«Калі закваскі няма, нічога не створыш» [Валентин Сергеевич Маслюков] (fb2) читать постранично


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]


Валянцін МАСЛЮКОЎ: «КАЛІ ЗАКВАСКІ НЯМА, НІЧОГА НЕ СТВОРЫШ»


Дата нараджэння: 22 верасня 1949 года. Творы: «Нараджэнне чараўніцы», «Час паўночы», «Бег наперадзе сябе» («Зялёная жанчына»).

«Фантастычныя» месцы працы: часопіс «Парус».

Спецыяльна для тэматычнага нумара «М» Святлана Курганава пагутарыла з фантастам, журналістам, пісьменнікам Валянцінам Маслюковым.


Што вы лічыце пачаткам сваёй творчасці?


— Першую казку я надрапаў у сем гадоў. Спроба першай публікацыі — гэта аповесць пра праблемных падлеткаў «Дзіцячы сад», мой першы дэтэктыў. Я аддаў яго ў «Нёман» у канцы 1970-х гадоў, але яго не апублікавалі, хоць два разы з'яўляліся анонсы. Аказалася, што патрэбен быў водгук міліцыі. Міліцыі чамусьці не спадабалася — у рэдакцыі сказалі: «Ай, пішы іншую». Іншую напісаць! Я гэтую напісаў, высунуўшы язык. Мне тады здавалася, што нічога болыи не напішу. А яны — іншую напісаць!


А што чыталі ў той час? Што вас так зачапіла, што паўплывала на творчасць?


— Я пачаў чытаць не асабліва рана: толькі ў школе. У школьныя гады, я памятаю, мяне жудасна палохалі зборы твораў. Мне тады зда­валася, што нармальны чалавек, нармальнае дзіця гэта не можа чытаць. Чытаў казкі, прыгодніцкія кнігі. «Нашчадка з Калькуты» — у свой час нашумелая кніга — перачытаў разоў пяць. Бацька ўжо казаў: «Выкіну, калі ты возьмеш яе зноў чытаць». I мне заўсёды быў цікавы казачны свет — свет выдумкі, мары. Я перачытаў Жуля Верна, Аляксандра Бяляева. У свой час Толкіен зрабіў на мяне вельмі моцнае ўражанне сваёй інтанацыяй, сваім светаадчуваннем — зачараваным, рамантызаваным. Вось гэта нешта глыбокае аўтарскае, чаго не хапае велізарнай колькасці паслядоўнікаў. Толкіен пісаў — і гэтым ён выказваў сябе. Менавіта гэта тады мяне вельмі ўзрушыла.

Я вучыўся на факультэце журналістыкі МДУ. I ў студэнцкія гады ў нас была такая праграма па рускай і замежнай літаратуры, што прачытаць і тое, і іншае — павесіцца. Я захапляюся дачкой, якая перачытала такія кнігі, якія я не змог адолець.


Раскажыце, як вы «звязаліся» з фантастыкай?


— Справа ў тым, што я спачатку працаваў у «Знамени юности» пасля размеркавання, а потым мяне пераманіў бюлетэнь «Рабочая смена» — маленькае выданне, пасля газеты з тыражом у 750 ты­сяч асобнікаў. Я змяніў месца працы, таму што ўжо разлічваў: мне патрэбен час, каб пісаць кнігі, а там было болыи вольна. Я туды прыйшоў у 1979 годзе, а праз 5 гадоў гэты бюлетэнь быў зроблены Усесаюзным маладзёжным часопісам «Рабочая смена», пазней перайменаваны ў часопіс «Парус», які стаў выходзіць мільённым тыражом.


У «Парусе» былі створаны фантастычныя тэматычныя нумары. Як з'явілася гэтая традыцыя?


— Спачатку з'явіліся апавяданні пра ПТВэшнікаў, потым з'явіліся фантастычныя апавяданні. Тады ў Мінску быў клуб фантастаў. Чалавек 15—20 збіраліся ў БДУ раз на тыдзень у фізічнай лабараторыі. Навуковыя работнікі тады любілі фантастыку: чыталі і самі яе пісалі. I калі мы былі яшчэ бюлетэнем, было прынята рашэнне, што мы будзем выпускаць раз на год нумар, прысвечаны фантастыцы. Тэматычныя нумары — гэта мая ідэя. I мы апублікавалі практычна ўсіх беларускіх фантастаў, якія на той час былі. Нашы аўтары: Сяргей Булыга, Сяргей Трусаў, Дрозд і Зяленскі, якія пісалі сумесна.

Менавіта ў нас пачалі друкавацца вядомыя Брайдэр і Чадовіч. Спачатку іх запрасілі пісаць фантастычную серыю апавяданняў пра ПТВэшнікаў. А потым яны апублікавалі сваё першае нашумелае апавяданне «Тэлепатычная стрэльба».


А як вы можаце ахарактарызаваць стан фантастычнай літаратуры сёння?


— Справа ў тым, што ў сучаснай рускай і беларускай літаратуры не існуе агульнага інтарэсу і ўзаемных зносін. Агульная культурная прастора ўяўляе сабой не адзінае цэлае, а нешта мазаічнае. Калі ты свой у адной маленькай групе, то ты там геній, калі чужы, то... I гэта ўсё вельмі кепска. Але гэта сучасны стан грамадства.


А што можна сказаць датычна сучаснай беларускай фантастыкі?


— Я баюся, што апошнія раманы не назаву. Я цяпер нічога не чытаю, акрамя таго, што трэба па рабоце, проста таму што няма часу. Напэўна, вы ведаеце, што ў нас самы вядомы аўтар — Вольга Грамыка. Калісьці я нейкія кнігі яе чытаў. I я адзначу, што ў адмысловым захапленні ад рамана Сяргея Булыгі «Чужая карона». Лічу, што гэта майстэрская рэч, годны твор — маляўнічы, вобразны, яркі. Шкада, што яго ў нас не ведаюць.


Калі ён настолькі добры, чаму яго ў нас не ведаюць?


— 3 адной прычыны: ён апублікаваны ў Маскве на рускай мове. Калі б твор з'явіўся на бела­рускай, адразу б стаў класікай. Адназначна, таму што іншых такіх рэчаў проста няма. У Расіі кніга даўно разышлася i мела там рэзананс, наколькі я ведаю. Але я гляджу аптымістычна: раз гэтая рэч існуе — то яна ўжо