Творы [Францішак Багушэвіч] (fb2) читать онлайн
[Настройки текста] [Cбросить фильтры]
[Оглавление]
Францішак Багушэвіч Творы
Чароўная дудка. Прадмова да выдання
Збіраючыся ў няблізкую вандроўку, апроч рэчаў побытавых чалавек іншым разам бярэ з сабою нешта для душы: пачытаць у прынагодную часіну. Гэткім спажыткам для свядомага беларуса бясспрэчна можна лічыць "Дудку беларускую" Мацея Бурачка vel Францішка Багушэвіча. Францішак Багушэвіч — наш самы яркі нацыянальны паэт XIX ст. Менавіта творчасць Мацея Бурачка і Сымона Рэўкі з-пад Барысава ў адной асобе — ягоная хай сабе і невялікая (нават па мерках XIX ст.), аднак яркая літаратурная спадчына адназначна сцвердзіла: беларуская літаратура была, яна ёсць, а значыць, у яе будзе і годны працяг. Францішак Бенядзікт, сын Казіміра Багушэвіча, нарадзіўся 21 (9) сакавіка 1840 г. "у двары Свіранах" (цяпер у Летуве, пад Вільняй). Гадаваўся будучы паэт у маёнтку Кушляны (34 сялянскія душы). Там мінула маленства Францішка. Адтуль пацягнуліся сыны кушлянскага гаспадара ў Вільню, па навуку. Пасля заканчэння Віленскай гімназіі (1861) здольны юнак паступіў у Пецярбургскі ўніверсітэт, але вучобу так і не пачаў: вымушана вярнуўся ў родны край, дзе працаваў у школцы, адкрытай на Лідчыне ўладальнікам маёнтка Доцішкі Аляксандрам Звяровічам. Тут, на Лідчыне, у Доцішках, заспела Францішка паўстанне 1863 году. Год, які застаўся ў гісторыі станаўлення і развіцця новай беларускай літаратуры і новай беларускай нацыі. Там, у маладосці паэта, належыць шукаць першаспеў Багушэвічавай музы? Ці ён абудзіўся тут, на радзіме, і прагучэў на роднай мове? Ці ўпершыню муза ягоная прамовіла па-польску на ўкраінскай зямлі, дзе пасля паўстання, адвучыўшыся ў Нежынскім юрыдычным ліцэі (1865–1868), Багушэвіч пражыў, бадай, дваццаць гадоў? Ці, можа, маюць рацыю тыя ўкраінскія даследчыкі, што сцвярджаюць: першыя свае творы Ф. Багушэвіч напісаў па-ўкраінску?
Пакутная вучоба скончылася 26 ліпеня 1868 г., а 17 жніўня, калі Багушэвічу выпісвалі атэстат, ён ужо "состоял на службе" ў г. Чарнігаве, адкуль у 1869 г. перавёўся ў Кралявецкі павет судовым следчым. Праз два гады (за гэты час ён папрацаваў у Старадубскім павеце) мы зноў бачым Багушэвіча ў Чарнігаве. Але і тут 30-гадовы следчы не затрымаўся надоўга, яшчэ раз змяніўшы месца працы: 21 ліпеня 1871 г. загадам Міністэрства юстыцыі прызначаны судовым следчым у Гразявецкі павет Валагодскай губерні. Дзіўны парадокс: туды, куды Багушэвічавых паплечнікаў-паўстанцаў гналі пад канвоем, ён падаўся, можна сказаць, самахоць. Наогул, калі разважаеш над працоўнай адысеяй выпускніка Нежынскага юрыдычнага ліцэя (праз год ён вернецца на Украіну, каб 7 месяцаў папрацаваць старшым следчым Барзнянскага павета і перайсці на службу ў Канатоп), заўважаеш адно: на радзіму будучы паэт не вяртаўся, пераводу па службе туды не прасіў. Не дзіва, бо мясцовыя губеранскія ведамасці яшчэ друкавалі абвесткі пра канфіскацыю маёмасці паўстанцаў 1863 г. Толькі ў 1876 г. на Беларусі скасуюць асаднае становішча, уведзенае пасля задушэння паўстання Каліноўскага; у 1883 г. (27 траўня) каранацыя Аляксандра III, новага цара (імператарам Аляксандр стаў у 1881 г.), суправаджалася, па традыцыі, амністыяй палітычных злачынцаў: тысячы паўстанцаў, "виновных в польском мятеже 1863 года", з Захаду і з Усходу пацягнуліся на радзіму. 2 лютага 1884 г. ён падаў прашэнне ў Нежынскі акруговы суд з просьбаю звольніць са службы, а 25 сакавіка ступіў на віленскі брук, камяні якога памяталі ягоныя крокі з гімназічных часоў, убачыў горад сваёй маладосці. Быў ужо цяпер ён не адзін, а з жонкаю Габрыэляй з дому Шклёнікаў, мінчанкаю, з якой узяў шлюб у 1874 г. і ад якой меў дачку Канстанцыю (Туньку) і сына Тамаша Вільгельма. Такім чынам, пакідаў Францішак Беларусь у той час, калі на ёй заставаўся самотны Дунін-Марцінкевіч, які знаходзіўся ва "ўнутранай ссылцы". Вярнуўся, калі тут падрасталі Цётка, Ядвігін Ш., калі першыя самастойныя крокі рабілі Купала і Колас. Царскія маніфесты ды амністыі выдаваліся падчас падзейных (хрост, шлюб, каранаванне манаршых асобаў) ці юбілейных урачыстасцей і распаўсюджваліся на пэўныя катэгорыі "палітычных злачынцаў", але ніколі не адрасаваліся "літвінска-беларускай" літаратуры. Раз не дазвалялася фінансаваць аніякіх тубыльскіх часопісаў, рэдакцый, а тым больш выдавецтваў, значыць, і літаратуры такое не існавала. Бо калі маўчаць паэты — знямее давеку народ. "Марудна (дужа марудна, бо ад жыццёвых клопатаў застаецца мала вольнага часу і думак) нараджаюцца песні і іншага складу вершы", — скардзіўся Францішак у лістах да Яна Карловіча, спавядальна прызнаючыся ненашмат старэйшаму сябру (апекуну-мецэнату, з дапамогаю якога змаглі пабачыць друкарскі варштат за мяжою прыжыццёвыя Багушэвічавы паэтычныя зборнікі, найперш "Дудка беларуская"), што юрыдычныя талмуды адбіраюць лепшыя хвіліны жыцця. З беларускага слова тады не было як пражыць анікому на абшарах былога Вялікага Княства, нават будзь ты таленавіцейшым за Байрана, Гётэ альбо за Міцкевіча ці хай сабе за Пушкіна. Рэкруцкі лёс паднявольнага Шаўчэнкі, выкупленага з "кріпацтва" лепшымі прадстаўнікамі расейскай культуры (25 красавіка 1838 г. у пецярбургскай майстэрні К. Брулова паэт В. Жукоўскі ўручыў Тарасу "адпускную"), а потым зноўку здадзенага "ў маскалі" без аніякага права пісаць хоць што-небудзь, сведчыў пра адно: расійскі царызм дэклараваў развіццё толькі "дзяржаўнай" мовы. Чаму? Апалагеты "адзінай і непадзельнай" пры самым першым з'яўленні зборнічкаў Мацея Бурачка пабачылі "в такого рода сочинениях тенденцию… разбить и ослабить литературное и национальное единство, а вследствие этого и политическое могущество русского народа". Але чаргуючы ўздымы і заняпады (апошняга было для нас куды болей, над сілу), Беларусь праз усё XIX стагоддзе ішла да сябе — вольнай і незалежнай. Таму калі 15 (28) красавіка 1900 г. у сваім маёнтку Кушляны адышоў Францішак Багушэвіч, alias Мацей Бурачок, vel Сымон Рэўка з-пад Барысава — з ім адышла цэлая змагарная эпоха. Бо менавіта аўтару "кантрабандных" (спрэс замежных зборнікаў) поруч з заснавальнікам Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам ды іншымі пачынальнікамі ўдалося закласці падваліны для развіцця новай беларускай літаратуры. У гісторыі станаўлення славянскіх літаратур зборнічак "Дудка беларуская", які выйшаў на свет увосень 1891 г. у кракаўскай друкарні У. Анчыца, не меў (дый да сёння не мае) аналагаў. Ні згаданым еўрапейскім сучаснікам Багушэвіча — Байрану, Гётэ з Шылерам, Міцкевічу з Славацкім, Пушкіну з Цютчавым і нават Шаўчэнку з Франко, ні потым у XX ст. ягоным наступнікам Купалу, Коласу, Багдановічу — не давялося пісаць да паэтычных слоў уступу, гэтак пафаснага і лёсавызначальнага. "Братцы мілыя, дзеці Зямлі-маткі маёй! Вам афяруючы працу сваю, мушу з вамі пагаварыць трохі аб нашай долі-нядолі, аб нашай бацькавай спрадвечнай мове, каторую мы самі, ды і не адны мы, а ўсе людзі цёмныя "мужыцкай" завуць, а завецца яна "беларускай"". Як было тутэйшаму "цёмнаму" селяніну, што ўвесь век звекаваў у сваёй вёсцы, не верыць больш дасведчанаму, бываламу і разумнаму супляменніку, што гаворыць на адной з ім гаворцы: "…я шмат гдзе быў, шмат чаго відзеў і чытаў: і пераканаўся, што мова нашая ёсць такая ж людская і панская, як і французская, альбо нямецкая, альбо і іншая якая". Як было ім не верыць чалавеку, хай сабе чужому-незнаёмаму, калі ў кожным яго сказе, у кожным слове гучала засцярога: "Шмат было такіх народаў, што страцілі наперш мову сваю, так як той чалавек прад скананнем, катораму мову займе, а потым і зусім замёрлі". Як было не пачуць закліку: "Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!" У праграмнай "Прадмове" паэтам дакладна праведзена вызначэнне асноўных прыкмет існавання самастойнай беларускай нацыі: даўняя, праз вякі эканамічная і культурная супольнасць люду, што жыве на адной тэрыторыі разам з іншымі народамі, якія ўваходзілі ў склад Вялікага Княства Літоўскага ("ад Балтыцкага мора ўдоўжкі аж да Чорнага, ад Дняпра і Днястра ракі да Нёмна…") і адзінства мовы ("…гдзе ж цяпер Беларусь? Там, братцы, яна, гдзе наша мова жывець: яна ад Вільна і да Мазыра, ад Вітэбска за малым не да Чарнігава, гдзе Гродна, Міньск, Магілёў, Вільня і шмат мястэчкаў і вёсак…"). Тэма нацыянальнага адраджэння ў прадмовах да зборнікаў "Дудка беларуская" (а неўзабаве і да зборніка "Смык беларускі") становіцца асновай творчасці Ф. Багушэвіча. Яна была сугучная запатрабаванням эпохі канца пазамінулага стагоддзя. Калі трохі раней, у сярэдзіне XIX ст., Італія ўрэшце пайшла па шляху аб'яднання, словы яе вялікага паэта Франчэска Петраркі, напісаныя яшчэ ў XV ст. з заклікам да нацыянальнага ўз'яднання, захавалі тую ж, калі не большую, моц. Аналагічнае энергетычнае ўздзеянне захавае за сабой слова Багушэвіча праз чвэрць стагоддзя — да часу абвяшчэння незалежнай Беларусі. Прадмова Ф. Багушэвіча стала своеасаблівым маніфестам беларускага нацыянальнага адраджэння. Рукапіс зборніка "Дудка беларуская" не захаваўся, таму даты напісання большасці твораў невядомыя. У лістах паэта да Я. Карловіча ёсць пачатковыя варыянты твораў "Мая Дудка", "У судзе", "Воўк, ягня, авечка" (у зборніку ён змешчаны пад назвай "Воўк і авечка"), "Думка", а таксама згадкі пра гісторыю і час напісання легенды "Хцівец і скарб на Святога Яна". Аўтографы даюць падставы меркаваць, што "Дудка беларуская" кампанавалася ў 1886–1890 гг. Акурат да гэтага перыяду адносяцца частыя згадкі-выказванні Э. Ажэшкі пра Ф. Багушэвіча: "…Ён чытаў мне свае беларускія творы і нават пакінуў мне іх копіі з асобным вершам, таксама напісаным па-беларуску, адрасаваным мне. Ці ж няпраўда, што гэта цудоўныя рэчы, яны маюць нейкае асаблівае хараство, і я вельмі зацікавілася, ці здолеюць нашы сяляне зразумець і адчуць іх? На будучае лета паспрабую чытаць іх маім міневіцкім знаёмым". У іншым лісце да Я. Карловіча (22.02.1888) польская пісьменніца зноў падзялілася ўражаннем ад чарговай сустрэчы з беларускім песняром: "Быў у мяне нядаўна п. Багушэвіч і чытаў мне сваю, толькі што напісаную па-беларуску казку, доўгую, поўную фантазіі, цудоўную. Прыгожы гэта талент. Польскія вершы яго слабыя, але беларускія, на маю думку, выдатныя. Трэба з усёй сілы заахвочваць яго да працы ў гэтым кірунку". Усяго ў паэтычнай спадчыне Ф. Багушэвіча 48 беларускіх вершаваных твораў, а польскіх 14; фактычна, трэцяя частка. Да гонару Ф. Багушэвіча ягоныя прыжыццёвыя зборнікі "Дудка беларуская", "Смык беларускі" склалі вершы выключна на беларускай мове. Малаверагодна, што першыя паэтычныя спробы былі ў Францішка беларускамоўнымі.
Язэп Янушкевіч
Дудка беларуская
Прадмова
Братцы мілыя, дзеці Зямлі-маткі маей! Вам афяруючы працу сваю, мушу з вамі пагаварыць трохі аб нашай долі-нядолі, аб нашай бацькавай спрадвечнай мове, каторую мы самі, да і не адны мы, а ўсе людзі цёмныя «мужыцкай» завуць, а завецца яна «беларускай». Я сам калісь думаў, што мова наша — «мужыцкая» мова, і толькі таго! Але, паздароў Божа добрых людцоў, як навучылі мяне чытаць-пісаць, з той пары я шмат гдзе быў, шмат чаго відзеў і чытаў: і праканаўся, што мова нашая ёсць такая ж людская і панская, як і французская, альбо нямецкая, альбо і іншая якая. Чытаў я ці мала старых папераў, па дзвесце, па трыста гадоў таму пісаных у нашай зямлі і пісаных вялікімі панамі а нашай мовай чысцюсенькай, як бы вот цяпер пісалася. Увідзеўшы гэта, я часта думаў: Божа ж мой, Божа! Што ж мы за такія бяздольныя? Якаясь маленькая Булгарыя — са жменя таго народу, — якіясьці Харваты, Чэхі, Маларосы і другія пабратымцы нашыя і ружны чужы зброд, жыды маюць па-свайму пісаныя і друкованыя ксёнжачкі і газэты, і набожныя, і смешныя, і слёзныя, і гісторыйкі, і баячкі; і дзеткі іх чытаюць так, як і гавораць, а ў нас як бы захацеў цыдулку ці да бацькі лісток напісаць па-свойму, дык, можа б, і ў сваёй вёсцы людзі сказалі, што «піша па-мужыцку», і як дурня абсмяялі б! А можа, і спраўды наша мова такая, што ёю нічога добрага ні сказаць, ні напісаць не можна? Ой, не! Наша мова для нас святая, бо яна нам ад Бога даная, як і другім добрым людцам, і гаворым жа мы ёю шмат і добрага, але так ужо мы самі пусцілі яе на здзек, не раўнуючы, як і паны вялікія ахотней гавораць па-французску, як па-свойму. Нас жа не жменька, а з шэсць мільёнаў — больш і шмат больш, не раўнуючы, як жыдоў, напрыклад, або татар, ці армян, а пакажы ж, ваша, хоць адну ксёнжачку ці аб гаспадарцы, ці так аб жыцці нашым, каб па-нашаму? Ці ж ужо нам канечне толькі на чужой мове чытаць і пісаць можна? Яно добра, а навет і трэба знаць суседзкую мову, але наперш трэба знаць сваю. Перадумаўшы ўсё гэта, я, братцы, адважыўся напісаць для вас сякія-такія вершыкі: хто іх спадабае, таму дзякуй! А хто падумае лепш і больш напісаць, таму чэсць вечная і ад жывых людзей, і ад бацькавых касцей! А пісаць ёсць шмат чаго! Спрадвеку, як наша зямелька з Літвой злучылася, як і з Польшчай з'ядналася дабравольна, дык усе яе «Бяларусяй» звалі, і недарма ж гэта! Не вялікая, не малая, не чырвоная, не чорная яна была, а белая, чыстая; нікога не біла, не падбівала, толькі баранілася. Шмат было такіх народаў, што страцілі наперш мову сваю, так як той чалавек прад скананнем, катораму мову займе, а потым і зусім замёрлі. Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі! Пазнаюць людзей ці па гаворцы, ці па адзежы, хто якую носе; ото ж гаворка, язык і ёсць адзежа душы. Ужо больш як пяцьсот гадоў таму, да панавання князя Вітэнэса на Літве, Беларусія разам з Літвой баранілася ад крыжацкіх напасці, і шмат местаў, як Полацк, прызнавалі над сабой панаванне князёў Літоўскіх, а после Вітэнэса Літоўскі князь Гядымін злучыў зусім Беларусію з Літвой у адно сільнае каралеўства і адваяваў шмат зямлі ад крыжакоў і ад другіх суседаў. Літва пяцьсот дваццаць гадоў таму назад ужо была ад Балтыцкага мора ўдоўжкі аж да Чорнага, ад Дняпра і Днястра-ракі да Нёмна; ад Каменьца места аж да Вязьмы — у сярэдзіне Вялікаросіі; ад Дынабурга і за Крамяньчук, а ў сярэдзіне Літвы, як тое зярно ў гарэху, была наша зямліца — Беларусь! Можа, хто спытае: гдзе ж цяпер Беларусь? Там, братцы, яна, гдзе наша мова жывець: яна ад Вільні да Мазыра, ад Вітэбска за малым не да Чарнігава, гдзе Гродна, Міньск, Магілёў, Вільня і шмат мястэчкаў і вёсак…
Мацей Бурачок
Мая дудка
Дурны мужык, як варона
Як праўды шукаюць
У судзе
Воўк і авечка
Мая хата
Праўда
Здарэнне
Немец
Думка
З кірмашу
Падарожныя жыды
Хрэсьбіны Мацюка
Бог не роўна дзеле
Бог сіроты любе, але долі не дае.Прыказка
Последние комментарии
2 часов 57 минут назад
3 часов 11 минут назад
4 часов 19 минут назад
15 часов 37 минут назад
15 часов 54 минут назад
16 часов 19 минут назад