Мёртвым не баліць [Васіль Быкаў] (fb2) читать постранично, страница - 88


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]

Толькі на шмат год нарабіў клопату дактарам. I калі я зараз жывы, дык зямны паклон іхнім залатым рукам і іхнім вялікім турботам. Але найперш паклон цётцы Марылі. Гэта яна, стараватая вясковая бабылка, не дала мне сысці крывёй і замерзнуць. Яе рукі найперш затрымалі ва мне невялічкія рэшткі жыцця, хоць гэта было не проста і амаль безнадзейна. I цяпер разам з нянавісцю да подласці ў маіх грудзях жыве вялікая любоў і ўдзячнасць тысячам тысяч нашых бабулек, цётак, дзяўчат і старых, якія і кармілі і абагравалі, а нярэдка і ратавалі нас ад кашчавай.

Шырокія стрункія промні нябачнага за дамамі сонца запальваюць ранішні блакіт, і ён у вышыні гарыць, ззяе, звініць чысцінёй і першатворнай свежасцю. Недарэчна доўгая і турботная ноч ззаду. Дзіва, якою магутнай, гаючай сілай валодае прырода. Кожнага ранку ўзыдзе сонца, і ўсё на душы робіцца інакшым, чым уначы. Куды толькі знікаюць сумненні і пакуты адзіноцтва. Выходзіць усё куды прасцей і лягчэй, чым уяўлялася. Вялізным зарадам бадзёрасці прырода кожнага ранку абнаўляе людзей.

Так, лютая была вайна. Смяртэльная бітва з найвялікшаю няпраўдай і несправядлівасцю, якія калі-небудзь нараджала зямля. Гэтая барацьба ўзяла ў чалавецтва безліч ахвяр і іхняй крывёю напісала ўрокі, якія немагчыма забыць. Найпершы з іх, мусіць, заключаецца ў тым, што воля і мір — занадта кволыя дрэўцы, каб іх можна было вырасціць без усеагульнага клопату ўсёй трохмільярднай сям’і. Занядбанне гэтым урокам каштавала б зямной катастрофы.

Вайна перад усім светам пацвердзіла нашу магутнасць і многім раскрыла вочы на нашыя хібы. У сорак пятым мы не толькі здабылі перамогу. За чатыры гады вайны мы, як ніколі, згуртаваліся ў адно цэлае і ўбачылі, на што з немагчымага мы здольныя. Дух свабодалюбства і непадлегласці злу здабыў сабе ў той барацьбе магутныя крылы. Я веру, яны не апусцяцца.

Струмені свежага, як газіроўка, паветра цякуць у мае грудзі. Мне добра. I нават невядома, чаму робіцца радасна. Мабыць, таму, што я ўсё ж абмінуў смерць і цяпер вось, як ні дзіўна, жывы. Хоць і з пратэзам замест левай нагі. З нядаўна залечаным ачагом у лёгкіх. Прамінуўшы ў бальніцах юнацтва, недавучыўшыся, недакахаўшы. З дваццаці год інвалід. I ўсё ж жыццё — мабыць, галоўнае. Яно і кара і ўзнагарода. Маё ў поўнай меры можа служыць пацверджаннем гэтага, і таму яно набыло для мяне своеасаблівы сэнс.

З прывакзальнай плошчы ў сквер уваходзяць двое з рэчамі. Зрэшты, рэчаў няшмат: у высокага даўгарукага хлопца — чамадан з металічнымі накутнікамі і паліто. У яе, — маленькай і вастраносенькай, з выгляду зусім яшчэ дзяўчо, — вялізная дарожная сумка. З-пад просценькага паношанага плашчыка дужа выдаецца жывот.

— Ось давай тут і прысядзем, — кажа яна, ставячы на лаўку насупраць сумку. I раптам усхопліваецца — А дзе ж плашч?

Ён, малады і нязграбны побач з ёю, збянтэжана азіраецца.

— У зале пакінуў?

— А! — здагадваецца ён і бягом кідаецца са сквера.

— Машка ты разгубляшка! — кідае яна наўздагон і смяецца. Пасля сядае побач з рэчамі на лаўку. Заўважыўшы маю да яе ўвагу, таропка захінае полы цеснага ў стане плашчыка.

— Такі забывака — жах!

— Нічога, прывыкне, — кажу я.

— Трэці ўжо раз забывае. У вёсцы ў маіх пакінуў, калі ад’язджалі. Пасля ў аўтобусе забыўся. Проста бяда. Усё роўна як прафесар які, — ахвотна, быццам нават з затоенай радасцю, паведамляе дзяўчо.

— Далёка едзеце? — Яна раптам сур’ёзнее.

— Ой, на цаліну едзем. У Какчатаў і далей яшчэ кіламетраў дзвесце. Першы раз з дому — аж страшна. Кажуць, там ніводнага дрэўца няма, а я так лес люблю. Вось паехала, а ўсё сумняваюся: можа, кепска будзе.

— А ён як? Нішто?

— Хто? Сашка? — дзяўчына паднімае вочы і сарамліва ўсміхаецца. Шэрыя зрэнкі яе напаўняюцца святлом і добрасцю. — Ён добры, — кажа яна нараспеў, разгладжваючы палу плашчыка. — Турботны толькі. Пасля арміі на цаліну завербаваўся. Камбайнерам. Вырас у стэпе, дык вельмі ўжо прастор любіць.

— Гэта горш?

— Што?

Дзяўчына насцярожваецца. У яе паглядзе амаль трывога. Я стараюся ўсміхнуцца.

— Ды не, нічога. Прывыкнеце. Да стэпу, вядома.

— Праўда? Ну, што ж! Як-небудзь трэба. Сям’я ж цяпер.

Яна ўздыхае і нецярпліва пазірае ў кірунку вакзала, адкуль з плашчом на плячы ўжо бяжыць яе муж.

Неўзабаве яны прыладжваюцца на лаўцы снедаць. Яна клапатліва выкладвае з сумкі вясковы харч: яйкі, бутэльку малака, кавалак сала. Каб не назаляць ім, я адварочваюся. Міма па дарожцы сквера, палязгваючы абцасамі кірзачоў, праходзіць салдат. Напэўна, спазняецца са звальнення. Шчокі яго расчырванеліся, лоб потны. Спяшаецца. Па сабе ведаю: дужа нялёгка гэта — мірыцца службе з каханнем. Ціха перагаворваючыся аб нечым, суседзі мае пачынаюць сняданак. Я чую, ён яе называе Кацяй, і мне вельмі карціць азірнуцца. Але не, я ведаю, той Каці не будзе. Гэта другі чалавек, іншы лёс. Зрэшты, што ж, жыццё прадаў-жаецца… Нішто яго не спыніць. Як не спыніў у свой час Гітлер.

Я гляджу ў дальні канец сквера, дзе з’яўляецца яшчэ адна пара. Цесна