Мёртвым не баліць [Васіль Быкаў] (fb2) читать постранично, страница - 87


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

пераможа. Ён здагадаўся ў час. Там ён быў узорны штабіст. Тут будзе ўзорны палонны.

Усё іншае даходзіць да мяне нібы з другога свету. Немцы ямчэй ладзяць на сябе скрынкі. Затым таропка закурваюць і выходзяць у варотцы. Я ўсё гэта чую. Але я бачу толькі тую дробненькую зорачку ў зеленаватым блакіце. Яна мільгае, скача, пераліваецца водбліскамі, рассыпаецца на дзве, чатыры і калючымі асколкамі мітусіцца ў вышыні. Вейкі змярзаюцца, і я заплюшчваю вочы.

Здаецца, немцы мяне пакідаюць.

Аднак у варотцах яны раптам спыняюцца. Мне чуваць голас яфрэйтара. Спачатку ціхі, пасля з уладарнаю ноткай загаду. I зараз жа рэзкі скрып ботаў па снезе. Гэты прарэзлівы скрып болем пранізвае маю галаву і спыняецца. Я расплюшчваю вочы.

Згорбіўшыся пад скрынкай на спіне, перада мной стаіць Энгель. Ён нерашуча, нібы баючыся, зазірае ў мой твар. У яго напружана-затоены позірк. I я раптам здагадваюся, чаго ён вярнуўся. Я ведаю. Іншага я і не чакаў.

Але чаму Энгель?

На руках я адкідваюся да прызбы. Упёршыся ў дол абцасам, паварочваюся да яго тварам.

— Ты?

Энгель адступае на крок і дрыготкімі пальцамі бярэцца за рукаятку затвора. Ён з натугай дасылае ў патроннік патрон і мармыча:

— Эс тут мір зэр ляйт.

Я разумею. Ён просіць прабачэння. Гэта няўцямна. I няўяўна. Гэта жахліва. Ці бачылі вы такіх забойцаў? Ці чыталі пра іх у кніжках?

— Эс тут мір зэр ляйт. Абер іх габе бефёль![15]

Ну, вядома, ён мае загад! Гэта ўжо знаёма. Гэта безумоўна.

Ну, але што ж! Трэба канчаць. Мне няма чаго плакаць. Дарма таксама прасіць. Рукамі я раздзіраю на грудзях шынель. На, страляй, гад! Цаляй у самае сэрца. Каб доўга не пакутаваў! Мне неўмагату.

— Бэайльт айх![16] — крычыць з вуліцы яфрэйтар.

Аказваецца, яны пайшлі. Яму цяпер іх даганяць. Яны спяшаюцца. Можа, праз гадзіну тут будуць нашы? Гэтая думка пераварочвае ва мне ўсе пачуцці. Мне да слёз робіцца крыўдна.

— I ты мяне заб’еш? — крычу я ў разгубленыя, падслепаватыя Энгелевы вочы. — Ты ў мяне стрэліш?

У маёй душы раптам узгараецца маленькая зорачка надзеі. Я ж яго не забіў. Я яго бараніў. Няўжо ён не ўспомніць таго?

На адным калене я падаюся ад прызбы да Энгеля. Ён на крок адступае. Падобна, ён баіцца мяне і чамусь азіраецца. Вочы яго ўсё акругляюцца ў збянтэжанасці. Рукою зноў тузае рукаятку затвора. З карабіна туга выпстрыквае патрон і падае ў снег.

– Іх габе бефёль, — дрыготкім голасам, нібы апраўдваецца ён і таропка адступае яшчэ на два крокі.

Стрэл, як гром, пыхнуўшы ў твар чырвоным полымем, валіць мяне ў снег.

Нейкі час потым я яшчэ чую незразумелыя гулкія ўдары пад сабой — дуг-дуг-дуг… Я не ведаю, што гэта — ягоныя крокі ці развітальны стук майго сэрца. Аднак яны ўсё цішэюць і хутка зусім заміраюць.


38


— Грамадзянін! Грамадзянін! Ану, падніміцеся!

— Што разлегліся? Не дома!

— Паднімайцеся! Зараз жа паднімайцеся!

Між лавак ходзіць дзяжурная з чырвонай павязкай на рукаве, і з ёй міліцыянер. Яны будзяць пасажыраў, бо спаць у зале не дазваляецца. Жанчыны, дзядзькі і хлопцы, крэкчучы і сапучы, устаюць. На іхніх памятых тварах санлівая нездаволенасць.

Пасля бяссоннае ночы тупа баліць галава. Трэба б таблетку пірамеіну, але аптэчны ларок, вядома, яшчэ зачынены. У вялізных вакзальных вокнах — празрыстая сінеча світальнага неба. Зачынаецца майскі пагодны ранак.

Хлопца на лаўцы ля мяне ўжо няма, мусіць, адправіўся сваёй дарогай. На яго месцы сядзіць знаёмая з ночы жанчына ў квятастай хусцінцы. Падпёршы рукой шчаку, яна засяроджана глядзіць у падлогу. Відаць, як і я, таксама не прыдрамнула за ноч. З другога рада лавак да нас забрыдае ранняе на пад’ём малое з бразготкай у руках. Шырока расставіўшы крываватыя ножкі, даверліва ўзіраецца ў мяне, потым глядзіць на жанчыну. Выраз твару той не мяняецца. Малеча, няспрытна павярнуўшыся, таропка тэпае за лаўку. Нас яно пабойваецца.

Мне болей тут не сядзіцца.

На плошчы яшчэ па-начному прахладна і пуста. Ліхтары ўжо не гараць. У шырокім чысцюткім небе над горадам хутка світае. Вось-вось павінна ўзысці сонца. Напорысты майскі дождж прамчаўся па вуліцах, дахах і бульварах, пакінуўшы пасля сябе духмяную свежасць раніцы, мокрую лістоту і люстраныя лужыны-азяркі на асфальце. Лужыны, аднак, хутка вузеюць-меншаюць.

Гаркавата-расістым водарам патыхае ў скверы ад таполяў. Вясноваю прэласцю пахне набрынялая вільгаццю зямля. З ночы лістоты на дрэвах нібы прыбавілася, і яна густа зелянее, цярусячы на дол сцюдзёныя буйныя кроплі. На пустой крайняй лаўцы — праседжаная мокрая газета. Я апускаюся побач.

Энгель усё ж аказаўся нядбайным салдатам фюрэра. У сваім старанні выканаць загад ён паспяшаўся. Невядома, па якой прычыне адбылося гэта. Ці мо з нежадання адстаць ад сваіх. Ці баючыся нашых, якія недзе абходзілі сяло. Ці, можа, Усё ж маючы нейкую спагаду да мяне. Не дужа цаляючы, ён стрэліў толькі адзін раз. А трэба было, відаць, два. Адзін стрэл мяне не забіў.