" — падумаў я, добра памятаючы, хто ён такi. Якое ж лiхадзейства было задумана сёння ў гарах? I чаму менавiта здраднiк прыйшоў мне на дапамогу? I чаму Губерту я павiнен быць удзячны, з усiх людзей — менавiта Губерту, не проста за кавалак мяса, а за выратаванне майго жыцця?

— А што ты тут робiш уначы? — запытаў я пахмурна.

— Страляю ваўкоў, як бачыш. Наогул, я ўбачыў цябе, калi ты ранiцай ад'язджаў, i падумаў, што, можа, мне варта паехаць за табой, каб не здарылася чаго кепскага.

"Ты лжэш, — падумаў я. — Рана цi позна табе прыйдзецца мець справу з Сафiяй, i тады ўжо я табе не пазайздрошчу".

— А дзе твой брат Джанатан? — зацiкавiўся Губерт.

— Таксама паехаў паляваць i павiнен забiць некалькi ваўкоў.

Я азiрнуўся. Ваўкi знiклi. Усе да аднаго. Магчыма, яны спалохалiся, калi важак звалiўся мёртвым, а цяпер, мабыць, плачуць па iм: удалечынi чулася iх выццё.

— Дык дзе ж Джанатан? — настойваў Губерт.

Мне зноў прыйшлося хлусiць.

— Павiнен хутка прыехаць, — адказаў я. — Ён паехаў за той воўчай зграяй.

Губерт ухмыльнуўся: ён не верыў мне, я гэта добра бачыў.

— Можа, табе ўсё-такi варта паехаць са мной у Вiшнёвую Далiну? прапанаваў ён.

— Не, я павiнен пачакаць Джанатана, ён будзе з хвiлiны на хвiлiну.

— Та-ак... та-ак, — прамовiў Губерт, дзiўна пазiраючы на мяне, а потым выцягнуў з-за пояса нож, i ў мяне вырваўся крык. Што ён збiраецца рабiць! Калi я ўбачыў у святле месяца яго перад сабой з нажом у руцэ, дык спалохаўся больш, чым ад усiх ваўкоў у гарах, разам узятых.

"Ён хоча забiць мяне, — мiльганула ў маёй галаве. — Ён здагадваецца, што я ведаю, што ён здраднiк, таму i сачыў за мной, таму i хоча забiць мяне". Мяне пачало трэсцi ад страху: вось такi я быў смелы.

— Не рабi гэтага, — закрычаў я, — не рабi гэтага!..

— Што не рабiць? — недаўменна спытаў Губерт.

— Не забiвай мяне, — малiў я.

Губерт пабялеў ад злосцi, падскочыў да мяне так блiзка, што я ледзь не павалiўся.

— Ты, маленькi мярзотнiк, што ты гаворыш? — Ён схапiў мяне за валасы i пачаў тузаць. — Ты, дурань, — казаў ён. — Калi б я хацеў бачыць цябе мёртвым, я даверыў бы гэтую справу ваўкам.

Ён пакруцiў у мяне перад носам нажом, i я заўважыў, што гэта вельмi востры нож.

— Мне ён патрэбны, каб здзiраць з ваўкоў шкуру, а не забiваць дурненькiх хлопчыкаў.

I я атрымаў ад яго такога выспятка, што ажно заараў носам зямлю. А ён, лаячыся, пачаў здзiраць з ваўка шкуру.

Я заспяшаўся асядлаць Ф'ялара, бо хацелася з'ехаць адсюль як мага хутчэй, — ох, як мне хацелася хутчэй выбрацца адсюль!

— Куды гэта ты выпраўляешся? — злосна закрычаў Губерт.

— Хачу сустрэць Джанатана, — адказаў я. I адчуў, якiм вартым жалю i спалоханым быў мой голас.

— Ну i едзь, дурань, — крыкнуў Губерт. — Едзь i прападзi, больш я цябе ратаваць не буду.

Але я ўжо скакаў прэч i не звяртаў нiякай увагi на яго словы.

Перада мной у святле месяца пачала праглядвацца сцяжынка ў глыбiню гор. Мяккае святло месяца залiвала наваколле, i я ўсё добра бачыў. Якое шчасце! Iначай я заблудзiўся б. Я скакаў, нiбы ў сне, па краi цяснiны, з другога боку ўзвышалiся стромы скал, ад якiх кружылася галава. Як страшна i як прыгожа гэта было! "Гэта карцiна ў месячным святле можа iснаваць толькi ў нейкiм фантастычным сне", — падумаў я i звярнуўся да Ф'ялара:

— Як ты лiчыш, Ф'ялар, хто бачыць гэты сон? Я цi не я? Не, мабыць, нехта iншы, хто здольны выдумваць такое неймаверна жахлiвае i прыгожае ў той жа час.

Я так стамiўся i так хацеў спаць, што ледзьве трымаўся ў сядле. Мне проста неабходна было адпачыць. Толькi дзе?

— Лепш бы там, дзе няма ваўкоў, — сказаў я Ф'ялару, i, здаецца, ён пагадзiўся з гэтым.

Хто праклаў горныя сцежкi памiж далiнамi Наджыялы? Хто прыдумаў, каб гэтая сцежка ў Далiну Дзiкай Ружы была такая — каб яна круцiлася петлямi памiж гэтымi скалiстымi выступамi, над прорвамi гэтых страшэнных цяснiн? Я ведаў, што калi Ф'ялар спатыкнецца, то мы паляцiм у бездань i нiхто на свеце нiколi не будзе ведаць, што здарылася з Карлам Львiнае Сэрца i яго канём.

Станавiлася ўсё страшней i страшней. Урэшце я нават заплюшчыў вочы, каб не бачыць, калi давядзецца падаць у цяснiну.

Але мой Ф'ялар не спатыкнуўся. Калi я нарэшце адважыўся адкрыць вочы, мы апынулiся на выступе, цудоўным зялёным выступе, з аднаго боку якога былi высокiя зялёныя горы, а з другога — прорва.

— Вось гэта якраз тое месца, што нам патрэбна, Ф'ялар, тут нам не страшныя нiякiя ваўкi.

Гэта было сапраўды так. Нiводзiн воўк не змог бы спусцiцца сюды са стромых скал — яны былi вельмi высокiя. I нiводзiн воўк не змог бы выбрацца з прорвы, бо адхоны былi надта крутыя.

Калi б воўк i з'явiўся тут, то яму давялося б прайсцi тым жа шляхам, як i нам, уздоўж прорвы па гэтай праклятай сцяжыне. Але яны не настолькi лоўкiя.

Потым я ўбачыў сапраўды штосьцi цiкавае. Проста ў гары была глыбокая шчылiна, дакладней, пячора, над якой агромнiстыя камянi ўтваралi дах. Вось дзе можна будзе спакойна адпачыць.

Хтосьцi ўжо спыняўся тут да мяне, бо на зямлi засталiся рэшткi ад вогнiшча. Мне хацелася распалiць агонь, але ўжо не было сiлы. Адзiнае, на што я быў здольны, гэта спаць. Я ўзяў Ф'ялара за павады i ўвёў у пячору. Яна была глыбокая, i я сказаў Ф'ялару:

— Заходзь, заходзь... Тут хопiць месца i для пятнаццацi такiх, як ты. Ф'ялар у адказ цiха заржаў: магчыма, ён засумаваў па сваёй стайнi. Я папрасiў у яго прабачэння за тое, што ўцягнуў у гэта непрыемнае падарожжа, даў яму аўса i пажадаў добрай ночы. А сам загарнуўся ў коўдру, лёг у самы дальнi вугал пячоры з жаданнем хутчэй заснуць, каб чаго-небудзь не напалохацца яшчэ раз.

Не ведаю, цi доўга я спаў, але раптам адчуў, што прачнуўся i сеў, бо ля ўвахода ў пячору чулiся галасы, фырканне коней.

Гэтага было дастаткова. Жах ахапiў мяне зноў. Хто ведае, можа, гэтыя людзi яшчэ больш небяспечныя, чым ваўкi?

— Заганiце коней у пячору, i ў нас будзе вальней, — пачуў я, i неўзабаве ў пячоры паявiлася пара коней. Убачыўшы Ф'ялара, яны заржалi, Ф'ялар заржаў у адказ. Потым конi суцiшылiся, пэўна, пасябравалi ў цемнаце. Людзi звонку, вiдаць, не зразумелi, што ржаў староннi конь, i спакойна размаўлялi.

Чаго яны з'явiлiся тут? Хто гэтыя людзi? Што iм трэба высока ў гарах ды яшчэ ўначы? Я быў так напалоханы, што ў мяне зуб на зуб не трапляў. Мне захацелася быць адсюль як мага далей. Але я быў тут. I са мной зусiм побач знаходзiлiся людзi, якiя маглi быць i сябрамi, i ворагамi, i мне неабходна было высветлiць, хто яны, як бы напалоханы я нi быў. Я асцярожна папоўз на галасы. Месяц свяцiў якраз над уваходам у пячору i крыху асвятляў тое месца, дзе я хаваўся. Павольна прасоўваючыся наперад, я iмкнуўся трымацца ў цемрыве.

Перад кучай ламачча, спрабуючы распалiць вогнiшча, сядзелi два чалавекi ў чорных шлемах, грубыя твары якiх асвятляў месяц. Упершыню я ўбачыў салдат Тэнджыла, i я ведаў, што гэта менавiта яны, жорсткiя, бессардэчныя людзi, якiя служаць Тэнджылу, каб знiшчыць зялёныя далiны Наджыялы. Я не хацеў трапляць iм у рукi. Няхай лепш парве мяне воўк.

Размаўлялi яны цiха, але ў цемрыве я падпоўз даволi блiзка да iх i чуў кожнае слова. Было падобна, што яны на кагосьцi злавалi, бо адзiн з iх з пагрозай сказаў: "Я адрэжу яму вушы, калi ён зноў не прыйдзе своечасова!" "Так, яго трэба правучыць, — абазваўся другi. — Мы павiнны сядзець тут дарэмна ноч за ноччу. Тады якая ад яго карысць? Забiваць паштовых галубоў? Гэта нядрэнна, але Тэнджыл жадаў бы большага. Ён жадаў бы кiнуць Сафiю ў Катлiну пячору, дык калi гэты чалавек не пасобiць узяць яе, то яму будзе дрэнна".

I тут я зразумеў, што чалавек, пра якога яны гавораць i якога яны чакаюць, — не хто iншы, як Губерт.

"Не хвалюйцеся, — падумаў я, — набярыцеся цярпення, пакуль ён злупiць з ваўка шкуру. Ён хутка з'явiцца тут — чалавек, якi дапаможа вам узяць Сафiю".

Я гарэў ад сораму. Мне было сорамна, што ў нас, у Вiшнёвай Далiне, быў здраднiк. Дзiўна, але я хацеў, каб ён прыйшоў, тады ў мяне быў бы доказ. Адна справа — падазраваць каго-небудзь i зусiм iншая — пераканана сказаць Сафii: "Гэта — Губерт. Пазбаўся ад яго, iнакш i табе, i Вiшнёвай Далiне прыйдзе канец".

Страшна было чакаць яго. Здраднiк — гэта штосьцi жахлiвае. Я адчуваў гэта ўсiм сваiм целам. Я амаль перастаў баяцца людзей ля вогнiшча ад таго, што хутка ўбачу, як з-за скалы на сцяжынку выходзiць здраднiк. Мяне агарнуў жах, што хутка ўбачу здраднiка, i ў той жа час да болю ў вачах глядзеў на тое месца, адкуль ён павiнен паявiцца.

Тыя двое ля вогнiшча глядзелi ў той бок, яны таксама ведалi, адкуль ён павiнен з'явiцца, але нiхто з нас не ведаў — калi.

Мы чакалi. Яны чакалi ля вогнiшча, а я — у сваiм сховiшчы. Ужо i месяц не асвятляў уваход у пячору, а час, здавалася, застыў на месцы. Нiчога не адбывалася, мы проста чакалi, ажно мне захацелася ў нейкi момант скочыць i закрычаць, каб пакласцi ўсяму канец. Здавалася, што ўсё чакае: месяц, горы вакол, як быццам уся месячная ноч стаiла дыханне, чакала здраднiка. Нарэшце ён паявiўся. Па сцяжынцы, залiтай месячным святлом, здаля наблiжаўся коннiк. Ён ехаў менавiта з таго боку, адкуль яго чакалi. Убачыўшы яго, я закалацiўся ўсiм целам: "Губерт, як ты мог..."

У мяне ажно пачалi вочы балець ад доўгага ўзiрання, i я заплюшчыў iх. А магчыма, я заплюшчыўся, каб нiчога не бачыць. Так доўга чакаў гэтага недавярка, а цяпер, калi ён прыйшоў, я адчуў, што проста не магу глядзець на яго. Я заплюшчыў вочы i толькi па стуку капытоў разумеў, што ён наблiжаецца.

Нарэшце ён пад'ехаў, спынiў каня. Тады я адкрыў вочы, каб паглядзець, як выглядае здраднiк, бо ён здрадзiў такiм жа, як сам. Так, я хацеў бачыць Губерта, якi прыйшоў, каб здрадзiць Вiшнёвай Далiне i ўсiм, хто там жыве.

Але гэта быў не Губерт. Гэта быў Джосi! Залаты Певень...

8

Джосi i нiхто iншы!

Мне спатрэбiлася iмгненне цi крыху больш, каб апамятацца. Джосi — чалавек, якi заўсёды быў такi добры i такi лагодны, якi частаваў мяне пiрожнымi, якi супакойваў мяне, калi я сумаваў, — i ён быў здраднiкам Вiшнёвай Далiны.

I вось ён тут, сядзiць ля вогнiшча. Зусiм недалёка ад мяне, разам з салдатамi Тэнджыла — Ведэрам i Кадэрам, як ён назваў iх, i тлумачыў, чаму не прыйшоў раней.

— Губерт палюе на ваўкоў у гарах, i я не хацеў трапляць яму на вочы.

Ведэр i Кадэр па-ранейшаму пахмурна маўчалi, а Джосi працягваў:

— Вы, напэўна, не забылi Губерта, яго таксама неабходна кiнуць у пячору Катлы, ён таксама ненавiдзiць Тэнджыла.

— Што ж, зрабi што-небудзь, — падаў голас Ведэр.

— Бо гэта ж ты наш чалавек у Вiшнёвай Далiне, хiба не? — напомнiў Кадэр.

— Так, так, — адказаў Джосi.

Ён увесь час падлiзваўся, унiжаўся, але Ведэр i Кадэр не любiлi яго, я зразумеў гэта адразу. Мне здаецца, нiхто не любiць здраднiкаў, нават тыя, хто iх выкарыстоўвае.

Вушы яму пакiнулi, не адрэзалi. Яны зрабiлi iншае: паставiлi кляймо Катлы.

— Усе людзi Тэнджыла павiнны насiць гэта кляймо, нават такiя здраднiкi, як ты, — сказаў Ведэр. — Гэта для таго, каб ты мог паказаць яго, калi хто-небудзь з нашых, хто не ведае цябе, прыйдзе ў Вiшнёвую Далiну.

— Так, так, — згадзiўся Джосi.

Яны загадалi яму расшпiлiць кашулю i жалезам, нагрэтым на вогнiшчы, паставiлi на грудзях кляймо Катлы.

Джосi, калi да яго датыкнулiся нагрэтым да чырванi жалезам, войкнуў.

— Цярпi, — сказаў Кадэр. — Ведай, што цяпер ты навечна адзiн з нас, хоць ты i здраднiк.

З усiх начэй майго жыцця гэта, напэўна, была самая доўгая i самая цяжкая. Прынамсi, з таго часу, як я прыйшоў у Наджыялу, i самае горшае з усяго гэтага было тое, што мне давялося слухаць выхваляннi Джосi, як ён надумаў знiшчыць Вiшнёвую Далiну.

Джосi запэўнiваў, што хутка ён зловiць i Сафiю, i Губерта.

— Але ўсё гэта павiнна быць зроблена так, каб нiкому i ў галаву не прыйшло, хто стаiць за ўсiм гэтым. Iнакш як я надалей змагу быць вашым тайным чалавекам у Вiшнёвай Далiне.

"Ты ўжо не будзеш iм, — падумаў я. — Таму што тут ёсць нехта, хто выкрые цябе, так што ты збялееш, чырванашчокi здраднiк".

Потым ён сказаў такое, ад чаго маё сэрца зайшлося:

— Вы яшчэ не злавiлi Джанатана Львiнае Сэрца? Ён усё яшчэ на волi ў Далiне Дзiкай Ружы?

Я зразумеў, што Ведэру i Кадэру не спадабалася пытанне.

— Мы iдзём па следзе, — сказаў Ведэр. — Добрая сотня чалавек шукаюць яго днём i ноччу.

— I мы знойдзем яго, нават калi б нам выпала абшукаць кожны дом у Далiне Дзiкай Ружы, — дадаў Кадэр. — Тэнджыл чакае яго.

— Што ж, мне гэта зразумела, — азваўся Джосi. — Гэты Львiнае Сэрца больш небяспечны, чым хто iншы, гэта я вам кажу. Ён сапраўдны леў.

Я быў вельмi горды, што Джанатана назвалi сапраўдным iльвом, i я адчуў вялiкую палёгку, даведаўшыся, што ён жывы. Але мяне душыў гнеў, калi я думаў аб тым, што зрабiў Джосi. Ён здрадзiў Джанатану. Толькi Джосi мог даведацца пра тайную паездку Джанатана ў Далiну Дзiкай Ружы i паслаць паведамленне Тэнджылу. Гэта была iменна яго вiна, што сотня чалавек днём i ноччу высочвае майго брата i, калi знойдзе, аддасць яго ў рукi Тэнджыла.

Але пакуль Джанатан жывы. Уявiце сабе, ён жывы! Ён на волi, але чамусьцi мне саснiлася, што брат клiча мяне на дапамогу. Так, я ляжаў i думаў, спадзеючыся даведацца, што адбылося на самай справе.

Хаця я ўжо даведаўся пра вельмi многае, падслухоўваючы Джосi.

— А што датычыць Губерта, то ён проста зайздросцiць Сафii, што мы выбралi яе галоўнай у нашай Вiшнёвай Далiне, — сказаў Джосi. — А Губерту здаецца, што ён лепшы за ўсiх.

Ага, вось у чым справа. Я прыгадаў, якi злы быў Губерт, калi кiнуў: "Ну што асаблiвага ў гэтай Сафii". Значыць, ён проста зайздросцiў ёй i нiчога iншага тут не было. Можна каму-небудзь зайздросцiць i заставацца прыстойным чалавекам. А я ўбiў сабе ў галаву з самага пачатку, што Губерт — здраднiк у Вiшнёвай Далiне. I ўсё, што ён рабiў i гаварыў, усё было дрэнна. Вось бачыце, як лёгка дрэнна думаць пра людзей. Бедны Губерт, ён апякаў мяне, выратаваў мне жыццё, даў мне вяндлiны, а ва ўдзячнасць я толькi крыкнуў яму: "Не забiвай мяне!" Не дзiўна, што ён раззлаваўся. "Даруй мне, Губерт, — падумаў я, даруй!.." Абавязкова я скажу гэта яму сам, калi сустрэну зноў.

Джосi адчуваў сябе ўжо больш упэўнена, i было бачна, што яму падабаецца сядзець тут, але, вiдаць, кляймо Катлы зрэдку давала аб сабе знаць, бо ён пацiху стагнаў, i кожны раз Кадэр гаварыў:

— Так табе i трэба.

Мне хацелася зiрнуць, як выглядае гэтае кляймо. Мусiць, вiдовiшча мала прыемнае, таму добра, што я яго i не бачыў.

А Джосi ўсё хвалiўся i хвалiўся тым, што ён ужо зрабiў, i тым, што збiраўся зрабiць. Потым кажа:

— У Львiнага Сэрца ёсць маленькi брат, якога ён любiць больш за ўсiх на свеце.

Я ажно застагнаў, так хацелася ўбачыць Джанатана.

— Мы маглi б выкарыстоўваць гэтага маленькага чарцяку як прынаду, каб злавiць на кручок Сафiю, — сказаў Джосi.

— Ты, ёлупень, чаму не гаварыў нам пра гэта раней? — папракнуў Кадэр. Вядома, можна было б выкарыстаць брата, каб выманiць Львiнае Сэрца з яго сховiшча. Бо дзе б ён нi хаваўся, ён абавязкова б даведаўся, што мы схапiлi яго брата.

— Гэта прымусiць яго з'явiцца, — сказаў Ведэр. — Маўляў, вызвалiце майго брата i забярыце мяне замест яго. Ён будзе вымушаны сказаць iменна так, калi ён сапраўды непакоiцца пра свайго брата i хоча абаранiць яго.

Мне стала так страшна, што я нават не мог больш плакаць. Джосi надзьмуўся i пачаў хвалiцца далей:

— Усё гэта я ўладкую, як толькi вярнуся дадому, я сам магу заманiць маленькага Карла Львiнае Сэрца ў пастку. Гэта будзе не вельмi цяжка. Я змагу гэта зрабiць з дапамогай некалькiх пiрожных. А потым можна будзе i Сафiю заманiць, каб яна ратавала яго.

— А цi не здаецца табе, што Сафiя для цябе занадта разумная? — з'едлiва запытаў Кадэр. — Думаеш, так лёгка яе абмануць?

— Я ўпэўнены, — адказаў Джосi. — Яна нават не здагадаецца, хто гэта зрабiў. Яна давярае мне.

Ён быў так задаволены сабой, што ажно зарагатаў.

— I тады ў вас будуць абое — i яна, i малы Львiнае Сэрца. А што мне за гэта? Колькi коней дасць мне Тэнджыл, калi захопiць Вiшнёвую Далiну?

"А гэта мы яшчэ пабачым, — падумаў я. — Эх, Джосi, дык ты збiраешся дадому, каб заманiць Карла Львiнае Сэрца ў пастку? Ну, а калi яго ўжо няма ў Вiшнёвай Далiне, што ты тады будзеш рабiць?"

Пры ўсiм маiм жахлiвым становiшчы думка пра тое, як разгубiцца Джосi, калi высветлiць, што я знiк, падбадзёрыла мяне.

А Джосi ўсё распавядаў:

— Гэты малодшы Львiнае Сэрца — неблагi хлопчык, але якi ён леў? Гэта хутчэй напалоханае цяля. Яму больш падыходзiла б iмя Заечае Сэрца...

Я i сам ведаў, што не надта смелы i што наўрад цi можна па праву называць мяне Львiным Сэрцам, як Джанатана. Але ўсё-такi было вельмi прыкра чуць гэта ад Джосi. Мне стала сорамна, i я падумаў, што павiнен, абавязкова павiнен стаць больш смелым, але, вядома, не зараз, калi мне так страшна.

Нарэшце Джосi змоўк i ўжо не хвалiўся сваiмi здраднiцкiмi планамi.

— Я павiнен быць дома да ўсходу сонца, — сказаў ён, устаючы.

А салдаты працягвалi настройваць яго да самага апошняга моманту.

— Ты абавязкова павiнен штосьцi зрабiць з Сафiяй i з тым малым брацiкам, загадаў Ведэр.

— Разлiчвайце на мяне, — сказаў Джосi. — Але вы не павiнны рабiць хлопчыку нiякай шкоды, ён мне падабаецца.

"Ну, дзякуй i за гэта", — падумаў я.

— Ды i не забудзься пра пароль, калi табе давядзецца iсцi з якiмi-небудзь навiнамi ў Далiну Дзiкай Ружы, — папярэдзiў Кадэр. — Калi, вядома, хочаш, каб цябе пусцiлi жывым.

— "Уся ўлада Тэнджылу, нашаму вызвалiцелю", — азваўся Джосi. — Не, штовы, я помню гэта днём i ноччу. А вось Тэнджыл — ён не забудзе пра сваё абяцанне мне?

Ён сабраўся ўжо ад'язджаць.

— Джосi — правадыр Вiшнёвай Далiны, — сказаў ён. — Тэнджыл абяцаў, што я буду iм, спадзяюся, ён не забудзе?

— Тэнджыл нiколi нiчога не забывае, — запэўнiў Кадэр.

I Джосi знiк гэтак жа непрыкметна, як i з'явiўся, а Ведэр i Кадэр доўга глядзелi яму ўслед.

— Яго таксама адправяць да Катлы, калi скончым з Вiшнёвай Далiнай, сказаў Ведэр.

Ён сказаў гэта так, як ведаў, што азначае трапiць ва ўладу Катлы. Сам я пра Катлу ведаў мала, больш здагадваўся, але ажно здрыгануўся i нават адчуў да Джосi жаль, хаця ён i аказаўся такой нiкчэмнасцю.

Агонь на вогнiшчы амаль патух, i я ў душы спадзяваўся, што Ведэр i Кадэр неўзабаве знiкнуць. Мне вельмi хацелася, каб яны знiклi. Я сядзеў, як мыш у мышалоўцы, i марыў выбрацца на свабоду, толькi б як-небудзь вывесцi коней з пячоры, перш чым гаспадары прыйдуць забiраць iх. I тады, думалася мне, Ведэр i Кадэр паехалi б, нават не ўяўляючы, як лёгка яны маглi схапiць малодшага брата Джанатана Львiнае Сэрца. Але раптам Кадэр кажа:

— Хадзем паспiм крыху ў пячоры.

"Ну вось, надыходзiць канец, — падумаў я. — I чаго там цягнуць, няхай забiраюць мяне, няхай усё гэта заканчваецца".

Ведэр запярэчыў:

— А чаго спаць? Хутка ўжо ранiца, i надакучылi мне гэтыя горы. Давай паедзем адразу назад, у Далiну Дзiкай Ружы.

Кадэр саступiў.

— Ну, як хочаш, — сказаў ён. — Выводзь коней.

Здараецца, у час самай вялiкай небяспекi чалавека выратоўвае выпадак. Я адкiнуўся на спiну i запоўз у самы цёмны куток пячоры, як гэта зрабiў бы якi-небудзь звярок. Увайшоў Ведэр, i ў наступны момант ён ужо быў у непрыгляднай цемры, таму я мог толькi чуць яго, але i гэта было вельмi непрыемна. Ён таксама не мог бачыць мяне, але, здавалася, мог чуць, як б'ецца маё сэрца. Яно гулка стукала, бо я ляжаў i чакаў, што будзе, калi Ведэр замест двух знойдзе трох коней.

Калi ўвайшоў Ведэр, конi слаба заржалi — усе трое, Ф'ялар таксама. Я пазнаў бы Ф'яларава ржанне сярод тысячы iншых. Але Ведэр, гэты дурань, не пачуў нiякай рознiцы, уявiце сабе, ён нават не заўважыў, што ў пячоры былi тры канi. Ён вывеў двух, якiя стаялi блiжэй да выхаду, сваiх уласных, i выйшаў следам за iмi.

Як толькi застаўся адзiн з Ф'яларам, я падскочыў да яго i пагладзiў па шыi. "Дарагi, мiлы Ф'ялар, маўчы", — малiў я, бо калi ён заржэ зараз, яны пачуюць i зразумеюць, што штосьцi тут не так. I Ф'ялар, ён быў такi разумны, зразумеў усё. Тыя два канi заржалi, быццам хацелi развiтацца з Ф'яларам. А Ф'ялар стаяў моўчкi i не адказваў.

Я цiкаваў, як Ведэр i Кадэр сядлалi коней, i цяжка апiсаць, якую палёгку я адчуваў пры гэтым. Нарэшце я буду вольны, вызвалюся з гэтай мышалоўкi.

Потым чую — Ведэр кажа:

— Я забыўся крэсiва.

Ён саскочыў з каня i пачаў шукаць вакол вогнiшча.

— Яго тут няма. Можа, згубiў у пячоры?

Вось мышалоўка зноў з грукатам зачынiлася, i на гэты раз я папаўся. Ведэр зайшоў у пячору шукаць праклятае крэсiва i адразу напароўся на Ф'ялара.

Я ведаю, што нельга хлусiць, але калi гаворка iдзе пра жыццё i смерць, то даводзiцца.

У яго былi дужыя i грубыя рукi, да гэтага нiхто не хапаў мяне з такой сiлай. Было вельмi балюча, i я быў злосны, нават больш злосны, чым напалоханы, што ўжо само па сабе даволi дзiўна. Магчыма, таму я пачаў хлусiць.

— Ну i як даўно ты сядзiш тут i падслухоўваеш? — крычаў Ведэр, выцягваючы мяне з пячоры.

— З вечара... Я не падслухоўваў, я спаў, — апраўдваўся я, мiргаючы вачыма, нiбы толькi што прачнуўся.

— Спаў? — з недаверам паглядзеў на мяне Ведэр. — Ты хочаш сказаць, што ты не чуў, як мы тут крычалi i спявалi ля вогнiшча? Не манi.

Ён лiчыў сябе вельмi хiтрым, яны ж не спявалi зусiм. Але я быў яшчэ хiтрэйшы.

— Ну, можа, чуў крыху, як вы спявалi, — заiкаючыся, манiў я.

Ведэр i Кадэр паглядзелi адзiн на аднаго, цяпер яны былi ўпэўнены, што я спаў i нiчога не чуў.

Але мне гэта не дапамагло.

— Хiба ты не ведаеш, што за падарожжа па гэтай сцежцы — пакаранне смерцю? — запытаўся Ведэр.

Я паспрабаваў давесцi, няўцямна мармычучы, што нiколi не чуў нi пра якое пакаранне смерцю, нi пра што iншае. Што мне проста хацелася паглядзець на месяц, як ён асвятляе горы.

— I дзеля гэтага ты рызыкаваў сваiм жыццём, хiтрае ты лiсяня? — выскалiўся Ведэр. — Дзе ты жывеш, у Вiшнёвай Далiне цi ў Далiне Дзiкай Ружы?

— У Далiне Дзiкай Ружы.

Менавiта таму, што я жыў у Вiшнёвай Далiне, то я хутчэй бы памёр, чым прызнаўся iм, дзе я жыву.

— Хто твае бацькi? — усё дапытваўся Ведэр.

— Я жыву з... з дзядулем.

— Тады як яго завуць?

— Я проста заву яго Дзядуля, — адказаў я, прыкiдваючыся яшчэ больш дурнаватым.

— Дзе ён жыве ў Далiне Дзiкай Ружы? — пытаецца Ведэр.

— У... у маленькiм беленькiм дамку, — кажу я, падумаўшы, што дамы ў Далiне Дзiкай Ружы такiя ж белыя, як i дамы ў Вiшнёвай Далiне.

— Добра, пакажаш нам дзядулю з яго белым домам, — сказаў Ведэр. — Залазь на каня са мной.

I мы паехалi. Над гарамi Наджыялы ўзышло сонца. Неба асвятлiлася, пад промнямi заблiшчалi горныя рэкi. Я нiколi ў сваiм жыццi не бачыў такой велiчнай прыгажосцi i мог быць шчаслiвым, калi б перада мной не сядзеў Кадэр, а пада мной не быў яго конь.

Сцяжынка працягвала вiцца як i раней, але неўзабаве яна пачала крута спускацца ўнiз, i я зразумеў, што мы наблiжалiся да Далiны Дзiкай Ружы. Яна аказалася такой жа прыгожай, як i Вiшнёвая Далiна. Яна ляжала ў ранiшнiм святле са сваiмi маленькiмi дамамi i зялёнымi схiламi, з зараснiкамi квiтнеючых дзiкiх руж. Там было вялiкае мноства дзiкiх руж. Зверху гэта выглядала дзiўна: мора ружовай пены на зялёных хвалях. Так, Далiну Дзiкай Ружы называлi так нездарма.

Але без Ведэра i Кадэра я нiколi не трапiў бы ў гэтую далiну, бо тут была высозная сцяна, якую Тэнджыл загадаў узвесцi, таму што ён хацеў, каб людзi тут былi рабамi, рабамi назаўжды. Я ведаў — Джанатан расказваў мне пра гэта.

Ведэр i Кадэр, вiдаць, проста забылiся пацiкавiцца, як я выбраўся з гэтай закрытай далiны, i я малiўся, каб хаця яны пра гэта не ўспомнiлi. Што я мог адказаць? Як можна пераскочыць сцяну, нават калi ў цябе ёсць конь?

Людзi Тэнджыла ў чорных шаломах з мячамi i коп'ямi стаялi на сцяне на варце. I брама таксама надзейна ахоўвалася. Так, у сцяне была брама, у яе якраз упiралася сцежка з Вiшнёвай Далiны.

Раней людзi свабодна пераходзiлi з далiны ў далiну, а цяпер на iх шляху была сцяна i закрытая брама, i людзi Тэнджыла не маглi свабодна праходзiць праз яе.

Ведэр пастукаў па браме мячом, адчынiлася маленькае акенца, i з яго высунулася галава вялiкага дзецюка.

— Пароль, — закрычаў ён.

Ведэр i Кадэр прашапталi яму пароль на вуха — напэўна, каб я не пачуў яго, але ў такой засцярозе не было неабходнасцi, бо я ўжо ведаў пароль : "Уся ўлада Тэнджылу, нашаму вызвалiцелю".

Чалавек за акенцам паглядзеў на мяне, запытаўся:

— А гэта хто? Хто такi?

— Гэта маленькi дурань, якога мы сустрэлi ў гарах, — адказаў Кадэр. — Але, вiдаць, не такi ўжо дурны, бо як ён здолеў мiнулай ноччу выйсцi праз вашу браму? Што вы скажаце на гэта, старшы вартаўнiк? Вы спытайце сваiх людзей, як яны ахоўвалi браму ўвечары.

Вартаўнiк раззлаваўся. Лаячыся i праклiнаючы мяне, ён адчынiў браму. Яму вельмi не хацелася пускаць мяне. Толькi Ведэра i Кадэра. Маё месца, лiчыў ён, у пячоры Катлы.

Але Ведэр i Кадэр настоялi на сваiм. Яны казалi, што мяне неабходна прапусцiць хоць бы таму, што я павiнен даказаць iм, што не манiў! Гэта iх абавязак перад Тэнджылам — высветлiць усё.

Так у суправаджэннi Ведэра i Кадэра я праехаў праз браму.

Я думаў, што калi мы зноў сустрэнемся з Джанатанам, я раскажу яму, як Ведэр i Кадэр дапамаглi мне трапiць у Далiну Дзiкай Ружы, i ён будзе доўга смяяцца.

А мне было не да смеху, бо я ведаў, як дрэнна ўсё складваецца для мяне. Я павiнен знайсцi белы дамок з дзядулем, iнакш траплю ў пячору Катлы.

— Едзь уперад i паказвай нам дарогу, — загадаў Ведэр. — Мы павiнны сур'ёзна пагаварыць з тваiм дзядулем.

Белых дамоў было шмат, як i ў Вiшнёвай Далiне, але я не бачыў таго, на якi мог бы паказаць, таму што не ведаў, хто там жыве. Я не мог адважыцца сказаць: "Дзядуля жыве тут", бо Ведэр i Кадэр могуць увайсцi i ўбачыць, што там няма нiякага дзядулi, ва ўсякiм разе таго, якi хацеў бы стаць мне дзедам.

Я быў у засмучэннi i ад страху ажно ўзмакрэў. Лёгка было выдумаць дзядулю, але я разумеў, што гэта была не самая лепшая выдумка.

Там i сям працавалi людзi каля сваiх двароў, але я не знаходзiў таго, хто паслужыў бы мне за дзядулю, i я адчуваў сябе ўсё больш i больш няшчасным. Было страх бачыць, як iшлi справы ў Далiне Дзiкай Ружы, якiмi збляднелымi, галоднымi i няшчаснымi выглядалi там людзi, ва ўсякiм разе тыя, што траплялiся на вочы — яны былi так непадобны на жыхароў Вiшнёвай Далiны. Бо ў нас не было Тэнджыла, якi загнаў бы нас у рабства i забiраў у нас усю працу.

Ведэр i Кадэр пачалi ўжо нервавацца, а я ехаў, разумеючы, што гэта мой апошнi шлях.

— Ну, цi далёка яшчэ? — бурчаў Ведэр.

— Не, недалёка, — адказваў я машынальна, не ўсведамляючы, што кажу i што раблю. Я ўжо гатоў быў да таго, што мяне кiнуць у пячору Катлы.

Але раптам здарыўся цуд. Хочаце — верце, хочаце — не. Каля белага дамка сядзеў дзядуля i кармiў галубоў. Магчыма, я нiколi не асмелiўся б спынiцца тут, калi б сярод яго шэрых галубоў не было аднаго беласнежнага.

Я ледзь не заплакаў. Такiя галубы былi толькi ў Сафii, такi галубок прылятаў да мяне на падаконнiк — яшчэ ў iншым свеце.

Потым я зрабiў нечуваную рэч: саскочыў з Ф'ялара i, тут жа апынуўшыся каля дзядулi, кiнуўся яму на шыю i прашаптаў у адчаi:

— Дапамажыце мне, выратуйце мяне, скажыце, што вы мой дзядуля.

Я быў напалоханы i чакаў, што ён, убачыўшы Ведэра i Кадэра ў чорных шаломах, адштурхне мяне. Чаму ён павiнен iлгаць i трапляць з-за мяне ў пячору Катлы?

Але ён не адштурхнуў мяне, а моцна прытулiў, i я адчуваў яго добрыя рукi, якiя як бы абаранялi мяне ад зла.

— Унучак, — сказаў ён гучна, каб Ведэр i Кадэр пачулi. — Дзе ты быў увесь гэты час? I што ты нарабiў, дзiцятка, раз цябе суправаджаюць салдаты?

Мой бедны дзядуля, як яму папала ад Ведэра i Кадэра! Яны ўсё крычалi i крычалi на яго, маўляў, калi ён не можа сачыць за сваiмi ўнукамi i дазваляе iм бадзяцца ў гарах Наджыялы, то ён наогул iх не ўбачыць, i ён павiнен помнiць пра гэта. На гэты раз яны яму даруюць, — сказалi яны i паехалi. Неўзабаве iх шаломы ператварылiся ўдалечынi ў маленькiя кропкi. Я пачаў плакаць, усё яшчэ знаходзячыся ў абдымках дзядулi... Можа, таму, што ноч была такая доўгая i цяжкая ў мяне i нарэшце ўсё скончылася. Дзядуля даў мне выплакацца, пацiху супакойваў мяне. Як добра было б, каб ён быў маiм сапраўдным дзядулем. Мне захацелася сказаць яму пра гэта, хоць я ўсё яшчэ працягваў плакаць.

— Можа, я i змагу стаць тваiм дзядулем. Мяне завуць Мацiяс, а цябе, дзiцятка?

— Карл Львi.. — пачаў я, але спахапiўся: неразумна было б называць гэта iмя ў Далiне Дзiкай Ружы.

— Дзядуля, дарагi, маё iмя... — сакрэт, — сказаў я. — Называй мяне Сухарык.

— А, Сухарык, — засмяяўся дзядуля Мацiяс. — Iдзi ў кухню i пачакай мяне там, а я завяду твайго каня ў стайню.

Я ўвайшоў у маленькую бедную кухню, дзе, акрамя стала, лаўкi, некалькi крэслаў i плiты, нiчога не было. Яшчэ каля сцяны стаяў буфет.

Неўзабаве прыйшоў i Мацiяс.

— Такi самы буфет i ў нас дома, у Вiш... — пачаў я i замаўчаў.

— Дома ў Вiшнёвай Далiне? — здагадаўся Мацiяс.

Я з жахам зiрнуў на яго. Зноў сказаў тое, чаго не трэба было гаварыць.

Але Мацiяс больш нiчога не сказаў, а падышоў да акна i выглянуў на двор, некаторы час пастаяў, каб пераканацца, што нiкога няма вакол, потым павярнуўся да мяне i цiха кажа:

— У маiм буфеце сёе-тое ёсць. Пачакай хвiлiнку i ты пераканаешся ў гэтым.

Ён адсунуў буфет плячом — за iм былi патаемныя дзверы. Калi ён адчынiў iх, высветлiлася, што за iмi — пакой. Хтосьцi ляжаў на падлозе i спаў.

Гэта быў Джанатан.

9

Я магу прыгадаць усяго некалькi выпадкаў, калi я быў такi шчаслiвы, што не ведаў, на якiм свеце знаходжуся. Аднойчы, яшчэ ў маленстве, на каляды Джанатан падарыў мне санкi, на якiя ён збiраў грошы вельмi доўга. I другi раз, калi я ўпершыню трапiў у Наджыялу i знайшоў Джанатана каля рэчкi. Потым увесь той дзiўны вечар у Сядзiбе Рыцараў, калi я быў такi шчаслiвы, што ледзьве стрымлiваў сябе. Але нiшто не iшло нi ў якое параўнанне з тым, як я знайшоў Джанатана на падлозе ў доме Мацiяса! Уявiце, як можа быць шчаслiвы чалавек усё ўва мне спявала!

Я не чапаў Джанатана, не будзiў яго, нават не ўскрыкнуў ад радасцi. Проста лёг побач з iм, зусiм цiха, i заснуў.

Колькi я спаў — не ведаю. Мабыць, цэлы дзень. Але калi я прачнуўся, Джанатан сядзеў на падлозе побач са мной. Ён проста сядзеў i ўсмiхаўся, а нiхто не ўсмiхаецца так, як ён. Думалася, што ён не вельмi ўзрадуецца майму з'яўленню. Магчыма, ён ужо i забыўся, што клiкаў мяне на дапамогу. Але цяпер бачыў я, што ён быў гэтак жа рады, як i я. Я таксама заўсмiхаўся. Мы так i сядзелi, гледзячы адзiн на аднаго, i нiчога не гаварылi.

— Ты клiкаў на дапамогу, — сказаў я нарэшце. Джанатан адразу перастаў усмiхацца. — Чаму ты клiкаў? — запытаўся я.

Ясна, штосьцi такое было, пра што яму цяжка гаварыць. Ён адказаў вельмi цiха, як быццам адказаць мне было яму вялiкай цяжкасцю.

— Я бачыў Катлу, — сказаў ён. — Я бачыў, што яна робiць.

Я не хацеў мучыць яго пытаннямi пра Катлу, у рэшце рэшт у мяне было шмат усяго, што трэба было яму расказаць, i ў першую чаргу — пра Джосi.

Джанатан не хацеў усяму гэтаму верыць. Яго твар збялеў, i ён ажно заплакаў.

— Не, не, не Джосi, — паўтараў ён, i слёзы цяклi з яго вачэй.

Потым Джанатан спахапiўся.

— Трэба неадкладна расказаць пра ўсё Сафii, — заклапочана прамовiў ён.

— Але як мы зможам гэта зрабiць? — здзiвiўся я.

— Тут знаходзiцца адзiн з яе галубоў, — сказаў ён. — Б'янка. Сёння вечарам яна можа вярнуцца назад.

Я так i думаў. Гэта ж галубок Сафii! I расказаў яму, што дзякуючы гэтаму галубку я апынуўся тут, а не ў пячоры ў Катлы.

— Гэта было проста дзiва, — расказваў я. — Сярод усiх дамкоў Далiны Дзiкай Ружы я пад'ехаў менавiта да таго, дзе ты. Але калi б я не ўбачыў Б'янку, то, напэўна, праехаў бы мiма.

— Б'янка, Б'янка, дзякуй за тое, што ты сядзела тут, — сказаў Джанатан.

Але ў яго ўжо не было часу далей слухаць мяне: трэба было спяшацца. Ён злёгку пастукаў у патаемныя дзверцы, неўзабаве яны адчынiлiся, i ў праёме паявiўся Мацiяс.

— А, маленькi Сухарык усё спiць, — пачаў Мацiяс, але Джанатан не даў яму дагаварыць.

— Калi ласка, прынясi Б'янку, — папрасiў ён. — Яна павiнна ляцець, як толькi сцямнее.

Ён растлумачыў чаму, расказаў Мацiясу пра Джосi. Мацiяс пакiваў галавой так, як гэта робяць старыя людзi, калi яны нечым азмрочаны.

— Джосi! Так, я ведаў, што гэта нехта з Вiшнёвай Далiны. Вось чаму Орвар знаходзiцца зараз у пячоры Катлы. Так, розныя людзi бываюць на свеце.

Зачынiўшы за сабой дзверы, ён пайшоў, каб злавiць Б'янку.

Добрае сховiшча знайшлi Мацiяс i Джанатан: маленькi патаемны пакойчык, у якiм не было нi дзвярэй, нi акна, адзiны ўваход у якi хаваўся за буфетам. Мэблi таксама нiякай не было, на падлозе ляжаў толькi матрац, маленькая лямпа асвятляла пакой.

Пры святле гэтай лямпы Джанатан напiсаў запiску Сафii: "Iмя здраднiка, якое павiнна быць праклята навечна — Джосi "Залаты Певень". Тэрмiнова злавiце яго. Мой брат — тут, са мной".

— Вось чаму Б'янка прыляцела сюды ўчора вечарам, — пакiваў галавой Джанатан. — Каб сказаць мне, што ты знiк i паехаў шукаць мяне.

— Ты толькi падумай! Значыць, Сафiя зразумела загадку, якую я напiсаў у кухнi на сцяне, — усклiкнуў я. — Вiдаць, калi яна прынесла мне суп.

— Якую загадку? — здзiвiўся Джанатан.

— "Я пайшоў, каб знайсцi яго далёка-далёка ў гарах", — напiсаў я. — I зрабiў гэта, каб Сафiя не непакоiлася.

— "Не непакоiлася", — Джанатан засмяяўся. — Гэта ты так думаеш, а я? Уяўляеш, якiм спакойным быў бы я, калi б даведаўся, што ты недзе высока ў гарах Наджыялы!

Вiдаць, я выглядаў прысаромленым, таму што ён паспяшаўся супакоiць мяне.

— Адважны маленькi Сухарык, — сказаў ён, — як здорава, што ты ёсць, а яшчэ лепш, што ты тут са мной.

Гэта было ўпершыню, калi мяне назвалi адважным i смелым. I я падумаў, што калi так будзе i далей, то я змагу называць сябе Львiным Сэрцам.

Потым я прыгадаў, што яшчэ нешта пiсаў на сцяне. Гэта тычылася кагосьцi з рыжай барадой, хто хацеў мець белых коней. Таму я папрасiў Джанатана дадаць яшчэ адзiн радок у яго запiску.

— Чуткi пра рыжую бараду — няпраўда.

I я расказаў, як Губерт выратаваў мяне ад ваўкоў. Джанатана гэта вельмi ўсхвалявала, i ён прызнаўся, што будзе ўдзячны яму да канца сваiх дзён.

Паступова на Далiну Дзiкай Ружы апускалiся прыцемкi.

I ў дамах на схiлах гор то тут, то там пачалi загарацца агеньчыкi. Было цiха i спакойна, i можна было падумаць, што людзi зараз сядзяць за цудоўнай вячэрай, цi, можа, размаўляюць адзiн з адным, або гуляюць са сваiмi дзецьмi i спяваюць iм калыханку. Але, ведаеце, усё было зусiм не так. У iх, вiдаць, не было чаго есцi, i iм зусiм не было спакойна.

Людзi Тэнджыла са сваiмi мячамi i коп'ямi дапамагалi iм не забывацца, якое яно, жыццё, у сапраўднасцi.

У вокнах Мацiяса не было святла. Яны былi цёмнымi, усё вакол цiха, быццам у доме не было жывой душы. Але мы былi тут, не ў доме, а на двары; Мацiяс стаяў на варце на рагу дома, а мы з Джанатанам пацiху прабiралiся скрозь дзiкiя ружы з Б'янкай.

Паўсюль вакол дома Мацiяса былi зараснiкi дзiкiх руж, яны мне вельмi падабалiся сваiм тонкiм пахам — не моцным, а пяшчотным-пяшчотным. Але сам сабе я думаў, што нiколi больш не змагу ўдыхаць пах дзiкiх руж без таго, каб у мяне не зашчымела сэрца пры ўспамiнах пра тое, як я i Джанатан прадзiралiся праз iх, вельмi блiзка да той сцяны, дзе людзi Тэнджыла прыслухоўвалiся i вышуквалi таго, хто насiў iмя Львiнае Сэрца.

Джанатан нацягнуў капюшон ажно на вочы. Я павiнен сказаць, што ён ужо мала быў падобны на Джанатана. I добра, бо для яго гэта было небяспечна; пакiдаючы сховiшча, ён рызыкаваў сваiм жыццём. Цэлых сто чалавек шукалi яго днём i ноччу, i раз я ведаў, то вырашыў сказаць яму пра гэта. Але ён спакойна так адказвае:

— Так, я думаю, яны яшчэ шукаюць мяне.

Б'янку ён павiнен быў выпусцiць сам. Як ён растлумачыў, хацеў пераканацца, што яна сапраўды паляцела.

Вiдаць, у кожнага вартаўнiка быў свой участак сцяны, якi ён павiнен ахоўваць. Адзiн з iх, тоўсты такi, расхаджваў туды-сюды па самым версе сцяны, якраз насупраць таго месца, дзе жыў Мацiяс, i мы павiнны былi ўважлiва сачыць за iм.

Але Мацiяс стаяў на рагу свайго дома з лямпай, з дапамогай якой, як мы дамовiлiся, ён падасць нам сiгнал, калi што-небудзь здарыцца.

— Калi я апушчу лямпу вельмi нiзка, — папярэдзiў Мацiяс, — вы не павiнны нават дыхаць, гэта значыць, што таўстун Додзiк зусiм блiзка. Калi ж я падыму лямпу ўгору, значыць, ён знаходзiцца далей, за згiбам сцяны, i размаўляе з iншым вартаўнiком. Вось тады вам i трэба выпускаць Б'янку.

Так мы i зрабiлi.

— Ляцi, ляцi, — прашаптаў Джанатан. — Ляцi, мая Б'янка, над гарамi Наджыялы ў Вiшнёвую Далiну i сцеражыся стрэл Джосi.

Я не ўпэўнены, што галубы Сафii разумелi чалавечую мову, але Б'янка, здаецца, зразумела, бо дакранулася дзюбкай да шчакi Джанатана, нiбы хацела супакоiць яго, i паляцела.

Наша беласнежная галубка была такая прыкметная ў прыцемках, што мы проста баялiся за яе лёс. Вартавы Додзiк лёгка мог заўважыць яе, калi яна пралятала над сцяной. Але ён не заўважыў, бо стаяў i размаўляў, нiчога не бачачы i нiчога не чуючы. Мацiяс працягваў назiранне, а потым апусцiў лямпу.

Мы прасачылi, як Б'янка знiкла ўдалечынi, i я пацягнуў Джанатана ў наша сховiшча. Але Джанатану не хацелася хавацца. Быў такi добры вечар, паветра такое свежае i прыемнае, што i мне хацелася дыхаць на поўныя грудзi. Я разумеў яго нежаданне вяртацца ў душны, маленькi пакойчык. Нiхто б не мог зразумець гэта лепш за мяне, таму што я сам дома ў горадзе доўгi час праляжаў зачынены ў маленькай кухнi.

Джанатан сядзеў на траве, абхапiўшы рукамi каленi, глядзеў унiз, у далiну. Можна было падумаць, што ён збiраецца праседзець тут цэлы вечар, хоць шмат вартаўнiкоў хадзiла па сцяне ў яго за спiнай.

— Ну што ты сядзiш? — запытаў я.

— Таму што мне падабаецца, — усмiхнуўся Джанатан. — Мне падабаецца гэта далiна ў прыцемках. I гэта халоднае паветра, яно мне таксама падабаецца, i гэтыя дзiкiя ружы, якiя пахнуць улетку.

— Мне таксама, — прызнаўся я.

— Я люблю кветкi, траву, дрэвы, палi, лясы i ўсе гэтыя маленькiя прыгожыя азяркi, — летуценна загаварыў Джанатан. — I калi сонца садзiцца, i калi ўзыходзiць, i калi выглядвае месяц, i калi ззяюць зоркi, i яшчэ шмат iншых рэчаў, якiя я не магу прыгадаць адразу.

— Мне таксама падабаецца ўсё гэта.

— Кожны гэта любiць, — сказаў Джанатан. — I калi гэта тое, што людзям патрэбна, то скажы мне, чаму яны не могуць жыць у мiры i спакоi без Тэнджыла, якi ўсё разбурае?

Я не мог адказаць. Тады Джанатан прапанаваў:

— Падымайся, нам лепш пайсцi.

Але мы не маглi проста так устаць i пайсцi. Спачатку трэба было даведацца, як справы ў Мацiяса i дзе знаходзiцца зараз таўстун Додзiк.

Стала зусiм цёмна. Самога Мацiяса мы ўжо не маглi бачыць, а бачылi толькi святло яго лямпы.

— Лямпу трымае высока, значыць, Додзiка няма, — сказаў Джанатан. — Хадзем.

Але як толькi мы пабеглi, святло лямпы, як маланка, хутка апусцiлася ўнiз, i мы вымушаны былi адразу спынiцца. Было чутно, як да Мацiяса пад'ехалi коннiкi i спынiлiся.

Джанатан падштурхнуў мяне ў спiну.

— Iдзi, — прашаптаў ён. — Iдзi да Мацiяса.

Ён кiнуўся ў зараснiк дзiкiх руж, а я, дрыжучы ад страху, пайшоў на святло лямпы.

— Мне проста хацелася падыхаць, — пачуў я голас Мацiяса. — Такi цудоўны вечар.

— Цудоўны вечар, — прабурчаў грубы голас. — Цi ты не ведаеш, што выходзiць пасля захаду сонца нельга, гэта караецца смерцю?

— Непаслухмяны дзед, вось хто ты. А дарэчы, дзе хлопчык?

— Ён зараз прыйдзе, — сказаў Мацiяс, калi я ўжо быў побач з iм. I я пазнаў гэтых двух коннiкаў: гэта былi яны, Ведэр i Кадэр.

— Ты што, зноў збiраешся ў горы паглядзець на месяц? — строга запытаў Ведэр. — Ага, а як цябе завуць, маленькi нягоднiк? Я не запомнiў.

— Мяне завуць Сухарык, — адказаў я. Я вырашыў сказаць так, бо нiхто не ведаў гэтага iмя — нi Джосi, нi хто iншы, толькi Джанатан, я i Мацiяс.

— Так, Сухарык, — буркнуў Кадэр. — Як думаеш, чаго мы прыехалi сюды?

Я адчуў, што ногi ў мяне падкошваюцца. "Кiнуць яны мяне ў пячору Катлы, падумаў я. — Напэўна, пашкадавалi, што адпусцiлi, дык цяпер вярнулiся, каб схапiць. А чаго б яшчэ?"

— Ведаеш, — працягваў Кадэр, — вечарамi мы аб'язджаем гэту далiну, каб пераканацца, што народ падпарадкоўваецца загадам Тэнджыла. А твой дзядуля не разумее гэтага, ты б растлумачыў яму, чым для вас гэта можа скончыцца, як не будзеце сядзець дома, калi ўжо цёмна.

— Май на ўвазе, — дадаў Ведэр. — Табе не ўдасца пазбегнуць непрыемнасцей другiм разам, калi мы знойдзем цябе там, дзе табе не належыць быць, запомнi гэта, Сухарык. Будзе жывы цi мёртвы твой дзядуля, нам усё роўна. А ты, ты яшчэ вельмi малады, ты ж хочаш вырасцi i стаць чалавекам Тэнджыла, цi не так?

"Чалавекам Тэнджыла? Не, лепш памерцi", — падумаў я, але не сказаў гэтага. Я так хваляваўся за Джанатана, што не асмелiўся iх дражнiць, таму прамямлiў:

— Так.

— Добра, — сказаў Ведэр. — Заўтра зранку спусцiся да вялiкай прыстанi, там ты зможаш пабачыць Тэнджыла, вызвалiцеля Далiны Дзiкай Ружы. Заўтра ён перасякае Старажытную Раку на сваiм залатым паруснiку i збiраецца высадзiцца на вялiкай прыстанi.

Яны ўжо збiралiся ад'язджаць, як раптам Кадэр у апошнi момант прытрымаў свайго каня.

— Паслухай, стары, — крыкнуў ён Мацiясу, якi ўжо скiраваўся да дамка. Можа, дзе-небудзь тут ты бачыў прыгожага светлавалосага маладога чалавека па iменi Львiнае Сэрца?

Я трымаўся за руку Мацiяса i адчуў, як ён задрыжаў, але адказаў спакойна:

— Не, не бачыў i не ведаю нiякага Львiнага Сэрца.

— А, не ведаеш... Ну, а калi выпадкам сустрэнеш яго, то не забывай, што чакае таго, хто дасць яму прытулак цi схавае яго. Пакаранне смерцю!

Нарэшце Мацiяс зачынiў дзверы.

— Пакаранне смерцю тут i пакаранне смерцю там, — прабурчаў ён. — Гэта ўсё, пра што людзi толькi i могуць думаць.

Як толькi цокат капытоў ацiх удалечынi, Мацiяс выйшаў з лямпай зноў. Джанатан неўзабаве з'явiўся, яго рукi i твар былi падрапаны калючкамi, але ён быў рады, што нiчога дрэннага не здарылася i што Б'янка паляцела над гарамi.

Пазней мы вячэралi ў кухнi. Дзверы ў патаемны пакойчык былi прачынены, каб Джанатан мог хуценька знiкнуць у сваё сховiшча.

Але спачатку мы з Джанатанам схадзiлi ў стайню i накармiлi коней. Як прыемна было бачыць iх зноў побач аднаго з другiм. Напэўна, яны расказвалi адзiн аднаму пра ўсё перажытае. Я падсыпаў iм крыху аўса. Спачатку Джанатан хацеў спынiць мяне, але потым згадзiўся:

— Добра, няхай паядуць, але тут, у Далiне Дзiкай Ружы, лепш не даваць авёс коням.

Калi мы вярнулiся на кухню, Мацiяс паставiў на стол вялiкую мiску супу.

— Нiчога ў нас больш няма, i тут, у асноўным, вада, — як апраўдваючыся, сказаў ён, — але хоць цёплага пасёрбаеце.

Я развязаў свой мяшок, i, калi выцягнуў з яго лусты хлеба i вяндлiну, у Джанатана i Мацiяса перахапiла дух i вочы заблiшчалi. Мне было так прыемна наладзiць iм маленькае свята. Я адразаў невялiкiя кавалкi мяса, i мы елi суп з хлебам i вяндлiнай — елi, елi i елi. Доўгi час нiхто нiчога не гаварыў, потым Джанатан, нарэшце, сказаў:

— Ну, даволi есцi, я ўжо забыўся, што значыць быць сытым.

Я ўсё больш радаваўся таму, што трапiў у Далiну Дзiкай Ружы, мне здавалася, што гэта правiльна i разумна. Хацелася расказаць Джанатану i Мацiясу пра ўсё, што адбылося са мной пасля таго, як я паехаў з дому, як Ведэр i Кадэр дапамаглi мне трапiць у Далiну Дзiкай Ружы. Я ўжо расказаў iм збольшага, але Джанатан прасiў расказваць яшчэ i яшчэ, асаблiва пра Ведэра i Кадэра. Ён ад душы рагатаў над усiм гэтым, як я i чакаў. I Мацiяс пасмейваўся таксама.

— Не такiя ўжо яны разумныя, гэтыя людзi Тэнджыла, — казаў Мацiяс, — хаця думаюць пра сябе, што i вельмi.

— Дзе там, калi нават я абвёў iх вакол пальца, — сказаў я. — Толькi ўявiце, калi б яны ведалi, што маленькi брат, якога яны намерваюцца злавiць, быў у iх руках, што гэта той самы хлопчык, якога яны прывялi ў Далiну Дзiкай Ружы, — о, яны не адпусцiлi б яго проста так!

Сказаўшы гэта, я задумаўся аб тым, што раней неяк у галаву не прыходзiла, i запытаўся ў Джанатана:

— Слухай, а як ты сам трапiў у Далiну Дзiкай Ружы?

Джанатан засмяяўся.

— Я пераскочыў.

— Як гэта пераскочыў?.. На Грыме хiба?

— Так, — адказаў Джанатан, — у мяне няма iншага каня.

Я ведаў, якiя скачкi робiць Джанатан на Грыме. Але пераскочыць сцяну, якая акружае Далiну Дзiкай Ружы, — ды гэтаму нiхто не дасць веры.

— Разумееш, сцяна яшчэ не была закончана, — растлумачыў Джанатан. — Яна тады была ўзведзена не ўсюды i не на ўсю вышыню, праўда, ужо была даволi высокая.

— Добра, але варта! — усклiкнуў я. — Як цябе не заўважылi?

Джанатан укусiў яшчэ хлеба i зноў засмяяўся:

— Так, за мной ляцела цэлая гайня, а Грыма нават паранiлi. Але я ўцёк, а добры чалавек схаваў мяне ў свiрне, а потым прывёў сюды, да Мацiяса. Вось цяпер ты ведаеш усё.

Джанатан памаўчаў.

— Не, яшчэ не ўсё, — загаварыў ён зноў. — Ты не ведаеш, што Мацiяс кiруе тайнай барацьбой у Далiне Дзiкай Ружы, таму што Орвар зараз у пячоры Катлы. Людзi павiнны Мацiяса назваць вызвалiцелем, а не мяне.

— Не, я стары ўжо, — сказаў Мацiяс. — Ён мае рацыю, той Ведэр, жывы я цi мёртвы — усё роўна.

— Ты не павiнен так гаварыць, — запярэчыў я, — бо ты мой дзядуля.

— Вось таму я i павiнен застацца жывым. Але не мне весцi людзей у гэтай барацьбе, тут трэба быць маладым.

Ён уздыхнуў:

— Калi б Орвар быў на волi, але ён у пячоры Катлы, пакуль яго не кiнулi ёй.

Я заўважыў, як Джанатан пабялеў.

— Яшчэ пабачым, — прамармытаў ён, — пабачым, хто ў рэшце рэшт ёй трапiць.

Памаўчаўшы, ён дадаў:

— А цяпер мы павiнны працаваць. Ты яшчэ не ведаеш, Сухарык, што спiм мы ўдзень, а працуем ноччу. Хадзем, я пакажу табе.

Ён першы ўвайшоў у сховiшча, адкiнуў матрац убок i падняў дзве маснiчыны. Пад iмi вiднелася вялiкая чорная дзiрка.

— Тут пачатак падземнага хода, — растлумачыўДжанатан.

— А куды ён вядзе? — запытаўся я, хоць здагадваўся — куды.

— Па той бок сцяны, — адказаў ён. — Мяркую, праз дзве-тры ночы ён будзе закончаны.

I ён пачаў апускацца ўнiз, папярэдзiўшы:

— Ты пачакай, а я пакапаю далей. Ты ж разумееш, што я не хацеў бы паявiцца пад носам у таўстуна Додзiка.

Потым ён знiк, i я доўга сядзеў, чакаючы яго. Нарэшце ён з'явiўся, штурхаючы перад сабой ночвы з зямлёй. Джанатан падаў iх мне, а я, працягнуўшы за дзверы, перадаў Мацiясу.

— Вось i яшчэ зямля для майго агарода, — сказаў Мацiяс. — Калi б у мяне было крыху гароху i бабоў, дык можна было б пасеяць i вырасцiць, i голад у нас кончыўся б.

— Ты сапраўды так думаеш? — спытаў Джанатан. — Тэнджыл забiрае дзевяць з дзесяцi бабоў, якiя вырашчаны на вашых палях. Цi ты забыўся пра гэта?

— Твая праўда, — уздыхнуў Мацiяс. — Пакуль Тэнджыл жывы, у далiне будзе голад i галеча.

Мацiяс збiраўся выйсцi i высыпаць зямлю на поле, а мне было загадана стаяць каля дзвярэй i назiраць. Калi заўважу што-небудзь падазронае, я павiнен быў свiснуць. Калiсьцi, яшчэ на зямлi, Джанатан навучыў мяне насвiстваць адну мелодыю. У той час мы часта насвiствалi разам па вечарах, калi клалiся спаць. Таму свiстаць я ўмеў. Джанатан залез у сваю нару зноў, каб працягваць работу, а Мацiяс зачынiў дзверы, паставiў буфет на месца.

— Запомнi, Сухарык, — папярэдзiў ён, — нiколi не пакiдай дзверы адчыненымi, а буфет непадсунутым. Запомнi, што ты ў краiне, дзе жыве i правiць Тэнджыл.

— Я запомню, — сказаў я.

На кухнi было цёмна, адзiная свечка гарэла на стале, але Мацiяс патушыў i яе.

— Ноччу ў Далiне Дзiкай Ружы павiнна быць цёмна, — растлумачыў ён. — Тут так многа вачэй, якiя iмкнуцца ўбачыць тое, што iм не трэба бачыць.

Потым ён узяў ночвы i знiк, а я стаяў ля адчыненых дзвярэй, назiраў. Было цёмна, як i хацеў Мацiяс. Было цёмна ў дамах, i неба над Далiнай Дзiкай Ружы было цёмным: нi зорак, якiя б мiгцелi, нi месяца, а я наогул нiчога не мог бачыць. Але i тыя начныя вочы, пра якiя гаварыў Мацiяс, яны ж таксама нiчога не маглi бачыць, падумалася мне, i гэта супакойвала.

Я зноў адчуваў сябе няшчасным i адзiнокiм. I мне было зябка, пакуль я чакаў. Мацiяса доўга не было. З кожнай хвiлiнай усё больш i больш мне станавiлася не па сабе. Чаму ён не iдзе? Я ўважлiва ўглядаўся ў цемру. I раптам пасвятлела, а можа, мае вочы прывыклi да цемры? Потым стала зразумела, у чым справа. З-за хмар выглянуў месяц, а гэта было самае дрэннае, што магло здарыцца. Я пачаў малiцца, каб Мацiяс вярнуўся своечасова, пакуль яго хавае цемра. Але месяц ззяў ярка, i мора месячнага святла разлiлося над далiнай.

У гэтым святле я ўбачыў Мацiяса, ён прабiраўся з ночвамi мiж кустоў руж. Я азiрнуўся вакол, каб паглядзець, i раптам заўважыў Додзiка — таўстун Додзiк спускаўся са сцяны па вяровачнай лесвiцы спiнаю да мяне.

Вельмi цяжка свiстаць, калi ты напалоханы, i таму свiст не вельмi добра чутно, але я здолеў выцiснуць з сябе некалькi гукаў. I Мацiяс, як яшчарка, схаваўся за блiжэйшы куст ружы.

I вось Додзiк паявiўся перада мной.

— Чаго ты свiшчаш? — закрычаў ён.

— Таму што, таму што... я толькi сёння навучыўся, — замармытаў я. — Я не ўмеў свiстаць раней, а сёння атрымалася, хочаце паслухаць?

Я зноў пачаў свiстаць, але Додзiк спынiў мяне.

— Не, не, заткнiся! — крыкнуў ён. — Я не ўпэўнены, што свiстаць забаронена, але не трэба. Не думаю, каб Тэнджылу падабалася гэта. I акрамя таго, ты павiнен зачыняць дзверы.

— А Тэнджылу не падабаецца, калi i ў цябе дзверы адчынены? — запытаўся я.

— Не твая справа, — буркнуў Додзiк. — Рабi тое, што табе сказана. Дай мне папiць. Я памiраю ад смагi на гэтай сцяне.

Я падумаў, што калi ён пойдзе са мной на кухню i высветлiць, што там няма Мацiяса, бедны Мацiяс... яму пагражае пакаранне смерцю за тое, што ўначы выйшаў з дому. Я ўжо дастаткова пра гэта чуў.

— Я прынясу вады, — хутка знайшоўся я. — Пастойце тут, i я прынясу вам.

Я пабег на кухню i ў цемнаце спрабаваў дабрацца да вядра з вадой. Добра, што запомнiў, у якiм кутку яно стаiць. Знайшоў кварту i зачэрпнуў вады. I раптам адчуў, што хтосьцi за мной стаiць. Так, ён стаяў у цемры ў мяне за спiнай. Ад гэтага ў мяне зноў забегалi па целе мурашкi.

— Запалi свечку, — загадаў Додзiк. — Я хачу паглядзець, як гэта дзiрка выглядае.

У мяне затрэслiся рукi. Я ўвесь тросся ад страху, але неяк запалiў свечку.

Додзiк узяў кварту, выпiў ваду. Ён пiў i пiў, як быццам быў бяздоннай бочкай. Нарэшце паставiў кварту i падазрона азiрнуўся. Потым спытаў якраз тое, чаго я асаблiва баяўся:

— А гэты стары Мацiяс, якi жыве тут, дзе ён?

Я не адказаў. Я не ведаў, што адказаць.

— Ты не чуў, што я пытаю? — павысiў голас Додзiк. — Дзе Мацiяс?

— Ён спiць, — адказаў я. Нешта трэба было сказаць.

— Дзе?

За кухняй быў маленькi закутак, дзе стаяў Мацiясаў ложак. Я ведаў гэта, але ведаў таксама, што яго там няма цяпер. Я паказаў на дзверы:

— Там.

Я выцiснуў з сябе гэта амаль бязгучна. Слова прагучала так слаба, што Додзiк пачаў здзекавацца:

— Ты мне вельмi добра лжэш, пачакай жа, пакуль я пагляджу.

Ён быў вельмi задаволены, ведаючы, што я лгу, i мне здавалася, што ён падрыхтаваў ужо для Мацiяса смяротны прысуд, каб дагадзiць Тэнджылу.

— Дай мне свечку, — сказаў ён.

Я даў яму свечку. Мне хацелася выбегчы, памчацца да Мацiяса i папярэдзiць, каб уцякаў, пакуль не позна, але я не мог скрануцца з месца, я проста стаяў, i мне было моташна ад страху.

Додзiк бачыў гэта i цешыўся. Ён не спяшаўся. Не, ён ухмыляўся, нiбы гуляў, проста, каб напалохаць мяне яшчэ больш. Потым, вiдаць, яму надакучыла, i ён сказаў:

— Пайшлi, хлопец, пакажаш мне, дзе стары Мацiяс спiць.

Ён расчынiў дзверы закутка i так штурхнуў мяне, што я паляцеў з высокай прыступкi. Потым ён схапiў мяне i крыкнуў:

— Ты, хлус, паказвай — дзе? — Ён асвятлiў закутак.

У мяне не было сiлы нi рухацца, нi глядзець. Я быў у такiм адчаi, што гатовы быў растварыцца.

Але потым, сярод усяго гэтага жаху, я пачуў сярдзiты голас Мацiяса:

— Што гэта робiцца? Чалавеку нават ноччу спакойна паспаць не даюць!

Я зiрнуў i ўбачыў Мацiяса, так, ён быў тут, ён сядзеў у самым цёмным кутку пакойчыка на сваiм ложку, утаропiўшыся на свечку. На iм была толькi кашуля, валасы ўскалмачаныя, як быццам ён даўно спаў. Пад акном стаялi ночвы, якiя ён прысланiў да сцяны. Мой дзядуля, выходзiць, быў хуткi, як яшчарка.

Мне проста было шкада Додзiка. Я нiколi не бачыў яго такiм разгубленым, як тады, калi ён углядаўся на Мацiяса.

— Я... проста зайшоў выпiць вады, — выцiснуў ён з сябе пахмурна.

— Вады? Гэта добра, — сказаў Мацiяс. — А цi ж ты не ведаеш, што Тэнджыл забаранiў вам браць у нас ваду? Ён баiцца, што мы вас атруцiм. I калi прыйдзеш i разбудзiш мяне яшчэ раз, дык i сапраўды атручу.

Я не ведаю, як асмелiўся ён так размаўляць з Додзiкам, але, магчыма, з людзьмi Тэнджыла i трэба было размаўляць менавiта так, бо Додзiк, штосьцi прабурчаўшы ў адказ, адразу знiк.

10

Нiколi раней я не сустракаў у поўным сэнсе жорсткага чалавека, пакуль не ўбачыў Тэнджыла з Карманьякi.

Ён перасек на сваiм залатым паруснiку Старажытную Раку, а я ў гэты час з Мацiясам стаяў на беразе.

Сам Джанатан прыслаў мяне сюды. Ён хацеў, каб я ўбачыў Тэнджыла.

— Тады ты лепш зразумееш, чаму тутэйшыя жыхары пакутуюць, галадаюць i памiраюць з адной-адзiнай думкай i адной-адзiнай марай — убачыць сваю зямлю зноў свободнай.

Замак Тэнджыла знаходзiўся высока ў Старажытных Гарах. Ён жыў там пастаянна, толькi зрэдку перапраўляўся цераз раку, каб з'явiцца ў Далiне Ружы i нагнаць жаху на людзей, каб нiхто нiколi не забываўся, хто ён, або каб хто-небудзь не пачаў марыць пра свабоду.

Спачатку я ледзьве мог што-небудзь разгледзець, бо перада мной стаялi доўгiя шэрагi салдат Тэнджыла. Яны, вiдаць, павiнны былi ахоўваць яго, пакуль ён знаходзiўся ў Далiне Дзiкай Ружы. Яму, напэўна, было страшна доўга заставацца ў Далiне, бо нечакана з-за любога вугла магла прасвiстаць страла. Тыраны заўсёды баяцца, казаў Джанатан, а Тэнджыл быў самым горшым з усiх тыранаў.

Калi спачатку мы нiчога не бачылi, нi я, нi Мацiяс, дык потым я знайшоў выйсце. Усе салдаты стаялi, як каменныя, шырока расставiўшы ногi. I мне прыйшла думка, што калi легчы на жывот i прапаўзцi памiж iх нагамi, дык можна будзе ўсё ўбачыць.

Але я не мог прымусiць Мацiяса зрабiць тое самае.

— Галоўнае, каб ты што ўбачыў, — сказаў ён. — I тое, што ўбачыш, ты ўжо нiколi не забудзеш.

I вось бачу: вялiзны, прыгожы, зiхатлiвы паруснiк насоўваецца на нас з вады, а ў iм — весляры, апранутыя ва ўсё чорнае. Вёслаў было больш, чым я мог падлiчыць, яны паблiсквалi кожны раз на сонцы, паяўляючыся з вады. Веслярам даводзiлася цяжка, таму што моцнае цячэнне адганяла лодку ад берага, магчыма, гэта было з-за вадаспада, якi абрынваўся нiжэй па рацэ, — можна было чуць яго грозны грукат.

— Тое, што ты чуеш, — сказаў Мацiяс, — гэта вадаспад Карма, гэта песня вадаспада Карма, гэта калыханка ў Далiне Дзiкай Ружы, пад якую дзецi кладуцца спаць.

Я падумаў пра дзяцей Далiны.

Напэўна, яны калiсьцi бегалi i гулялi на рацэ, цяпер яны ўжо, вядома, не гуляюць, iм перашкаджае гэта вялiзная праклятая сцяна, зусiм глухая. Па ўсёй даўжынi было толькi двое варот, першыя з iх — гэта тыя, праз якiя я прайшоў, яны называлiся галоўнымi, а другiя — гэта тут, на рацэ, з выхадам на прыстань. Якраз сюды цяпер прычальваў Тэнджыл са сваiмi салдатамi. Вароты былi адчынены для Тэнджыла. Выглядваючы з-за ног салдат, я азiраў прыстань i чорнага скакуна Тэнджыла, якi ўжо чакаў яго. Гэта быў цудоўны конь, упрыгожаны залатым сядлом i залатой збруяй, якiя блiшчалi на сонцы. Тэнджыл ступiў на зямлю, сеў на каня i паехаў да варот. Здарылася так, што ён праязджаў зусiм побач са мною, i я ўбачыў яго жорсткi твар i жорсткiя вочы. Жорсткi, як змей, — праўду гаварыў Джанатан, бо ён сапраўды быў такi: жорсткi i прагны да крывi. Гарнiтур на iм быў чырвоны, як кроў, нават султаны на шлёме былi чырвоныя, нiбы ён акунуў iх у кроў. Яго вочы нерухома глядзелi ўдалячынь, на людзей ён не глядзеў, быццам на свеце не было нiкога, акрамя Тэнджыла з Карманьякi. Так, ён быў страшны ўжо сваiм выглядам.

Усiм у Далiне Дзiкай Ружы было загадана сабрацца на плошчы, дзе Тэнджыл збiраўся сказаць прамову. Мы пайшлi з Мацiясам таксама.

Гэта была невялiкая ўтульная плошча з прыгожымi старымi будынкамi вакол. Тэнджыл сабраў тут усiх жыхароў Далiны Дзiкай Ружы. Людзi стаялi моўчкi, з невясёлымi думкамi. Гора застыла ў вачах кожнага. Тут, на гэтай плошчы, яны калiсьцi радавалiся жыццю, гулялi, танцавалi i спявалi па вечарах, сядзелi на лаўках пад лiпамi i размаўлялi.

На плошчы раслi дзве старыя лiпы. Тэнджыл пад'ехаў да iх i спынiўся. Не злазячы з каня, ён уталопiўся на плошчу i на людзей, але я ўпэўнены, што нiводнага чалавека ён не бачыў. Побач з iм быў яго саветнiк, вядомы ўсiм па iменi П'юк. Пра яго мне расказаў Мацiяс. У П'юка быў такi ж цудоўны конь, як i ў Тэнджыла, адно што белы. I вось яны сядзелi, як два ўладары, на сваiх конях, гледзячы проста перад сабой. Яны сядзелi так доўга, што салдаты, якiя акружалi iх шчыльным кальцом, з выцягнутымi з ножнаў мячамi, аблiвалiся потам пад яркiмi праменнямi сонца.

— Як думаеш — што скажа Тэнджыл? — запытаўся я ў Мацiяса.

— Што ён намi не задаволены. Ён нiколi добрага слова не скажа.

Але на гэты раз Тэнджыл наогул нiчога не сказаў. Ён не з тых, хто стане гаварыць з рабамi. Ён толькi гаварыў штосьцi П'юку, а той ужо абвяшчаў, як Тэнджыл незадаволены народам Далiны. Маўляў, людзi дрэнна працуюць, кепска ахоўваюць ад ворагаў яго, Тэнджыла.

— Браты Львiнае Сэрца яшчэ не знойдзены, — працягваў П'юк. — Наш мiласэрны ўладар не задаволены гэтым.

— Ну, вядома, вядома, — хтосьцi прабурчаў побач са мной. Гэта быў бядняк, апрануты ў лахманы, маленькi дзядок са зблытанымi валасамi i барадой.

— Цярпенне нашага ўсемiласцiвага гаспадара падыходзiць да канца, — вяшчаў П'юк. — Папярэджваю: ён жорстка пакарае Далiну.

— I правiльна, i правiльна, — шаптаў стары побач са мной, i я падумаў, што ён, пэўна, з'ехаў з глузду.

— Але, — працягваў П'юк, — наш мiласэрны ўладар, перш чым вынесе свой прысуд, яшчэ крыху пачакае. Ён прапануе ўзнагароду. Дваццаць белых коней таму, хто зловiць Львiнае Сэрца.

— Значыць, я злаўлю гэту маленькую лiсу, — прашаптаў стары, штурхаючы мяне ў бок. — Чуеш, гэта ж дваццаць белых коней можна атрымаць ад нашага ўсемiласцiвага! О, гэта добрая ўзнагарода за маленькую хiтрую лiсу!

Я так узлаваўся на яго за такiя словы, што, здаецца, гатоў быў забiць. Хiба ён ненармальны, што гародзiць такую лухту?

— Цi пры сваiм ты розуме? — абурыўся я.

— Не, не зусiм, — стары засмяяўся i пiльна паглядзеў мне ў вочы.

Яго вочы здалiся мне знаёмымi. Нарэшце я ўсё зразумеў. Толькi ў Джанатана маглi быць такiя цудоўныя ззяючыя вочы, такi добры i чысты пагляд. А я яшчэ абураўся... Але як у яго хапiла смеласцi з'явiцца тут, перад самым носам Тэнджыла? Хаця, натуральна, нiхто яго пазнаць не мог. Нават Мацiяс не пазнаў яго, пакуль Джанатан не падышоў i не паляпаў яго па спiне:

— А што, стары, цi мы раней з табой не сустракалiся?

Джанатан заўсёды любiў пераўвасабляцца. Ён часта вечарамi разыгрываў сцэнкi на кухнi, калi мы жылi на зямлi. Ён мог зрабiць з сябе якое-небудзь страшыдла або сатварыць такое смяхоцце, што я, бывала, ажно заходзiўся ад смеху.

Але цяпер, тут, перад носам у Тэнджыла, гэта было ўжо занадта.

— Я ж таксама павiнен бачыць, што адбываецца, — прашаптаў ён мне.

Але хутка стала ўжо не да смеху, бо тое, што мы пачулi, было зусiм не смешнае.

Тэнджыл загадаў усiм мужчынам Далiны выстраiцца перад iм. Сваёй жорсткай рукой ён указваў на тых, хто будзе перавезены цераз раку ў Карманьяку. Я ведаў, што гэта значыць, — Джанатан расказваў. Нiводзiн з тых, на каго ўказаў Тэнджыл, нiколi не вернецца назад жывым. Усе гэтыя няшчасныя павiнны будуць цягаць вялiзныя камянi для непрыступнай крэпасцi, якую ён будаваў на вяршыне Старажытных Гор. I там, у гэтай крэпасцi, спадзяецца адседзецца жорсткi Тэнджыл гады i дзесяцiгоддзi, адчуваючы сябе ў бяспецы. Ужо шмат людзей пагналi будаваць гэту крэпасць, i працуюць яны там да знямогi. А калi ўжо людзi зусiм знясiлены...

— Тады iх атрымлiвае Катла, — сказаў Джанатан.

Пры слове "Катла" робiцца холадна ў гэты цёплы летнi дзень, хоць слова гэта пакуль што было для мяне жахлiвым найменнем i больш нiчым.

Пакуль Тэнджыл выбiраў людзей, на плошчы стаяла цiшыня, толькi маленькая птушка на вершалiне дрэва ценькала бесклапотна, не ведаючы, што рабiў Тэнджыл унiзе пад лiпамi.

Потым пачуўся плач. Як было балюча ад гэтага плачу — жанчын, якiя гублялi сваiх мужоў, дзяцей, якiя больш нiколi не ўбачаць сваiх бацькоў. Плакалi ўсе, я таксама.

Адзiн Тэнджыл не чуў плачу, ён узвышаўся на сваiм канi i ўсё ўказваў i ўказваў, i дарагi камень на яго пальцы паблiскваў кожны раз, калi ён асуджаў чарговую ахвяру на смерць. Гэта было жахлiва: Тэнджылаў палец мог асуджаць людзей на смерць.

Але адзiн з мужчын, на якога ён паказаў, пэўна, крануўся розумам, калi пачуў, як плачуць яго дзецi. Ён нечакана выйшаў са строю i кiнуўся да Тэнджыла.

— Тыран! — закрычаў ён. — Калi-небудзь памрэш i ты, не забывай пра гэта!

I плюнуў на Тэнджыла.

У Тэнджыла не здрыгануўся нi адзiн мускул. Ён толькi зрабiў жэст рукой, i салдат, што стаяў блiжэй,падняў свой меч. Я ўбачыў, як меч блiснуў на сонцы, але ў гэты час Джанатан схапiў мяне i прытулiў да грудзей, схаваўшы мой твар так, каб я нiчога не бачыў. Але я адчуваў i, магчыма, чуў рыданнi ў грудзях Джанатана, а калi мы iшлi дадому, ён плакаў, чаго раней нiколi з iм не было.

У гэты дзень у Далiне Дзiкай Ружы была жалоба. Гаравалi ўсе. Усе, акрамя Тэнджылавых салдат. Iм, наадварот, вельмi падабалася, калi Тэнджыл прыходзiў у Далiну i наладжваў iм свята. Не паспела кроў няшчаснага чалавека, якога забiлi на плошчы, высахнуць, як сюды была прывезена вялiзная бочка пiва, на вогнiшчах смажылiся свiныя тушы, i па ўсёй Далiне Дзiкай Ружы разносiлiся гэтыя пахi. Тэнджылавы людзi елi, пiлi i хвалiлi Тэнджыла.

— Але ж яны ядуць свiней Далiны Дзiкай Ружы, гэтыя бандыты, — сказаў Мацiяс, — i п'юць пiва Далiны Дзiкай Ружы.

Самога Тэнджыла на свяце не было. Закончыўшы адбор людзей, ён паехаў за раку.

— Цяпер ён, самазадаволены, мабыць, сядзiць у сваiм замку i думае, што ўсялiў жах у Далiну Дзiкай Ружы, — прамовiў Джанатан, калi мы прыйшлi дадому. — Мабыць, думае, што тут нiкога не засталося, акрамя запалоханых рабоў.

— Ды тут ён памыляецца, — сказаў Мацiяс. — Чаго ён не можа зразумець, гэты Тэнджыл, дык гэта тое, што ён нiколi не зможа скарыць людзей, якiя змагаюцца за сваю свабоду i трымаюцца разам, як робiм мы.

Мы прайшлi мiма маленькага дамка з яблынямi вакол.

— Тут жыў чалавек, якога сёння забiлi, — паказаў Мацiяс.

На прыступках ганка сядзела жанчына. Я бачыў яе на плошчы i помню, як яна закрычала, калi Тэнджыл паказаў на яе мужа. Цяпер у руках у яе былi ножны, i яна адразала свае доўгiя светлыя валасы.

— Што ты робiш, Антонiя? — гукнуў Мацiяс. — Навошта ты абразаеш свае валасы?

— Для цецiвы, — глуха адказала яна.

Жанчына нiчога больш не дадала, але я нiколi не забуду яе пагляд, з якiм яна гэта прамовiла.

У Далiне Дзiкай Ружы за многае каралi смерцю, як гаварыў мне Джанатан, але самым злосным злачынствам лiчылася нашэнне любой зброi, гэта было забаронена самым строгiм чынам.

Людзi Тэнджыла гойсалi паўсюдна, вышукваючы схаваныя лукi i стрэлы, мячы i шпагi. Але яны нiколi нiчога не маглi знайсцi. I ў той жа час не было нiводнага дома, нiводнага двара, дзе не была б схавана зброя цi яна не выраблялася б.

Нездарма Тэнджыл абяцаў ва ўзнагароду белых коней i таму, хто знойдзе патаемны склад зброi.

— Як гэта неразумна, — заўважыў Мацiяс. — Няўжо ён думае, што ў Далiне Дзiкай Ружы знойдзецца здраднiк?

— Не, здраднiк ёсць толькi ў Вiшнёвай Далiне, — цiха прамовiў Джанатан.

Так, я ведаў, што са мной побач iдзе Джанатан, але ў гэта цяжка было паверыць — так змянiлi яго аблiчча барада i рызманы, у якiя ён быў апрануты.

— Джосi не бачыў прымусу i гэтай жорсткасцi. Калi б пабачыў, то нiколi б не рашыўся на тое, што ён зрабiў.

— Цiкава, што цяпер робiць Сафiя? — сказаў Джанатан. — Як бы хацелася ведаць, цi даляцела Б'янка.

— Трэба спадзявацца, што даляцела, — абнадзеiў Мацiяс. — Значыць, Сафiя перашкодзiць Джосi.

Вярнуўшыся ў дом да Мацiяса, мы ўбачылi воддаль таўстуна Додзiка: ён ляжаў на траве i гуляў у косцi з трыма iншымi салдатамi Тэнджыла. Усе яны, напэўна, былi вольныя ад спраў. Мы доўга назiралi за iмi з кухоннага акна. Яны гулялi ў косцi, елi мяса, пiлi пiва — усё гэта яны прыцягнулi з плошчы. Гульню ў косцi неўзабаве яны спынiлi i проста елi мяса i пiлi пiва, а потым толькi пiлi пiва, затым наогул нiчога не рабiлi, а толькi поўзалi сярод кустоў, як жукi, i, нарэшце, паснулi.

Iх шлемы i плашчы ляжалi на траве там, дзе яны iх кiнулi, бо каму ж прыйдзе ў галаву пiць пiва ў такi гарачы дзень у тоўстым плашчы з воўны.

— Калi б Тэнджыл ведаў, ён бы iх высек, — сказаў Джанатан.

Потым ён выйшаў на двор i, перш чым я паспеў напалохацца, вярнуўся з плашчом i шлемам.

— Навошта табе гэтыя мярзотныя рэчы? — прабурчаў Мацiяс.

— Я яшчэ не ведаю, — адказаў Джанатан, — але, можа, настане момант, калi яны мне будуць неабходны.

— Глядзi, можа наступiць момант, калi цябе схопяць...

Але Джанатан сарваў з сябе барадуi рыззё, надзеў шлем i плашч i так стаў падобны на салдата Тэнджыла, ажно стала страшна. Мацiяс схамянуўся i папрасiў яго схаваць гэтыя жахлiвыя рэчы.

Джанатан так i зрабiў.

Потым мы ляглi i праспалi ўсю астатнюю частку дня, i я не ведаю, як яны там разабралiся, калi таўстун Додзiк i яго хаўруснiкi сталi высвятляць, чый шлем i чый плашч прапалi.

Мацiяс таксама спаў, але ён прачынаўся, як казаў ён нам потым, ад крыкаў i праклёнаў, якiя даляталi з зараснiкаў руж.

У гэту ноч мы працягвалi капаць падземны ход.

— Яшчэ тры начы, не больш, — прыкiнуў Джанатан.

— А што будзе потым? — пацiкавiўся я.

— А потым будзе тое, дзеля чаго я сюды прыйшоў. Можа, яно i не ўдасца, але я ўсё роўна павiнен паспрабаваць вызвалiць Орвара.

— I я з табой, — сказаў я. — Толькi не пакiдай мяне зноў аднаго. Куды пойдзеш ты, туды i я.

Ён паглядзеў на мяне i ўсмiхнуўся.

— Калi ты сапраўды гэтага хочаш, то хачу i я, — адказаў ён.

11

Пасля такога абеду i пiва салдатам Тэнджыла захацелася атрымаць ад уладара яшчэ i дваццаць коней, i яны з асаблiвым стараннем пачалi шукаць Джанатана. Яны шукалi з ранку да ночы, зазiраючы ў кожны куток у Далiне. Джанатан вымушаны быў заставацца ў сваiм сховiшчы, i ён, небарака, там ледзь не задыхнуўся.

Ведэр i Кадэр лазiлi паўсюль i зачытвалi загад Тэнджыла пра майго брата. Я таксама меў магчымасць пачуць, што праз сцяну без дазволу пранiк вораг Тэнджыла Джанатан Львiнае Сэрца, месцазнаходжанне якога ў Далiне Дзiкай Ружы застаецца невядомым. Яго прыкметы: "Вельмi прыгожы малады чалавек са светлымi валасамi, цёмна-блакiтнымi вачамi, стройны". Яны апiсвалi яго так, як апiсаў iм Джосi. Я ўпэўнены ў гэтым. I зноў я пачуў пра пакаранне смерцю за ўкрыццё Львiнага Сэрца i пра ўзнагароду таму, хто яго выдасць.

Пакуль Ведэр i Кадэр ездзiлi вакол, абвяшчаючы ўсiм пра гэта, людзi Далiны прыходзiлi ў дом Мацiяса развiтацца з Джанатанам i падзякаваць яму за ўсё, што ён для iх зрабiў, а зрабiў ён, вiдаць, значна больш, чым я ведаў.

— Мы нiколi не забудзем цябе, — гаварылi яны са слязамi на вачах, пакiдаючы яму астатнi хлеб, хаця самiм не было чаго есцi. — Табе ён больш патрэбны ў тваiм цяжкiм i небяспечным падарожжы, — а потым iшлi слухаць Ведэра i Кадэра яшчэ раз — проста дзеля забавы.

Салдаты не абмiнулi i дом Мацiяса. Калi яны ўвайшлi, я сядзеў на табурэце ў кухнi i страшэнна баяўся, баяўся нават варухнуцца, а Мацiяс, наадварот, паводзiў сябе вельмi ўпэўнена.

— А што вы шукаеце? — сустрэў ён iх. — Я не веру ў тое, што Львiнае Сэрца наогул iснуе. Гэта выдумалi, каб пераварочваць наша жытло.

Яны, вядома, перавярнулi ўсё дагары нагамi i ў нашым дамку. Пачалi яны з маленькай спальнi i зрабiлi звалку з пасцелi. Потым абшукалi шафу, выцягнуўшы адтуль кожную рэч, што, зразумела, было дурасцю з iх боку. Няўжо яны сапраўды думалi, што Джанатан хаваецца ў шафе?

— Можа, вы зазiрнеце i ў гаршкi? — з горыччу сказаў Мацiяс.

Потым яны пайшлi ў кухню i пачалi круцiцца каля буфета, а я сядзеў на табурэце i адчуваў, як ува мне закiпае нянавiсць. Гэта было якраз у той вечар, калi мы з Джанатанам збiралiся пакiнуць Далiну, i я падумаў, што калi яны яго знойдуць, то я не ведаю, што зраблю. Не можа быць, каб лёс быў такi несправядлiвы, каб яны схапiлi Джанатана ў апошнiя хвiлiны яго знаходжання ў Далiне.

Мацiяс напхаў у буфет старога адзення, шкур i многа iншых рэчаў, каб заглушыць любы гук са сховiшча. Салдаты ўсё гэта выкiнулi на падлогу.

А потым... У мяне гатоў быў вырвацца крык, ад якога мог развалiцца дом: адзiн з iх ужо браўся адсоўваць буфет. Але я не выдаў нiводнага гуку. Я сядзеў, як спаралiзаваны, на табурэце i ненавiдзеў яго ўсёй душой, ненавiдзеў у iм усё: яго грубыя рукi, тоўстую шыю i бародаўку на лбе. Я ненавiдзеў за тое, што баяўся — зараз ён убачыць дзверы, якiя вядуць у сховiшча, i гэта будзе канец для Джанатана.

Але тут закрычаў Мацiяс:

— Паглядзiце, што вы нарабiлi! Пажар! Хiба вам Тэнджыл загадаў падпальваць наша жытло?

Не ведаю, як такое магло здарыцца, але гэта было сапраўды так. На падлозе гарэла шкура, i салдаты павiнны былi кiнуць усё, каб патушыць яе. Яны скакалi, i тупалi нагамi, i лаялiся, i праклiналi, i, нарэшце, вылiлi на яе вядро вады, так што агонь быў амаль што патушаны. Але Мацiяс працягваў бурчаць, каб паказаць, як ён на iх злуецца.

— Вы што, не разумееце? — ушчуваў ён. — Воўну ж нельга кiдаць каля агню, адкуль заўсёды ляцяць iскры.

Салдат з бародаўкай як ашалеў.

— Заткнiся, стары, — закрычаў ён, — а то ў мяне ёсць багата спосабаў заткнуць тваю глотку!

Але Мацiяс не даваў iм запалохаць сябе.

— Не, вы спачатку прыбярыце за сабой, — абураўся ён. — Паглядзiце, што вы тут нарабiлi! Ператварылi ўсё ў свiнушнiк.

Гэта якраз i прымусiла iх паспешлiва выбiрацца.

— Сам прыбiрай свой свiнушнiк, стары хрэн! — сказаў салдат з бародаўкай. Ён выйшаў першы, а за iм iншыя салдаты, пакiнуўшы пасля сябе незачыненыя дзверы.

— У iх зусiм няма сумлення, — уздыхнуў Мацiяс.

— Якое шчасце, што загарэлася шкура, — усклiкнуў я. — Шчасце Джанатана...

Мацiяс папляваў на пальцы.

— Так, невялiкiя пажары зрэдку вельмi патрэбны, — сказаў ён. — Хаця, халера, вельмi пячэ ў пальцы, калi бярэш з агню гарачае вуголле.

Але гэта не быў яшчэ канец нашых няшчасцяў.

Яны абшукалi стайню, i салдат з бародаўкай крыкнуў Мацiясу:

— Стары! У цябе два канi. У Далiне Дзiкай Ружы нiкому не дазваляецца мець больш за аднаго. Ты гэта ведаеш. Мы прышлём чалавека, ён забярэ аднаго каня, таго, з белай зорачкай. Яго трэба аддаць Тэнджылу.

— Гэта конь майго ўнука, — запярэчыў Мацiяс.

— Быў... А цяпер гэта конь Тэнджылаў.

Пачуўшы гэта, я пачаў плакаць. Мы павiнны былi пакiнуць Далiну Дзiкай Ружы ў гэты вечар, наш доўгi падземны ход быў закончаны. Да гэтага моманту я не думаў, як мы возьмем з сабой Грыма i Ф'ялара, яны ж не маглi прапаўзцi па падземным ходзе. Як неразумна было не падумаць раней пра тое, што нам трэба будзе пакiнуць коней з Мацiясам. Гэта было дрэнна, але цяпер справы паварочвалiся яшчэ горш. Тэнджыл забярэ Ф'ялара, i я не ўяўляю, як не разарвалася маё сэрца, калi я пачуў пра гэта.

Салдат з бародаўкай выцягнуў з кiшэнi маленькую драўляную дошчачку i паднёс яе да самага носа Мацiяса.

— Вось тут напiшы нумар свайго дома, — загадаў ён.

— А чаму я павiнен гэта рабiць? — недаўменна запытаўся Мацiяс.

— Пацвердзi, што ты хочаш добраахвотна аддаць каня Тэнджылу.

— Але я не хачу...

У адказ салдат выцягнуў меч.

— Не, ты вельмi хочаш. Ты зробiш гэта з вялiкiм задавальненнем. I пастаў вось тут нумар свайго дома. А потым ты аддасi гэтую дошчачку чалавеку, якi прыйдзе з Карманьякi, каб забраць каня, бо Тэнджылу патрэбны доказы, што ты аддаў усё добраахвотна, ты разумееш, стары? — гыркнуў ён, штурхнуўшы Мацiяса так, што ён ледзьве не павалiўся.

Што мог зрабiць Мацiяс? Ён напiсаў нумар свайго дома, а салдаты рушылi далей шукаць Джанатана.

Гэта быў наш апошнi вечар з Мацiясам. У апошнi раз мы селi за стол, у апошнi раз ён налiў нам супу. Усiм нам было сумна, але больш за ўсiх мне. Я плакаў. I з-за Ф'ялара, i з-за Мацiяса: ён стаў мне амаль родным дзядулем, а цяпер даводзiлася яго пакiдаць. Я плакаў яшчэ таму, што я быў малы, быў напалоханы i нiчога не мог зрабiць, каб абаранiць дзядулю ад грубых салдат.

Джанатан сядзеў моўчкi, задумаўшыся.

— Калi б я ведаў пароль... — нарэшце прамовiў ён з горыччу.

— Якi пароль? — пацiкавiўся я.

— Кожны павiнен сказаць пароль, хто ўваходзiць i выходзiць праз галоўную браму, хiба ты не ведаеш?

— Чаму ж, ведаю... Я ведаю нават гэты пароль: "Уся ўлада Тэнджылу, нашаму вызвалiцелю". Я чуў, як яго гаварыў Джосi, цi ж я табе не расказваў пра гэта?

Джанатан угледзеўся на мяне i глядзеў даволi доўга.

— Сухарык, ты мне падабаешся, — засмяяўся ён. — Ты сапраўды гэта ведаў?

Я не мог зразумець, чаму ён быў так задаволены гэтым паролем, бо ён не збiраўся праходзiць праз вароты, але мне было прыемна, што я, такi слабы i бездапаможны, мог хоць крыху, хоць ледзь-ледзь дапамагчы яму.

Мацiяс выйшаў у спальню прыбраць усё, Джанатан пайшоў следам за iм. Яны гаварылi пра нешта шэптам. Я пачаў прыслухоўвацца.

— Калi я загiну, ты паклапоцiшся пра майго брата, праўда?.. — даляцеў да мяне братаў голас.

Потым ён вярнуўся да мяне.

— Паслухай, Сухарык, я зараз збiраюся i знiкаю, а ты павiнен заставацца тут з Мацiясам i чакаць, пакуль не атрымаеш ад мяне вестку. Магчыма, гэта будзе не вельмi хутка — мне трэба зрабiць тое-сёе ў першую чаргу. Але ты не хвалюйся...

Мне гэта вельмi не спадабалася. Я заўсёды з цяжкасцю чакаў Джанатана, асаблiва тады, калi баяўся за яго. I цяпер вельмi баяўся, бо хто ведае, што можа здарыцца з Джанатанам па той бок сцяны, калi што ў яго не атрымаецца.

— Ды ты не хвалюйся, — супакойваў мяне Джанатан. — Ты ж усе гэтыя днi Карл Львiнае Сэрца!

Ён хутка развiтаўся са мной i Мацiясам i паспешлiва знiк у падземным ходзе. Апошняе, што мы ўбачылi, гэта як ён яшчэ раз памахаў нам рукой.

Мы з Мацiясам засталiся адны.

— Таўстун Додзiк i не ўяўляе сабе, якi крот пракладвае сабе шлях зараз пад сцяной, — цiха прамовiў Мацiяс.

Уяўляць-то не ўяўляе, але ён можа ўбачыць, калi гэты крот высуне сваю галаву на паверхню, i тады ўжо ён, вядома, не марудзячы выпусцiць стралу.

Мне было вельмi сумна, i я пайшоў на стайню да Ф'ялара, каб у апошнi раз пашукаць у яго суцяшэння. Але i ён не мог супакоiць мяне, бо я ведаў, што пасля гэтага вечара я ўжо нiколi яго не ўбачу.

У стайнi было цёмна, праз маленькае акенца праходзiла мала святла, але я ўбачыў, як Ф'ялар радасна павярнуў да мяне галаву. Я падышоў да яго стойла i абняў за шыю. Я хацеў, каб ён не крыўдзiўся за тое, што адбудзецца, бо тут не мая вiна.

— А можа, я вiнаваты? — сказаў я праз слёзы. — Калi б я застаўся ў Вiшнёвай Далiне, то Тэнджыл нiколi б не забраў цябе. Даруй мне, Ф'ялар, даруй, але ж я не мог зрабiць iначай.

Вiдаць, ён адчуваў, што мне сумна. Сваёй мяккай пысай ён цёрся аб маё вуха, быццам хацеў супакоiць мяне.

Але я працягваў плакаць. Я абдымаў яго i плакаў, плакаў, пакуль у мяне не скончылiся слёзы. На развiтанне я пагладзiў яго i даў яму апошнюю порцыю аўса, якою ён, вядома, падзялiўся з Грымам.

Пакуль я быў з Ф'яларам, мне прыходзiлi ў галаву проста страшныя думкi.

Няхай ён звалiцца мёртвым, той чалавек, што павiнен прыйсцi i забраць майго каня. Няхай ён загiне, перш чым пераедзе раку. Было, канечне ж, жахлiва жадаць некаму такое, сапраўды жахлiва, але каб гэта i спраўдзiлася, нiшто ўжо не дапамагло б.

Пэўна, той чалавек ужо быў на пароме, i на гэтым пароме яны адвязуць усё нарабаванае. А можа, ён ужо тут, на беразе? А можа, ён якраз цяпер праходзiць браму i будзе тут з хвiлiны на хвiлiну? Ах, Ф'ялар, калi б мы толькi маглi знiкнуць адсюль разам!

Як толькi я падумаў пра гэта, хтосьцi адчынiў стайню i штосьцi выгукнуў. Я спалохаўся. Але гэта быў Мацiяс. Ён хацеў даведацца, што я так доўга тут раблю. Добра, што ў стайнi было цёмна i ён не мог бачыць маiх слёз. Але ён усё-такi, вiдаць, здагадаўся.

— Маленькi мой, калi б толькi мог я што-небудзь зрабiць! — загаварыў ён ласкава. — Нiякi дзядуля не зможа дапамагчы ў гэтай справе, таму паплач крыху, паплач...

I раптам праз акенца за Мацiясам я ўбачыў, што хтосьцi стаiць у двары. Салдат Тэнджыла, ён прыйшоў па Ф'ялара!..

— Ён прыйшоў, — плакаў я. — Мацiяс, ён прыйшоў!

Калi я зноў безнадзейна заплакаў, Ф'ялар сумна заржаў.

У наступны момант дзверы ў стайню адчынiлiся, i вось ён ужо стаiць тут у сваiм чорным шаломе i чорным плашчы.

— Не, — закрычаў я. — Не, не!

Але салдат ужо быў побач са мной i абхапiў мяне рукамi.

Гэта быў Джанатан, так, гэта быў ён.

— Ты не пазнаеш свайго роднага брата? — здзiвiўся ён, калi я паспрабаваў вызвалiцца. Ён падштурхнуў мяне да акна, каб я мог лепш разгледзець яго, i ўсё-такi мне было цяжка паверыць, што гэта Джанатан. Яго было не пазнаць, бо ён, вядома, быў не той "прыгожы малады чалавек". Валасы ў яго звiсалi мокрымi пасмамi, i яны не блiшчалi, "як золата", а яшчэ ён нешта падторкнуў пад верхнюю губу. Не ўяўляю, хто б гэта мог без асаблiвага штукарства да непазнавальнасцi змянiць сваё аблiчча. Выглядаў ён смешна, я б нават засмяяўся, калi б быў час, але было ясна, што ў Джанатана часу няма.

— Хутчэй, хутчэй, — прыспешваў ён. — Мне трэба неадкладна знiкнуць. Чалавек з Карманьякi будзе тут з хвiлiны на хвiлiну.

Ён працягнуў руку Мацiясу.

— Дай мне дошчачку, — сказаў ён. — Я ўпэўнены, што ты аддасi абодвух коней Тэнджылу з вялiкiм задавальненнем, цi не так?

— А што ты хочаш рабiць? — запытаў Мацiяс, перадаючы яму дошчачку.

Джанатан паклаў яе ў кiшэню.

— Мне трэба будзе паказаць яе ля брамы, — адказаў ён. — I старшы вартаўнiк зразумее, што я не лгу.

Мы хутка асядлалi коней. За гэты час Джанатан паспеў расказаць нам, як ён змог прайсцi праз галоўную браму, бо Мацiясу было надта цiкава.

— Гэта было проста, — расказваў Джанатан. — Я назваў пароль, якому навучыў мяне Сухарык: "Уся ўлада Тэнджылу — нашаму вызвалiцелю!" Старшы вартаўнiк запытаўся: "Адкуль ты? Куды iдзеш i што за даручэнне ў цябе?" — "З Карманьякi ў дом Мацiяса забраць пару коней для Тэнджыла". — "Праходзь", — сказаў ён. "Дзякуй", — адказаў я. I вось я тут. Але я павiнен прайсцi браму да таго, як з'явiцца пасланец Тэнджыла, iнакш усё ўскладнiцца.

Мы вывелi коней хутчэй, чым я магу сказаць гэта. Джанатан ускочыў у сядло Грыма, трымаючы павады Ф'ялара.

— Беражы сябе, Мацiяс, — махнуў ён рукой. — Да сустрэчы!

I памчаў рыссю з парай коней.

— А што ж будзе са мной? Што мне рабiць? — закрычаў я.

Джанатан памахаў мне.

— Мацiяс растлумачыць табе ўсё, — ужо здаля гукнуў ён.

Я стаяў, глядзеў яму ўслед i адчуваў сябе вельмi самотна. Мацiяс пачаў мяне супакойваць:

— Сухарык, зразумей, ты ж не можаш прайсцi праз браму. Табе трэба будзе прабiрацца падземным ходам, гэта калi ўжо сцямнее. Джанатан будзе чакаць цябе з таго боку сцяны.

— Гэта праўда? — не паверыў я. — З iм жа можа што-небудзь здарыцца ў апошнюю хвiлiну.

— Нi ў чым нельга быць упэўненым у краiне, дзе правiць Тэнджыл, — Мацiяс уздыхнуў. — Але калi што-небудзь, здарыцца, то вернешся, тады застанешся ў мяне.

Я ўявiў сабе, як усё гэта будзе выглядаць. Спачатку паўзцi па доўгiм падземным ходзе аднаму, само па сабе гэта было жахлiва, потым выйсцi ў лесе па другi бок сцяны i чакаць, чакаць, i нарэшце зразумець, што здарылася штосьцi страшнае. А потым паўзцi назад i жыць без Джанатана!

Мы стаялi ля пустой цяпер стайнi, i раптам мне прыйшла ў галаву непрыемная думка.

— А што будзе з табой, Мацiяс, калi прыйдзе гэты чалавек з Карманьякi? У стайнi ж няма коней!

— Там будзе конь, — адказаў Мацiяс. — Я якраз iду за сваiм. Пакуль Грым быў у стайнi, я хаваў яго ў суседзяў.

— Дык забяруць твайго каня! — усклiкнуў я.

— Няхай паспрабуюць, — адказаў Мацiяс.

Мацiяс прывёў свайго каня вельмi своечасова, бо неўзабаве з'явiўся той, каго паслалi забраць Ф'ялара. Ён пачаў крычаць, абурацца, лаяцца, бо ў стайнi быў толькi адзiн конь i Мацiяс не аддаваў яго.

— Гэты нумар у вас не пройдзе, — гаварыў Мацiяс. — Кожны можа мець каня, i вы гэта ведаеце. Аднаго вы ўжо забралi ў мяне i дошчачку з нумарам майго дома забралi. Я невiнаваты, што ў вас там такая катавасiя i адзiн дурань не ведае, што робiць другi.

Некаторыя Тэнджылавы салдаты вельмi злавалiся, калi Мацiяс так з iмi размаўляў, iншыя зрабiлiся памяркоўнымi i пачцiвымi. Салдат, якi прыйшоў за Ф'яларам, здаўся адразу.

— Пэўна, тут нейкая памылка, — развёў ён рукамi i, сагнуўшыся, як сабака з падцiснутым хвастом, пайшоў са двара, а за iм астатнiя.

— Мацiяс, хiба ты нiкога не баiшся? — запытаўся я, калi салдаты пайшлi.

— Чаму не баюся! — адказаў Мацiяс. — Паслухай, як грукае сэрца. — Ён узяў маю руку i прыклаў да сваiх грудзей. — Мы ўсе iх баiмся, але iншы раз гэта не трэба паказваць.

Потым надышоў вечар, а з iм i цемра. Настаў час пакiдаць Далiну Дзiкай Ружы.

— Ну што ж, бывай, малы, — сказаў на развiтанне Мацiяс. — Не забывай свайго дзядулю.

— Бывай, дзядуля! Я нiколi, нiколi не забуду цябе.

I вось я апынуўся адзiн у падзямеллi, доўга поўз па цёмным i цесным тунэлi, размаўляючы сам з сабой, каб не вельмi баяцца.

"Нiчога страшнага няма, толькi што цёмна... Нiчога страшнага... Не бойся, задыхнуцца тут нельга. Ну i што з таго, што зямля сыплецца за каўнер, гэта зусiм не азначае, што ўсё абвалiцца, дурненькi! Не, не, Додзiк не заўважыць цябе, калi ты выпаўзеш, ён жа не кот, каб бачыць у цемры. Канечне ж, Джанатан чакае цябе, ён там, ты чуеш, што табе кажу? Ён там, ён чакае!"

I ён сапраўды чакаў. Ён сядзеў на каменi, нябачны ў цемры, а воддаль пад дрэвам стаялi Грым i Ф'ялар.

— Ну, Карл Львiнае Сэрца, нарэшце ты тут, — цiха ўсклiкнуў ён.

12

Мы спалi ў тую ноч пад елкай i прачнулiся на дасвеццi. Было вельмi холадна, ва ўсякiм разе я проста акалеў. У густым тумане Грым i Ф'ялар ледзьве праглядвалiся, яны здавалiся ў шэрай дымцы прывiдамi. У лесе стаяла глухая, злавесная цiшыня. Не магу зразумець, чаму ў тую ранiцу ўсё здавалася такiм змрочным, пустэльным i трывожным. Адзiнае, чаго мне хацелася, дык гэта вярнуцца ў цёплую Мацiясаву кухню, бо палохала невядомасць, што чакала нас наперадзе.

Я стараўся не паказваць Джанатану сваiх страхаў, каб ён раптам не адправiў мяне назад, а мне так хацелася быць з iм побач, нават калi пагражала небяспека.

Джанатан паглядзеў на мяне i ўсмiхнуўся.

— Не апускай носа, — кажа. — Нiчога страшнага няма, павер майму слову, самае страшнае наперадзе.

Нiшто сабе, супакоiў! Але тут паднялося сонца, туман рассеяўся, у лесе заспявалi птушкi. Усё змрочнае i загадкавае таксама развеялася, маiх страхаў як i не было. Я сагрэўся, i ўсё ў нашым становiшчы здавалася мне не такiм ужо i дрэнным.

Грыму i Ф'ялару было таксама добра. Яны, пакiнуўшы цёмную стайню, з задавальненнем скублi зялёную траву. Думаю, што iм гэта падабалася.

Джанатан пасвiстаў iм, пасвiстаў цiхутка, але яны пачулi i прыйшлi.

Джанатан вырашыў ехаць неадкладна, хутчэй адсюль як мага далей!

— Сцяна адразу за гэтымi зараснiкамi, — растлумачыў ён. — А нам зусiм няма патрэбы трапiць на злыя вочы Додзiка.

Наш падземны ход выходзiў каля двух кустоў арэшнiку, Джанатан яшчэ замаскiраваў уваход галiнкамi, тым самым адзначыўшы, каб лягчэй было знайсцi яго.

— Запомнi, як усё гэта выглядае, — навучаў ён мяне. — Запомнi гэты вялiзны камень i елку, пад якой мы спалi, i зараснiк арэшнiку, бо, магчыма, давядзецца зноў прыехаць сюды, калi...

Больш ён нiчога не сказаў, мы асядлалi коней i паехалi.

Раптам над вершалiнамi дрэў мы ўбачылi галубка, аднаго з галубкоў Сафii, якi iмклiва наблiжаўся.

— Глядзi, гэта — Палома, — сказаў Джанатан, сочачы за яе палётам.

Я здзiвiўся — як ён мог пазнаць на такой адлегласцi?

Мы так доўга чакалi навiн ад Сафii, нарэшце прыляцеў яе галубок, а мы былi па гэты бок сцяны. Галубок паляцеў да дома Мацiяса, зараз ён апусцiцца ў галубятнi на стайнi, i толькi Мацiяс прачытае Сафiiну вестку.

Гэта азмрочыла Джанатана.

— Ах, калi б галубок прыляцеў учора, — сказаў ён, — я даведаўся б пра тое, што мне так неабходна.

Але нам трэба было ехаць, хутчэй аддалiцца ад гэтай сцяны, i ад Далiны Дзiкай Ружы, i ад салдат Тэнджыла, якiя шукаюць Джанатана.

Мы павiнны былi спусцiцца да ракi акружным шляхам праз лес, а потым берагам — да вадаспада Карма.

— I там, малы, ты ўбачыш такi вадаспад, якога ты нiколi ў жыццi не бачыў.

Я наогул мала што бачыў у жыццi, пакуль не трапiў у Наджыялу, i, вядома, не бачыў i такога лесу, якiм мы зараз ехалi. Гэта быў сапраўдны казачны лес, густы i цёмны, без адзiнай пратаптанай сцяжынкi. Мы ехалi наўпрост па лесе мiж дрэў, i iх вiльготныя галiны хвасталi нам па тварах. Але мне гэта нават падабалася. Мне падабалася ўсё: i сонечныя промнi, якiя прабiвалiся праз шаты дрэў, i спеў птушак, i лясныя пахi. А больш за ўсё мне падабалася ехаць побач з Джанатанам.

Паветра было свежае i халаднаватае, але паступова пацяплела. Адчувалася, што дзень будзе спякотны.

Неўзабаве Далiна Дзiкай Ружы засталася ззаду, а мы былi ў лясных нетрах. На паляне, акружанай высокiмi дрэвамi, мы ўбачылi маленькi шэры дамок — проста сярод густога лесу. Як можна жыць у такiм закiнутым месцы! Але тут хтосьцi жыў, бо з комiна iшоў дым, а каля агароджы пасвiлiся дзве казы.

— Тут жыве Эльфрыда, — паведамiў Джанатан. — Калi добра папрасiць, яна дасць нам малака падмацавацца.

Малака нам далi ўдосталь, а мы ж так доўга ехалi i нiчога не елi. Мы сядзелi ў Эльфрыды на прыступках ганка, пiлi смачнае малако i елi хлеб, якi быў у нас з сабой, елi сыр з казiнага малака, якiм пачаставала добрая Эльфрыда.

Эльфрыда — маленькая, тоўсценькая бабулька — жыла тут зусiм адна. Яна жыла тым, што трымала коз. Быў у яе i шэры кот для кампанii.

— Дзякуй богу, што не жыву я за сцяной, — казала бабуля.

Яна многiх ведала ў Далiне Дзiкай Ружы i ўсё распытвала, цi жывыя яны, яе знаёмыя, i Джанатан расказваў ёй навiны. Яму цяжка было гаварыць, таму што навiны былi невясёлыя i вельмi засмучалi бабульку.

— Ох, цяжка жывецца людзям у Далiне Дзiкай Ружы, — уздыхнула Эльфрыда. Няхай будзе пракляты Тэнджыл, няхай будзе праклята Катла!.. Усё б было добра, калi б у яго не было Катлы.

Яна закрыла твар фартухом, i мне здалося, што яна плача.

Я не мог глядзець на ўсё гэта i пайшоў пашукаць сунiцы. Хто такая Катла? Дзе жыве Катла? Калi мне раскажуць пра гэта?

Гарачынёй мы нарэшце дабралiся да ракi. Сонца, як вогненны шар, ззяла на небе, а вада пералiвалася, як тысяча маленькiх сонцаў. Мы стаялi на высокiм стромым беразе, а ўнiзе пад намi вiравала рака. Якое гэта было вiдовiшча! Рака iмчалася да вадаспада Карма так, што ажно пенiлася ў вадаваротах. З усёй сiлай яна iмкнулася да вадаспада, i мы ўжо на адлегласцi чулi яго раскаты.

Нам хацелася спусцiцца ўнiз, каб адчуць прахалоду. Грым i Ф'ялар напiлiся ў лесе з ручая, а нам хацелася пакупацца, i мы пабеглi ўнiз з крутога схiлу, па дарозе сцягваючы з сябе адзенне. На беразе ракi густа рос лазняк, над вадою раскiнула свае галiны тоўстая вярба. Мы ўзлезлi на дрэва, i Джанатан паказаў мне, як, трымаючыся за галiны, апусцiцца ў ваду.

— Ды глядзi ж, трымайся, не адпускай галiну, — папярэдзiў ён. — А то хутка апынешся ў вадаспадзе Карма!

I я моцна трымаўся, ажно пальцы пабялелi. I доўга цялёпкаўся на сваёй галiне, а iмклiвая плынь абмывала мяне. Нiколi раней у мяне не было такога небяспечнага, але ж i такога цiкавага купання.

Потым з дапамогай Джанатана я вылез на ствол, i мы з iм сядзелi на вярбе, нiбы ў зялёным будане, якi гайдаўся над вадой. Пад намi iмчалася i пенiлася вада, вабячы нас зноў. Збоку рака не здавалася асаблiва небяспечнай, але дастаткова было апусцiць у яе палец, адзiн толькi палец, каб адчуць сiлу яе iмклiвай плынi.

Мы сядзелi на дрэве, i я паглядзеў угору на схiл. I чаго зусiм не чакаў я ўбачыў коннiкаў з коп'ямi! Гэта былi салдаты Тэнджыла... Яны скакалi на конях, але мы нiчога не чулi з-за шуму вады.

Джанатан убачыў iх таксама, але я не заўважыў, каб ён спалохаўся. Мы цiха сядзелi, чакаючы, што яны праедуць мiма. Але яны не праехалi мiма. Яны спынiлiся i саскочылi з коней, як быццам хацелi адпачыць.

— Джанатан, цi не цябе яны шукаюць? — у трывозе запытаўся я.

— Не, — адказаў ён. — З Карманьякi яны едуць у Далiну Дзiкай Ружы. Ля вадаспада Карма ёсць падвесны мост, i Тэнджыл пасылае сваiх салдат па гэтай дарозе.

— Але чаго iм спыняцца якраз тут?

— Не ведаю...Не хацелася б, каб яны бачылi нас, — адказаў Джанатан.

Я налiчыў шэсць чалавек. Яны аб нечым размаўлялi, нiбы спрачалiся, паказваючы на ваду, але разабраць што-небудзь было немагчыма. Раптам адзiн з iх накiраваў свайго каня ўнiз па схiле да ракi. Ён ехаў проста да нас, i добра, што мы так удала схавалiся на дрэве.

Астатнiя ўслед яму крычалi:

— Не рабi гэтага, Парк! Ты ўтопiшся разам з канём.

Але той, каго яны называлi Паркам, толькi смяяўся:

— Я дакажу! Калi я не праплыву да той скалы i назад, слова гонару, я стаўлю вам пiва!..

Цяпер было ясна, што ён збiраўся рабiць. Непадалёк з вады выступаў камень. Вада шалёна кружыла вакол яго, i толькi невялiкая яго частка была бачна на паверхнi. Парк павiнен быў заўважыць яго, калi пад'язджаў да берага, але цяпер ён, мабыць, толькi думаў пра заклад.

— Дурань! — сказаў Джанатан. — Няўжо ён думае, што конь паплыве супраць цячэння ў гэтым месцы.

Парк ужо скiнуў шлем, плашч, чаравiкi i, застаўшыся толькi ў кашулi i штанах, усё спрабаваў прымусiць каня зайсцi ў раку. Гэта быў невялiкi вараны сiмпатычны конь. Парк крычаў, лаяўся, паганяў яго, але той упiраўся i не хацеў iсцi ў ваду. Ён баяўся. Парк ударыў каня. Бiзуна ў яго не было, таму ён ударыў яго кулаком па галаве. Я пачуў, як Джанатан з сiлай увабраў у сябе паветра, гэтак жа, як ён рабiў на плошчы.

Нарэшце Парк дамогся свайго: напалоханы конь увайшоў у раку толькi таму, што гэты вар'ят прымусiў яго. Жахлiва было глядзець, як ён кiдаўся, калi паток падхоплiваў яго.

— Ён будзе рухацца проста на нас, — заўважыў Джанатан. — Парк можа рабiць што хоча, але ён нiзавошта не прымусiць каня падысцi да гэтага каменя.

Але ён спрабаваў, ён проста высiльваўся. О, як ён дрыжаў i як напружваўся, адчуваючы сiлу i моц ракi!

Нарэшце Парк таксама адчуў, што яго жыццё ў небяспецы, i паспрабаваў накiраваць каня да берага, але хутка зразумеў, што гэта яму не ўдаецца. Вада прагла свайго, яна хацела аднаго — скiнуць яго ў вадаспад Карма, яна падрыхтавала яму лёс, якi ён цалкам заслужыў. Мне было шкада каня, ён быў невiнаваты i зусiм бездапаможны. Цяпер iх гнала плынь акурат на нас, як i прадбачыў Джанатан. Хутка яны пранясуцца мiма нас i знiкнуць. У вачах Парка застыў жах — ён ужо ведаў, што яго чакала.

Я павярнуў галаву да Джанатана, i ад нечаканасцi ў мяне вырваўся крык. Ён звесiўся з галiны да самай вады, вiсеў дагары нагамi, ашчаперыўшы галiну, i як толькi Парк падплыў, Джанатан схапiў яго за валасы i падцягнуў так, што той здолеў схапiцца за галiну.

Потым Джанатан паклiкаў каня:

— Iдзi сюды, маленькi. Iдзi сюды...

Каня ўжо праносiла мiма, ён рабiў адчайныя намаганнi павярнуць на голас. На канi ўжо не было гэтага грузу, Парка, але ўсё роўна ён ужо амаль тапiўся. Джанатану нейкiм чынам удалося схапiць яго за павады, i ён пачаў цягнуць за iх. Гэта перайшло ў перацягванне памiж жыццём i смерцю, бо рака не жадала саступаць, ёй патрэбны былi абодва: i конь, i Джанатан. Я, ледзь не вар'яцеючы, закрычаў Парку:

— Дапамажы iм, стары асёл, дапамажы iм!

Ён ужо ўзлез на дрэва i сядзеў там у бяспецы, жывы i цэлы, зусiм побач з Джанатанам, але адзiнае, чым гэты дурань дапамог Джанатану, дык гэта тым, што нахiлiўся i залямантаваў:

— Адпусцi каня, там у лесе яшчэ два, я магу ўзяць аднаго з iх замест гэтага. Адпусцi яго!

Чалавек становiцца дужэйшым, калi злуецца, я неяк чуў пра гэта. Можа, тым самым Парк дапамог Джанатану выратаваць каня.

Потым, калi ўсё скончылася добра, Джанатан сказаў Парку:

— Дурань, няўжо ты думаеш, што я выратаваў цябе, каб ты потым украў майго каня? I табе не сорамна?

Вiдаць, Парку стала ўсё-такi сорамна, але ён нiчога не сказаў i нават не спытаў, хто мы такiя. Ён проста падняўся наверх па схiле са сваiм канём i неўзабаве знiк разам з астатнiмi салдатамi.

У той вечар мы распалiлi вогнiшча над вадаспадам Карма, i я ўпэўнены, што нiводнае вогнiшча ў свеце не гарэла так, як наша.

Гэта было страшнае i разам з тым прыгожае месца, як нiдзе нi на зямлi, нi ў сусвеце. I горы, i рака, i вадаспад — усё было такое велiчнае, што здавалася, нiбыта адбываецца ў сне.

Мы стаялi на тым самым мосце, якi пабудавалi па загадзе Тэнджыла над глыбокай цяснiнай, што раздзяляе дзве краiны: Карманьяку i Наджыялу, размешчаныя па абодва бакi Старажытнай Ракi. Рака, глыбокая пад мостам, несла сябе далей да вадаспада i з гулкiм ровам кiдалася з яго.

— Як можна было пабудаваць мост над такой страшнай цяснiнай? — запытаў я ў Джанатана.

— Мне таксама хацелася б даведацца пра гэта, — адказаў ён. — Колькi жыццяў загiнула, пакуль ён будаваўся? Колькi людзей зрывалася ўнiз i знiкала з крыкам у вадаспадзе Карма? Як бы мне хацелася ведаць пра ўсё гэта.

Мяне скаланула, нiбы пачуў я развiтальны крык людзей, якi ўсё яшчэ аддаецца рэхам у гарах.

Цяпер мы знаходзiлiся вельмi блiзка ад замка Тэнджыла. Па другi бок моста бачылася дарога, якая вядзе ў горы, у Старажытныя Горы Карманьякi.

— Калi iсцi па гэтай дарозе, то прыйдзеш да сцен замка Тэнджыла, — сказаў Джанатан.

Мы распалiлi вогнiшча на выступе скалы, высока над вадаспадам. Я сеў да вадаспада спiной, каб не бачыць мост, якi вядзе да замка Тэнджыла. Я бачыў толькi вогнiшча, якое мiгцела на фоне гор, i добры, прыгожы твар Джанатана ў водблiсках агню, а таксама коней, якiя адпачывалi воддаль.

— Гэта вогнiшча самае лепшае за ўсе, каля якiх даводзiлася сядзець, прызнаўся я. — Бо тут я побач з табой, Джанатан.

Дзе б я нi быў, я адчуваў сябе ўпэўнена да таго часу, пакуль Джанатан быў са мной. I цяпер я быў шчаслiвы, таму што я сядзеў каля вогнiшча побач з iм, а гэта якраз тое, пра што мы так часта гаварылi, калi яшчэ жылi на зямлi.

— Днi вогнiшчаў i легенд — памятаеш, як ты расказваў мне пра гэта?

— Так, памятаю, — адказаў Джанатан. — Але тады я не ведаў, што тут, у Наджыяле, такiя жорсткiя легенды.

— А цi гэта павiнна быць так? — запытаўся я.

Нейкi час ён, гледзячы на агонь, сядзеў моўчкi, потым загаварыў:

— Не, калi апошняя бiтва закончыцца, Наджыяла зноў, магчыма, будзе краiнай, дзе ўсе казкi стануць добрымi, а жыццё будзе лёгкiм, як раней.

Успыхнула полымя, i ў яго водблiсках я ўбачыў, якi сумны i стомлены быў Джанатан.

— Апошняя бiтва, Сухарык, будзе страшнай казкай пра смерць i толькi пра смерць. Таму Орвар павiнен узначалiць бiтву. Я не магу забiваць...

"Я гэта ведаю", — падумалася мне, i я запытаўся ў яго:

— Навошта ты выратаваў жыццё таму чалавеку, Парку? Цi ж гэта добра?

— Я не ведаю, цi правiльна зрабiў, — адказаў Джанатан. — Але ёсць рэчы, якiя трэба рабiць не разважаючы, iнакш ты не чалавек, а дрэнь, — я казаў табе пра гэта раней.

— А вось, скажам, яны здагадалiся б, хто ты, — працягваў я, — i схапiлi б цябе...

— Ну што ж, яны схапiлi б Львiнае Сэрца, а не кавалак дрэнi, — адказаў Джанатан.

Наша вогнiшча паступова затухала, i цемра апускалася на горы. Спачатку толькi мяккае сутонне ахiнула наваколле, а потым найшоў чорны змрок, якi засланiў сабою ўсё, i можна было чуць толькi гул вадаспада Карма.

Я яшчэ блiжэй прытулiўся да Джанатана, мы сядзелi, прыпёршыся спiнамi да скалы, i ў цемры размаўлялi адзiн з адным. Я зусiм не баяўся, але мне было неяк не па сабе. Я павiнен быў заснуць, як сказаў мне Джанатан, але я ведаў, што не змагу. Я i размаўляць не мог з-за таго пачуцця неспакою, якое ў мяне з'явiлася не ад цемры, а па нейкай iншай прычыне, не ведаю чаму. I ўсё ж побач са мной быў Джанатан.

Успыхнула маланка, i прагрымеў гром. Аглушальны грукат пранёсся па гарах, а потым абрынуўся на нас. Гэта была навальнiца, якую цяжка ўявiць: раскаты грому неслiся па гарах так аглушальна, што перакрывалi гул вадаспада Кармы, а ўспышкi маланак спяшалiся адна за адной. Маланка то асляпляла нас, то зноў наставала непраглядная цемра.

Потым яшчэ раз успыхнула маланка, больш жахлiвая, чым усе папярэднiя, на iмгненне асвятлiўшы ўсё навокал.

I ў гэтае iмгненне, у гэтым святле я ўбачыў Катлу. Я ўбачыў Катлу.

13

Так, я ўбачыў Катлу, але што адбылося потым, не памятаю. Я проста правалiўся ў нейкую цемру i не прачынаўся да таго часу, пакуль не прайшла навальнiца i пакуль свiтанак не ўзяўся над вершалiнамi гор. Галава мая ляжала на каленях у Джанатана, i як толькi я згадваў, што далёка, на тым беразе ракi, на строме над вадаспадам паявiлася Катла, мяне ахоплiваў жах. Я пачынаў ускрыкваць, калi згадваў пра гэта, i Джанатан спрабаваў супакоiць мяне:

— Яе ўжо тут няма, яна пайшла.

А я ўсё енчыў i енчыў:

— Як жа такое стварэнне, як Катла, можа iснаваць? Гэта — страшыдла, праўда?

— Так, гэта страшыдла, — адказваў Джанатан. — Гэта — драконiха, якая захавалася са старадаўнiх часоў, i яна такая ж жорсткая, як Тэнджыл.

— Дзе ж ён яе ўзяў? — не сунiмаўся я.

— Яна паявiлася з пячоры Катлы, так думаюць людзi, — адказаў Джанатан. Яна заснула калiсьцi ў старажытныя часы i праспала тысячы год, i нiхто не ведаў, што яна iснуе. Але аднойчы ранiцой яна прачнулася, i той страшнай ранiцой яна папаўзла да замка Тэнджыла, выпускаючы смертаносны агонь на кожнага, хто ёй трапляўся. I ўсе на яе шляху памiралi.

— Чаму ж яна не забiла Тэнджыла? — запытаў я.

— Тэнджыл схаваўся ў пакоях свайго замка. Калi яна наблiзiлася да яго, ён схапiў вялiзны рог, якiм склiкаюць салдат, i затрубiў у яго.

— I што з таго? — здзiвiўся я.

— Катла падпаўзла да яго, як сабака, i з таго часу яна падпарадкоўваецца Тэнджылу i толькi Тэнджылу, яна баiцца гуку гэтага рога. Калi ён дзьме ў яго, яна падпарадкоўваецца яму без пярэчання.

Станавiлася ўсё святлей i святлей. Вяршынi гор у Карманьяцы паблiсквалi, як агонь Катлы, а мы якраз збiралiся ў Карманьяку! Як я баяўся, о, як страшэнна я баяўся! Хто ведае, дзе падпiльноўвае Катла? Дзе яна сядзiць, дзе яна жыве? Цi мо i жыве ў пячоры Катлы? А як Орвар трапiў туды? Я i запытаў у Джанатана пра гэта.

Ён пачаў расказваць, што Катла не жыве ў пячоры Катлы пасля таго, як прачнулася. Яна нiколi не вярталася туды. Тэнджыл трымае яе на прывязi каля вадаспада Карма ў пячоры. Яна нiбы сядзiць на залатым ланцугу i будзе датуль там заставацца, пакуль Тэнджыл не возьме яе з сабой, каб навесцi жах на людзей, якiх ён катуе.

— Аднаго разу мне давялося бачыць яе ў Далiне Дзiкай Ружы, — сказаў Джанатан.

— I ты не спалохаўся?

— Спалохаўся, — прызнаўся ён.

Жах ахапiў мяне.

— Я так баюся, Джанатан, Катла заб'е нас.

Ён паспрабаваў зноў супакоiць мяне:

— Але ж яна на ланцугу. Яна можа рухацца толькi на даўжыню ланцуга. Не далей, як да стромы, на якой ты яе бачыў. Яна амаль увесь час стаiць на гэтай строме i глядзiць на вадаспад Карма.

— Навошта яна робiць гэта? — дзiўлюся я.

— Не ведаю, — кажа Джанатан. — Магчыма, яна шукае Карму.

— А хто такi Карм? — дапытваюся я.

— О, гэта балбатня Эльфрыды, — кажа Джанатан. — Нiхто нiколi не бачыў Карма. Яго наогул няма. Але Эльфрыда сцвярджае, што калiсьцi, даўным-даўно, ён жыў у вадаспадзе Карма i што Катла ненавiдзела яго. I нiяк не можа пра гэта забыць. Таму яна i стаiць тут i ўглядаецца.

— Але хто ж ён такi? Як ён мог жыць у вадаспадзе?

— Гэта таксама страшыдла, — адказаў Джанатан. — Марскi змей, даўжынёй, як гэта рака ўшыркi. Але, магчыма, гэта адна са старадаўнiх легенд.

— А можа, ён такая ж выдумка, як Катла? — прыйшла мне ў галаву нечаканая думка.

Джанатан як не пачуў майго пытання i загаварыў пра iншае:

— Ведаеш, што мне сказала Эльфрыда, калi ты збiраў у лесе сунiцы? Яна сказала, што калi яна была маленькай, то дзяцей часта палохалi Кармам i Катлай. Сагi пра дракона ў пячоры Катлы i пра марскога змея ў вадаспадзе Карма ў дзяцiнстве яна чула шмат разоў. Дык, можа, гэта сапраўды адна са старадаўнiх саг, якой людзi палохаюць дзяцей...

— А цi не магло стацца так, што Катла жыве ў сваёй пячоры i адначасова iснуе як сага?

— Так, гэта якраз тое, пра што гаварыла Эльфрыда, — згадзiўся Джанатан.

З замiраннем сэрца я думаў, што ў Карманьяцы поўна страшыдлаў. Мне не хацелася туды iсцi, але трэба было. Мы падмацавалiся з торбы ядой, пакiнуўшы сёе-тое i для Орвара — Джанатан папярэдзiў, што ў пячоры Катлы — страшэнны голад.

Грым i Ф'ялар пiлi дажджавую ваду, якая сабралася ў трэшчынах. Тут, у гарах, iм не было дзе пасвiцца, толькi каля моста сям-там прабiлася трава, так што i яны падсiлкавалiся перад дарогай.

I вось мы праязджаем па мосце ў Карманьяку, у краiну Тэнджыла, у краiну страшыдлаў. Я быў такi напалоханы, што ўвесь калацiўся. Хоць i не надта верыў, што змей iснуе, тым не менш думалася — а раптам ён выскачыць з глыбiнi, схопiць i пацягне нас з Джанатанам у вадаспад Карма? А яшчэ ж Катла... Я баяўся яе больш за ўсё на свеце. Можа, яна чакае нас там, на Тэнджылавым беразе, са сваёй зубастай пашчай i агнём з яе, якi нясе смерць? О, як я быў напалоханы!..

Але мы пераехалi мост, i я не ўбачыў нiякай Катлы, на строме, прынамсi, яе не было.

— Не, яе тут няма, — сказаў я Джанатану.

Але яна была. Не на строме — яе пачварная галава высоўвалася з-за агромнiстай глыбы каменя па дарозе да замка Тэнджыла. Мы ўбачылi яе там. I яна заўважыла нас, i пачуўся рык, ад якога, здавалася, могуць абрушыцца горы. З яе храпы, калi яна, задыхаючыся ад злосцi, iрвалася з ланцуга, вывяргалiся струменi агню i дыму. Грым i Ф'ялар шалелi ад перапуду, i мы ледзь стрымлiвалi iх, ды i сам я быў напалоханы да смерцi. Я ўгаворваў Джанатана вярнуцца дадому ў Наджыялу, але ён не згаджаўся.

— Мы не можам пакiнуць Орвара, — гаварыў ён. — Не бойся. Катла не дастане нас, як бы яна нi рвалася з ланцуга. Але нам трэба спяшацца — Катлу могуць пачуць у замку Тэнджыла, успрыняць гэта як сiгнал небяспекi, i тады на нас нападзе зграя Тэнджылавых салдат. Трэба ўцякаць i схавацца дзе-небудзь у гарах.

Мы доўга ехалi па неймаверна вузкiх, крутых горных сцежках, з-пад капытоў нашых коней ляцелi iскры. Каб заблытаць сляды, мы кружылi петлямi вакол скал. Кожную хвiлiну я чакаў, што вось-вось пачуюцца тупат коней i крыкi салдат Тэнджыла, якiя пачнуць страляць па нас з лукаў, пагражаць коп'ямi i мячамi. Але нiчога такога не чулася. Вiдаць, няпроста было высачыць каго-небудзь у нетрах гор Карманьякi, а ўцекачам лёгка пазбегнуць сваiх ворагаў.

— Куды мы едзем? — запытаўся я ў Джанатана, калi мы заглыбiлiся ў горы.

— У пячору Катлы, канечне, — адказаў ён. — Мы ўжо амаль на месцы. Вось перад намi гара Катлы...

Ага, дык вось, значыцца, якая яна... Перад намi шырокае плато зкрутымi схiламi, якiя рэзка абрываюцца ўнiз. З нашага боку схiлы не такiя крутыя, па iх, калi трэба, лёгка падняцца наверх, што мы ўрэшце i зрабiлi, таму што нам проста неабходна прайсцi праз гэтую гару, — так вырашыў Джанатан.

— Уваход у пячору знаходзiцца з другога боку ад ракi, — растлумачыў ён. I мне трэба паглядзець, як там што...

— Джанатан, няўжо ты думаеш, што мы можам трапiць у пячору Катлы? пытаюся я.

Неяк ён расказваў мне пра вялiзныя медныя вароты — уваход у пячору — i пра Тэнджылавых салдат, якiя ўдзень i ўначы стаяць там на варце. Дык якiм чынам мы можам трапiць туды?

Джанатан не адказаў, толькi папярэдзiў, што нам неабходна будзе схаваць коней, каб яны не сышлi ў горы.

Мы завялi iх у глыбокую цяснiну — пад самай гарой Катлы i пакiнулi iх там разам са збруяй. Джанатан пагладзiў Грыма, сказаў яму:

— Пачакай тут, мы толькi сходзiм у разведку...

Усё гэта мне не вельмi падабалася, бо не хацелася разлучацца з Ф'яларам, але iншага выйсця не было.

Мы даволi доўга падымалiся на ўзвышша, i, нарэшце, калi паднялiся, я адчуў сябе вельмi стомленым. Джанатан заўважыў гэта i сказаў, што можна крыху адпачыць, i я першы кiнуўся на зямлю. Мы ляжалi на вяршынi гары, над намi распасцерлася вялiзнае неба, а якраз над намi была пячора Катлы. I дзiўна было думаць, што недзе ў гэтай гары, дзесьцi пад намi, ёсць жахлiвая пячора з усiмi пераходамi i закуткамi, дзе пакутавала i гiнула столькi людзей. А тут, пад сонцам, лёталi матылькi, паўсюдна раслi кветкi i трава — было дзiўна, што кветкi i трава растуць на покрыве пячоры Катлы.

Я задумаўся — колькi ж людзей загiнула ў гэтай пячоры? Цi жывы яшчэ Орвар? Я запытаўся пра гэта ў Джанатана, але ён не адказаў. Ён ляжаў, угледзеўшыся ў неба, i думаў пра штосьцi сваё. Нарэшце ёнзагаварыў:

— Калi праўда, што Катла спала ў гэтай пячоры, то як жа яна выйшла, калi прачнулася? Медныя вароты былi тут i раней, Тэнджыл заўсёды выкарыстоўваў пячору Катлы як турму.

— I калi Катла спала тут? — не паверыў я.

— Так, i калi Катла спала тут, — пацвердзiў Джанатан. — I нiхто не ведаў пра гэта.

Мяне ажно скаланула. Я не мог уявiць нiчога горшага, як сядзець зачыненым у пячоры Катлы i бачыць дракона, якi поўзае вакол цябе.

Джанатан жа думаў пра iншае.

— Яна, вiдаць, выбралася iншым шляхам, — сказаў ён. — I я павiнен знайсцi той выхад, нават калi для гэтага спатрэбiцца год.

Мы не маглi больш заставацца тут, бо Джанатан быў такi няўрымслiвы. Мы накiравалiся да пячоры Катлы. Мы ўжо маглi бачыць раку пад намi i Наджыялу па той бок яе — о, як бы мне хацелася быць там!

— Паглядзi, Джанатан, — усклiкнуў я. — Вунь тое дрэва, дзе мы купалiся, вунь там, на тым баку ракi.

Але Джанатан зрабiў мне знак памаўчаць, баючыся, што хто-небудзь пачуе нас, бо мы былi ўжо дастаткова блiзка да мэты. Гара Катлы заканчвалася крутой стромай, i пад намi былi медныя вароты ў пячору, якiх мы адсюль не бачылi.

Але мы заўважылi вартавых — трох салдат Тэнджыла. Мне дастаткова было ўбачыць iх чорныя шаломы, каб сэрца маё закалацiлася.

Паўзком мы дабралiся да краю стромы, каб паглядзець на iх зверху. Калi б яны здагадалiся паглядзець угору, дык маглi б заўважыць нас, але цяжка было знайсцi больш дурную варту, бо салдаты нiкуды не глядзелi, а проста гулялi ў косцi, нi пра што не клапоцячыся. Хаця якi вораг мог прабрацца праз медныя вароты? А раз так, то навошта iх ахоўваць?

Раптам мы ўбачылi, што вароты адчынiлiся, хтосьцi выйшаў з пячоры — яшчэ адзiн ахоўнiк. Ён вынес пустую мiску з-пад ежы, паклаў яе на зямлю. Вароты за iм зачынiлiся, i мы пачулi, як шчоўкнулi засаўкi.

— Ну вось, мы гэтую свiнню накармiлi апошнi раз, — пачулi мы словы ахоўнiка.

Астатнiя ахоўнiкi засмяялiся, i адзiн з iх пытаецца:

— Цi сказаў ты яму, што сёння асаблiвы дзень — апошнi дзень яго жыцця? Спадзяюся, ты нагадаў, што Катла чакае яго ўвечары, як толькi сцямнее?

— Так, я ўсё сказаў яму. I ведаеце, што ён адказаў? "Ну, нарэшце..." Потым папрасiў, каб яму дазволiлi паслаць запiску ў Далiну Дзiкай Ружы. I ведаеш, што ў ёй? "Орвар можа памерцi, але свабода нiколi!"

— Ого, — азваўся другi вартавы. — Ён можа сказаць гэта сёння вечарам Катле i паслухаць, што яна адкажа на гэта.

Я паглядзеў на Джанатана — ён збялеў.

— Хадзем, — сказаў ён. — Нам трэба ўцякаць адсюль.

Мы адпаўзлi ад краю стромы хутка i непрыкметна, а калi апынулiся па-за полем зроку салдат, то пабеглi. Увесь зваротны шлях мы беглi без перадыху, пакуль не дабралiся да Грыма i Ф'ялара.

Мы сядзелi ў цяснiне каля коней i не ведалi, што рабiць. Джанатан быў зусiм разгублены. Я пакутаваў — чым яго супакоiць? Яму вельмi было шкада Орвара, разлiчваў, што зможа выбавiць яго, а цяпер ён ужо не спадзяваўся на гэта.

— Орвар, сябра мой, якога я нiколi не бачыў, — са смуткам загаварыў ён. Сёння ты памрэш, а што будзе з зялёнымi далiнамi Наджыялы?

Мы падсiлкавалiся хлебам, якiм падзялiлiся з Грымам i Ф'яларам. Канечне, я з задавальненнбм выпiў бы некалькi глыткоў казiнага малака, у нас яго яшчэ было крыху.

— Не цяпер, Сухарык, — перапынiў мяне Джанатан. — Сёння, як сцямнее, я аддам табе ўсё да апошняй кроплi, але не раней.

Ён яшчэ доўга сядзеў нерухома.

— Гэта будзе ўсё роўна, што шукаць iголку ў стозе сена, — сказаў ён нарэшце, — але мы павiнны паспрабаваць.

— Паспрабаваць — што? — не зразумеў я.

— Знайсцi выхад, праз якi выйшла Катла. — Было вiдаць, што i сам ён не вельмi верыў у поспех. — Калi б у нас быў наперадзе год, — разважаў ён, — тады б мы знайшлi, а ў нас толькi адзiн дзень.

Пакуль ён гэтак гаварыў, адбылося штосьцi дзiўнае. У вузкай цяснiне, дзе мы сядзелi, расло некалькi кустоў, i з-за аднаго з iх раптам выскачыла напалоханая лiсiца, прамчалася каля нас i знiкла, перш чым мы разгледзелi яе.

— Адкуль, чорт бы яе ўзяў, яна магла выскачыць? — здзiвiўся Джанатан. — Я павiнен высветлiць.

Ён знiк за кустамi. Я застаўся адзiн, чакаю. Джанатана так доўга не было, што я пачаў ужо непакоiцца.

— Джанатан, дзе ты? — гукнуў я, не вытрымаўшы.

I зусiм рэальна пачуў адказ. Голас яго быў узбуджаны.

— Як ты мяркуеш, адкуль з'явiлася лiсiца? З самой гары! Ты ўяўляеш, Сухарык, з гары Катлы! Тут ёсць невялiкая пячора.

Магчыма, у сагах усё было вядома загадзя. Магчыма, Джанатан быў названы выратавальнiкам Орвара ў iмя Далiны Дзiкай Ружы. Магчыма, iснавалi нейкiя таемныя сiлы ў сагах, якiя накiроўвалi нас, i мы пра гэта нават не здагадвалiся. Бо ў iншым выпадку як бы мог Джанатан знайсцi ўваход у пячору Катлы менавiта там, дзе мы пакiнулi сваiх коней? Гэта было вельмi дзiўна, як i тое, што з усiх дамоў у Далiне Дзiкай Ружы я выбраў дом Мацiяса, а не якi-небудзь iншы.

Джанатан знайшоў-такi выйсце, якiм Катла выбралася з пячоры. З пячоры быў ход у глыбiню гары — не вельмi шырокi, але дастаткова прасторны, каб галодная драконiха магла па iм прапаўзцi, як лiчыў Джанатан, калi яна прачнулася пасля тысячагадовай спячкi i высветлiла, што яе звычайны шлях зачынены меднымi варотамi.

Для нас гэты праход быў дастаткова свабодны. Я ўглядаўся ў цемру. Колькi спячых драконаў можа быць там, у глыбiнi? А як прачнецца каторы, калi незнарок наткнуцца ды наступiць? Вось пра што я думаў.

Я адчуў Джанатанавы рукi на сваiх плячах.

— Сухарык, — сказаў ён, — я не ведаю, што чакае нас там, у цемры, але я iду туды зараз жа.

— I я з табой, — усклiкнуў я, не пазнаючы свайго голасу.

Джанатан ласкава патузаў мяне за шчаку, як ён гэта звычайна рабiў.

— Ты ўпэўнены, што табе не хочацца пачакаць мяне тут, з коньмi?

— Хiба я не казаў табе, што я пайду з табой усюды? — пакрыўдзiўся я.

— Але, ты гэта казаў, — згадзiўся Джанатан з радасцю.

— Бо я заўсёды хачу быць з табой, — дадаў я. — Нават у падземным царстве.

Пячора Катлы i была падземным царствам. Прабiрацца гэтым падземным ходам было ўсё роўна, што прабiрацца пеклам, гэта было як жахлiвы сон, ад якога ты нiяк не можаш прачнуцца, гэта было як пераход ад сонечнага святла ў вечную ноч.

Уся пячора Катлы была нiчым iншым, як апусцелым гняздом дракона, што патыхала злавеснасцю яшчэ тых даўнiх часоў. Без сумнення тысячы яек драконаў былi выведзены менавiта тут, i жорсткiя драконы выпаўзалi зграямi, каб знiшчаць усё на сваiм шляху.

Па задуме Тэнджыла, менавiта старое гняздо дракона было самым прыдатным месцам для турмы. Я скаланаўся пры думцы, што адбывалася з людзьмi, якiя траплялi сюды.

Здавалася, паветра напоўнена жорсткасцю, з усiх куткоў пячоры мне чулiся стогны i крыкi, праклёны i слёзы, тут панавалi смерць i пакуты, — усё гэта бачыла пячора Катлы за час уладарання Тэнджыла. Я хацеў запытацца ў Джанатана, цi чуе ён гэтыя стогны, але наўрад цi ён чуў, таму што мне ўсё гэта, мабыць, проста ўяўлялася.

— Ну вось, Сухарык, мы з табою на такой прагулцы, якую ты нiколi не забудзеш, — парушыў маўчанне Джанатан.

I гэта была праўда. Мы павiнны былi прайсцi падземнымi хадамi ўсю гару, дабрацца з другога боку да самой турмы, дзе быў зняволены Орвар за меднымi варотамi. Гэта была тая самая пячора, якую людзi называлi пячорай Катлы, бо нiякай iншай пячоры яны проста не ведалi. Мы нават не ўяўлялi сабе, цi здолеем мы дабрацца да таго падзямелля. Але ведалi, што шлях будзе вельмi доўгi — мы ўжо прайшлi яго на паверхнi гары, i нам будзе ў сем разоў цяжэй прарабiць гэты шлях тут, унiзе, па гэтых мудрагелiстых, як петлi, пераходах, асвятляючы свой шлях толькi паходнямi.

Страшна было бачыць асветленыя паходнямi сцены пячоры. Полымя выхоплiвала толькi маленькую частачку той вялiзнай цемры, якая акружала нас, i ўсё па-за святлом здавалася пагрозлiвым. "Хто ведае, — думаў я, — можа, у гэтых цёмных пячорах ляжаць драконы, змеi i страшыдлы i чакаюць нас". Было боязна, што мы згубiм дарогу. Але Джанатан рабiў адзнакi сажай ад паходнi, каб мы маглi знайсцi дарогу назад.

"Прагулка", — жартаваў Джанатан, але гэта была зусiм не прагулка. Мы прасоўвалiся, пралазiлi, узбiралiся ўгору, пераскоквалi, спаўзалi на выступы, стараючыся з усiх сiл, нечакана падалi — чаго толькi не было з намi ў час той прагулкi. Што за прагулка! Што за пячора! Зрэдку мы падыходзiлi да вялiкiх трэшчын i ледзь маглi ўбачыць iх глыбiню, адно толькi рэха падказвала нам, якiмi глыбокiмi яны былi. Зрэдку нам выпадала прабiрацца мясцiнамi, дзе нельга было стаць у поўны рост. Тады даводзiлася паўзцi на жываце, як таму дракону. Калi-нiкалi шлях перакрываўся падземнай рэчкай, якую трэба было пераплываць. Але горш за ўсё было тады, калi пад нагамi з'яўлялiся глыбокiя шчылiны. Я ледзь не правалiўся ў адну з iх. Спатыкнуўшыся, я ўпаў i выпусцiў з рук паходню. Потым з жахам глядзеў, як яна падала ўнiз усё далей i далей, да таго часу, пакуль не знiкла, i мы засталiся ў цемры. Гэта было самай горшай i самай цёмнай цемрай у свеце. Я не асмельваўся нi варухнуцца, нi загаварыць, нi нават думаць. Стоячы так у цемры, на краi трэшчыны, я нават спрабаваў забыць, што iсную. Але я пачуў побач голас Джанатана. Ён запалiў другую паходню, увесь час размаўляючы са мной, каб я не звар'яцеў ад страху.

Так мы прабiралiся вельмi доўга, проста бясконца, таму што ў глыбiнях пячоры Катлы часу не iснавала. Мне здавалася, што мы iшлi адвеку, i я пачаў баяцца, што нiколi адтуль не выберамся, што будзе вельмi позна. Пэўна, ужо i было позна, Орвар... магчыма, ён быў ужо ў Катлы.

Я запытаўся ў Джанатана, што ён пра гэта думае.

— Не ведаю, — адказаў ён. — Але паспрабуй не думаць пра гэта, калi не хочаш звар'яцець.

Мы падышлi да вузкага выгiнастага праходу, якому, здавалася, нiколi не будзе канца, якi крок за крокам станавiўся ўсё нiжэй i нiжэй, вузей i вузей, i мы ўжо ледзь маглi па iм прабiрацца. Нарэшце ён пераўтварыўся ў дзiрку, праз якую можна было сяк-так працiснуцца. Але па другi бок гэтай дзiркi мы ўбачылi, нарэшце, вялiзную пячору. Такую вялiзную, што нават цяжка было вызначыць яе памеры, бо святло паходнi асвятляла вельмi невялiкую яе частку. Джанатан паспрабаваў вызначыць яе памеры з дапамогай рэха.

— Хо-хо-хо, — крыкнуў ён. I мы пачулi рэха, якое шматразова адказала з усiх бакоў: "Хо-хо-хо!"

I раптам у цемры пачуўся жывы голас...

— Хо-хо-хо, — перадражнiў хтосьцi. — Хто вы i чаго вы хочаце? Чаго вы прыйшлi сюды такiм нязвыклым шляхам са святлом i паходнямi?

— Я шукаю Орвара, — адказаў Джанатан.

— Орвар тут, — азваўся голас. — А вы хто?

— Я — Джанатан Львiнае Сэрца, — сказаў Джанатан. — А гэта мой брат Карл Львiнае Сэрца. Мы прыйшлi выратаваць цябе, Орвар.

— Надта позна, — азваўся голас. — Надта позна, але тым не менш дзякуй.

Ледзьве прагучалi гэтыя словы, як мы пачулi, што з рыпам адчыняюцца медныя вароты. Джанатан кiнуў паходню, ступiў на яе нагой i затушыў. Мы ўсе замерлi ў чаканнi.

Праз вароты ўвайшоў салдат з лiхтаром у руцэ. Я пачаў цiха плакаць — не таму, што спалохаўся, а шкадуючы Орвара. Якiм жорсткiм будзе яго лёс, калi яны прыйшлi за iм менавiта ў гэты момант.

— Орвар з Далiны Дзiкай Ружы, падрыхтуйся, — сказаў салдат. — Праз хвiлiну цябе павядуць да Катлы. Чорная ахова наблiжаецца сюды.

Пры святле лямпы мы ўбачылi вялiзную драўляную клетку, змайстраваную з грубых прутоў, i зразумелi, што ўсярэдзiне гэтай клеткi трымалi Орвара, як жывёлiну.

Салдат паставiў лямпу на падлогу каля клеткi.

— У твой апошнi час лямпа можа быць з табой, Тэнджыл лiтасцiва дазволiў гэта, каб ты зноў прывык да святла i здолеў убачыць Катлу, калi ты трапiш да яе, чаго, я ўпэўнены, ты вельмi хочаш.

Ён зарагатаў i знiк, i вароты з грукатам апусцiлiся за iм.

Мы тут жа падскочылi да клеткi з Орварам i пры святле лямпы ўбачылi, якое жахлiвае вiдовiшча ён уяўляў сабою: ён ледзьве мог рухацца, але сяк-так падпоўз да краю клеткi i працягнуў нам памiж прутоў рукi.

— Джанатан Львiнае Сэрца, — сказаў ён, — чуў пра цябе дома, у Далiне Дзiкай Ружы, i вось ты прыйшоў сюды.

— Так, я прыйшоў сюды, — прамовiў Джанатан дрыготкiм голасам. Ён тут жа выцягнуў ножык, якi быў прывязаны ў яго да пояса, i пачаў рэзаць пруты.

— Давай, Сухарык, дапамагай, — загадаў ён, i я пачаў рэзаць сваiм ножыкам таксама, ды што мы маглi зрабiць сваiмi ножыкамi? Тут патрэбны былi сякера i пiла.

Мы працавалi да таго часу, пакуль на руках не паявiлася кроў. Мы рэзалi i стагналi, усведамляючы, што прыйшлi надта позна. Орвар гэта ведаў таксама, ды ён i не хацеў верыць, што гэта праўда. I ўсё-такi мiтусiўся па клетцы ў хваляваннi, паўтараючы зноў i зноў: "Хутчэй! Хутчэй!"

Мы рэзалi, укладваючы ў справу ўсю злосць. Бо кожны момант чакалi, што вось-вось адчыняцца вароты i ўвойдзе чорны канвой. "Тады будзе канец i Орвару, i нам, i ўсёй Далiне Дзiкай Ружы, тады ўжо забяруць не толькi яго аднаго, падумаў я, — да Катлы трапяць усе трое".

Я адчуў, што не магу больш трымацца. Мае рукi трэслiся так, што я ледзьве трымаў ножык. А Джанатан крычаў i злаваўся на гэтыя пруты, на гэтыя пераборкi, якiя не паддавалiся нiяк, хоць мы рэзалi iх так настойлiва. Ён грукаў па iх, крычаў i рэзаў зноў, i нарэшце адна пераборка трэснула, а потым другая. Гэтага было дастаткова.

— Зараз, Орвар, зараз, — казаў Джанатан. Але ў адказ прагучаў толькi стогн. Джанатан прасунуўся ў клетку i выцягнуў Орвара, якi не мог нi стаяць, нi iсцi. Ды i я таксама не мог ужо рухацца, але ўсё ж iшоў паперадзе з лiхтаром, а Джанатан пачаў цягнуць Орвара да нашай выратавальнай дзiркi. Ён, вядома, вельмi стамiўся i ажно задыхаўся, мы ўсе задыхалiся, як загнаныя жывёлiны.

Нарэшце Джанатану ўдалося перацягнуць Орвара ў пячору, працiснуўшыся праз дзiрку. Орвар быў нi жывы нi мёртвы — як i я, дарэчы. Настала мая чарга ўпаўзаць у дзiрку, але я не паспеў, бо пачулася рыпенне варот, i ўся энергiя пакiнула мяне, я не мог нават варухнуцца.

— Хутчэй, хутчэй, дай лiхтар, — прашаптаў Джанатан. Я перадаў яму лiхтар, хоць рукi ў мяне дрыжалi. Трэба было схаваць лiхтар, бо нават маленькае святло магло выкрыць нас.

Чорная ахова была ўжо ў пячоры, а з ёю яшчэ i салдаты Тэнджыла з лiхтарамi ў руках. У пячоры разлiлося святло, але ў нашым кутку было цёмна, i Джанатан нахiлiўся, схапiў мяне за рукi i ўцягнуў у дзiрку, у чорны праход. I вось мы ўтрох ляжым, задыхаючыся i слухаючы крыкi:

— Ён знiк! Ён знiк!

14

Усю ноч мы цягнулi Орвара падземнымi галерэямi. Дакладней, цягнуў Джанатан. Гэта было суцэльнае пекла, iначай такое не назавеш i не апiшаш. Я мог цягнуць толькi сам сябе.

"Ён знiк! Ён знiк!" — крычалi яны. Калi ўсё ацiхла, мы чакалi, што будзе пагоня, але яны чамусьцi не гналiся. Бо нават салдаты Тэнджыла, пэўна, разумелi, што ёсць другое выйсце з пячоры Катлы, праз якое мы пранiклi сюды, i таму нас будзе не так цяжка знайсцi. Але яны былi палахлiўцамi, нават калi iх было многа, тым больш яны не адважвалiся сустрэцца з незнаёмым ворагам, якi мог чакаць iх у цёмных закутках пячоры. Так, пэўна ж, яны былi вельмi палахлiвымi, бо чаму дазволiлi нам так лёгка знiкнуць? Нiхто ж раней не знiкаў з пячоры Катлы, i як яны растлумачаць знiкненне Орвара Тэнджылу? Але гэта быў ужо iх клопат, у нас было дастаткова сваiх турбот.

Пакуль не прайшлi ўвесь гэты доўгi, вузкi ход, мы не рызыкнулi спынiцца, каб адпачыць. Толькi ў самым канцы крыху перадыхнулi, i то дзеля Орвара. Джанатан даў яму казiнага малака — яно было ўжо кiслае, i хлеба, якi быў мокры, але, нягледзячы на тое, Орвар сказаў: "Я нiколi не еў нiчога лепшага".

Джанатан расцёр доўгiя ногi Орвара, каб хоць крыху ажывiць iх, i Орвар пачаў акрыйваць, хоць iсцi яшчэ не мог, а мог толькi паўзцi.

Джанатан растлумачыў яму, як мы пойдзем, i пацiкавiўся, цi зможа ён рухацца гэтай ноччу.

— Змагу, змагу! — усклiкнуў Орвар. — Калi трэба, я папаўзу да самага дому, да самай Далiны Дзiкай Ружы... Я не хачу ляжаць тут i чакаць, пакуль Тэнджылавы салдаты прыйдуць сюды шукаць нас.

Мы разглядвалi, якi ён, не зломлены палоннiк, мяцежнiк i змагар за свабоду, гэты Орвар з Далiны Дзiкай Ружы. Калi я ўбачыў яго вочы ў святле лiхтара, я зразумеў, чаму Тэнджыл баяўся яго. Хоць быў ён слабы целам, унутры ў яго гарэў агонь, i, магчыма, гэты агонь дапамог яму прайсцi пекла гэтай ночы.

Усё здавалася вечнасцю, вакол столькi жаху, але калi вы змучаны, то не звяртаеце ўвагi нават на тое, што за вамi iдзе пагоня. Так, вы чуеце, як яна iдзе, вые i брэша, але ў вас няма сiлы нават спалохацца. Проста вы спадзеяцеся, што яны хутка змоўкнуць, таму што нават салдаты не асмеляцца прабрацца туды, куды мы запаўзлi.

Мы доўга паўзлi i нарэшце выбралiся на святло недалёка ад Грыма i Ф'ялара падрапаныя i змучаныя, акрываўленыя i прамоклыя да касцей, стомленыя да смерцi. Ноч мiнула, i ўжо надыходзiла ранiца. Орвар працягнуў рукi, быццам абдымаючы зямлю, i неба, i ўсё, што ён мог бачыць, але нечакана рукi яго апусцiлiся, i ён заснуў. Мы былi ў непрытомнасцi — усе ўтрох. I знаходзiлiся ў такiм стане да самага вечара. Потым я прачнуўся. Ф'ялар штурхаў мяне сваёй пысай, ён, несумненна, вырашыў, што я надта доўга сплю.

Джанатан таксама прачнуўся.

— Мы павiнны з'ехаць з Карманьякi, пакуль не сцямнела, — прапанаваў ён. Калi сцямнее, мы не зможам знайсцi дарогi.

Ён пачаў будзiць Орвара. Нарэшце Орвар прачнуўся, сеў, паглядзеў вакол сябе i тады толькi зразумеў, што ён ужо не ў пячоры Катлы. На яго вачах паявiлiся слёзы.

— Свабода, — прашаптаў ён. — Я вольны, вольны...

Ён узяў Джанатана за рукi i доўга трымаў iх.

— Маё жыццё i мая свабода — ты даў мне iх зноў, — сказаў ён. — Дзякуй...

Орвар падзякаваў i мне, хоць я нiчога не зрабiў, хутчэй толькi замiнаў Джанатану.

Орвар, пэўна, адчуў, як многа перажыў я за той час, як вызвалiўся ад усiх хвароб i прыйшоў у Вiшнёвую Далiну. Мне вельмi хацелася, каб ён таксама дасягнуў сваёй далiны, але мы пакуль яшчэ туды не прыйшлi. Мы ўсё яшчэ былi ў гарах Карманьякi, дзе цяпер, магчыма, поўна салдат Тэнджыла, якiя гойсаюць у пошуках Орвара. На шчасце, яны не знайшлi нас у нашай цяснiне, пакуль мы спалi.

Мы сядзелi ў цяснiне, даядаючы апошнiя крошкi хлеба.

— Падумаць толькi, я жывы, я жывы i свабодны! — усё не мог супакоiцца Орвар.

Ён толькi адзiн з усiх вязняў пячоры Катлы застаўся жывы. Усiх астатнiх прынеслi ў ахвяру Катле.

— Будзьце ўпэўнены, Тэнджыл пастараецца, каб пячора Катлы не была пустой, — i слёзы зноў паявiлiся ў яго на вачах. — О мая Далiна Дзiкай Ружы, як доўга табе прыйдзецца стагнаць пад прыгнётам Тэнджыла.

Орвар хацеў ведаць усё, што адбылося ў далiнах Наджыялы за час яго зняволення. Ён пытаўся пра Сафiю, пра Мацiяса i пра ўсё, што ўдалося здзейснiць Джанатану. Джанатан расказаў яму i пра здраднiцтва Джосi. Я думаў, што Орвар, калi даведаецца, што пакутаваў так доўга з-за здраднiка Джосi, памрэ проста ў нас на вачах. Праўда, ён доўга маўчаў, не мог засяродзiцца, пакуль, нарэшце, загаварыў:

— Маё жыццё нiчога не значыць. Але тое, што Джосi зрабiў для Далiны Дзiкай Ружы, нельга дараваць i нельга апраўдаць.

— Дараваць цi не — ужо не мае значэння, магчыма, ужо ён пакараны. Я не думаю, што ты ўбачыш яго зноў.

Але нянавiсць ахапiла Орвара. Ён хацеў ехаць неадкладна. Здавалася, што ён хоча распачаць барацьбу адразу ж, гэтым вечарам. Орвар праклiнаў свае ногi, якiя так дрэнна слухалiся яго, хаця ён вельмi стараўся ўстаць на iх. Ён вельмi ганарыўся, калi нарэшце гэта яму ўдалося. Што гэта было за вiдовiшча, калi ён стаяў, а яго хiстала ўзад i ўперад, здавалася, яго можна ў любы момант здзьмухнуць. I мы, вядома, гледзячы на яго, усмiхалiся.

— Орвар, — заўважыў Джанатан, — кожнаму здаля бачна, што ты вязень пячоры Катлы.

Гэта было сапраўды так. Мы ўсе ўтрох былi акрываўленыя i брудныя, але Орвар выглядаў горш за ўсiх, яго адзенне было суцэльным рыззём, а твар ледзь праглядваўся з-за барады i валасоў. Толькi вочы былi прыкметныя — яго дзiўныя палаючыя вочы.

У нашай цяснiне працякаў ручай, i мы змылi з сябе ўвесь бруд i кроў. Зноў i зноў я апускаў твар у халодную ваду. Было цудоўна, здавалася, быццам мы змывалi з сябе ўсю пячору Катлы.

Потым Орвар узяў мой ножык i падрэзаў сабе бараду i валасы, каб не выглядаць як вязень-уцякач, а Джанатан выцягнуў з нашых рэчаў шлем i плашч салдат Тэнджыла, з дапамогай якiх яму ўдалося пакiнуць Далiну Дзiкай Ружы.

— Вось, Орвар, надзень, — прапанаваў ён Орвару. — Ты будзеш падобны на салдата Тэнджыла, якi захапiў двух падарожнiкаў i кудысьцi iх вядзе.

Орвар надзеў шлем i плашч, але пераапрананне яму не спадабалася.

— Першы i апошнi раз я апранаю гэта адзенне, — заявiў ён. — Ад яго патыхае прыгнётам i жорсткасцю.

— Не зважай на гэта, — параiў Джанатан. — Яно ўсё-такi дапаможа табе вярнуцца ў Далiну Дзiкай Ружы.

Нарэшце прыйшоў час ехаць. Праз гадзiну цi дзве схаваецца сонца, згусцiцца змрок, i ў цемры нiхто не зможа знайсцi дарогу ў гарах — патрэбную небяспечную сцяжынку. Джанатан быў вельмi сур'ёзны, ён ведаў, якая дарога нас чакае, i я чуў, як ён казаў Орвару:

— Наступныя дзве гадзiны вырашаць лёс Далiны Дзiкай Ружы. Ты зможаш доўга ехаць вярхом?

— Змагу, змагу, — адказаў Орвар. — Хоць дзесяць гадзiн...

Вырашылi, што Орвар паедзе на Ф'ялары. Джанатан дапамог яму сесцi ў сядло, i ён адразу ж перайначыўся, нiбыта вырас у сядле i стаў дужэйшым. Так, Орвар быў з пароды смелых людзей, як i Джанатан. Толькi я не мог лiчыць сябе смелым. Але калi мы селi на каня i я абхапiў рукамi Джанатана за пояс, мой лоб прыцiснуўся да яго спiны, мне здалося, што яго сiла перайшла да мяне. I я не так ужо баяўся. I ўсё ж я думаў, як было б добра, каб людзям не вымагалася быць такiмi дужымi i смелымi. Толькi каб мы маглi быць зноў разам, як у тыя першыя некалькi дзён у Вiшнёвай Далiне — о, як даўно, здаецца, усё гэта было!

Потым мы выправiлiся ў сваё падарожжа. Ехалi, кiруючыся на захад сонца, бо мост быў недзе ў тым напрамку. Сцяжынак у гарах Карманьякi было шмат, i яны так перапляталiся, што нiхто, акрамя Джанатана, не змог бы адшукаць патрэбную ў такой блытанiне, але ён, на наша шчасце, змог, хоць незразумела — як. Ажно да болю ў вачах я сачыў, цi не паявяцца салдаты Тэнджыла, але нiхто не паяўляўся. Акрамя Орвара, якi ехаў за намi ў сваiм жудасным шлеме i чорным плашчы. Кожны раз, калi паварочваў галаву i бачыў яго, я палохаўся — так напалоханы быў гэтымi шлемамi i плашчамi i тымi, хто насiў iх.

Мы доўга ехалi без нiякiх здарэнняў. Было спакойна, цiха i вельмi прыгожа. Цiхi вечар у гарах... Калi б так усё было на самай справе... У гэтай зманлiвай цiшынi трэба было чакаць чаго хочаш, i нас не пакiдала пачуццё насцярожанасцi, нават Джанатан быў увесь час напагатове.

— Як толькi даедзем да моста, — сказаў ён, — горшае, можна лiчыць, засталося ззаду.

— А цi хутка мы дабяромся да яго? — пацiкавiўся я.

— Калi ўсё будзе добра — праз паўгадзiны, — адказаў Джанатан.

I раптам мы ўбачылi iх, групу салдат Тэнджыла — шэсць чалавек са шпагамi на чорных конях. Яны паявiлiся на сцяжынцы, якая агiнала гару, i кiравалiся да нас.

— Наша жыццё ў небяспецы, — прамовiў Джанатан. — Орвар, едзь наперад.

Орвар хутка праехаў каля нас, а Джанатан кiнуў яму свае павады, каб мы выглядалi палоннымi.

Салдаты нас яшчэ не бачылi, але ўцякаць ужо было позна, ды i не было куды. Усё, што мы маглi, — гэта ехаць як ехалi, у надзеi, што шлем i плашч Орвара падмануць iх.

— Я нiколi не здамся жывым, — павярнуў галаву Орвар. — Я хачу, каб ты ведаў гэта, Львiнае Сэрца.

Мы ехалi насустрач нашым ворагам усё блiжэй i блiжэй, з выглядам поўнага спакою, наколькi нам удавалася захоўваць спакой. Па маiм целе прабягалi мурашкi, i я паспеў падумаць, што калi нас схопяць, то лепш бы нам было заставацца ў пячоры Катлы i не пакутаваць усю гэтую страшную ноч.

I вось мы з'ехалiся на вузкай сцяжыне — але не настолькi вузкай, каб не размiнуцца. Я пазнаў, што першы з iх быў не хто iншы, як Парк.

Але Парк не глядзеў на нас, ён глядзеў на Орвара, i калi яны праязджалi мiма адзiн аднаго, гукнуў:

— Вы чулi, знайшлi яны яго цi не?

— Не, я нiчога не чуў, — адказаў Орвар.

— Куды вы едзеце? — пацiкавiўся Парк.

— Ды вось, пару палонных вязу, — кiўнуў Орвар на нас.

Больш нiякай iнфармацыi Парк не атрымаў, i мы паехалi хутка, як толькi маглi.

— Сухарык, асцярожна азiрнiся i паглядзi, што яны робяць.

— Яны паехалi далей, — азiрнуўшыся, паведамiў я Джанатану.

— Ну, дзякуй богу.

Але Джанатан паспяшаўся сказаць гэта, бо, зiрнуўшы яшчэ раз, я ўбачыў, што яны спынiлiся i глядзяць нам услед.

— Яны штосьцi западозрылi, — сказаў Джанатан.

Ужо было ясна, што здарылася.

— Спынiцеся на хвiлiну, — закрычаў Парк. — Я хачу паглядзець блiжэй на тваiх палонных.

Орвар сцiснуў зубы.

— Едзьце, Джанатан, — сказаў ён. — Iнакш усе мы нябожчыкi.

I мы паехалi.

Парк i ўвесь яго атрад павярнулi назад, так, яны павярнулi назад i iмчалiся за намi, ажно грывы iх коней развявалiся на ветры.

— Ну, Грым, пакажы, на што ты здатны, — гукнуў Джанатан.

"I ты таксама, мой Ф'ялар", — падумаў я, уяўляючы, што я сам сяджу на iм зараз.

Нi ў кога не было лепшых коней, чым Грым i Ф'ялар, якiя ляцелi па дарозе, ведаючы, што вырашаецца пытанне аб жыццi i смерцi. Нашы ворагi iмчалiся за намi, мы чулi стук капытоў. Гэты тупат то наблiжаўся, то аддаляўся. Яны не збiралiся адставаць, бо Парк цяпер ведаў, на каго ён палюе. Нiводзiн салдат Тэнджыла не дазволiў бы, каб такая здабыча выслiзнула. Калi вернуць нас у замак Тэнджыла, яны атрымаюць вялiкую ўзнагароду.

Яны проста наступалi нам на пяты. I калi мы скакалi па мосце, дзве стралы прасвiсталi каля нас, але не закранулi.

Цяпер мы ўжо былi на баку Наджыялы, i самае горшае, як сцвярджаў Джанатан, павiнна было б застацца ззаду, але, наадварот, я не бачыў, каб так яно было. Паляванне працягвалася ўздоўж ракi. Вышэй па беразе дарога, якая вяла ў Далiну Дзiкай Ружы, выгiналася, паварочвала, а мы ўсё iмчалi па ёй. Гэта была тая самая дарога, якою мы ехалi ўчора вечарам, хоць здавалася, што гэта было тысячу год таму, калi мы з Джанатанам ехалi ў прыцемках. Так i трэба ездзiць уздоўж ракi, а не гэтак, як зараз, — так хутка, ажно конi падаюць.

Орвар iмчаў проста адчайна, таму што ён вяртаўся дадому, у Далiну Дзiкай Ружы. Джанатан не мог угнацца за iм, i Парк ужо даганяў нас. Я не разумеў, у чым справа, потым здагадаўся, што гэта з-за мяне. Больш умелага коннiка, чым Джанатан, я не ведаў, i нiкому не ўдалося б дагнаць яго, калi б ён быў адзiн на канi, але цяпер разам з iм сядзеў я, i гэта затрымлiвала яго.

Гэта паездка павiнна вырашыць лёс Далiны Дзiкай Ружы, як казаў Джанатан. I я быў тым, ад каго залежала, як яна закончыцца. Закончыцца яна дрэнна. Я ўсё больш i больш пераконваўся ў гэтым. Кожны раз, азiрнуўшыся, я бачыў, што гэтыя чорныя шлемы ўсё блiжэй i блiжэй, зрэдку яны хавалiся за пагоркам, часам за дрэвамi, але, несумненна, яны даганялi нас.

Джанатан ведаў гэтак жа, як i я, што мы не можам выратавацца абодва, i было неабходна, каб Джанатан застаўся на канi адзiн: я не мог дазволiць, каб яго схапiлi з-за мяне. Я закрычаў на хаду:

— Джанатан, зараз зрабi так, як я скажу. Пакiнь мяне дзе-небудзь там, за паваротам, дзе мяне не змогуць убачыць, i даганяй Орвара!..

I я заўважыў, што спачатку ён здзiвiўся, але не так, як я чакаў.

— А ты зможаш? — запытаўся Джанатан у мяне.

— Не ведаю, але я б хацеў! — адказаў я.

— Мой смелы маленькi Сухарык, — гукнуў ён. — Я вярнуся па цябе! Як толькi Орвар будзе ў бяспецы ў Мацiяса, я вярнуся па цябе.

— Абяцаеш? — запытаў я.

— Ну, а як жа ты думаеш? — крыкнуў Джанатан.

Мы даехалi да вярбы, дзе мы купалiся.

— Я схаваюся ў гэтым дрэве, — кажу. — Ты знойдзеш потым мяне тут.

Часу не было, каб штосьцi сказаць яшчэ. Цяпер нас не бачылi з-за пагорка. Джанатан прытрымаў каня, каб я змог саскочыць. Потым ён зноў памчаўся галопам у лагчыну. А я прыцiх, слухаючы, як мiма праскакалi коннiкi. У нейкi момант я ўбачыў неразумны твар Парка. Ён ашчэрыўся, нiбыта гатовы быў укусiць, — i гэтаму чалавеку Джанатан выратаваў жыццё!

Джанатан ужо дагнаў Орвара, я бачыў, як яны знiклi разам, i я быў задаволены. А ты, стары Парк, скачы, калi думаеш, што табе гэта дапаможа. Больш табе не ўбачыць нi Джанатана, нi Орвара.

Я заставаўся ў лагчыне, пакуль Парк i яго людзi не знiклi з поля зроку, потым апусцiўся да ракi, да майго дрэва. Як было прыемна залезцi ў зялёную крону i ўладкавацца на шырокай галiне, бо я так стамiўся. Да берага, каля самага дрэва, прыбiла лодку, яна, пэўна, адарвалася недзе i зараз не была прывязана. "Як засмучаўся той, хто яе страцiў", — падумаў я i сеў у яе, азiраючыся па баках. Я глядзеў на бурлiвую ваду, на камень Парка i думаў, што гэта якраз тое месца, дзе ён павiнен быў быць. Потым я ўбачыў па той бок ракi гару Катлы i падзiвiўся, як можна трымаць у палоне людзей у яе жахлiвых пячорах. Я ўспомнiў пра Орвара i Джанатана, мне так хацелася, каб яны выратавалiся ў падземным праходзе, перш чым iх дагонiць Парк. Я думаў, вядома, i пра тое, што скажа Мацiяс, калi сустрэне Орвара ў сваiм сховiшчы. Як ён будзе рады! Я сядзеў i думаў пра ўсё гэта.

Пачало цямнець, i я зразумеў, што мне, пэўна, давядзецца правесцi тут усю ноч. У Джанатана не будзе часу вярнуцца да цемнаты. I калi сцямнела, мне зноў стала вусцiшна. Я адчуваў сябе вельмi адзiнока.

I раптам я ўбачыў жанчыну, якая ехала на канi ўздоўж берага ракi. Гэта была не хто iншая, як Сафiя. Я нiколi не быў так рады бачыць яе, як у гэты момант.

— Сафiя! — закрычаў я. — Сафiя, я тут.

Я выбраўся з гушчынi дрэва i замахаў рукамi, i спатрэбiлася шмат часу, пакуль яна пераканалася, што гэта быў я.

— Але, Карл, — сказала яна. — Як трапiў ты сюды? А дзе Джанатан? Пачакай, зараз мы да цябе спусцiмся, мы толькi напоiм коней.

Затым я ўбачыў за ёй двух мужчын, якiя таксама былi вярхом на конях. Я пазнаў першага — Губерт. Другога не было бачна, але, калi ён пад'ехаў, пазнаў i яго. Гэта быў Джосi.

Але гэта не мог быць Джосi — цi я з'ехаў з глузду i трызню? Сафiя не магла прыехаць сюды з Джосi, што ж здарылася? Можа, Сафiя таксама з'ехала з глузду цi мне пачулася, што Джосi здраднiк? Не, мне гэта не здалося, ён быў здраднiкам. Я не трызнiў — вось ён перада мной, дык што ж цяпер будзе?

Ён пад'ехаў да ракi, напалову асветлены, i закрычаў:

— Каго мы бачым, маленькi Карл Львiнае Сэрца! Вось мы i зноў сустрэлiся.

Усе трое спусцiлiся ўнiз. Я стаяў, чакаючы iх, i толькi адна думка была ў маёй галаве. Божа мой, што зараз будзе!

Яны саскочылi з коней, i Сафiя падбегла да мяне, абняла, вочы яе ззялi ад радасцi.

— Ты зноў палюеш на ваўкоў? — спытаў, смеючыся, Губерт. Але я стаяў, нiчога не кажучы, проста ўглядаючыся ў iх.

— Што вы робiце тут? — нарэшце я выцiснуў з сябе.

— Джосi збiраецца паказаць нам, дзе мы можам лаўчэй пераскочыць сцяну, сказала Сафiя. — Нам трэба гэта ведаць на той выпадак, калi пачнецца бiтва.

— Так, мы павiнны мець план, перш чым атакаваць, — сказаў Джосi.

Усярэдзiне ў мяне ўсё кiпела. "Няма нiякага сумнення, што твой план ужо гатовы", — падумаў я. Я ведаў, чаго ён тут. Ён збiраўся заманiць Сафiю i Губерта ў пастку, калi нiхто не спынiць яго. Затым я зразумеў — божа мой, я адзiны, хто павiнен гэта зрабiць, чакаць больш было нельга. Гэта павiнна было здарыцца цяпер. Як бы ўсё гэта мне не падабалася, гэта павiнна было адбыцца зараз. Але як жа пачаць?

— Як Б'янка, Сафiя? — запытаўся, нарэшце, я ў яе.

Сафiя стала сумнай.

— Б'янка не вярнулася з Далiны Дзiкай Ружы, — адказала яна. — А ты што-небудзь ведаеш пра Джанатана?

Яна не хацела гаварыць пра Б'янку, але я пачуў тое, што i хацеў даведацца: Б'янка была мёртвая. Вось чаму Сафiя прыйшла сюды разам з Джосi. Яна не атрымала нашага пiсьма.

Джосi таксама вельмi цiкавiла, цi ведаю я што-небудзь пра Джанатана.

— Яго, канечне ж, не злавiлi? — запытаў ён.

— Не, — адказаў я i паглядзеў у вочы Джосi. — Ён толькi што вызвалiў Орвара з пячоры Катлы.

Чырвоны твар Джосi пабялеў, i ён змоўк. Але Сафiя i Губерт былi так рады, так рады, што Сафiя зноў абняла мяне, а Губерт сказаў:

— Гэта — самая лепшая навiна, якую ты мог прынесцi нам.

Iм хацелася даведацца, як усё адбылося. Акрамя Джосi: ён раптам заспяшаўся.

— Мы зможам даведацца пра гэта пазней, — сказаў ён. — Мы павiнны дабрацца туды, куды накiроўваемся, да цемнаты.

"Так, таму што салдаты Тэнджыла, несумненна, дзесьцi чакаюць", — падумаў я.

— Паедзем, Карл, — прапанавала Сафiя. — Мы можам ехаць разам на маiм канi.

— Не, — сказаў я. — Вы нiкуды не павiнны ехаць з гэтым здраднiкам.

Я паказаў на Джосi i падумаў, што зараз ён мяне заб'е. Ён схапiў мяне за шыю сваiмi вялiзнымi рукамi i зароў:

— Што ты сказаў? Яшчэ адно слова, i я цябе прыкончу!

Сафiя прымусiла яго адпусцiць мяне, але яна была мной вельмi незадаволена.

— Карл, проста жахлiва назваць чалавека здраднiкам, калi гэта не так. Ты вельмi малады, каб адказваць за свае словы.

Губерт цiха засмяяўся.

— Я думаў, што здраднiк — гэта я. Хто надта многа ведае i каму падабаюцца белыя конi i штосьцi ў гэтым родзе, пра што ты пiсаў на кухоннай сцяне дома.

— Так, Карл, ты раскiдваеш свае абвiнавачваннi паўсюдна, — сказала строга Сафiя. — Ты павiнен падумаць пра гэта.

— Прабач, Губерт, — сказаў я.

— А як наконт Джосi? — запытала Сафiя.

— Я не гавару, што прашу прабачэння, назваўшы здраднiка здраднiкам.

Але я не мог прымусiць iх паверыць мне. Стала жахлiва, калi я зразумеў гэта. Яны збiралiся iсцi з Джосi, яны самi iшлi насустрач сваёй смерцi, як нi iмкнуўся я iх пераканаць.

— Ён вядзе вас у пастку, — гаварыў я. — Я ведаю гэта, ведаю... Спытайце яго пра Ведэра i Кадэра, якiх ён сустракаў у гарах, i спытайцеся ў яго, як ён здрадзiў Орвару.

Здавалася, Джосi зноў збiраецца кiнуцца на мяне, але ён неяк стрымаў сябе.

— Цi ж мы не можам пайсцi, як дамовiлiся? — настойваў ён. — Цi мы рызыкуем з-за выдумак гэтага хлапчука?

Ён паглядзеў на мяне з нянавiсцю.

— А я любiў цябе калiсьцi, — пакiваў ён галавой.

— Я таксама любiў вас, — адказаў я.

Я бачыў, якi ён быў разгублены, хаваючы гэта пад гневам. Ён сапраўды спяшаўся цяпер, таму што яму трэба было, каб Сафiю схапiлi, перш чым яна зразумее праўду, iнакш яго ўласнае жыццё апынецца ў небяспецы.

Якой палёгкай было для яго тое, што Сафiя не хацела ведаць праўду. Яна верыла Джосi, яна заўсёды верыла яму, а мне, якi спачатку абвiнавацiў аднаго чалавека, потым другога, — як яна магла мне паверыць?

— Паедзем, Карл, я высветлю ўсё пазней.

— Не будзе нiякага "пазней", калi паедзеш зараз з Джосi.

Я заплакаў. Наджыяла не перажыве страты Сафii. А я не мог выратаваць яе, таму што яна не хацела сама ратавацца.

— Паехалi, Карл, — паўтарыла яна ўпарта.

Але потым я нешта ўспомнiў.

— Джосi, — сказаў я. — Расшпiлi кашулю i пакажы, што ў цябе на грудзях.

Джосi смяротна пабялеў, так, што нават Сафiя i Губерт заўважылi гэта. Ён прытулiў руку да грудзей, нiбы прыкрываючы там штосьцi.

Настала кароткае маўчанне. Потым Губерт сказаў даволi настойлiва:

— Джосi, зрабi тое, што просiць хлопчык.

— Мы павiнны спяшацца, — адказаў ён, падсоўваючыся да свайго каня.

Сафiя насцярожылася.

— Не так ужо i спяшаемся, — сказала яна. — Я тут галоўная, Джосi. Пакажы мне свае грудзi.

Было жахлiва бачыць, як Джосi стаiць, задыхаючыся, напалоханы i паралiзаваны, не ведаючы, уцякаць цi заставацца. Сафiя падышла да яго, але ён адштурхнуў яе локцем, чаго не павiнен быў рабiць.

Яна схапiла яго i рэзка расшпiлiла кашулю.

А там, на грудзях, было кляймо Катлы: галава дракона, якая iскрылася, нiбы кроў.

Сафiя пабялела яшчэ горш, чым Джосi.

— Здраднiк, — сказала яна. — Пракляцце на тваю галаву за ўсё, што ты зрабiў для далiн Наджыялы.

Нарэшце Джосi апамятаўся. Ён вылаяўся i кiнуўся да свайго каня, але каля яго ўжо быў Губерт. Тады ён азiрнуўся, стараючыся знайсцi магчымасць знiкнуць, i ўбачыў лодку. Адным скачком ён апынуўся ў ёй, i, перш чым Сафiя i Губерт падбеглi да берага, цячэнне аднесла яго.

Ён засмяяўся. I гэта быў жахлiвы смех.

— Я пакараю цябе, Сафiя, — закрычаў ён. — Калi прыйду галоўным правiцелем у Вiшнёвую Далiну. Я пакараю цябе!

"Ты, дурань, ты нiколi не вернешся ў Вiшнёвую Далiну, ты трапiш у вадаспад Карма i нiкуды больш", — прамiльгнула ў мяне ў галаве.

Ён стараўся грэбцi, але моцная плынь падхапiла лодку i закруцiла яе, iмкнучыся разбiць, вырываючы вёслы з яго рук. Потым вялiзная хваля накрыла яго. Я ўскрыкнуў, хацеў дапамагчы яму, хоць ён быў здраднiк, але я разумеў, што нiякай магчымасцi выратаваць Джосi няма. Было вусцiшна i сумна стаяць у цемры, нiчога не бачыць, але ведаць, што подлы Джосi там зусiм адзiн i безабаронны ў вiрлiвай вадзе. Мы заўважылi яго на грэбенi хвалi, потым ён зноў апусцiўся, i больш мы яго не бачылi.

Было амаль цёмна, калi рака праглынула Джосi i панесла яго да вадаспада Карма.

15

Нарэшце надышоў дзень, якога чакалi ўсе, — дзень бiтвы. Над Далiнай Дзiкай Ружы пранеслася бура, усе дрэвы павалiла, а многiя з iх нават паламала. Але не такую буру меў на ўвазе Орвар, калi гаварыў:

— Прыйдзе бура вызвалення, яна знiшчыць заваёўнiкаў, падобна вiхуры, якая валiць i ламае дрэвы. Яна прамчыць паўсюдна з гулам i ровам, знiшчаючы рабства i зноў вызваляючы нас!

Так гаварыў ён на кухнi ў Мацiяса, дзе ўпотай сабралiся людзi, каб убачыць i паслухаць яго, — так, яны прыйшлi ўбачыць яго i Джанатана.

— Вы абодва — наша надзея i суцяшэнне, вы — усё, што ў нас ёсць, гаварылi тыя, хто ўпотай прыйшоў у дом Мацiяса, добра ведаючы, чым гэта iм пагражае.

— Яны жадаюць пачуць пра буру вызвалення, як дзецi жадаюць пачуць казку, зазначыў Маiцяс.

Дзень бiтвы — вось пра што яны марылi, чаго яны так чакалi. Не дзiўна, што пасля ўцёкаў Орвара Тэнджыл стаў яшчэ больш жорсткiм, ён шукаў новыя спосабы, каб мучыць i катаваць Далiну Дзiкай Ружы, таму людзi ўзненавiдзелi яго яшчэ больш, таму ў Далiне кавалася зброя.

Усё больш i больш добраахвотнiкаў прыбывала з Вiшнёвай Далiны.

У глыбiнi лесу непадалёку ад сядзiбы Эльфрыды Сафiя i Губерт арганiзавалi ваенны лагер. Зрэдку Сафiя карысталася падземным ходам i прыходзiла да Мацiяса, каб разам з Орварам i Джанатанам абмеркаваць план бiтвы.

Я ляжаў на кухнi, таму што патаемны пакойчык займаў Орвар, якому неабходна было хавацца.

Калi прыходзiла Сафiя, кожны раз яна бянтэжыла мяне.

— Вось мой выратавальнiк! — гаварыла яна, убачыўшы мяне. — Як гэта я забылася падзякаваць табе, Карл?

Потым пачынаў гаварыць Орвар, што я герой Далiны Дзiкай Ружы, а я ўвесь час думаў пра Джосi, якога паглынула бурная рака, i мне станавiлася сумна.

Сафiя дапамагла жыхарам Далiны хлебам. Яго перапраўлялi з Вiшнёвай Далiны горамi, а потым перацягвалi падземным ходам. Мацiяс хадзiў па Далiне з торбай i ўпотай раздаваў людзям хлеб. Да гэтага я нiколi не бачыў, каб людзi так радавалiся хлебу. Ходзячы з Мацiясам, я зразумеў, як пакутавалi людзi Далiны Дзiкай Ружы, з якой надзеяй яны чакалi бiтву за вызваленне.

Сам я баяўся гэтага дня, але ў рэшце рэшт пачаў iм жыць — гэтак, як i астатнiя, таму што чакаць было ўжо невыносна, ды i небяспечна, як лiчыў Орвар.

— Доўга трымаць усё ў сакрэце вельмi цяжка, — гаварыў Орвар. — Наша мара аб вызваленнi можа быць лёгка разбурана.

Пэўна ж, ён меў рацыю. Дастаткова было якому-небудзь салдату Тэнджыла выявiць патаемны ход або распачаць новыя вобыскi ў дамах, i могуць быць выяўлены Орвар i Джанатан. Пры думцы пра гэта я ажно халадзеў.

Аднак салдаты Тэнджыла былi нiбы сляпыя i глухiя, iнакш яны што-небудзь ды заўважылi б. Калi б яны хоць крыху прыслухалiся, то пачулi б раскаты грому вызвалення, навальнiцы, якая ачысцiць усю Далiну Дзiкай Ружы. Але яны нiчога не чулi.

Ноччу напярэдаднi бiтвы я не мог заснуць, па-першае, з-за навальнiцы ў небе, а па-другое, вельмi хваляваўся. Было вырашана, што паўстанне пачнецца на досвiтку. Орвар, Мацiяс i Джанатан сядзелi i гаварылi пра гэта, а я ляжаў i слухаў. Орвар гаварыў больш за ўсiх; ён увесь час гаварыў, i вочы яго зiхацелi.

Наколькi я зразумеў з iх размовы, план быў такi. У першую чаргу будзе знiшчана ахова ля галоўных варот i ля рачных варот, з тым каб яны былi адчынены для войска Сафii i Губерта. Сафiя ўвойдзе са сваiм войскам праз галоўныя вароты, а Губерт — праз рачныя.

— Мы павiнны перамагчы або памерцi, — казаў Орвар. — Усё павiнна адбыцца вельмi хутка, — даводзiў ён. — Далiна павiнна быць вызвалена ад усiх салдат Тэнджыла, i ўсе вароты павiнны быць зачынены, перш чым Тэнджыл збярэцца прывесцi Катлу, таму што зброi супраць Катлы няма. Яе нiчым нельга знiшчыць, акрамя як голадам, — тлумачыў Орвар.

— Нi коп'i, нi стрэлы, нi мячы яе не бяруць, — казаў ён, — але дастаткова маленькага язычка яе полымя, каб паралiзаваць або забiць любога.

— Але ж Тэнджыл трымае Катлу ў гарах, дык навошта тады вызваляць Далiну? не разумеў я. — З яе дапамогай ён зможа падавiць нас зноў, як гэта было першы раз.

— Ён сам пабудаваў сцяну, яна i выратуе нас, не забывай гэта, — адказаў Орвар. — Перад страшыдламi можна зачынiць вароты...

З Тэнджылам турбот асаблiвых не будзе, усё прадумана. Як сказаў Орвар, ён, Джанатан, Сафiя i яшчэ некалькi воiнаў прабяруцца ў Тэнджылаў замак, знiмуць ахову i пакончаць з iм, перш чым яму стане вядома пра паўстанне ў Далiне. Потым Катлу пасадзяць у пячоры на ланцуг — да таго часу, пакуль яна не аслабее ад голаду, — тады можна будзе развiтацца i з ёй.

— Iнакш мы нiяк не зможам ад яе пазбавiцца, — сказаў нарэшце Орвар.

Потым ён зноў пачаў гаварыць пра тое, што трэба вельмi хутка расправiцца з салдатамi Тэнджыла.

— Расправiцца? Ты маеш на ўвазе забiць? — насцярожыўся Джанатан.

— Вядома, а што яшчэ я магу мець на ўвазе?

— Але я нiкога не магу забiваць, — запярэчыў Джанатан. — I ты ведаеш пра гэта, Орвар.

— Нават калi ад гэтага залежыць тваё жыццё?

— Так, нават у гэтым выпадку, — адказаў Джанатан.

Орвар не мог зразумець гэтага, наўрад цi разумеў i Мацiяс.

— Калi б усе былi такiя, як ты, — сказаў Орвар, — тады зло панавала б заўжды.

Але тут умяшаўся я. Маўляў, калi б усе былi такiмi, як Джанатан, то зла наогул не было б на свеце. Пасля гэтага я нi слова не сказаў за ўвесь вечар, i толькi, калi прыйшоў Мацiяс, каб падаткнуць пада мной коўдру, я прашаптаў яму:

— Мне страшна, Мацiяс.

Мацiяс пагладзiў мяне па галаве.

— Мне таксама, — прызнаўся ён.

Джанатан, аднак, папярэдзiў Орвара, што не будзе знаходзiцца ў гушчынi бiтвы i падбадзёрваць людзей — рабiць тое, чаго сам ён не можа.

— Народ Далiны Дзiкай Ружы павiнен бачыць нас абодвух, — настойваў Орвар. — Ён павiнен бачыць нас абодвух.

— Што ж, раз трэба, значыць трэба, — згадзiўся нарэшце Джанатан.

I нават пры святле адной свечкi я заўважыў, як ён пабялеў.

Грыма i Ф'ялара нам давялося пакiнуць у лесе з Эльфрыдай, калi мы вярталiся з пячоры Катлы. Але было вырашана, што Сафiя прывядзе коней у дзень бiтвы, калi пойдзе разам з усiмi праз галоўныя вароты.

Гаварылi i пра тое, што павiнен рабiць я. Я нiчога не павiнен быў рабiць, толькi чакаць, пакуль усё скончыцца. Сядзець i чакаць у кухнi.

Нiхто не спаў гэтай ноччу.

I надышло нарэшце свiтанне.

Так, надышоў свiтанак i разам з iм дзень паўстання. О, як у мяне балела сэрца ў гэты дзень! Мне былi чутны крыкi, я бачыў кроў, таму што бiтва iшла на схiлах нiжэй Мацiясавага дома. У гушчынi бою вярхом скакаў Джанатан, вецер ускалмацiў валасы, а вакол яго бой, зiхценне мячоў, коп'яў, свiст стрэл i крыкi, крыкi, крыкi... Я прызнаўся Ф'ялару, што калi Джанатан памрэ, то я тады таксама хачу памерцi.

Так, Ф'ялар быў са мной у кухнi. Я не хацеў нiкому гаварыць пра гэта, але ён мне быў вельмi патрэбны менавiта тут. Я не мог быць адзiн, проста не мог. Ф'ялар таксама выглядваў з акна, ён назiраў, што там адбываецца. Раптам ён заржаў. Не ведаю чаму — цi то хацеў быць побач з Грымам, цi то быў напалоханы гэтак жа, як я.

Мне было страшна... страшна... страшна...

Я бачыў, як ад кап'я Сафii звалiўся Ведэр, як загiнуў Кадэр ад мяча Орвара, а за iм i Додзiк, а потым яшчэ некалькi салдат; яны падалi справа i злева. Джанатана можна было заўважыць у самай гушчынi бою, яго твар усё больш бляднеў, i сэрца ў мяне сцiскалася ўсё больш i больш.

I настаў нарэшце бiтве канец!

Шмат крыку было ў гэты дзень у Далiне Дзiкай Ружы, але ў нейкi момант узняўся крык незвычайны. У разгар бiтвы раптам пачуўся гук баявога рога, i хтосьцi пранiзлiва закрычаў:

— Катла iдзе!

I адразу ж пачуўся рык, галодны рык Катлы, якi ўсе так добра ведалi. Воiны пачалi кiдаць на зямлю мячы, стрэлы, коп'i, таму што не мела сэнсу змагацца далей — ад Катлы паратунку не было. Усё змяшалася ў суцэльны голас — гром навальнiцы, гукi баявога рога Тэнджыла, аглушальны роў Катлы... З храпаў Катлы вырываўся смертаносны агонь, забiваючы кожнага, на каго паказваў Тэнджыл. А ён усё паказваў i паказваў, i яго жорсткi твар цямнеў ад лютасцi. Цяпер я ўжо не сумняваўся, што надышоў канец Далiне Дзiкай Ружы.

Я не хацеў глядзець, я не хацеў бачыць... усё гэта. Але ж Джанатан!.. Мне трэба было ведаць, дзе ён, i я ўбачыў яго якраз каля Мацiясавага дома — ён сядзеў на Грыме, збялелы i спакойны.

— Джанатан, — закрычаў я. — Джанатан, ты чуеш мяне?

Але ён не чуў, i я заўважыў, як ён прышпорыў каня i паляцеў унiз па схiле, як страла, iмчаў хутчэй, чым хто калi-небудзь мог iмчацца. Ён iмчаўся да Тэнджыла... I вось ён ужо ў яго ззаду.

Вось баявы рог загучаў зноў, але цяпер ужо трубiў Джанатан. Ён выхапiў рог з рук Тэнджыла i трубiў што было сiлы, каб Катла магла зразумець, што ў яе цяпер новы гаспадар.

Потым усё раптам супакоiлася, здаецца, нават прайшла навальнiца. Усе замерлi ў чаканнi. Тэнджыл сядзеў на сваiм канi напалоханы i чакаў таксама. Чакала i Катла.

Джанатан падзьмуў у рог яшчэ раз.

Раптам Катла зараўла i, злосная, павярнулася да чалавека, якому калiсьцi яна так слепа падпарадкоўвалася.

I я прыгадаў, як Джанатан сказаў аднойчы:

— Калi-небудзь адплата знойдзе Тэнджыла!

I вось гэты дзень настаў!

Гэта быў канец бiтвы ў Далiне Дзiкай Ружы. Многiя аддалi свае жыццi за свабоду. Так, Далiна была свабодная, але вакол ляжалi забiтыя, i яны ўжо нiколi не даведаюцца аб свабодзе.

Мацiяс быў мёртвы, у мяне ўжо не было дзядулi. Губерт таксама быў мёртвы, ён загiнуў у лiку першых. Яму не давялося прайсцi праз рачныя вароты, таму што ён сустрэў салдат Тэнджыла раней, i самае страшнае — ён сустрэў Катлу. Тэнджыл узяў яе з сабой у той дзень, каб жорстка пакараць Далiну Дзiкай Ружы за ўцёкi Орвара.

Тады ён не ведаў, што гэта будзе Днём Бiтвы, а калi даведаўся пра гэта, дык, пэўна ж, быў рады, што ўзяў з сабой Катлу.

Але цяпер ён быў мёртвы, як i многiя iншыя.

— Нашым пакутам прыйшоў канец! — гукнуў Орвар. — Нашы дзецi будуць расцi свабоднымi i шчаслiвымi. Мы зробiм Далiну Дзiкай Ружы такой жа, якой яна была раней.

Але я падумаў, што без Мацiяса Далiна нiколi не будзе такой, якой яна была раней.

Орвара паранiлi мячом у спiну, але здавалася, што ён не адчуваў болю i наогул не турбаваўся пра гэта. Вочы яго ззялi, калi ён гаварыў з народам Далiны.

— Мы будзем шчаслiвымi зноў, — як клятву, паўтараў ён перад народам.

Многiя плакалi ў той дзень — многiя, але толькi не Орвар.

Сафiя таксама засталася жывой, яе нават не паранiла, i ёй трэба было разам з воiнамi, якiм пашчасцiла ўцалець, вярнуцца ў Вiшнёвую Далiну.

Яна падышла да нас развiтацца.

— Так, вось тут жыў Мацiяс, — сказала яна, заплакаўшы. Потым абняла Джанатана. — Вяртайцеся ў Сядзiбу Рыцараў. Я буду ўвесь час думаць пра вас, пакуль мы не сустрэнемся зноў.

Потым яна паглядзела на мяне.

— Карл, ты ж паедзеш са мной?

— Не, — адказаў я. — Я паеду з Джанатанам.

Я вельмi баяўся, што Джанатан пашле мяне разам з Сафiяй, мне так гэтага не хацелася.

— Я хачу, каб Карл застаўся са мной, — сказаў ён.

На схiле за домам Мацiяса ляжала Катла. Гэта была страшэнная, маўклiвая, налiтая крывёю глыба. Вось i цяпер яна зноў паглядзела на Джанатана, як сабака, якi хоча ўгадаць, чаго жадае гаспадар. Цяпер яна ўжо нiкога не чапала, але да таго часу, пакуль яна ляжала тут, жах напаўняў Далiну i нiхто не адважваўся быць шчаслiвым. Далiна Дзiкай Ружы не рашалася нi святкаваць вызваленне, нi смуткаваць у жалобе па загiнуўшых да таго часу, пакуль iснавала драконiха Катла. Адзiным чалавекам, якi мог прымусiць яе вярнуцца ў пячору, быў Джанатан.

— Выручы Далiну Дзiкай Ружы яшчэ раз, — звярнуўся да яго Орвар. — Калi ты завядзеш яе туды i пасадзiш на ланцуг, то ўсё астатняе, як прыйдзе час, зраблю я сам.

— Добра, — згадзiўся Джанатан. — Гэта апошнi раз, калi я магу паслухаць цябе.

Я ўявiў сабе, як можна падарожнiчаць уздоўж ракi. Ты павольна iдзеш i назiраеш, як цячэ рака, блiшчыць вада, як трапечуцца пад ветрам галiнкi лазы. Але я нiяк не мог уявiць падарожжа ўздоўж ракi, калi ў цябе па пятах iдзе драконiха.

А гэта было менавiта так. Мы ехалi, прыслухоўваючыся да цяжкога тупацення яе лап: "Туп, туп, туп, туп..." Было вельмi трывожна чуць гэта, нашы конi Грым i Ф'ялар як не шалелi, i мы ледзьве стрымлiвалi iх. Час ад часу Джанатан дзьмуў у рог, i ён выдаваў жахлiвы гук, якi Катле, натуральна, не падабаўся. Але яна павiнна была падпарадкоўвацца, калi чула яго. Гэта было адзiнае, што супакойвала мяне ў нашай паездцы.

Мы не сказалi адзiн аднаму нi слова, мы проста ехалi i ехалi. Джанатану трэба было пасадзiць Катлу на ланцуг у яе пячоры перш, чым настане ноч, i там ёй будзе наканавана памерцi. Мы нiколi яе больш не ўбачым i забудзем, што была такая краiна — Карманьяка. Старажытныя горы будуць стаяць тут вечна, але мы больш нiколi не будзем пераходзiць iх.

Чым блiжэй да вечара, тым спакайней вакол. Вечар быў цёплы, навальнiца пайшла далей, i было так прыгожа, калi сонца пачало апускацца за гарызонт, ажно захацелася ў такi вечар ехаць уздоўж ракi i нiкога не баяцца.

Але мне было вельмi страшна, i я баяўся, каб гэта не заўважыў Джанатан.

Нарэшце мы даехалi да вадаспада Карма.

— Карманьяка, тут мы ўжо апошнi раз, — усклiкнуў Джанатан, калi мы мiнулi мост.

I ён затрубiў у рог.

Катла ўбачыла сваю строму на тым баку ракi. Адчувалася, што ёй хацелася трапiць туды — яна гэтак задаволена зашыпела проста пад ногi Грыму. Ох, навошта яна гэта зрабiла!

Бо тут здарылася вось што. Грым ад спуду адхiснуўся i ўдарыўся аб парэнчы моста. Я ажно ўскрыкнуў, спалохаўшыся, што Джанатан звалiцца ў вадаспад Карма. Але ён не звалiўся, затое рог выпаў у яго з рук i знiк у вiрлiвай вадзе.

Жорсткiя вочы Катлы бачылi ўсё гэта, i цяпер яна ўжо ведала, што ў яе няма гаспадара. Яна зараўла, i полымя пачало струменiць у яе з пашчы.

О, як жа хутка мы памчалiся, каб выратаваць нашы няшчасныя жыццi! Мы гналi i гналi коней, спачатку па мосце, потым угору па дарозе, да замка Тэнджыла, а ўслед нам неслася шыпенне Катлы.

Наш шлях пралягаў петлямi сярод Старажытных гор, i нават у сне цяжка было сабе ўявiць што-небудзь больш жахлiвае, чым нашу мiтусню ад скалы да скалы, ад выступу да выступу, калi за намi iмчала Катла, а яе полымя амаль лiзала ногi коней. Яе агонь даставаў жахлiва блiзка да Джанатава, мне падалося, што брат вось-вось загарыцца, i я закрычаў:

— Не спыняйся! Не спыняйся!

Бедныя Грым i Ф'ялар, Катла так iх напалохала, што яны спрабавалi ўзляцець, каб выратавацца ад яе, яны пакрылiся пенай i iмчалi ўсё хутчэй i хутчэй, спрабуючы зрабiць немагчымае, а Катла не адставала i гыркала ад злосцi. Яна была ўжо на сваёй зямлi, i нiхто не мог прагнаць яе адсюль. Яе скачкi ўсё павялiчвалiся, i я ведаў, што яна са сваёй тупой жорсткасцю ў рэшце рэшт пераможа.

Мы гналi i гналi коней, i я ўжо страцiў надзею на выратаванне.

Мы ўжо звярнулi далёка ў горы, але пакуль яшчэ былi ўперадзе Катлы. А яна гналася за намi. I вось мы пад вадаспадам Карма. На нейкае iмгненне Катла спынiлася, таму што гэта была менавiта яе строма, менавiта тут яна звычайна стаяла, углядаючыся ўнiз. Яна спынiлася i ўгледзелася на вадаспад, дым i агонь усё яшчэ вырывалiся з яе храпы. Але вось яна ўспомнiла пра нас, паглядзела на нас нерухомым паглядам.

"Ты, жорсткае стварэнне, — падумаў я, — чаму б табе не застацца тут, на сваёй скале?"

Але я ведаў, што яна пойдзе далей.

Мы дайшлi да той скалы, адкуль убачылi яе страшэнную галаву, калi першы раз трапiлi ў Карманьяку. Раптам нашы конi спынiлiся. Жахлiва, калi конь падае пад табой, але менавiта гэта i адбылося. Грым i Ф'ялар проста павалiлiся на дарогу, а мы ж так спадзявалiся на дзiва, што яны выратуюць нас. I вось не заставалася нiчога iншага, як адмовiцца ад гэтай надзеi.

Мы прапалi, i мы гэта ведалi. Катла ведала гэта таксама, i агонь д'ябальскай радасцi паявiўся ў яе вачах. Яна нерухома стала на сваёй строме i жэрла нас сваiмi вачыма. Я быў упэўнены, што яна смяялася з нас. Цяпер ёй не трэба было спяшацца. Здавалася, нiбыта яна думае: "Я прыйду ў патрэбны час, вы мяне дачакаецеся, не турбуйцеся!"

Джанатан паглядзеў на мяне так, як мог паглядзець толькi ён.

— Даруй мне, Сухарык, за тое, што я згубiў рог, але я невiнаваты.

Я хацеў сказаць Джанатану, што ў мяне нiколi-нiколi не было таго, за што б яму трэба было дараваць, я проста анямеў ад страху.

Катла стаяла ўнiзе, агонь i дым працягвалi струменiць з яе храпы, ногi рыхтавалiся да скачка. А мы стаялi, схаваўшыся за вялiзным каменем так, што яе полымя не магло дастаць нас. Я моцна ўчапiўся ў Джанатана, а ён глядзеў на мяне, i з вачэй яго лiлiся слёзы.

Але хутка гнеў ахапiў яго, i ён, нахiлiўшыся наперад, крыкнуў Катле:

— Не надумай чапаць Сухарыка, чуеш ты, страшыдла! Ты не можаш яго чапаць!

Ён ашчаперыў гэтую глыбу, як быццам быў волатам i як быццам хацеў напалохаць яе. Ён не быў волатам i не мог напалохаць Катлу, але глыба на краi стромы была рухомая. "Нi стрэлы, нi коп'i, нi мячы не могуць забiць Катлу, успомнiлiся мне словы Орвара. — Яе не зможа забiць нават самая вялiзная глыба".

Сапраўды, Катлу не забiла глыба, якую Джанатан штурхнуў на яе, але калi глыба пацэлiла ў Катлу, тая з рычаннем, якое магло б разбурыць горы, звалiлася ўнiз у вадаспад Карма.

16

Так, Джанатан не забiў Катлу. Яе забiў Карм. А Катла ў сваю чаргу забiла Карма. Прама перад нашымi вачыма. Мы ўсё гэта бачылi. Нiхто, акрамя нас, не бачыў, як два страшыдлы са старадаўнiх часоў нiшчылi адно аднаго. Мы бачылi, як яны змагалiся ў вадаспадзе.

Калi Катла зараўла i знiкла, мы спачатку не паверылi сваiм вачам, — цяжка было паверыць, што яе ўжо няма. Дзе яна ўтапiлася, мы не бачылi, бачылi толькi, як пена ў рацэ стала дыбам. Нiчога больш. Катлы не было.

Але затым мы ўбачылi змея. Ён высунуў сваю зялёную галаву з пены, яго хвост бiў па вадзе. О, ён быў жахлiвы, гэты гiганцкi змей, даўжынёй ва ўсю шырыню ракi — такi, якiм яго апiсвала Эльфрыда.

Змей, пра якога яна чула ў сагах, калi была маленькай, быў не толькi сагай, як i Катла. Ён iснаваў, i гэта было такое ж страшыдла, як i Катла, яго галава хiсталася ва ўсе бакi ў пошуках... I раптам ён убачыў Катлу. Яна вынырнула з вады i апынулася ў вiры, i змей кiнуўся наперад i абвiў яе. Яна дыхнула на яго сваiм смертаносным агнём, але ён схапiў яе так моцна, што выцiснуў агонь з яе грудзей. Яны кусалi i ламалi адно аднаго, iмкнучыся забiць. Мяркую, што яны чакалi гэтай сустрэчы яшчэ са старадаўнiх часоў, цяпер бiлiся, як дзве звар'яцелыя iстоты, кiдаючыся i сплятаючыся ў пенным патоку ў адзiн жахлiвы клубок. Катла ўвесь час раўла, а Карм змагаўся бязгучна, чорная кроў чорнай крыважэрнай драконiхi i крыважэрнага змея афарбавала белую пену, якая стала чорнай i брыдкай.

Як доўга ўсё гэта працягвалася? Мне здавалася, што я стаяў на гэтай сцяжыне тысячу год i не бачыў нiчога, акрамя гэтых страшыдлаў у iх апошняй бiтве.

Гэта была доўгая i жахлiвая бiтва. Нарэшце яна закончылася. Катла выдала свой апошнi немы роў, перадсмяротны, i сцiхла. У Карма не было ўжо галавы, i яны ўтапiлiся разам, абвiўшы адно аднаго. I вось, нi Карма, нi Катлы ўжо не было, яны знiклi, як быццам нiколi не iснавалi. Пена зноў стала белай, мярзотная кроў страшыдлаў была аднесена магутнай плынню вадаспада. Усё стала як i раней, як i было ў старажытныя часы.

Мы стаялi на сцяжынцы i глядзелi, хаця ўсё ўжо мiнулася. Мы доўга не маглi сказаць нi слова. Нарэшце Джанатан спахапiўся:

— Мы павiнны з'ехаць адсюль хутчэй, хутка стане цёмна, а я не хачу, каб ноччу мы заставалiся ў Карманьяцы.

Бедныя Грым i Ф'ялар! Не ведаю, як мы змаглi падняць iх i як паехалi. Яны былi такiя стомленыя, што ледзьве цягнулi ногi.

Але мы паехалi з Карманьякi i апошнi раз перасеклi мост. Конi больш iсцi не маглi. Як толькi мы даехалi да канца моста, яны павалiлiся i засталiся ляжаць, нiбы думаючы, што яны зрабiлi ўсё, што маглi — дапамаглi нам дабрацца да Наджыялы, i гэтага было дастаткова.

— Мы на старым месцы распалiм касцёр, — сказаў Джанатан, маючы на ўвазе строму, дзе мы правялi тую навальнiчную ноч, калi я ўпершыню ўбачыў Катлу. Я схамянуўся, калi прыгадаў гэта, таму што мне не хацелася б спыняцца ў iншым месцы. Але далей мы нiкуды не маглi пайсцi.

Перад тым як уладкавацца нанач, трэба было напаiць коней. Мы далi iм крыху вады, але яны не хацелi пiць. Яны ператамiлiся, i я непакоiўся за iх.

— Джанатан, яны нейкiя дзiўныя, — усё больш трывожыўся я. — Як думаеш, iм будзе лепш пасля сну?

— Так, усё будзе добра, калi яны паспяць, — супакоiў мяне Джанатан.

Я пагладзiў Ф'ялара, якi ляжаў з заплюшчанымi вачыма.

— Якi ў цябе быў цяжкi дзень, — сказаў я. — Але заўтра ўсё будзе добра...

Мы распалiлi касцёр якраз на тым месцы, дзе i раней. Гэта строма была самым лепшым месцам для прывалу, калi не думаць пры гэтым, што побач Карманьяка. За намi сцяной стаялi горы, яны былi цёплыя ад сонца i прыкрывалi нас ад ветру. Перад намi цяснiна абрывалася да вадаспада Карма, а ад моста да зялёнага лужка таксама быў круты схiл, i лужок адсюль выглядаў маленькiм зялёным лапiкам, далёка-далёка ўнiзе.

Мы сядзелi ля кастра i глядзелi, як цемра ахутвае горы i раку.

Я быў вельмi стомлены i думаў пра тое, што нiколi ў маiм жыццi я не перажываў такiх цяжкiх дзён. Ад свiтання да вечара я нiчога не бачыў, акрамя крывi, страху i смерцi. "Ёсць прыгоды, якiх лепш бы i не было", — казаў неяк Джанатан. А сёння ў нас было якраз дастаткова такiх прыгод. Дзень бiтвы, ён быў доўгi i цяжкi, але цяпер ён, нарэшце, закончыўся.

Але нашаму гору не было канца. Я прыгадаў Мацiяса i вельмi смуткаваў ля кастра. Таму запытаў у Джанатана:

— Як ты думаеш, дзе цяпер Мацiяс?

— Ён у Наджылiме, — упэўнена адказаў Джанатан.

— У Наджылiме? Я нiколi не чуў пра яе, — пацiснуў плячамi я.

— Не, ты чуў, — сказаў Джанатан. — Цi ж ты не памятаеш тую ранiцу, калi я пакiдаў Вiшнёвую Далiну, а ты так баяўся? Цi ж ты не памятаеш, што я сказаў тады? "Калi я не вярнуся, мы сустрэнемся ў Наджылiме". Вось там цяпер Мацiяс.

Потым ён расказаў мне пра Наджылiму. Ён не расказваў мне гiсторый вельмi даўно, у нас не было часу. Але цяпер, калi мы сядзелi каля кастра i размаўлялi пра Наджылiму, усё было дакладна так, як бы мы сядзелi скрайку на маiм ложку дома ў горадзе.

— У Наджылiме... У Наджылiме... — сказаў Джанатан такiм голасам, якiм ён звычайна расказваў казкi. — У ёй яшчэ жывуць казкi, i легенды, i кастры.

— Бедны Мацiяс, i там, значыцца, таксама ёсць прыгоды, якiх лепш бы i не было.

Але Джанатан адказаў, што там няма дрэнных казак, а якраз наадварот, там вельмi добра.

"Людзi там шчаслiвыя, так, яны працуюць, вядома, дапамагаюць адзiн аднаму ва ўсiм, але яны i спяваюць, гуляюць, расказваюць казкi, — гаварыў ён. Зрэдку яны палохаюць дзяцей жахлiвымi, жорсткiмi сагамi пра страшыдлаў, такiх, як Карм i Катла, i пра такiх жорсткiх людзей, як Тэнджыл. Але потым яны смяюцца над усiм гэтым".

— Вам было страшна? — пытаюцца яны ў дзяцей. — Дык гэта ж толькi сагi. Гэта тое, што нiколi не iснавала, ва ўсякiм разе тут, у нашых далiнах.

— Мацiяс шчаслiвы ў Наджылiме, — сказаў Джанатан. — Там у яго старая ферма ў Яблыневай Далiне, самая прыгожая ферма ў самай прыгожай i самай зялёнай далiне Наджылiмы.

— Неўзабаве трэба будзе збiраць яблыкi ў яго садзе, — сказаў Джанатан. — I мы будзем там, каб дапамагчы яму. Ён жа зусiм старэнькi, каб узлазiць на лесвiцу.

— Я вельмi хачу трапiць туды, — сказаў я. I падумаў, што ў Наджылiме павiнна быць вельмi добра, i акрамя таго, я вельмi хацеў пабачыць Мацiяса зноў.

— Ты сапраўды гэтага хочаш? — спытаў Джанатан. — Мы маглi б жыць разам з Мацiясам. На ферме Мацiяса ў Яблыневай Далiне ў Наджылiме...

— А як гэта ўсё будзе?

— О, гэта будзе цудоўна, — адказаў Джанатан. — Мы зможам ездзiць на конях па лясах, распальваць кастры — калi б ты толькi ведаў, якiя лясы ў Наджылiме! А ў глыбiнi лясоў ёсць маленькiя чыстыя азёры. Мы маглi б распальваць кастры кожны вечар каля якога-небудзь возера i праводзiць там некалькi дзён i начэй. А потым вяртацца да Мацiяса.

— I дапамагаць яму збiраць яблыкi? — падказаў я. — Але тады Сафii i Орвару давядзецца клапацiцца аб Вiшнёвай Далiне i Далiне Дзiкай Ружы без тваёй дапамогi, Джанатан?

— Ну i што ж, — адказаў Джанатан. — Я не патрэбен больш Сафii i Орвару. Яны самi цудоўна справяцца ў сваiх далiнах.

Але потым ён замоўк i больш нiчога не расказваў. Мы абодва маўчалi, бо я быў вельмi стомлены i не вельмi шчаслiвы. Не такое ўжо гэта суцяшэнне слухаць пра Наджылiму, калi яна ад нас так далёка.

Цемра станавiлася ўсё гусцей i гусцей, а горы цямней i цямней. Вялiзныя птушкi лёталi над намi i крычалi так сумна, што ўсё здавалася надта змрочным. Вадаспад Карма грымеў удалечынi, i мне ўжо надакучыла слухаць яго. Шум вадаспада нагадваў мне пра тое, пра што хацелася б забыць. Усё было такое сумнае, што падумалася — я нiколi не буду шчаслiвы.

Я падсунуўся блiжэй да Джанатана, ён спакойна сядзеў, прытулiўшыся да выступу скалы, твар яго быў бледны. Ён выглядаў, як казачны прынц, але збляднелы i змучаны прынц. "Бедны Джанатан, ты ж таксама нешчаслiвы, — падумаў я. — Каб жа я мог зрабiць цябе крыху шчаслiвейшым..."

I вось, калi мы сядзелi тут у цiшынi, Джанатан загаварыў:

— Сухарык, я павiнен штосьцi сказаць табе.

Спачатку я спалохаўся, таму што калi ён так гаварыў, то гэта заўсёды было штосьцi журботнае.

— Што ты павiнен мне сказаць? — запытаўся я.

Ён пагладзiў мяне па шчацэ.

— Не палохайся, Сухарык... Але памятаеш, што гаварыў Орвар? "Нават маленькi язычок полымя Катлы мог забiць або паралiзаваць любога", — ты памятаеш, як ён гаварыў гэта?

— Так, але чаму ты ўспомнiў пра гэта?

— Таму што... — адказаў Джанатан, — таму што маленькi язычок полымя Катлы ўсё-такi датыкнуўся да мяне, калi мы ўцякалi ад яе.

Цэлы дзень балела маё сэрца ад гора i страху, але я не плакаў. А цяпер слёзы пакацiлiся градам.

— Ты што, збiраешся памерцi зноў, Джанатан? — закрычаў я.

Але Джанатан сказаў:

— Не, але я б хацеў, таму што я нiколi не змагу рухацца.

Ён растлумачыў, якiм жорсткiм было полымя Катлы. Калi яно не забiвала, то прыносiла яшчэ горшае зло, яно разбурала штосьцi ўсярэдзiне, i чалавек станавiўся паралiзаваным. Спачатку ты гэтага не заўважаеш, але потым яно павольна i няўмольна падпаўзае да цябе.

— Цяпер я магу яшчэ рухаць рукамi, — сказаў ён. — Але неўзабаве я не змагу рабiць i гэтага.

— А цi ж гэта не пройдзе? — я яшчэ на нешта спадзяваўся.

— Не, Сухарык, гэта пройдзе, калi толькi я траплю ў Наджылiму.

"Толькi калi ён трапiць у Наджылiму..." — нарэшце я зразумеў! Ён збiраецца зноў мяне пакiнуць, я ведаў гэта. Усё-такi калi-небудзь ён пойдзе ў Наджылiму без мяне...

— Не iдзi, — заплакаў я. — Не пакiдай мяне, ты не павiнен сыходзiць у Наджылiму без мяне.

— Ты хочаш туды са мной? — запытаў ён.

— Так, а як жа iнакш! — усклiкнуў я. — Цi ж я табе не казаў, што дзе будзеш ты, там буду i я.

— Так, ты гаварыў, i гэта мяне суцяшае, — сказаў Джанатан. — Але туды цяжка трапiць.

Нейкi час ён маўчаў, а потым кажа:

— Цi памятаеш той выпадак, калi мы выскачылi з акна? Той жахлiвы час, пажар, а мы скочылi ўнiз у двор? I тады я трапiў у Наджыялу, ты помнiш?

— Вядома, помню, — сказаў я, плачучы яшчэ больш. — Як ты можаш пытацца пра гэта? Цi ж ты можаш падумаць, што я хоць пра што-небудзь забыўся?

— Так, я ведаю, — сказаў Джанатан, пагладзiўшы мяне зноў па шчацэ.

Потым ён сказаў:

— Дык, можа быць, мы скочым яшчэ раз. Унiз, у цяснiну, вунь на той лужок.

— Але тады мы памром, — сказаў я. — А мы трапiм у Наджылiму?

— Так, ты можаш быць у гэтым упэўнены, — адказаў Джанатан. — Як толькi мы прызямлiмся, мы ўбачым святло Наджылiмы. Мы ўбачым ранiшняе святло над далiнамi Наджылiмы. Так, таму што там зараз ранiца.

— Ха, ха, мы можам скочыць адразу ў Наджылiму, — засмяяўся я. Упершыню за доўгi час засмяяўся.

— Так, адразу ў Наджылiму, — сказаў Джанатан. — Як толькi мы прызямлiмся, мы ўбачым сцяжынку ў Яблыневую Далiну якраз перад намi. Грым i Ф'ялар будуць чакаць нас там. Нам застанецца толькi сесцi на iх i ехаць.

— I ты не будзеш паралiзаваны? — усё не верыў я.

— Не, я буду свабодны ад варажбiцтва i шчаслiвы, як нiхто на свеце. I ты, Сухарык, ты таксама будзеш шчаслiвы. Сцяжынка ў Яблыневую Далiну вядзе праз лес. Уяўляеш, як будзе здорава ехаць праз лес у промнях ранiшняга сонца?

— Добра, — я зноў засмяяўся.

— I мы не будзем спяшацца, — працягваў Джанатан. — Мы зможам пакупацца ў якiм-небудзь маленькiм возеры, калi захочам. Але ўсё-такi мы трапiм да Мацiяса к таму часу, як ён згатуе суп.

— Як рады ён будзе, што мы з'явiмся, — сказаў я. Але раптам мне як ударыла ў галаву. Грым i Ф'ялар — як мог падумаць Джанатан, што мы зможам узяць iх з сабой у Наджылiму!

— Чаму ты гаворыш, што яны нас чакаюць? Яны ж спяць тут?

— Яны не спяць, Сухарык. Яны мёртвыя. Ад агню Катлы. А тое, што ты бачыш тут, гэта толькi iх абалонкi. Павер мне, Грым i Ф'ялар ужо ўнiзе на сцяжынцы ў Наджылiме i чакаюць нас.

— Тады давай спяшацца, — сказаў я. — Каб яны не чакалi так доўга...

Але Джанатан паглядзеў на мяне i ўсмiхнуўся.

— Я зусiм не магу спяшацца, — сказаў ён. — Я ж не магу зрушыцца з месца.

I тады я зразумеў, што я павiнен зрабiць.

— Джанатан, — сказаў я. — Я пасаджу цябе на спiну. Калiсьцi ты гэта рабiў для мяне, цяпер я гэта зраблю для цябе. Гэта будзе справядлiва!

— Так, гэта справядлiва, — згадзiўся Джанатан. — Але цi хопiць у цябе смеласцi, Сухарык Львiнае Сэрца?

Я падышоў да краю стромы i паглядзеў унiз. Было ўжо вельмi цёмна, i я ледзь-ледзь разгледзеў лужок. Ён быў так далёка, што ў мяне перахапiла дыханне. Калi мы скочым туды, то мы дакладна трапiм у Наджылiму — абодва. Нiкому не трэба будзе заставацца тут, каб тужыць, плакаць i баяцца ўсяго.

Але гэта не нам трэба было скакаць. Скакаць трэба было мне. Джанатан гаварыў, што ў Наджылiму цяжка трапiць. Як я адважуся, як я пераадолею свой страх?

"Калi я не асмелюся зараз, — падумаў я, — я проста маленькая дрэнь, i я заўсёды не буду нiчым, акрамя як маленькая дрэнь, убоства".

— Я гатовы, — сказаў я Джанатану.

— Смялей, маленькi Сухарык, — падбадзёрыў мяне ён. — Што ж, давай паспрабуем.

— Давай, толькi яшчэ крыху пасядзiм тут з табой, — прапанаваў я яму.

— Толькi нядоўга, — згадзiўся Джанатан.

— Пакуль не стане зусiм цёмна, каб я нiчога не бачыў, — сказаў я.

I так я сядзеў побач з iм, трымаючы яго руку, i адчуваў, якi ён дужы i добры i што нiчога страшнага не будзе, пакуль ён побач са мной.

Потым ноч i непраглядная цемра апусцiлiся на Наджыялу, на горы, схавалi раку i зямлю, а я стаяў на краю цяснiны з Джанатанам, якi моцна абняў мяне за шыю, i адчуваў, як ён дыхае мне ў вуха. Ён дыхаў зусiм спакойна, ён не быў падобны на мяне... Джанатан, мой брат, чаму я не такi смелы, як ты?

Унiзе ўжо нiчога не было вiдно, але я ведаў — што там; мне неабходна было зрабiць адзiн толькi крок у цемру, i ўсё скончыцца. Усё скончыцца вельмi хутка.

— Сухарык Львiнае Сэрца, — загаварыў Джанатан. — Ты баiшся?

— Не... Так, я баюся. Але я гэта зраблю, Джанатан. Я скочу зараз... зараз... Я нiколi не буду баяцца. Нiколi не буду ба...

О Наджылiма! Так, Джанатан, так, я бачу святло! Я бачу святло!


Оглавление

  • Астрыд Лiндгрэн Браты Львiнае Сэрца
  •   1
  •   2
  •   3
  •   4
  •   5
  •   6
  •   7
  •   8
  •   9
  •   10
  •   11
  •   12
  •   13
  •   14
  •   15
  •   16