ДЗЁННIК [Кузьма Чорны] (fb2) читать онлайн


 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]
  [Оглавление]

Кузьма Чорны ДЗЁННIК

Каментары

«Дзённiк» упершыню апублiкаваны ў часопiсе «Полымя», 1965, № 4, амаль на цэлую трэць скарочаны рэдактурай i цэнзурай. Публiкацыю суправаджаў грунтоўны артыкул С. Александровiча, даследчыка жыцця i творчасцi К. Чорнага. Яшчэ больш (амаль удвая) скарочаны тэкст «Дзённiка» ў 8-м томе «Збору твораў»: хрушчоўская «адлiга» змянiлася брэжнеўскiмi «прымаразкамi».

Друкуецца паводле часопiса «Полымя» (1988. № 4. С. 155–163), дзе апублiкаваны без скарачэнняў (публiкацыя Р. Раманоўскай). Публiкацыя суправаджалася ўступным словам Васiля Быкава, якi, у прыватнасцi, назваў «Дзённiк» яшчэ адным «красамоўным дакументам эпохi, хвалюючым сведчаннем багатай душы нашага волата слова, вялiкага Кузьмы Чорнага».


Некаторыя стылiстычныя ўдакладненнi зроблены згодна з аўтографам, якi захоўваецца ў сямейным архiве пiсьменнiка. Асаблiвасцi стылю пiсьменнiка (зайходзiў, смрод) як факт аўтарскай мовы празаiка пакiнуты. Рознастылёвасць паасобных слоў (тыпу Менск — Мiнск) унiфiкавана ўбок пераважнага напiсання.

Аўтограф дзённiка ўяўляе сабой малы агульны сшытак памерам 13 х 17,5 см у шэрай вокладцы, дзе захавалася больш як сто старонак. Пагiнацыя праведзена толькi да 77-й старонкi, дзе i зроблены апошнi легендарны запiс «Божа, напiшы за мяне мае раманы…» На фарзацы сшытка аўтограф «Притыцкий». Паводле ўспамiнаў дачкi Кузьмы Чорнага, Рагнеды, Сяргей Прытыцкi i падараваў гэты сшытак «майму бацьку», калi нейкi час жыў разам у Маскве ў гатэлi «Якорь». Мiкалай Карлавiч аддаў сшытак дачцэ, дзе яна занатоўвала любiмыя паэтычныя творы. Потым, калi сшытак спатрэбiўся, аддала яго назад бацьку, папярэдне выразаўшы спiсаныя ёю старонкi.

Запiсы К. Чорнага зроблены пераважна сiнiм атрамантам (хоць пiсьменнiк найбольш любiў чорны атрамант), почырк выразны, буйнаваты (часам, напрыканцы старонкi, запiсы рабiлiся дробнымi лiтарамi, аднак па-ранейшаму выразна).

Сшытак пачынаецца з празаiчных нататак:

с. 1–5. Пачатак рамана «Скiп'ёўскi лес» (канчаецца фразай: «Няма-ведама дзе ён падзеўся i нiякiя пошукi не ўзвялi следства на праўдзiвую дарогу»);

с. 6 — пустая;

с. 7–16. Другi варыянт пачатку рамана «Скiп'ёўскi лес» (апошняя фраза: «Праўдзiвей сказаць, юнацтва яе пачалося разам з вайною. I хоць яна была такая…»);

с. 18 — пустая;

с. 19–22. Трэцi варыянт пачатку рамана «Скiп'ёўскi лес» (апошняя фраза: «Пашла яна замуж толькi выбiўшыся з падлеткаў»);

с. 23–52. Чацвёрты варыянт (самы буйны) пачатку рамана «Скiп'ёўскi лес» (апошняя фраза: «Але гэта ўжо было роўна праз два гады»), прычым на с. 55 ад слоў «...як свой i вядомы здаўных...» пачынаецца кавалак тэксту чорным атрамантам.

с. 53–77. Дзённiк (прычым памiж старонкамi 54-й i 55-й аркуш выразаны нажнiцамi, аднак пагiнацыя захавана). На с. 73 тэкст «5 кастрычнiка. Нiчога не пiсаў…» да фразы «Беларускай iнтэлiгенцыi бадай што ўжо няма, а гэтыя носяць яе iмя i сцiраюць з нашага жыцця беларускi характар» уключна напiсаны сiнiм атрамантам; запiсы ад 11 кастрычнiка (с. 75) i да канца — чорным атрамантам.

ДЗЁННIК

2-га лiпеня 1944 г.
Можа, заўтра, а можа, паслязаўтра наша армiя забярэ Менск. Падыходзiць канец нашым пакутам. Дзякаваць богу, i хвароба мая пакрысе пакiдае мяне. Ад часу, калi я захварэў, прайшло ўжо год i сем месяцаў. Не было яшчэ такога, каб мая паправа спынiлася. Увесь час павольна сочыцца ачуньванне. На гэта я спадзяюся на далейшае i гэта трымае маю душу ў жывой раўнавазе. Ужо i цяпер як мае быць, лёгка i многа, як i да хваробы, працую. Якое гэта шчасце! I як я бываю няўдзячан лёсу, калi часамi мяне апаноўвае смутак! Гэтымi днямi я заўважыў, што ўжо добра бачу лiст паперы ўвесь так, каб пiсаць на iм роўным радком, якi б шырокi лiст паперы нi быў. А яшчэ шэсць месяцаў таму, калi пачынаў перапiсваць «Пошукi будучынi», мне была пакута выпiсаць роўна загаловак i першы радок. Я цыркулем мераў раўналежнасць радка ад берага паперы. Учора паслаў у Цiмкавiчы паштоўку, хоць там, можа, яшчэ i немцы. Але пакуль паштоўка туды падпаўзе, то напэўна ўжо берлiнскага гадаўя там не будзе. Сёння быў дождж. На двары мокра. Я пiшу, бачу з вакна мокры дах, i ў душы маёй цiхая радасць, вялiкая: як добра я ўжо бачу! Сем гадзiн. Перад вечарам. Дома са мной толькi адна Iра, любая мая ўцеха![1] Заўтра да паўдня трэба напiсаць артыкул для «Известий». Цяжка мне пiсаць па-расейску, а ў iх няма перакладчыка з беларускай мовы… Трэба яшчэ думаць, як бы павячэраць. Ад дрэннай яды (i тае вельмi мала) я апошнiм часам аслабеў.

4-га лiпеня 1944 г.
Учора нашы забралi Менск. Нямецкая навалач прэ з Беларусi на ўсе застаўкi. З гэтае прычыны ўчора ўвечары сабралiся: я, Цiмох Крысько,[2] Алеся Александровiч.[3] Больш нiкога няма, усе нашы ў Гомелi. Я выпiў добрую шклянку вiна, гэта ўпершыню пасля хваробы. I нiчога. Дзякуй богу, я здаравею. Учора ўночы паведамiлi ў зводцы, што ўзялi Цiмкавiчы, Вялiкую Раёўку, Жавалкi… Родныя мае мясцiны. Як мая душа рвецца туды! Яна заўсёды там. Там жывуць усе мае персанажы. Усе дарогi, пейзажы, дрэвы, хаты, чалавечыя натуры, пра якiя я калi-небудзь пiсаў. Гэта ўсё адтуль, сапраўднае. Пiшучы пра Скiп'ёўскае Пераброддзе, я думаю пра Скiп'ёва каля Цiмкавiч, памiж лясамi Скiп'ёўшчынай i Лiхадзёўшчынай, мiлае малое Селiшча, хараством якога заўсёды захаплялася мая мацi нябожчыца.

5 лiпеня 1944 г.
Яшчэ няма шасцi гадзiн. Толькi што званiлi з радыё. Ледзьве адпрасiўся, каб не пiсаць сёння, а няхай ужо хоць заўтра пра заняцце нашымi Баранавiчаў. Жаночы голас быў упарты i непадатлiвы. Значыцца, Баранавiчы, вiдаць, ужо забраны. Раз перадача для загранiцы, то трэба напiсаць аб беларускай нацыянальнай трагедыi, рэшткi старых нямецкiх акопаў, былой польскай гранiцы.

Учора заходзiў Гутараў[4] пытацца, што iм рабiць: яны пiшуць нейкi дослед аб Я. Купалу, а «Клiч да беларускага народа»[5] i выступленне на першым беларускiм радыёмiтынгу з Казанi зiмой 1941 г. пiсаў Купалу я. Баўдзей[6] так проста i ставiць справу, а iншыя не ведаюць, што зрабiць: мне цi Купалу аддаць гэтыя тэксты. Мне i самому ўсё гэта нядобра, але тады не напiсаць гэтага я не мог.

8 лiпеня 1944 г.
Вострае ўзбуджэнне з прычыны вызвалення Менску ападае. Я ўжо спакайней працую. За ўчора i сёння давёў да канца другi раздзел «Скiп'ёўскага лесу». Мучуся ад паняверкi, што батальныя сцэны мае не што iншае, як глупства. Хоць бы хутчэй ужо дапасцi да таго, калi можна будзе на ўсе бокi паказваць душу Канстанцiна Прыбыткоўскага. Думаў многа пра тое, што трэба вырысоўваць разнастайныя тыпы нашага народа. Буду кiравацца сам сваiмi думкамi, якiя сфармулiраваў у сваiх артыкулах-перадавых у № 1 часопiсу «Беларусь» «Дзень добры, Беларуская зямля» i № 3 «За шчасце народа». Учора ўвечары быў нешта ў трывозе i неспакоi.

9 лiпеня 1944 г.
Зранку ездзiў з Цiмахом у Iзмайлаўскi парк. Тры гадзiны мы адседзелi на пнёх. Я расказваў што-нiшто з гiсторыi мястэчка Цiмкавiч i характар i паходжанне цiмкаўцоў i iх прозвiшчаў. З сямi да дзевяцi падвечар пiсаў «Скiп'ёўскi лес». Думаю аб драме. Чытаў Л. Ляонава ў «Правде» «Взятие Великошумска», i паняверка мая, што «Скiп'ёўскi лес» пiшацца вельмi дрэнна, зменшылася.

Думаю аб той горкай праўдзе, што нiколi не меў магчымасцi пiсаць тое, што самае важнае беларускай лiтаратуры i дзе б я сапраўды павярнуў бы горы. А то ўсё пiшу на ўсялякiя прамежныя тэмкi, пасля якiх думаў, што пазатыкаю горлы дурням i брахуном i тады ўжо вазьмуся за тое вялiкае, што хачу i магу напiсаць. Дай божа па-сапраўднаму ачуняць. Пасля вайны буду пiсаць як хачу i магу.

10 лiпеня 1944 г.
Сёння рана пайшоў у рэдакцыю. Там пiсаў, пакуль нiкога не было. Цяпер каля шасцi гадзiн па паўднi. Сумна, пайсцi няма да каго, нашы бадай што ўсе ўжо то ў Гомелi, то ў Менску. Адзiная мая ўцеха ў працы, яна мяне ратавала заўсёды. Калi ўжо заеду ў Менск, тады не будзе смутку. А сёння яшчэ да вечара многа пiсаць трэба.

8 жнiвеня
Колькi чаго парабiлася за месяц! Ужо i ў Менск незадоўга. Можа, ужо будзе свой сталы прытулак, i, можа, мне суджана яшчэ пабачыць мiлыя Цiмкавiчы. А што, калi i хата мая асталася i стаiць? Гэта будзе вялiкае шчасце. Там жа, у цiхiм жыццi можна будзе ачуняць як мае быць i напiсаць усе задуманыя раманы.

Прыязджала з Менска Хайноўская.[7] Яна асталася такая ж мiлая, разумная i практычная ў самым найлепшым сэнсе. Усё ўмее i можа зрабiць i ўсё ацанiць праўдзiва. Яна казала: «Адна з вашых сёстраў увосень сорак першага году прыязджала ў Менск шукаць вас». Анюта[8] гэта цi Маша?[9] Мiлая Маша, у годы майго студэнцтва яна была мне як мацi. У часы ўсiх маiх няшчасцяў гэта была шчырая сястра. Яна i Рэня[10] — самыя мне блiзкiя. Калi жыва яна цяпер i здарова! Ужо больш як месяц нiяк не магу напасцi на яе след. Апошнiя днi вельмi трывожыўся аб гэтым. Зiмою дзевяцьсот дваццаць шостага года многа пiсаў пра яе ў дзённiку.[11]

9 жнiвеня
Я сам не свой увесь гэты час. У Маскве страшна аставацца далей жыць. Гэты вялiкi горад не дасць мне як мае быць ачуняць. I жыць не ў Беларусi больш не магу. А дзе жыць у Менску? I як там жыць на попелiшчы? Што там есцi? Пайшоў сёння рана ў рэдакцыю. Думаў, пакуль яшчэ там нiкога не было, пiсаць непатрэбную працу: перадавы артыкул у «Беларусь» № 5. Артыкул ужо напiсаны, але цэнзар вымагае, каб там было як найбольш шаблону. Ратуй мяне божа ад гэтай работы больш. Аднак жа ў рэдакцыi нiчога не рабiў, бо адразу найшло людзей, i падняўся гармiдар, i ўсе мае дуды вобземлю.

Сазванiўся з Глебкам[12] у выдавецтве. Ужо з тону яго гаворкi ў тэлефон пачуў, што ён нейкi нецярплiвы. I сапраўды. Са мною ён нiчога не гаварыў, апроч дзвёх якiх фразаў, якiя ён мог бы сказаць i не мне, i якiя я мог бы пачуць i не ад яго. Я адразу i пайшоў. I яму было ўсё роўна. Адным словам, яму нi да мяне i нi да кога, хто не п'е гарэлкi. Яго губiць не гарэлка, а тое, што ён менш за ўсё Пятро Глебка, а найбольш «Нонiк», цi, як яго звала цешча, «Нёнiк». Пястунчык. Пасля таго, калi Купала ўпаў з дзесятага паверху гасцiнiцы «Масква» i сканаў, Глебка сказаў быў мне: «Ён жыў як паэт, i памёр як паэт». У гэтай фразе ўвесь Глебка-Нонiк. Ён хоча жыць, як «паэт», гэта значыцца, як матыль у бляску дня. Гэта i вечны кавалерчык i п'янiца. «Суждены нам благие порывы, но свершить нам ничего не дано».[13] Ён самы асвечаны i культурны з усiх сённяшнiх жывых беларускiх пiсьменнiкаў i самы большы абладальнiк яснай думкi. Вышэйшая асвета дала яму вялiкую карысць. Яго талент узбагачан думкаю, ясным розумам. Кафедра беларускага ўнiверсiтэта была б ашчаслiўлена такiм прафесарам. Але ж, бачыце, i «жыць як паэт». Нёнiк! Дык якое дзiва, што ён п'е цяпер дзень i ноч, калi яго i спасцiгла вялiкае няшчасце! Хоць у маёй галаве дзесьцi варушыцца думка, што ён цяпер, п'ючы дзе-небудзь замкнуўшыся абы з кiм, хто трапiцца, часамi ўспамiнае аб «паэтычнасцi» ўсяго гэтага. Калi з iм няньчацца, ён прымае гэта як абсалютную няўхiльнасць. Ён паабяцае прыйсцi заўтра, а прыйдзе праз два тыднi, а найчасцей зусiм не прыйдзе, калi абяцаў прыйсцi. Яго ёсць за што любiць. Я люблю яго. Я даражу яго дружбай. З iм цiкава гаварыць. У мiнулую восень, калi я пераехаў жыць у «Якар», i зiмою я так прагнуў, каб ён да мяне заходзiў! Мне была радасць, калi я бачыў, як з'яўлялася ў маiх дзвярах яго мiлая галава. Тым большая была мая радасць, што гэта было пасля цяжкай хваробы, калi не вельмi часта заходзiлi да мяне нават i тыя, што цеснай дружбай былi звязаны са мною праз многа год. Вядома, з хворым быць нецiкава, гарэлкаю ён не частуе. Дык каб Нонiк не акiдаў мяне, я прыдумаў кармiць яго ў кожную нядзелю абедам. Значыцца, ужо раз на тыдзень я мог гаварыць з iм. Абедаць прыходзiў ён ахвотна. Выходзiла, што хоць адзiн друг не адвярнуўся ад мяне, калi я станавiўся пасля хваробы на ногi! Тады я, узрадаваны, пачаў часта частаваць яго гарэлкай. Дык ён вельмi ахвотна заходзiў часта. Цяпер, калi я ўжо намнога выратаваўся ад рэштак хваробы i душа мая паздаравела, i мне не страшна, калi i два месяцы нiхто да мяне не зойдзе, я занядбаў гэтую агiдную куплю дружбы за гарэлку. Пайковая гарэлка iдзе на рынак, Рэня выменьвае за яе прадукты. Я больш ем агародных вiтамiнаў, але звыш чатырох месяцаў не бачыў Глебкi. Ён жыў цэлы год са мною ў адной гасцiнiцы «Якар», я на трэцiм паверху, а ён на чацвёртым. Таму назад з месяц я напiсаў яму пiсьмо. Яно вярнулася назад, бо ён паехаў у Менск. 10-га жнiвеня я зноў зайшоў да яго ў выдавецтва. У гэты дзень ён пагаварыў са мною, але ён злосны, раздражнены. Цяпер ужо ён мае патрэбу ў сяброўскай ласцы. Мне ўжо ён не патрэбен, калi ён забыўся, што дружба сапраўдная трымаецца не гарэлкаю. Бог з iм. Але мне хочацца паспрабаваць, цi не будзе яму якой-небудзь палёгкi ад шчырасцi ў сяброўстве. Ён мучыцца. Яго Нiна паехала з немцамi i жыве ў Кенiгсбергу. Глебкава пакута тут своеасаблiвая. У гэтай пакуце многа холаду i чорствасцi. Гэта ўласцiва яго натуры. А блiзкага чалавека ён не страцiў. Сяброўскай блiзасцi ў яго з жонкаю нiколi i не было. Ён чорствы i сухi, а яна закаранелая мяшчанка, дурная, зайздросная i хцiвая.

20 жнiвеня
Ужо больш за тыдзень прайшло, а яшчэ не сышло з мяне зусiм уражанне ад мае гаворкi з П. К. Панамарэнкам.[14] На тым тыднi ў пятнiцу папрасiўся я на прыём. Я не мог больш цярпець. Я падрыхтаваў тэзiсы i хвiлiн сорак дакладваў яму:

1) аб цэнзуры ў вобразе Дадзiёмавай,[15] якая мову беларускай лiтаратуры хоча перайначыць на свой лад,

2) аб тым, што я не маю магчымасцi пiсаць свае раманы i

3) што я, як чорнарабочы, пiсаў i пiшу бесперапынна публiцыстычныя тэксты без подпiсу, яны друкуюцца, устаўляюцца ў тэксты рэзалюцый антыфашыстоўскiх, скажам, з'ездаў, друкуюцца ў зборнiках Купалы як купалаўская публiцыстыка…

А я хаджу спрацованы i хворы i жыву ў катуху. Гаворка iшла гадзiн тры, да паўночы. Я паставiў пытаннi проста. П. Панамарэнка ў часе гаворкi сказаў, што ён вызначае мерапрыемствы: адчыненне пры акадэмii навук двухгадовых курсаў — iнстытуту мовы. Сабраць туды такую нiзавую iнтэлiгенцыю, як сельскiх маладых настаўнiкаў, i зрабiць з iх ахавальнiкаў чыстаты беларускай мовы ў школах i нiзавым друку. Адчыненне пры беларускiм унiверсiтэце факультэта журналiстыкi. П. сказаў, што здыме з пасады цэнзара Дадзiёмаву. Узгаварылiся, як я сядзеў у турме, я сказаў, як i чым мяне катавалi. Уражанне ад гаворкi было добрае, я паспакайнеў i крыху супакоiўся. Я паказаў яму забракованы цэнзурай мой перадавы артыкул у № 5 «Беларусь». Там аб тым, што нямецкая акупацыя была для беларускага народа не толькi парою пакуты, але i парою ўзвышэння, гартавання i гiстарычнага ўзняцця народа як нацыi i ўзмацнення яго нацыянальнай самасвядомасцi. Народ пакiнуў быць пастухом i стаў генералам. Наша шчасце, што мы належым да СССР, каб не — то што было б з намi? П. сказаў, што гэта яго думкi, «артыкул блiскучы» i цэнзуру ён «ператрасе». Гаварылi пра ўсялякую драбязу, але мне важную: я папрасiў памагчы мне ў Менску дастаць дзе жыць, хоць хату якую. Ён абяцаў. Назаўтра ён выклiкаў з Менска Лынькова.[16] Чакаю хуткага пераезду ў Менск, паспакайнець там душою, узмацнець целам i пiсаць, раман за раманам, а то ўжо тут не магу больш.

Нешта такi ў лесе здохла: час ад часу пачаў заходзiць Глебка. Яму трэба парваць усе сувязi з бялькевiчаўскiм мяшчанствам у Менску i вытруцiць з душы (не з душы, а з думак) памяць аб Нiне.[17] Звязаўшыся ў маладосцi з ёю, ён, гэты тады просты i шчыры сялянскi хлопец, ачарсцвеў i пачаў мяшчанiцца. Чутно ад людзей, што яна цяпер нават яшчэ выступае па радыё з Кенiгсбергу.

Ужо дзён чатыры, як хварэю на грып. Хвароба пагоршвае настрой. Смутак. Мiхала i Юрася,[18] мусiць, няма жывых. Пiсьмо з Цiмкавiч. Маша i Анюта жывы. Дом згарэў. Каб быць у Менску ў сваiм цiхiм кутку i пiсаць!

21 жнiвеня 1944 г.
Грып. Слабасць. Хiлiць у пасцель. А ляжаць не магу. Думкi мучаць. I Рэня адчувае сябе дрэнна. I ёй вельмi нездаровiцца. Небарака, яна ператамiлася, гэтулькi ёй клопату i працы!

Толькi што зайходзiў на паўгадзiны У. Фiнкель.[19] Ён бядуе. У Беларускай акадэмii няма больш жыдоўскага аддзелу. У Менску няма i, мусiць, не скора будзе жыдоўская газета. У Беларусi вельмi мала асталося жыдоў. Уры Фiнкель верны сын свайго народа. Патрыятычны сум яго — гэта шчырая пакута яго душы аб трагедыi свайго народа. Уры Фiнкель належыць свайму народу i разам з iм варт вялiкай пашаны. Гэта чалавек жыдоўскай культуры. Няхай да яго вернецца яснае шчасце душы.

Сённяшнi момант беларускай гiсторыi важан не толькi выгнаннем з Беларусi немцаў. Беларусь — усходняя славяншчына. Немец тут нiколi не будзе панаваць. Вельмi важным момантам сёння ёсць нам тое, што адбываецца ў Польшчы. Здаецца, што кладзецца канец польскаму зямельнаму магнацтву. Польшча без зямельных магнатаў гэта ўжо малое зло. Наўрад цi ў блiжэйшыя дзесяцiгоддзi Польшча будзе сунуцца зноў рабiць у Беларусi сваю гранiцу, хоць спробы даводзiць, што Польшча «мае права» апалячваць Беларусь, могуць быць. Як бы там нi было, а раман аб Рыгору Сухменьчыку калi-небудзь павiнен быць напiсан. Пiсаць буду, ужо здаўшы ў друк «Вялiкi дзень», «Пошукi будучынi», «Скiп'ёўскi лес», «Смага», кнiгу аповесцей «Сумлiцкая хронiка», «Млечны шлях», «Лявончыкава Лiда i Якубаўскi карчмар Сымон Бiруля». Раман «Сыны Хведара Нявады» i драма.

Каб не выветрылася з памяцi, запiшу аб рамане пра Рыгора Сухменьчыка.

Асобы рамана:

1. Залеўскi (Эдвард Вайнiловiч?), зямельны магнат.

2. Рыгор Сухменьчык, аконам, праваслаўны мужык з Кудзiнавiч, салдат.

3. Сухменьчыха. Каталiчка.

4. Анця. Дачка.

5. Яраслаў, сын.

6. Фэлька, Сухменьчышын брат, Сцяпура.

7. Яго жонка.

8. Юрась, iх сын.

9. Бацька Фэльчыхi, сарвэтнiк у Сумлiчах-Цапры, Жупранах.

10. Другая жонка Залеўскага ў эмiграцыi (у Польшчы).

11. Сын Залеўскага ад другое жонкi.

12. Васiль-Лукаш Брандэцкi.

13. Сцяпан Хлябцэвiч.

14. Хлябцэвiчыха.

15. Зоя Хлябцэвiч.

16. Студэнт Адамчук, яго трагiчная смерць пасля.

17. Муж Зоi Хлябцэвiч.

18. Фэлькава дачка, Юрасёва сястра.

Дзе адбываюцца падзеi рамана

1. Рачкевiчы, Залеўскага ўладанне.

2. Мястэчка Сумлiчы, адкуль родам Фэлькава жонка.

3. Сцяпура Фэлька родам з Якубаўшчыны. Там на вузкiх палосах памiж двух лясоў паставiў сабе хату i жыў там. (Гэта калi пашыралася пасля рэвалюцыi мястэчка Сумлiчы.)

4. Мiроўшчына, прададзеная Залеўскiм, дзе Рыгор Сухменьчык купiў сабе рату зямлi.

5. Горад Нясвiж. Каля яго дробны маёнтачак Раткава, дзе знайшоў сабе другую жонку з грашыма Залеўскi, пасля лета 1920 году.

6. Менск.

7. Варшава.

1. У рамане павiнна быць добра i дакладна сказана аб мясцiнах i пунктах, дзе адбылiся падзеi ў розныя часы i дзе завязалiся i развязалiся справы.

2. Павiнен быць распрацаваны дакладна лёс кожнага персанажа.

3. Распрацаваць квадры-абсягi-малюнкi рамана.

4. Часткi рамана. Раздзелы. Змест iх усiх i нумарацыя.

5. Назва рамана.

Няшчасны i мiлы Фiнкель, жыве ў «Якары» на чацвёртым паверху ў агульным нумары. Ён пiсьменнiк i вучоны. За час вайны ў яго памерла з голаду двое дзяцей.[20] На тым жа паверху ўсю зiму займала асобны нумар мадам Дадзiёмава, цяперашнi цэнзар над усiм друкам БССР. Да вайны яна з году ў год была ў такiм чыне: «намеснiк начальнiка ўпраўлення справаў мастацтваў пры Саўнаркоме БССР». Самай важнай адзнакай гэтай установы была тая, што ў ёй нiколi, за год дзесяць, не было сказана нiводнага беларускага слова. А беларускае мастацтва было тым пунктам, навокал якога збiралiся сотнi прайдзiсветаў ваяваць за медалi i ордэны. Такiм парадкам iшло спустошанне мастацтва i з яго выветрывалася душа народа. Дадзiёмава не з гэтага вядомая асоба. Яна вядомая з iншага. Гэта хiтрая i спекулянцiстая местачковая жыдоўка, якая дасягнула немалое пасады ў рэспублiцы. Яна сябра партыi. Але яна плюе на ўсё. У партыйнасцi яна бачыць не iдэю, а i кар'еру. У iншых умовах яна ўладала б мануфактурным магазiнам. Яна некультурная i нават непiсьменная (па-беларуску яна чытае дрэнна i зусiм не ўмее пiсаць). Яна адцуралася свае нацыянальнае жыдоўскае культуры i асiмiлiравалася. Куды? Вядома, як i кожны паразiт, яна iшла на гатовае. Працэс асiмiляцыi iшоў у гатовую ўжо вялiкую расейскую культуру. Але яе прырода не дазваляе так адразу асiмiлявацца. Яна гаворыць па-расейску так, што трэба смяяцца. Да якой жа культуры яна належыць? Да жыдоўскай? Не. Да расейскай? Не. Да беларускай? Не. Яна выраклася жыдоўскай культуры, iмкнецца i не дайшла да расейскай i стараецца мець высокую пасаду пры беларускай. Навадняючы беларускiя ўстановы, Дадзiёмава выгнала з iх беларускую мову. А цяпер, бачачы, што як бы дзьме беларускi вецер, яна, цэнзар, калечыць сваiм алавiком мову беларускай лiтаратуры, думаючы гэтым паказаць начальству, што яна i ведае беларускую мову i займаецца ёю. Начальства гэтае (скажам, Гарбунова)[21] лёгка ашукаць, бо яно само беларускае мовы не ведае i нiколi блiзка ля яе не ходзiць. Усе гэтыя днi я чакаю: цi знiме П. Дадзiёмаву з пасады цэнзара, цi не? Калi не, дык — каму ж верыць i дзе шукаць ратунку?

А ўрэшце — аб чым думаць? Усё гэта глупства, не вартае пяра. Самае важнае — маё пяро i раманы. Пакуль жыву — дзяўбу пяром камень. Пяро трывалае.

25 жнiвеня
Здароўе крыху як бы лепш. I настрой лепшы. Працаваў сёння над «Скiп'ёўскiм лесам». Ужо гэта адно добра, бо тыдняў тры ўжо не браўся за яго. Заўтра пастараюся як-небудзь паслаць у Менск мiламу Максiму Лужанiну[22] пiсьмо. А блiжэйшымi днямi параю добрых слоў падзякаваць П. К. Панамарэнку за добрую гаворку. Назбiраюцца справы — зноў пайду да яго вырашаць. Гэта будзе ўжо не раней зiмы або ў канцы яе.

6 верасня
Сёння закончыў трэцi раздзел «Скiп'ёўскага лесу». Можа, добра, а можа, вельмi дрэнна. Такi я змучаны i духам i целам i так цяжка жыву, што не адчуваю. Патрэбен доўгi час у цiшынi i спакоi.

8 верасня 1944 г.
За шэсць дзён пераклаў «Позняе каханне» Астроўскага[23] — так гнаў мяне ў карак тэатр. I ўжо месяц ляжыць гатовы тэкст i не забiраюць. Гэта ўсё азiятчына ў эўрапейскай краiне Беларусi. Я мог бы звацца не Чорны Кузьма, а чорнарабочы. Колькi за свой век я зрабiў гэтых перакладаў i напiсаў усяго, што без майго подпiсу запоўнiвае старонкi ўсёй нашай прэсы i ўсё на кавалак хлеба! Хлеб наш насушчны, усiх нас пасушыць.

Быў сёння ў ГIХЛе.[24] Дагаварыўся аб «Скiп'ёўскiм лесе» i зборнiку апавяданняў. Каб хоць у Менск, цiшыня i спакой, хоць i на попелiшчы. Абы цiхi кут i штодзень спакойна пiсаць.

10 верасня 1944 г.
Учора ўвечары i сёння да паўдня чытаў К. Федзiна «Горький среди нас». Усё гэта мне чужое, але я бачу: Федзiн сапраўдны пiсьменнiк i разумны чалавек. Я ўпэўнен: пра М. Горкага ён напiсаў праўду. Сапраўды, мусiць, так жыў i такi быў М. Горкi, вялiкi расейскi iнтэлiгент з рукамi рабочага. З гэтай кнiгi вiдно, якое бяздонне памiж нашай тагачаснай iнтэлiгенцыяй, маладой, i той, да пакалення якой належыць Федзiн у Расеi. Беларусы гаварылi аб адраджэннi Беларусi, г. зн. аб прыходзе беларускага народа да нацыянальнай дзяржаўнасцi, а расейскiя iнтэлiгенты не мелi нi сваiх задач, нi мэт. Для iх расейскi народ — гэта мужык з барадою. М. Горкi быў адзiн, непаўторны, ён узвышаўся над iмi ўсiмi. Ён бачыў свой народ усюды, дзе былi яго рысы, ён меў глебу. А гэтыя не маюць глебы ў народзе, таму яны не ведаюць пра што пiсаць, шукаюць тэм i сюжэтаў, гавораць аб нейкiх «лiтаратурных знаходках» i сядзяць макам на здрабнеласцi расейскай савецкай лiтаратуры. Для iх калгаснiк — гэта той самы мужык, якi толькi згалiў бараду, а не чалавек, дзе, хто мае вочы, убачыць i знойдзе i Эжэнi Грандэ,[25] i Iвана Карамазава, i Андрэя Балконскага,[26] i таго, хто не стаў яшчэ лiтаратурным персанажам, але ўжо стаў героем Савецкага Саюза. У вялiкай лiтаратуры персанажы маюць сваю бiяграфiю. А каб пiсаць бiяграфii людзей, трэба ведаць, што народ — гэта мiльёны iндывiдуальнасцей, кожны з сваiм iндывiдуальным аблiччам i лёсам, хоць i падначаленымi аднаму закону жыцця — нацыянальнаму i дзяржаўнаму. Чамусьцi пасля кнiгi К. Федзiна я пачаў думаць пра з'яву невядомую i чужую ўсяму таму, што ў той кнiзе: я думаю пра вечнае сваё, пра Францiска Багушэвiча. Кожная тая кнiга добрая, калi яна ўзбiвае чалавека на сталыя i важныя думкi.

29 верасня 1944 г.
Пятнiца. Ужо якраз тыдзень, як у Менску. Яшчэ жыву на падлозе ў доме, дзе Саюз пiсьменнiкаў. Няма дзе адаспацца i адляжацца. Усе днi балiць галава, хiлiць на сон i зрок пагоршаў. Але здаецца, гэта ўжо апошнi мой злы этап. Як-небудзь агораю кватэру i буду дбаць аб здароўi i пiсаць. За гэтыя днi бачыўся з Р. Шырмам.[27] Ад яго пачуў тое, што ўжо чуў ад П. Пестрака[28] i М. Танка. Каталiцкае духавенства, дзе якое было раней i якое дзе цяпер з'явiлася, стала агентурай пана Сасноўскага, паланiзуюць сваiх парафiян i тлумачаць, што няма нiякай Беларусi, а ёсць Польшча. Усё iдзе ад вiленскага бiскупа Ялжбыкоўскага.[29] Аб гэтым дакладна ведае i тужыць беларускi патрыёт менскi ксёндз Шутовiч.[30] Я цвёрда намерыўся пiсаць старшыню Саўнаркома дакладную запiску, набраўшы фактаў. («Нацыянальныя польскiя» сельсаветы ў Чарнагубаве i Каралiшчавiч[ах].) Пальшчызна стараецца пакiнуць польскага духу тут на наступныя пакаленнi.

3 кастрычнiка
Аўторак. У нядзелю ўвечары Пестрак расказваў Лужанiну, як яго мучылi ў польскай турме. Алаўкi памiж пальцаў, пампавалi ваду праз нос, бiлi гумавым кiем, замыкалi рукi ў кайданы. Я слухаў. Пестрак умее цiкава расказваць. У яжоўскай турме ў Менску ўвосень 1938 г.[31] мяне саджалi на кол, бiлi вялiкiм жалезным ключом па галаве i палiвалi збiтае месца халоднай вадой, паднiмалi i кiдалi на рэйку, бiлi паленам па голым жываце, устаўлялi ў вушы папяровыя трубы i раўлi ў iх на ўсё горла, уганялi ў камеру з пацукамi, але рук у кайданы не замыкалi.

Сёння ўночы пацукi не далi спаць. Я ўпоцемку думаў аб Антанiне Лукашэўскай i двох яе сынох. Усё гэта можа пад маiм пяром ажыць i жыць доўгiм, поўным жыццём. I да мяне прыйшла шчырая радасць. Перад свiтаннем я заснуў без трывогi i суму. Калi ўжо будзе тая кватэра i цiхi кут, каб пiсаць! Просiцца з пяра артыкул у «Звязду» аб лiтаратуры.

4 кастрычнiка
Серада. Хмурна. Дождж. Пiсаў «Скiп'ёўскi лес». Трэба далей так, кожны дзень.

5 кастрычнiка
Нiчога не пiсаў. Няма дзе падзецца i прыткнуцца з пяром. Чалавек з паўсотнi за дзень перавярнулася. Мала ўсяго, дык прыехала яшчэ i ўлезла ў мой кут, дзе я жыву на голай падлозе, нейкая Найдус з хлапчуком, якi адразу пачаў рваць мяне за камызэльку. Гэтая жыдоўка лiчыць сябе польскай пiсьменнiцай i прыехала жыць у Менску. У Беларусi асталося сем пiсьменнiкаў беларускiх, а сябраў саюза пiсьменнiкаў у Беларусi звыш сотнi. Лупсякоў[32] ужо дванаццаць год пiша, вучыўся ў унiвэрсiтэце i яшчэ ўсё не ведае граматыкi. Каб усе яны пакiнулi пiсаць сваю халтуру, а сталi будаўнiкамi, краўцамi, кавал[ям]i, земляробамi або падвучылiся i сталi настаўнiкамi, яны маглi б даць карысць рэспублiцы. Беларускай iнтэлiгенцыi бадай што ўжо няма, а гэтыя носяць яе iмя i сцiраюць з нашага жыцця беларускi характар.

Гэтая Найдус напусцiла на ўсе два паверхi дому пiсьменнiка такога смроду, што Максiма Лужанiна цягне ванiтаваць. Найдусяня мочыцца ў порткi, i яго мацi, якая прыехала ў Менск узбагачаць польскую культуру на Лагойскай расейскай мове, нават i не парупiцца памыць сваё абасцанае стварэнне. Дагэтуль я нiколi яе не бачыў i не чуў, што яна ёсць на свеце. З першага спаткання яна пачала мне мiласцiва ўсмiхацца, звысоку i ведаючы сваё вялiкае дастоiнства. З усiмi яна адразу запанiбрата, усiх навучае i ўсюды ўсаджвае свой нос. Пестрака яна называе сваiм таварышам, «з iм я была ў Заходняй Беларусi ў падполлi». Яна высокая, як жэрдка, у акулярах i без сцёгнаў. У сiняй спаднiцы да кален, i на панчохах рагi нейкага бруду. Спаднiца ледзь закрывае каленi i фалдаю ўцiснулася ў зад. Але затое яна адзета «па-эўрапейску» — голыя каленi i вузенькая спаднiчка. Гэтая саранча бесперапынна загаджвае ўсё вялiкае i добрае. Яна ж не хоча быць на сваiм месцы: прадаваць у кааперацыi або — чорт яе ведае, якую ёй даць льга было б работу, чыстую работу яна загадзiць i на горшую лянуецца. Гэтая плойма ацiраецца каля iнтэлiгенцыi i ўсё з прэтэнзiямi. Яна аблiзвае языком словы: лiтаратура, навука, сацыялiзм, камунiзм, паэзiя, драма, чалавецтва, Беларусь, народ, чалавечае шчасце, будучыня, патрыятызм, нацыя… Цяперашнiм часам iх лексiкон узбагацiўся словамi: «усиленный паёк, улучшенное питание, американские подарки через Красный Крест…» Гэта Дастаеўскага Лямшын за раялем. Прыжывальшчыкi i хлебаеды. Так Бэнда[33] лез у беларускую крытыку, Клiмковiч[34] у беларускую лiтаратуру, Александровiч[35] у культуру i грамадскую дзейнасць (сабе на кар'еру), Дадзiёмава ў мастацтва i цэнзуру i Модаль[36] усюды, куды толькi льга лезцi.

6 кастрычнiка
Пятнiца. Пiсаў вельмi мала. Горне на сон. Балiць сэрца. Клопат i думкi аб кватэры. Рэня i Iра спяць на падлозе. Учора ўвечары заўважыў, што ногi апухлi да кален. Сэрца! У турме ў мяне апухалi толькi ступенi. Прага мець цiхi свой кут i пасцель i вылежацца як мае быць. А тут абяцаюць, што кватэра можа быць толькi праз два тыднi. Гэта значыцца, што не менш месяца трэба чакаць. А два месяцы то напэўна. Баюся, што не вытрымаю да пасцелi i падушкi. Здань смерцi мучыць мяне. Так я доўга не пацягну. I кому повем печаль мою? Хоць бы адзiн хто блiзкi i разумны, а Рэню буду берагчы ад трывог.

11 кастрычнiка
Сёння многа i, здаецца, добра пiсаў. 7 кастрычнiка заходзiла да мяне не вядомая мне дагэтуль Марыля Шутовiч з Вiльнi, жонка ксяндза[37] Адама Станкевiча.[38] Яна прыехала ў Менск, каб дайсцi тут якое-небудзь рады: вiленск[i] бiскуп, пiлсудчык Ялжбыкоўскi садзiць усюды па Беларусi на парафii палякаў ксяндзоў, якiя i прапаведуюць з амбоняў, што ўсе беларусы каталiкi ёсць чыстыя палякi. Гэтая жанчына вельмi прыемная асоба, тыповая яшчэ нашанiўка. Да мяне прышла з просьбай надаць усяму гэтаму не рэлiгiйны, а палiтычна-нацыянальны характар i так падаць у адпаведныя рэспублiканскiя органы.

Прыехаў з Вiльнi мастак Сергiевiч.[39] Мiлы чалавек i з вялiкiм талентам. Заходзiць часта. Пражыўшы з маленства i дагэтуль на Заходняй Беларусi, ён у нас анiяк не можа арыентавацца. Шукае падтрымкi i парад. Гэта нацыянальны мастак, поўны як мае быць.

22 лiстапада
Бадай што ўжо месяц, як у «кватэры», дадзенай мне Саўнаркомам. Але ж якраз як тая камера ў турме, дзе я сядзеў у 1938 годзе. Можна сказаць, што я ўжо дайшоў да апошняй мяжы. Бруд, цемень — вокны глядзяць у чорны трохкутнiк з высозных муроў. Пiсаць няма як i жыць няма як. А тут жа, па адным карыдоры, рамантуюць кватэру Рыжыкаву. Там светла i добра. Там Рыжыкаву можна будзе круцiць патэфон i гуляць у «пульку». У нас няма ўласнага жыцця, мы ўсё аддаём дзяржаве. Мы аддалi дзяржаве свае душы i таленты, але мы не Рыжыкавы. Я жыву як апошняе пакiдзiшча. I не таму, што мне хто зла хоча, а таму, што ў нас не эўрапейская дзяржава, дзе iнтэлектуальныя асаблiвасцi чалавека робяць яго жыццё арганiзаваным. А ў нас азiятчына. Падхалiмства, хабарнiцтва, чыноўнiцтва, паклёпнiцтва — за апошнiя годы паднялося на вялiкую вышыню. Колькi нашай iнтэлiгенцыi без дай прычыны гнiе ў турмах i на высылцы! У мяне ўжо няма 70 % здароўя. Я гiну i не магу выкарыстаць як бы трэба было свой талент. Сiлы мае трацяцца i марнуюцца без карысцi. Доўгiя годы мяне мучыла ГПУ-НКВД. А цяпер замест таго, каб рабiць тое, што мне трэба рабiць, я палю ў печы, цягаю ваду, змываю гаўно ў прыбiральнi, краду дровы, дастаю з дошчак цвiкi, мыю сваю парваную i вываленую адзежу. Тут вайна не да канца вiнавата. Тут многа ад хамства. Апарат НКГБ i тысячы чыноўнiкаў займаюць увесь горад — яны ўмеюць i любяць рваць адзiн аднаго i ўсiх за горла, а я гэтага не ўмею рабiць, дык не магу нават дастаць хоць тоненькi праменьчык дзённага святла ў вакно i мучуся ў пограбе. Божа, напiшы за мяне мае раманы, хiба так малiцца, цi што?

Примечания

1

Iра, любая мая ўцеха — так па-сямейнаму называлася дачка пiсьменнiка Рагнеда (нарадзiлася 24 лiстапада 1928 г.).

(обратно)

2

Крысько Цiмох (1911 г. нар.) — сапраўднае iмя паэта, празаiка, драматурга, крытыка, педагога, сакратара Беластоцкага аддзялення Саюза савецкiх пiсьменнiкаў БССР (1940–1941), больш вядомага пад псеўданiмам Васiль Вiтка, якi ён ўзяў у гады вайны; з 1944 — адказны сакратар часопiса «Беларусь». Для гэтага выдання К. Чорны i пiсаў згаданыя неаднаразова ў Дзённiку «перадавiцы».

(обратно)

3

Александровiч Алеся (1904–1947) — лiтаратуразнавец, педагог; працавала ў Дзяржаўнай бiблiятэцы Беларусi (1934–1936); сястра паэта Андрэя Александровiча.

(обратно)

4

Гутараў Iван (1906–1967) — лiтаратуразнавец, фалькларыст; у 1939–1941 дацэнт, загадчык кафедры расейскай лiтаратуры БДУ i вучоны сакратар Аддзялення грамадскiх навук АН БССР; у час вайны арганiзатар i камiсар партызанскiх атрадаў на Браншчыне, у 1943 г. адклiканы i вывезены ў Маскву «для выканання спецдаручэнняў»; займаўся адмыслова даследаваннем беларускага фальклору ў час вайны.

(обратно)

5

«Клiч да беларускага народа» — гэты артыкул пiсьменнiка быў апублiкаваны ў газ. «Савецкая Беларусь» (11 студз. 1942 г.) за подпiсам Я. Купала.

(обратно)

6

Баўдзей Л. — журналiст, аўтар артыкулаў i рэцэнзiй пра творчасць К. Чорнага («Бацькаўшчына» // Советская Белоруссия. 1940, 18 дек.; «Вобразы савецкiх людзей у творах Кузьмы Чорнага» // Беларусь. 1946. № 1); асоба блiжэй невядомая.

(обратно)

7

Хайноўская Марыя Канстанцiнаўна — супрацоўнiца Дома пiсьменнiкаў (да вайны працавала загадчыцай медкабiнета Дома пiсьменнiкаў); пасля вайны загадвала бiблiятэкай Саюза пiсьменнiкаў.

(обратно)

8

Анюта (1906–1983) — малодшая сястра пiсьменнiка.

(обратно)

9

Маша (1902–1988) — малодшая сястра пiсьменнiка.

(обратно)

10

Рэня (Рэвека Свераноўская, 30.11.1899–30.03.1987) — жонка Кузьмы Чорнага.

(обратно)

11

…пiсаў пра яе ў дзённiку. — даваенны пiсьменнiцкi архiў Кузьмы Чорнага не захаваўся (апроч паасобных аўтографаў у архiвах НКВД, у асабiстым архiве крытыка Алеся Кучара).

(обратно)

12

Глебка Пятро (1905–1969) — паэт, перакладчык, вучоны-грамадазнавец; у 1943–1945 працаваў рэдактарам выдавецтва ЦК КП(б)Б «Савецкая Беларусь».

(обратно)

13

«Суждены нам благие порывы…» — недакладная цытата з верша М. Някрасава «Рыцарь на час».

(обратно)

14

Панамарэнка Панцеляймон Кандратавiч (1902–1984) — савецкi партыйны i дзяржаўны дзеяч, у 1938–1947 займаў пасаду першага сакратара ЦК КП(б)Б, прызначэнне на якую ў чэрвенi 1938 г. супадае з выхадам К. Чорнага з турмы на волю (8 чэрвеня 1938 г.).

(обратно)

15

Дадзiёмава Феня Iсакаўна — тагачасны начальнiк Галоўлiта БССР (iнф. дачкi пiсьменнiка — Рагнеды).

(обратно)

16

Лынькоў Мiхась (1899–1975) — празаiк; у 1938–1948 — старшыня праўлення Саюза пiсьменнiкаў Беларусi.

(обратно)

17

Глебка Нiна Iларыёнаўна — жонка Пятра Глебкi, якая ў час вайны заставалася ў Менску.

(обратно)

18

Мiхась i Юрась — малодшыя браты Кузьмы Чорнага (адпаведна 1908 i 1912 г. нар.), абодва згiнулi на вайне.

(обратно)

19

Фiнкель Уры Гiршавiч (1896–1957) — крытык, лiтаратуразнавец; пiсаў на жыдоўскай i беларускай мовах, аўтар кнiг пра Мендэле Мойхер-Сфорыма i Шолам-Алейхема.

(обратно)

20

У сапраўднасцi падчас апошняй вайны сям'я Уры Фiнкеля страцiла трое дзяцей: сын Шалом (1939–1941) памёр у ташкенцкай лякарнi 11 лiстапада; дзве дачкi — Цыля (1931 г. нар.) i Авiгаiл (1933 г. нар.) спаленыя ў ракаўскай сiнагозе (1943). Сярод жыхароў мястэчка Ракаў, адкуль паходзiў Уры Фiнкель, у спiсе загiнуўшых у час апошняй вайны, пазначаны: «Фiнкель Давiд з сям'ёй; Фiнкель Долiд з сям'ёй; Фiнкель Iсак з сям'ёй; Фiнкель Мордух з сям'ёй; Фiнкель Песя з сям'ёй; Фiнкель Файва з сям'ёй». (Памяць: Гiсторыка-дакументальная хронiка. Валожынскi раён. /Уклад. Я. Янушкевiч. Мн., 1996. С.272). Спiс няпоўны: бацька Уры Фiнкеля, Гiрш Фiнкель, таксама загiнуў у вайну (расстраляны); апроч яго ў ракаўскiм гета былi спалены сёстры Уры Фiнкеля Лыфсэ i Эльке.

(обратно)

21

Гарбуноў Цiмафей Сазонавiч (1904–1969) — сакратар ЦК КПБ (1941–1947), з 1939 г. — рэдактар газеты «Звязда»; адразу пасля смерцi К. Чорнага па загадзе Гарбунова ў газеце «Звязда» было «спынена друкаванне пiсьменнiцкiх жалобных водгукаў» (А. Рагуля).

(обратно)

22

Максiм Лужанiн — псеўданiм паэта i празаiка Аляксандра Каратая (нар. у 1909); пасля дэмабiлiзацыi (1944) М. Лужанiн загадваў аддзелам культуры ў рэдакцыi газеты «Звязда».

(обратно)

23

«Позняе каханне» Астроўскага — п'еса расейскага драматурга Аляксандра Мiкалаевiча Астроўскага (1823–1886).

(обратно)

24

ГIХЛ — Государственное издательство художественной литературы.

(обратно)

25

Эжэнi Грандэ — гераiня аднайменнага рамана Анарэ дэ Бальзака (1833).

(обратно)

26

…Iван Карамазаў, Андрэй Валконскi… — лiтаратурныя героi Ф. Дастаеўскага (раман «Браты Карамазавы») i Л. Талстога (раман «Вайна i мiр»).

(обратно)

27

Шырма Рыгор (1892–1978) — фалькларыст, дырыжор, музыказнаўца; адзiн з выдаўцоў часопiса «Летапiс ТБШ» (пазней «Беларускi летапiс»); у 1940 арганiзаваў Дзяржаўную акадэмiчную капэлу Беларусi.

(обратно)

28

Пестрак Пiлiп (1903–1978) — паэт, празаiк; за падпольную дзейнасць на тэрыторыi былой Заходняй Беларусi быў зняволены польскiмi ўладамi ў турмах Пiнска, Вiльнi, Гораднi (1929–1939, з невялiкiм перапынкам).

(обратно)

29

Бiскуп Ялжбыкоўскi — напiсанне памылковае. Ялбжыкоўскi Рамуальд (1876–1955) архiбiскуп, з 1925 — вiленскi кардынал.

(обратно)

30

Шутовiч Вiктар — каталiцкi святар у Менску, пазней — у Барысаве.

(обратно)

31

У яжоўскай турме ў Менску ў 1938 г... — беспадстаўна арыштаваны пiсьменнiк праседзеў у менскай турме амаль 8 месяцаў (з iх шэсць — у камеры-адзiночцы).

(обратно)

32

Лупсякоў Мiкола (1919–1972) — празаiк; нарадзiўся ў Маскве, адкуль сям'я вярнулася на радзiму ў 1921 г. (Жлобiншчына; бацька пiсьменнiка Радзiвон — былы матрос з лiнкора «Петрапаўласк», а пазней ледакола «Таймыр»); М. Лупсякоў пачаў пiсаць яшчэ ў школе (меў нават перапiску з К. Чорным), першае апавяданне апублiкаў у 1935 г., калi скончыў Папаратнянскую няпоўную сярэднюю школу i паступiў на рабфак пры БДУ, а праз год — на лiтаратурны факультэт Менскага педiнстытута (скончыў у 1941 г.).; у 1944–1945 працаваў у рэдакцыi часопiса «Беларусь».

(обратно)

33

Бэндэ Лукаш (1903–1961) — крытык i лiтаратуразнавец вульгарна-сацыялагiчнага кiрунку.

(обратно)

34

Клiмковiч Мiхась (1899–1954) — паэт, драматург, празаiк, крытык; старшыня аргкамiтэта (1932–1934), а пазней (1934–1938) — старшыня праўлення Саюза пiсьменнiкаў Беларусi.

(обратно)

35

Александровiч Андрэй (1906–1963) — паэт, празаiк, грамадскi дзеяч; дэлегат першага Ўсесаюзнага з'езда пiсьменнiкаў (1934) i VIII Надзвычайнага з'езда Саветаў СССР (1936; уваходзiў у рэдакцыйную камiсiю па канчатковым рэдагаваннi тэксту Канстытуцыi СССР), намеснiк старшынi Праўлення СП БССР (1934–1937); на пасадзе дырэктара Iнстытута мовы АН БССР прымаў удзел у падрыхтоўцы рэформы правапiсу беларускай мовы (1937).

(обратно)

36

Модаль (Модэль) Мiхась (Мендэль Моўшавiч; 1904–1980) — крытык, тэатразнавец; вучыўся на медычным (да 1924) i педагагiчным (да 1926) факультэтах БДУ, аднак нiводзiн з iх не скончыў. Працаваў пераважна ў сферы партапарату: сакратаром аддзела агiтацыi i прапаганды ЦК КПБ (1923–1925), узначальваў тэатральны аддзел Упраўлення па справах мастацтваў пры Саўмiне (1935–1937), быў адказным сакратаром СП БССР (1940–1941); падчас вайны працаваў дырэктарам тэатра iмя Ахунбаева ў Ташкенце, у 1943–1944 — дырэктар тэатра iмя Маякоўскага (Узбекiстан), у 1944–1948 — загадчык лiтаратурнай часткi тэатра оперы i балета ў Менску.

(обратно)

37

...Марыля … жонка ксяндза... — паводле канонаў каталiцкага абраду ксяндзы жонак не маюць (цэлiбат); Марыля Шутавiчанка, сястра вядомага заходнебеларускага дзеяча, рэдактара часопiса «Калоссе» Янкi Шутовiча была ахмiстрыняй (хатняй гаспадыняй) ксяндза Адама Станкевiча.

(обратно)

38

Станкевiч Адам (1892–1949) — гiсторык, публiцыст, выдавец, лiтаратуразнавец, грамадска-палiтычны дзеяч, асветнiк, беларускi каталiцкi святар.

(обратно)

39

Сергiевiч Пётра (1900–1984) — беларускi жывапiсец i графiк.

(обратно)

Оглавление

  •   Каментары
  •   ДЗЁННIК
  • *** Примечания ***